ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 25.08.2025
Просмотров: 247
Скачиваний: 0
Курс літаратуры Х–ХІ класаў – заключнае звяно літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе. Ён пабудаваны на гісторыка-літаратурнай аснове і адлюстроўвае асноўныя эпохі ў развіцці мастацтва слова. Вялікае значэнне набываюць актуалізацыя і сістэматызацыя папярэдне набытых ведаў. Вучні павінны не толькі правільна ацэньваць канкрэтныя творы, але і характарызаваць іх у кантэксце гістарычнага развіцця культуры, мастацтва свайго народа і чалавецтва ў цэлым, умець суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі этапамі, перыядамі развіцця сусветнай літаратуры, з мастацкімі напрамкамі. Такі падыход дазваляе настаўнікам мэтазгодна падаваць інфармацыю пра асноўныя этапы развіцця літаратуры, фарміраваць у вучняў неабходны паняційны апарат і засяроджваць іх увагу на спасціжэнні мастацкага твора ці творчасці пісьменніка ў культуралагічным і літаратурным кантэкстах.
Адладжаная сістэма самастойнага чытання стварае неабходныя ўмовы для супастаўляльнага вывучэння літаратуры, дазваляючы заўважаць тую або іншую праблему ў трактоўцы творчасці мастакоў розных эпох і сацыяльна-эстэтычных арыентацый, бачыць пераемнасць у мастацтве, назіраць плённасць бытавання традыцый і з’яўленне наватарства, спасцігаць спрадвечныя сацыяльныя, эстэтычныя і маральныя каштоўнасці ў літаратуры.
Структура аглядавых і манаграфічных тэм забяспечвае не толькі дастаткова шырокае кола чытання вучняў, але і фарміраванне ў іх асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў і чытацкіх уменняў, надае літаратурнай адукацыі сістэмнасць і выхаваўчую скіраванасць.
У выніку навучання беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйных установах вучні павінны в е д а ц ь:
– змест твораў, прадугледжаных для тэкстуальнага вывучэння, а таксама самастойна прачытаных твораў;
– біяграфіі, жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;
– спецыфіку асноўных эстэтычных катэгорый – прыгожага, узвышанага, трагічнага, гераічнага, камічнага і інш., – неабходных для засваення духоўных, мастацка-эстэтычных каштоўнасцей твора;
– асаблівасці рамантычнага, рэалістычнага і мадэрнісцкага тыпаў мастацкай творчасці;
– асаблівасці асноўных родаў і жанраў літаратуры;
– асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да пачатку XXІ стагоддзя) у суаднясенні з развіццём сусветнай літаратуры;
– характэрныя асаблівасці эпохі, якая адлюстравалася ў творах, тыповае, канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў іх змесце;
– грамадзянскую пазіцыю аўтара, сувязь яго творчасці з эпохай, жыццём грамадства;
– змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэт і кампазіцыю вывучаных твораў, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;
– мастацкую цэластасць твора, функцыянальнае ідэйна-эстэтычнае значэнне ўсіх яго структурных кампанентаў (тэмы, ідэі, сюжэта, кампазіцыі, воразаў, выяўленчых сродкаў мовы);
– асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці (стыль, напрамак, мастацкі вобраз, літаратурны характар, літаратурны тып, лірычны герой, аўтар, задума твора, праблематыка, пафас, род, жанр, жанравая форма і інш.), патрэбныя для ўспрымання, засваення, аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;
– асноўныя жанравыя і стылявыя асаблівасці мастацкіх твораў, якія вывучаюцца тэкстуальна;
– тэксты, прапанаваныя для завучвання на памяць.
Выпускнікі павінны ў м е ц ь:
– выразна чытаць мастацкія творы з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;
– успрымаць творы на эмацыянальна-вобразным узроўні ў адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы;
– даваць самастойную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;
– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;
– вызначаць асноўную праблематыку твора;
– выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;
– характарызаваць героя твора, супастаўляць герояў аднаго або некалькіх твораў;
– выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылявыя асаблівасці вывучаных твораў;
– выяўляць узаемасувязь структурных частак твора;
– суадносіць веды пра гістарычную эпоху з падзеямі, адлюстраванымі ў творы;
– суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі эпохамі і кірункамі сусветнага літаратурнага працэсу;
– пісаць сачыненні па вывучаных ці самастойна прачытаных мастацкіх творах;
– рыхтаваць рэферат і даклад з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц;
– пісаць рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаны фільм, спектакль.
Акрамя таго, вучні на заключнай ступені літаратурнага навучання павінны:
– умець самастойна набываць веды – аналізаваць, супастаўляць, знаходзіць адказы на пастаўленыя пытанні, выяўляць адметныя рысы характару герояў, тыповае ў іх паводзінах, адносінах да жыцця;
– валодаць навыкамі абагульнення і сістэматызацыі вывучанага, вылучэння галоўнага, істотнага, бачання адметнага пры параўнанні вывучаных і самастойна прачытаных твораў;
– валодаць уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў;
– умець параўноўваць літаратурныя творы з творамі жывапісу, музыкі, тэатра і інш.;
– валодаць рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці (напісанне сачынення, даклада, рэферата, рэцэнзіі);
– сачыць за літаратурна-мастацкай перыёдыкай;
– працаваць з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме (літаратурна-крытычныя артыкулы, слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі і інш.).
Навучанне літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе адбываецца ў адзінстве інварыянтнага і варыятыўнага кампанентаў.
