ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 02.09.2025

Просмотров: 2076

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

СОДЕРЖАНИЕ

Аддзел адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама

Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі Да гнёзд на палях Беларусі.

Архітэктура Мінска

Пэўна, з пявучага золата Нашы напевы, бо не ржавеюць яны... М.Танк

Вочы – суніцы, вочы – крыніцы, Стрэнеш, убачыш – Не надзівіцца…

З легендаў і казак былых пакаленняў…

Зямля падрабнела ў людскім уяўленні: Вакол абляцець – хопіць менш дзвюх гадзін…

Зямля падрабнела ў людскім уяўленні: Вакол абляцець – хопіць менш дзвюх гадзін…

Ой Нёман, і песня, і слава Народу майго і зямлі… а.Астрэйка

Ледзь першыя раннія промні зары Затлелі на стрэхах, на зелені свежай,

Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць!

Дарэмна ловіце вы ў сетку матылька,

Каб лепей скрыдлы разглядзець:

Ударыўшы, памне іх сець,

І яркі пыл сатрэ няспрытная рука!

Можа, мала сябры Яшчэ знаюць наш край

Быццам лес белую думае думу.

Кіпіць у ім прагрэсу ход” м. Багдановіч

Нібы прырода зараз пазяхае.”

Лёс дзядоў не быў салодкі… с. Законнікаў

Ёсць чары ў забытым, старадаўнім …

Калі ж заслона зноў апала

І ў зале ўспыхнула святло,

Ізноў ім радасна было…

М. Танк

Як поле , у людзей душа адкрыта, Пасей дабра зярняты у глебу ты— Дабра саспее колас залаты.

Якая цішыня! Адно…

Ля помніка Янку Купалу ў Мінску

Там неба такой вышыні,

Як болей нідзе на свеце,

Ты ветразі добра напні…

Р.Барадулін.

Дайце мне волю, дайце арліную! Янка Купала

Беларусь. Чарнобыль. Будучыня.

Душу акрылялі прыгажосці свету… я.Купала

Я веру:прыйдзе гэткі дзень… я.Купала

Я каляндар стары гартаю - Вяртаюцца, як гусі, дні. І голас выраю гартанны…

Магутнае слова, ты роднае слова!..

Лёгкія сняжынкі ў цішы

Долу апускаюцца нясмела.

Светла ў полі, светла на душы..

Лёгкія сняжынкі ў цішы…

Трыялет Дануты Бічэль летуценны, лёгкі. Найлепш перадае яго настрой слова “светла”. Метафары (“лёгкія сняжынкі ў цішы долу апускаюцца нясмела”) ствараюць карціну спакою і цішыні ў прыродзе.

Верш Я. Журбы пакладзены на музыку.

Лётаюць, сыплюцца зоркі-сняжынкі-

Белыя, лёгкія, быццам пушынкі

Роўна так сцелюцца ў вёсцы і ў полі,

Круцяцца, круцяцца ціха, паволі.

Прырода роднай зямлі заварожвае ў нацыянальных беларускіх творах. Самым вышэйшым атрыбутам мастацкай вартасці, шэдэўрам з’яўляецца паэма “Новая зямля” Я. Коласа. І прырода тут нашая, беларуская, родная. І “зімы з маразамі, завеі снежныя ў палях”.

Любота, братцы! снег лятае,

Ды так спакойна, так ціхутка!

Куды ні глянь - усё бялютка.

Зімовая прырода ў паэме –гэта казачнае царства. А пад пяром майстра яна становіцца жывой, праўдзівай.

Куцця. Марозна. Хмурнавата.

Сняжок падкідвае заўзята;

Снег на куццю – грыбы на лета,

Такая матчына прымета.

Радкоў пра снег, пра зіму, пра мароз у паэме шмат. І ўсе яны прасякнуты любоўю да роднага краю, да прыроды, да народа. Яны незвычайныя, бо з’яўляюцца сапраўднымі залацінкамі народнай мудрасці.

