ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 15.09.2025

Просмотров: 216

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

2 Экалагічная тэма ў творчасці а. Жука

Крытыкай павярхоўна-спажывецкіх адносін да прыроды і яе багаццяў адзначана творчасць А. Жука.

Ужо ў першым зборніку апавяданняў “Асеннія халады”, тады яшчэ маладога дваццаціпяцігадовага аўтара, акрэслілася кола яго творчых інтарэсаў. Героі твораў А. Жука жывуць і працуюць на зямлі. Але духоўныя запатрабаванні персанажаў не знаходзяцца ў прама прапарцыянальнай залежнасці ад іх вясковай прапіскі. Наадварот: менавіта праца на зямлі, блізкасць жыццёвых кантактаў з суседзямі-аднавяскоўцамі, гарманічнае суіснаванне з прыроднай рэчаіснасцю як бы забяспечваюць генетычную глыбіннасць існасных праблем, што вырашаюць героі ў творах А. Жука.

Дасягненнем у спасціжэнні душы чалавека ў творчасці А. Жука з’яўляюцца аповесці “Не забывай мяне” і “Халодная птушка”, якія бачацца як несумненнае дасягненне вясковай прозы. Проза А. Жука, так бы мовіць, заўсёды "экалагічная". Душэўны стан яго персанажаў моцна павязаны з акаляючым прыродным наваколлем. Вось і ў аповесці “Не забывай мяне” адноўленыя карэньчыкі сапраўдных высокіх пачуццяў гінуць самахоць. Галоўны герой Загоцкі, уцякаючы ад каханай жанчыны, бачыць над абрывам “карэнне дрэў з тонкімі і доўгімі махрамі”, бачыць “хваіну, якая лёгка кіўнула вершалінаю, нахілілася, выламала крычу зямлі. Лопнула, як сухажылле, карэнне, і дрэва разам з травою і верасам паплыло ўніз. Следам за ім доўга яшчэ цёк пясок, свежа бялелася абарванае непрыгожа разлапістае карэнне” [10, с. 45].

Усе пастаўленыя ў аповесці “Халодная птушка” праблемы знітоўвае вобраз старой Анэты. Яна выгадавала сына і дачку, якія пайшлі ў людзі, а сама дажывае свой век у вёсцы. Па трапнай аўтарскай заўвазе пражыла жыццё “як конь у баразне” [10, с. 52]. Мала было радасцей, не хапала часу нават на праявы кахання да мужа, любові да дзяцей. Дыктавалася такое жыццёвымі абставінамі, элементарнымі законамі выжывання. А цяпер вось “не засталося цяпла ў целе, выстудзілася яно за доўгае жыццё” [10, с. 54]. Адзінокая халодная старасць у пустой хаце, калі “ў душы ў яе ўсё зледзянела, змярцвела” [10, с. 62]. На першы погляд здаецца, што жыццё Анэты – беспрасветная праца са шматлікімі чалавечымі абмежаваннямі, у нечым нават і бессэнсоўная. Не зусім выразна аўтарам праводзіцца думка, што ў глыбінным сэнсе праца людзей, падобных Анэце, асацыіруецца са служэннем Бацькаўшчыне. Старая жанчына, перабіраючы ў памяці ўспаміны, прыходзіць да наступнай высновы: “Такая любоў жыве ў дарослага, ужо, здавалася б, агрубелага душою чалавека да роднай зямлі: да лёгкага павеву ветру над полем, не кажучы ўжо пра кусцістую, густую, як аўчына, рунь: пасрэбраную першым інеем, які ружова адсвечваецца ў ранішніх сонечных промнях, не кажучы ўжо пра спелы, цяжка і даверліва схілены насустрач селяніну колас жнівеньскага палетка!” [10, с. 78]. Не страшна паміраць чалавеку, улюбёнаму ў зямлю і людзей, бо ён пакідае зямлю і радасць працы на ёй нашчадкам, памяць пра сябе ў душах хоць на адно пакаленне.


На схіле жыцця людзі, падобныя Анэце, маюць перавагу над начальнікамі Дзягелямі, якія толькі ўмелі кіраваць, выконваць загады вышэйшых улад, трымаць у страху падначаленых. Вуснамі гераіні А. Жук падсумоўвае вынікі Дзягеля: “Мая дарога ў жыцці во гэтакая, – Анэта паказала рукою наперад, па дарозе, а потым убок, на сцяжынку на перавораным полі, якая блудзіла па ўмёрзлай раллі, – а твая такая. Яна бытта і выгадная, і нацянькі, але ж ненадоўга. Перааруць яе – і следу не стане. Ёсць бог на свеце, як ты не круці ў жыцці” [10, с. 79]. 