Арганізацыя факультатыўных заняткаў у V–VIII класах скіравана на абуджэнне і фарміраванне цікавасці, захопленасці мастацтвам, на выхаванне мастацкага густу і развіццё творчых здольнасцей, асабліва літаратурных. Факультатыўныя заняткі ў IX–XІ класах могуць быць скіраваны на пашырэнне і паглыбленне асноўнага курса, прысвечаны найбольш значным з’явам літаратурнага працэсу, праблеме “індывідуальнасць пісьменніка і літаратурны працэс”, узаемадзеянню літаратуры і іншых відаў мастацтва, тэарэтычным праблемам (стылі і жанры літаратуры, мастацкі напрамак і інш.), адной з літаратур народаў свету і інш.
Пастаянна дзеючыя формы пазакласнай работы: літаратурныя гасцёўні, гурткі, клубы, літаратурныя і краязнаўчыя музеі, школьныя мастацкія галерэі – усё гэта таксама павінна быць максімальна выкарыстана для ўмацавання сувязей школьнікаў з мастацтвам, развіцця іх інтарэсаў і творчых схільнасцей. Паглыбленню і пашырэнню сувязей літаратурнай адукацыі з духоўнай культурай народа, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў спрыяе выкарыстанне літаратурнага і фальклорна-паэтычнага матэрыялу ў пазакласнай рабоце: стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый, прысвечаных традыцыйным народным святам, развіццё розных напрамкаў літаратурна-краязнаўчай дзейнасці.
Такім чынам, навучанне прадмету “Беларуская літаратура” заснавана на ведах, уменнях, вопыце творчай дзейнасці, эмацыянальна-каштоўнасных адносінах. Якасць літаратурнай адукацыі вучняў вызначаецца ў адпаведнасці з 10-бальнай сістэмай ацэнкі вучэбнай дзейнасці.
6. Састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу
Вучэбна-метадычнае забеспячэнне прадмета “Беларуская літаратура” ў агульнаадукацыйнай установе патрабуе наяўнасці цэлага комплексу сродкаў, у склад якога ўваходзяць:
– вучэбная праграма;
– падручнік, падручнік-хрэстаматыя, вучэбны дапаможнік;
– хрэстаматыя для пазакласнага чытання;
– вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўніка;
– дыдактычныя матэрыялы для вучня;
– літаратуразнаўчыя слоўнікі;
– кнігі, выдадзеныя ў серыі “Школьная бібліятэка”;
– выстаўкі-альбомы, прысвечаныя жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, альбомы ілюстрацый;
– аўдыёвізуальныя сродкі навучання;
– электронныя сродкі навучання розных тыпаў.
Вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры павінен стварацца з улікам сучасных метадалагічных, дыдактычных і метадычных прынцыпаў. Так, змест і структура дыдактычных матэрыялаў павінны адпавядаць этапам спасціжэння літаратурнага твора – яго першаснае ўспрыманне, праверка ўражанняў, аналіз (асэнсаванне твора), абагульненне назіранняў. Арганізацыя паэтапнага спасціжэння твора паступова фарміруе чытацкую культуру вучня, яго здольнасць асэнсоўваць свае першасныя, часам суб’ектыўныя, уражанні, правяраць іх у працэсе аналізу, выказваць аргументаваныя ацэнкі і меркаванні. Пры гэтым у сістэме пытанняў для аналізу неабходна прапанаваць, побач з рэпрадуктыўнымі, праблемныя пытанні і пошукавыя заданні.
У падручніках новага пакалення для V–VIII класаў прапаноўваецца сістэма творчых заданняў на літаратурным матэрыяле і на аснове жыццёвых уражанняў, асацыяцый вучняў, якія стымулююць іх творчае ўяўленне. Пераказы, сачыненні скіраваны на развіццё маўлення вучняў, іх творчых здольнасцей. Пісьмовыя і вусныя заданні на падставе жыццёвых уражанняў, перажыванняў, псіхалагічных станаў надзвычай карысныя для падлеткаў: спрыяюць развіццю маўлення, назіральнасці, маральнай чуйнасці. Творчыя заданні – разнастайныя па змесце і форме іх выканання – развіваюць не толькі ўласна літаратурныя здольнасці вучняў, але і культуру асобы ў цэлым.
У падручніках для ІХ–ХІ класаў аб’ём гісторыка-літаратуразнаўчага матэрыялу павялічваецца, змест пашыраецца, з’яўляюцца літаратурныя агляды паасобных перыядаў у гісторыі развіцця мастацтва слова. Большасць заданняў у падручніках па літаратуры для гэтых класаў павінна мець творчы характар, абапірацца на літаратурны матэрыял і на жыццёвы вопыт вучняў. Пытанні і заданні, тэмы сачыненняў у падручніку даюцца на выбар і вызначаюцца змястоўнай і фармальнай разнастайнасцю. Мэтазгодна стварыць умовы для рэалізацыі ў працэсе навучання міжпрадметных сувязей, перш за ўсё паміж беларускай і рускай літаратурамі: гэта і пераклады, і жанрава-тэматычныя супастаўленні, і гісторыка-біяграфічныя факты, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх узаемаацэнкі. Другі значны аспект актуалізацыі міжпрадметных сувязей – літаратура і іншыя віды мастацтва. Такія звесткі – аснова для параўнальнага аналізу, сачыненняў, паведамленняў, дакладаў, рэфератаў для семінараў, чытацкіх канферэнцый.
Структура хрэстаматый для абавязковага і дадатковага чытання павінна адпавядаць структуры падручніка. У метадычных рэкамендацыях да падручнікаў прапануюцца розныя шляхі і прыёмы вывучэння твора.