Паэзія –гэта, напэўна, нейкі няўлоўны сакрэт, які яшчэ ніхто і ніколі не змог разгадаць. Любіце беларускую паэзію, захапляйцеся ёю!

Аляхновіч Алена Адамаўна, Асвейская сярэдняя школа


Лёс дзядоў не быў салодкі… с. Законнікаў

Як прыемна прачынацца і адчуваць светлай волі зычны звон. Воля , незалежнасць, свабода, жыццё, беларус, беларуская мова…Можна і яшчэ дадаць словы, сэнс якіх успрымаецца зараз не так, як раней. Але, на жаль, былі змрочныя гады, калі лёс нашых дзядоў не быў салодкі. Доўга, самаахвярна і гераічна змагаўся беларускі працоўны люд за нацыянальныя і сацыяльныя правы. Але, нягледзячы ні на што, народ захаваў, пранёс праз стагоддзі і мову сваю, і песні свае, і звычаі, і паданні, а разам з імі неўміручую надзею на лепшую долю. “Пісьменнік ніколі не з’яўляецца выпадковасцю, а заўсёды гістарычная неабходнасць; ён, - заўважыў А.М. Горкі, - з’ява, выкліканая да жыцця духоўнай працай нацыі, насычаная яе творчай сілаю, апраўданая яе патрэбай бачыць сваё жыццё адлюстраваным у мастацтве”.

У кожнай літаратуры ёсць вялікія паэты – выразнікі дум і спадзяванняў народа. Да такіх паэтаў у беларускай літаратуры належыць Я.Купала. Першы верш Я Купалы “Мужык” вызначыў усю далейшую тэматыку творчасці дакастрычніцкага часу. Асноўнай тэмай творчасці гэтага перыяду з’яўляецца тэма сялянскага жыцця, лёсу народа, абуджэння яго свядомасці. Гэта тэма гучыць і ў вершы “ А хто там ідзе?”. Гэты твор Максім Горкі справядліва назваў “гімнам беларусаў”.Верш напісаны дыялогам, каб узмацніць эфект уздзеяння “ на свет цэлы”.Пытаецца нехта, быццам ідзе голас з неба. І гэты “нехта” вядзе размову з “цэлым народам”, імя якому – беларусы:

А хто там ідзе, а хто там ідзе

Ў агромністай такой грамадзе?

- Беларусы.

Свядомасць мужыка вырасла да такой ступені , што ён не проста абураецца, гнеўна заклікае пратэстуе. Аб’яднаўшыся з такімі, як ён, ідзе шукаць сваю праўду, долю. Ад імя народа аўтар вядзе гаворку з натоўпам беларусаў.І голас аўтара зліваецца з голасам народа.

У вершы прысутнічае абагульнены вобраз беларускага народа. Гэта шчырыя, добрыя, працавітыя, гарэзлівыя, але абяздоленыя беларусы аб’ядналіся ў адзін натоўп і ідуць “ на свет цэлы”, несучы крыўду. Гэта ідуць не проста беларусы , а пагарджаныя век людзі, у іх худыя плечы, рукі ў крыві, ногі ў лапцях. Дзеянні іх пакуль не да канца мэтанакіраваны. Яны ідуць” на свет цэлы”. Гэтым аўтар паказаў , што народ прачнуўся, ён заяўляе аб сваім існаванні, патрабуе лепшай долі.У вершы шмат сімволікі. Цапы, косы, скрываўленыя рукі, лапці, бяда, гора – гэта вечныя спадарожнікі жыцця селяніна. Асноўны сэнс верша заключаны ў апошніх радках: “ Людзьмі звацца”.Пошукі абуджаных беларусаў чалавечага шчасця – галоўная думка твора.