Другая справа, што сумленная працавітасць Анэты не забяспечыла, на жаль, такія ж адносіны да працы яе дзяцей, не засцерагла іх ад раўнадушна-абывацельскіх адносін да Бацькаўшчыны. Лепшыя з іх адразу пасля школы пакінулі бацькоў, родную вёску, развіталіся назаўсёды з яе краявідамі, з магчымасцю адданай працы на зямлі. I дзеці Анэты, і дзеці Дзягеля з аднолькавымі жыццёвымі мэтамі: развітваюцца з вясковым маленствам і юнацтвам, каб толькі наездамі і выказваць сваю замілаванасць прыродай, непрацяглую па часу любоў да працы на роднай зямлі.

У аповесці “Халодная птушка” ў поўнай меры выявіліся характэрныя рысы творчасці А. Жука – нацыянальная самабытнасць, філасафічнасць, вастрыня пастаноўкі маральна-этычных праблем, сцверджанне высокай духоўнасці.

Мастацкая проза Алеся Жука, тым не менш, ёсць матэрыялізацыя ў вобразна-сімвалічнай форме пэўнай ідэалогіі ( сістэмы поглядаў і перакананняў, на якіх грунтуецца светабудова творцы): умоўна яе вызначыць можна як «экзістэнцыяльны гуманізм» з вядучым трагічным матывам у аснове кантрапункту. Танальнасць яго найбольш яскрава выяўляецца ў вобразе-настроі “белай журбы”:

“Цішыня была, поўня на ўсё неба разлілася. А на зямлі пуста, бясконца, як абмерла палявая прастора. I такою белаю сумотаю глядзіць зямля ў акно, такою журбою, што хоць ты збірайся і ідзі, ідзі, куды вочы глядзяць – і нічога не ўгледзіш новага, толькі гэтая белая журба над пустою зямлёю, якая не адпускае сэрца, будзе ісці ўслед, весці цябе...” (“Халодная птушка”) [10, с. 89].

Шчымлівая напружанасць мастацкіх эмоцый дасягае максімуму ў сімвалічнай постаці Апошняга Жураўля: пасвечаны ў таямніцы іншага свету, ён нібыта сочыць за тым, каб не парушыўся колазварот быцця, перамагаючы сваёю гібеллю ўсюдыісную смерць:

“Восенню, калі яно (поле) чыстае і прасторнае, аблямавана на даляглядзе кусцістаю зялёнаю рунню, захінута дзікім туманком, далёкае ворыва на небакраі раптам пачынае ўставаць на цябе крылом шэрага жураўля, і хто скажа тады, што з неба і сапраўды не чуцен вечны жураўліны кліч?” [10, с. 144].


У светаўспрыманні пісьменніка свет прыроды і свет чалавечы – адно цэлае, адзінае, што пераканаўча адбілася ў аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля” (1982). Падзеі, адлюстраваныя ў ёй, адбываюцца ў звычайнай беларускай вёсцы Альховыя Крыніцы, дзе жыве былы калгасны брыгадзір Сцяпан Дзямідчык – своеасаблівы вясковы мудрэц, ахоўнік традыцый і гістарычнай памяці, чалавек з развітай грамадскай свядомасцю, пачуццём асабістай добрай якасці, што і вызначае яго маральную актыўнасць. Ён адораны рэдкай чуласцю да таго, што робіцца вакол, побач, і ва ўсім свеце. Прырода для Дзямідчыка з усёй сваёй флорай і фаунай не толькі агульнае дабро, якое неабходна пільна берагчы і ахоўваць, але і асяроддзе, улонне чалавечага існавання, адвечная яго айкумена, жывая, урэшце, істота, надзеленая амаль чалавечымі ўласцівасцямі і адчуваннямі. “Самае лепшае, што ён ведаў і любіў у жыцці, – з хваляваннем піша пра яго аўтар, – гэта было поле, якое спелым коласам хілілася, гайдалася, накачвалася хвалямі насустрач чалавеку, быццам лашчылася ды яго, хацела, каб ён пагладзіў яго сваёй далоняй...!” [11, с. 147].