Бязмежная любоў да роднай зямлі, да скрыўджанага, абяздоленага народа вадзіла пяром многіх іншых паэтаў. Сярод іх і Алесь Гарун. Яго верш “ Брацця, к агульнаму шчасцю…” напісаны ў форме закліку. Паэт заклікае да свабоды і шчасця, кліча будаваць новы лад, дзе не будзе ліхвяроў і махляроў, дзе будуць панаваць і асвятляць людзям шляхі ў жыцці роўнасць, братэрства і згода. Алесь Гарун заклікае да будаўніцтва новага грамадства, якое павінна грунтавацца на сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай свабодзе, усеагульнай салідарнасці, роўнасці. Стваральная ж праца павінна стаць умовай дабрабыту людзей.

Многа хто прагнуў лепшай долі для свайго народа, але дачакацца яе не змог. Прароцкімі сталі радкі Цёткі :

Веру, братцы: людзьмі станем,

Хутка скончым мы свой сон,

На свет божы шырэй глянем,

Век напіша нам закон.

Ніхто лепш за паэта не скажа пра яго запаветную мару, жыццёвае і пісьменніцкае крэда:

З цэлым народам гутарку весці,

Сэрцаў мільёнаў падслухаць біцця…

Дзейнасць многіх выразнікаў дум і спадзяванняў народа можна вызначыць словамі Я.Купалы: “У народ і край свой веру і веру толькі ў самаго сябе”.Так, яны верылі ў гэта, і таму мы можам сёння з упэўненнасцю сказаць, што ”Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесла”, а мы тут жылі, жывём і будзем жыць

Мы – беларусы!

Пастушэнка Ірына Уладзіміраўна, Прыдзвінска-Бароўская сярэдняя школа


Ёсць чары ў забытым, старадаўнім …

Максім Багдановіч

(Беларускія абрадавыя традыцыі)

Звычай устанавіў Бог; от затым трэ дзяржацца звычая, калі хочэш, каб Бог не пакараў. Хаць жэ кажуць, што ўсялякія людзі маюць свой звычай, бо што сяло, та нораў, што галава, та розум, а што край, та звычай, але ўсе ж людзі трымаюцца таго звычая, як пайшоў от дзядоў да прадзедаў, бо яго ўстанавіў сам Бог.

Абрады - састаўная частка традыцыйна-бытавой культуры народа, сукупнасць традыцыйных умоўных дзеянняў, што сімвалічна выражаюць і замацоўваюць адносіны людзей да прыроды і паміж сабой, іх паводзіны ў важных жыццёвых сітуацыях, якія сістэматычна паўтараюцца. Утрымліваюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Зарадзіліся ў першабытным грамадстве, калі людзі імкнуліся заклінаннямі ўздзейнічаць на незразумелыя з'явы прыроды. Абрады былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі і падзяляліся на каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёла гадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзіныя, пахавальныя), грамадскія і царкоўныя.

Болшасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходне-славянскай глебе. Старажытная абраднасць ляжыць у аснове калядавання, масленіцы, шчадравання, абрадаў купальскай ночы і інш. Многія абрады звязаны з культам продкаў (дзяды, радаўніца), расліннасці. Асаблівасць беларускіх абрадаў - перапляценне ў іх аграрна-бытавых, язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў.

Абрады ў аснове сваёй захавалі народную спецыфіку і нацыянальны каларыт, суправаджаемыя песнямі, танцамі, замовамі, карагодамі, пераапрананнямі (каза, жораў, дзед і інш.). У іх прысутнічаюць элементы тэатральнага дзеяння. 3 імі звязана сялянска-абрадавая паэзія. 3 цягам часу абрады страцілі першапачатковае значэнне, роля рэлігійных элементаў у іх паступова змяншалася, яны пераходзілі ў разрад гульняў, святочных забаў і захоўваліся пераважна ў вёсцы.

КУПАЛЛЕ - адно з самых чароўных старадаўніх беларускіх святаў, якое распаўсюджана адзначаецца і сёння. Раскладаць Купалу пачынаюць з ранку 6 чэрвеня: хлопцы запасалі паліва, збіралі па вёсцы старыя рэчы, сухое ламачча, якое засталося з зялёных святак, бо спальваючы гэта, быццам можна была дагадзіць продкам. Лічылася, што ў гэты час прыходзіць каляндарная вяршыня росквіту прыроды, бо хутка прыйдзе Пятрок. Але гэтае свята вызывала і самую актыўную дзейнасць варожых чалавеку сіл. Але дзяды і спрыяльныя сілы прыроды, часцей за ўсё ў выглядзе купальскіх зёлак, дапамагалі людзям пазбегнуць злой сілы. Перад Купаллем дзяўчаты ішлі збіраць васількі, руты, купаленку і спявалі песні. Гэта павінна было перадаць збіральніцам цудадзейную купальскую сілу зёлак. Першым рытуалам Купалля было ўрачыстае запрашэнне на свята. Гэтае запрашэнне праходзіла з дапамогай песень. 3 гэтымі песнямі і карагодамі абыходзілі хаты, запрашаючы да свята. У час абыходу кідалі вянкі на стрэхі хат нежанатых хлопцаў і незамужных дзяўчат. Потым з музыкай і танцамі, карагодамі купальскі гурт начале з Купалай выходзіў з сяла пад песню. Затым грамада падыходзіла да месца, дзе было раскладзена вогнішча, якое заўсёды было на высокім месцы ля ракі ці возера. Калі ўсе збіраліся, пачыналася здабыванне "жывога " агню трэннем дрэва аб дрэва. Усю ноч гучалі песні, вадзіліся карагоды, гульні, скакалі праз вогнішча, каб ачысціцца ад злых сіл і асцярагчыся ад іх, спальвалі іх антрапаморфную выяву. А ў гонар сонца на шастах, або спускаючы з гары, падпальвалі прасмаленае кола. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі (яечняй), варажылі, плялі вянкі. Потым на словы "Ляці, ляці вяночак, лаві, лаві дружочак" кідалі на ваду вянкі і варажылі па іх руху. Часам вянкі кідалі праз вогнішча. Калі ён пападае да дзяўчыны, тая кідала яго ў адказ на сімвалічнае запрашенне разам пераскочыць праз агонь. Калі вянок пападаў да хлопца, ён павінен яго разарваць або кінуць назад. Пасля скокаў праз вогнішча парамі ішлі шукаць папараць кветку, якая распускалася раз за год і вяртала чалавека да адзінства з прыродай: уладальнік пачынаў разумець шум дрэў, размову жывёл, птушак. Здабыць папараць кветку вельмі цяжка, бо яе сцярагуць злыя сілы. Але без праблем іх збірае добры купалаўскі дзядок у кошык і калі сустрэнешся з ім, трэба паслаць белы абрус, куды ён кіне кветку. Трэба як мага хутчэй схаваць яе пад скуру далоні, разрэзаўшы яе. Заканчвалася свята ля ракі. Там назіралі за гульнёй сонца на паверхні вады. За гэтым трэба было назіраць або прыжмурыўшы вочы, або не маргаючы. Каб паглядзець на тое, як гуляе сонца, малыя дзеці прачыналіся як мага раней і беглі на раку. 3 асвечанай зелені вілі вянкі і захоўвалі іх як сродак супраць нашэсця злой сілы. Лічыцца, што ў гэты дзень здзяйсняецца пераварот у свеце, быццам ходзяць па зямлі духі і ведзьмы. Потым дзяўчаты ў вянках станавіліся ўперамешку з хлопцамі, ствараючы карагод, і спявалі песню, у якой усхвалялі вартасці адных хлопцаў і недахопы другіх. Затым з карагода выходзіла дзяўчына і закрывала сабе твар чубром, кланялася ва ўсе бакі і выбірала хлопца да пары, які здымаў з яе покрыў і павязваў сабе цераз плячо або рукаў, а ўдзельнікі карагода спявалі.