Больш за тое, птушкі, як і людзі, моцна прывязаны да родных мясцін. “Кожны год прыляталі, піша Алесь Жук у аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля”, жураўлі на роднае поле, кружыліся, доўга шукалі пакінутае і здабытае і потым адляталі, адляталі туды, дзе свеціць няроднае цёплае сонца” [11, с. 101]. Як і людзі, птушкі ўмеюць захоўваць вернасць. I ўвогуле, на думку пісьменніка, яны жывуць па тых жа законах, што і людзі, і “прыпісваюць” ім гэтыя законы самі ж людзі. Адзначаючы шмат агульнага ў паводзінах, у знешнім выглядзе ча­лавека і птушак і пераносячы маральныя каштоўнасці людзей, выпрацаваныя шматвяковай гісторыяй, на жыццё птушак, пісьменнік тым самым падкрэслівае адзінства чалавека і пры­роды, іх арганічную еднасць.

Прырода мудрая, чалавек павінен быць яшчэ мудрэйшым, бо ён адзіная разумная істота на зямлі, такая думка гучыць у многіх творах су­часнай беларускай прозы. Чалавек, як адзначаюць пісьменнікі, павінен быць сапраўдным гаспадаром на зямлі, і ў адрозненне ад іншых істот яму неабходна ўмець спазнаваць законы прыроды і правільна іх выкарыстоўваць. У век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі людзі парушылі гэтыя законы. Дзве культуры культура пры­роды і культура чалавека у нечым разышліся, пайшлі насуперак адна адной.

Паралельным планам, наплывамі, ідуць у аповесці ўспаміны пра партызанскае мінулае. Драматычны след пакінула вайна і ў лёсе Сцяпана Дзямідчыка, але не адвярнула яго ад людзей, не загасіла веры ў дабро, не падтупіла вострага пачуцця прыроды. Наадварот, ён выпрабоўвае падзяку і лёсу, і полю, і гэтым “балацінам”, якія аддана хавалі яго ад небяспекі.


У аповесці багатая паэтыка: шмат міфалогіі, сноў, успамінаў. Арыгінальны і вельмі цікаўны вобраз Старога бабра, у абмалёўцы якога аўтар выявіў здольнасці пісьменніка-анімаліста, надзяліў гэту маленькую істоту разумным інстынктам і амаль чалавечай логікай. Гэта архетып бабровага роду, родапачынальнік, у паводзінах якога адлюстроўваецца розум самай прыроды. У аповесці ўпушчана вельмі глыбокая, значная думка: “Так заведзена ў гэтым свеце, што лес усё чуе, а поле ўсё бачыць”. [10, с. 140] Гэта бачыць маці-прырода вачамі сваіх “жыхароў”.

Глыбока сімвалічны таксама вобраз Апошняга Жураўля, які даў назву ўсяму твору. У супрацьстаянні з разнастайнымі “меліяратарамі”, знішчальнымі прыроду, Сцяпан Дзямідчык – на баку баброў і жураўлёў. Ён цешыцца, калі Стары бабёр, дзякуючы намаганням Дзямідчыка, прыводзіць на новае месца сям’ю маладых баброў. Сцяпан бачыць, да якіх трагічных наступстваў можа прывесці разбурэнне прыродных сувязяў.

У «Паляванні на Апошняга Жураўля» зварот да спрадвечнага (водгукі татэмізму, магічных уяўленняў (забіваюць Апошняга Жураўля – гіне Сцяпан Дзямідчык) спалучаецца з роздумам над невыноснай крохкасцю быцця ў сучасным свеце; згукі паганства ўплятаюцца ў хрысціянскія матывы. Здаецца, што ў беларусу язычнік дасюль нявыкаранены, мацнейшы за хрысціяніна.; той жа Апошні Журавель – персаніфікаванае Дабро – усведамляецца намнога старэйшым за новазапаветнага Месію.

Адзначым, што пантэістычнае светаадчуванне працінае ўсе структурныя ўзроўні мастацкага твора, абумоўліваючы важнейшыя адметнасці прозы Алеся Жука. Сярод гэтых адметнасцяў вылучаецца псіхалагізм вобразаў-пейзажаў, якія літаральна ў кожным, нават самым невялікім на аб’ёме, творы злучаюцца ў адно цэлае – пэўны метавобраз, дзе экспрэсія рэалістычнай дэталі перацякае ў імпрэсіянісцкую метафару:

“Імглела зноў не па-асенняму, надоўга аслізла зямля, а ў садзе, на лісці, на яблыках шэра ляжалі кроплі – быццам упацеў, утаміўся сад трываць гэтакую макрэчу” [10, с. 98]; “Напружана-чырвонае сонца, і там, дзе яно зайшло, вісіць вузкая марозна-шэрая палоска, а над ёй спачатку чырвань, а потым светлая празрыстасць, якая будзе доўга-доўга, нават пасля таго, як патухнуць вясковыя вокны і высвеціць ва ўсю лупаты месяц” («Сонечны снег»)” [10, с. 247].