ВЯЛІКДЗЕНЬ. Адным з урачыстых народных святаў вясенняга цыкла быў Вялікдзень. Рыхтавацца да яго пачыналі загадзя, яшчэ ў перыяд вялікага ці вялікоднага посту. Апошні тыдзень велікоднага посту называўся чысты: чысты панядзелак, чысты аўторак, чыстая серада. У чысты чацверг, да ўсходу сонца, стараліся памыцца ў лазні ці хаця б у карыце-начоўках, балеі. Лічылі, наогул, што чысты, ці "страсны " тыдзень быў часам разгулу нячыстай сілы. Увесь жа тыдзень старанна рыхтаваліся да свята: мылі сталы, скамейкі, лавы, вокны, дзверы. Бялілі печ і сцены. Выскаблівалі, вымывалі падлогу (калі яна была ў хаце), вытрасалі сеннікі, перамывалі хатняе начынне, посуд. Да дня Вялікадня варылі, пяклі, смажылі розныя стравы: булкі, пірагі, каўбасы, сала, фарбавалі і варылі яйкі. Рытуальнай стравай з'яўлялася чырвонае яйка, асвянцонае ў царкве ці касцёле. Пісанкі вялікага распаўсюджання на тэрыторыі Беларусі не мелі. Напярэдадні Пасхі, ці Вялікадня, у лубку-сявеньку складвалі саму "пасху", ці велікодную булку, пірог, а то і бохан чорнага хлеба, чырвоныя яйкі. У царкве ці касцеле адбывалася пышнае ўрачыстае богаслужэнне. Гэтай пышнасцю духавенства імкнулася прыцягнуць масы веруючых да царквы ці касцёла. Пасля заканчэння ўсяночнай пачыналася асвячэнне прынесеных ястваў. 3 царквы ці касцела вярталіся як мага хутчэй, бо, згодна народным павер'ям, хто раней пачне разгаўляцца, таму будзе ў гэтым годзе ўдача ў яго справах і добрае здароўе. Урачыстае святочнае снеданне пачыналася з чырвонага асвянцонага яйка. Кожны з'ядаў сваю долю яйка са свянцонай соллю і прымаўся за сыр, тварог са смятанай, сала вэнджанае, смажанае мяса, каўбасу, пірагі. Наядаліся пры гэтым да адвалу. Скончыўшы разгаўленне, старыя ў доме клаліся спаць, а малодшыя бралі чырвоныя яйкі і адпраўляліся на вуліцу гуляць у "біткі". Туканкі гэтыя прадаўжаліся амаль увесь тыдзень. У гэтыя дні качаліся на арэлях, каталі яйкі па жолабе ці "лубку". Трэба адзначыць, што яйка ў велікоднай абраднасці займала асобнае месца. Яно з'яўлялася сімвалам жыцця, сонца, вясенняй абуджанай прыроды.

Адной з асаблівасцяў беларускага Вялікадня з'яўляецца хаджэнне валачобнікаў у ноч з першага на другі дзень. Валачобныя песні выконваліся толькі ў першыя дні Вялікадня пад акампанемент скрыпкі, радзей - гармоніка. У песнях "валачобным " называецца сам падарунак, які дарылі валачобнікам за іх віншавальныя песні. Звычайна віншавалі гаспадароў хаты са святам, жадалі ім здароўя, прыбытку скаціны, добрага ўраджаю на полі. Песні валачобныя - гэта гімн наступаючай вясне, сонцу, цяплу. Яны, відавочна, зарадзіліся незалежна ад калядаў і сталі ўнікальнай з'явай. Характэрна, што асвянцоныя на Вялікдзень хлеб, соль, як і косці ад велікоднага стала, шалупінне ад яек ці самі велікодныя яйкі выкарыстоўваліся ў земляробчай працы, косці ад велікоднага застолля збіралі і закапвалі на ніве, каб пасевы не пацярпелі ад градабіцця. Скарынкі хлеба выкарыстоўвалі пры першым выхадзе на сяўбу зерняных, пры выгане скаціны ў поле і г.д. У шэрагу раёнаў Беларусі Вялікдзень быў і памінальным днём. У першы дзень яго ішлі на могілкі і качалі на магілах велікодныя яйкі. А ў большасці ж раёнаў Беларусі Вялікдзень мертвых як раней, так і цяпер адзначаюць у аўторак.