“За полем гараць асеннія вогнішчы лесу, як сіняватыя вочы зямлі, ляжаць між парыжэлых, вылінялых за лета броваў асакі невялікія лужкі і азерцы” (“Паляванне на Апошняга Жураўля”) [11, с. 52]. “Ужо крыху прахалодней у полі, чым удзень, і ледзь прыкметна гусцее блакіт неба, і не так балюча слепідь вочы снег, але ён яшчэ не такі, як вечарам, калі схаваецца за небакраем ні ад чаго гэтак не баліць душа і нічаму гэтак не радуецца, як роднаму. свайму полю, якое праплывае пад шызым крылом тваім” [11, с. 103].


Пантэізм Алеся Жука праглядвае не толькі ў віртуознай пейзажыстыцы. Адчуванне татальнай трагічнасці быцця (не толькі чалавечага, але і касмічна-прыроднага) выяўляецца ўжо ў «Сонечным снезе» (1969) – у эпізодзе палявання на зайца: “...нешта моцнае, цяжкае ўдарыла насустрач... I ўжо нязвыкла лежачы на баку, бачыў ён, як бег да яго чалавек, адчуў, як моцна ўзяўся за пярэднія лапы, яшчэ таргануўся ўсім целам, каб вырвацца, і цяжка павіс уніз доўгімі, нядаўна яшчэ такімі лёгкімі і быстрымі нагамі. Паволі выкаціліся і кругла застылі жоўтыя, як арэхі, вочы... (...) I па доўгім жалабку вуха выцекла і ярка капнула на снег кропелька крыві” [10, с. 352].

Тэма “чалавек і прырода” ў творчасці А. Жука раскрываецца ў адзінстве з іншымі вечнымі тэмамі літаратуры, звернутымі да ўсіх аспектаў чалавечага існавання, якія супастаўляюць тое, што з’яўляецца праўдай быцця. Пісьменнік ушчыльную падыходзіць да экзістэнцыяльных пытанняў, якія калісьці з усіх бакоў абступілі талстоўскага П’ера Бязухава: “Што блага? Што добра? Што трэба любіць, што ненавідзець? Для чаго жыць, і што такое я? Што такое жыццё, што смерць? Якая сіла кіруе ўсім?” [17, с. 255]. А. Жука зноў і зноў цікавіць прырода чалавечага шчасця, маральныя пакуты і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, свайго стаўлення да зямлі, да прыроды, але пісьменнік перакладае ўсё гэта ў экзістэнцыяльны шэраг вечных праблем, звязаных з драматызмам і трагічнасцю чалавечага знаходжання на зямлі.

Як вынікае з твораў А. Жука, гарадскім героям уласцівая рэфлексія, настальгія па мінулым, па вёсцы з яе палявымі абшарамі. Гэта знаходзім, напрыклад, у аповядзе “Душа над чыстым полем” (1994), у якім герой знаходзіцца ў стане сталага самааналізу: “Прачнуўшыся, Вечар глядзеў у столь, успамінаў і супакойваўся. Праз адчыненае акно ў пакой прыходзіў начны халадок, павяваў вецер. У яго павевах была ласкавасць валошкі, якая кранаецца твару. Потым і запахла валошкаю, а следам за гарачым пахвінам пакой напоўніўся водарам закрасавалага жыта. Гэта вярталася з блукання ў пакінутых палях змучаная, збалелая чалавечая душа, суцешаная, як грэшнік, якому адпусцілі грахі. I таму жыцёе працягвалася да новага блукання над чыстым полем, з якога душа аднойчы не вернецца” [11, с. 277].

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, бясспрэчна, палегчыла жыццё чалавека, вызваліла яго час для духоўнага росту, культурнага ўзбагачэння. Гэта добра разумеюць і пісьменнікі, і іх героі. “Цяпер тэхніка, старшыня, вунь якім калгасам варочае. Людзі цяпер не тыя. Цяпер не некалі ўсяго хватае”, ̶ заяўляе Мароз, адзін з герояў аповесці А. Жука “Паляванне на Апошняга Жураўля” [11, с. 66].