ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 15.09.2025
Просмотров: 211
Скачиваний: 0
Рэферат
Курсавая праца 27 с., 20 крыніц.
ЭКАЛАГІЧНАЯ ТЭМА, АПОВЕСЦЬ, МАСТАЦКІЯ АСАБЛІВАСЦІ і інш.
Аб’ект даследавання – аповесці і апавяданні Алеся Жука (“Не забывай мяне”, “Халодная птушка”, “Паляванне на Апошняга Жураўля”, “Сонечны снег”, “Душа над чыстым полем”).
Прадмет даследавання – мастацкія асаблівасці і асноўныя тэмы твораў.
Мэта – вызначыць ідэйна-мастацкія адметнасці творчасці А. Жука на экалагічную тэму.
Метады даследавання – культурна-гістарычны, апісальны, структурна-аналітычны.
Элементы навізны: у апошнія гады ў беларускім літаратуразнаўстве актывізуецца цікавасць да апісання экалагічных праблем. Пісьменнікі, ствараючы вобразы і сюжэты, абапіраюцца на падзеі рэчаіснасці, якія знаходзяць адлюстраванне на старонках іх твораў. Па гэтай прычыне тэма нашага даследавання з’яўляецца надзённай і актуальнай.
Практычнае значэнне работы: магчымасць выкарыстання яе вынікаў пры вывучэнні студэнтамі ВНУ гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя, пры падрыхтоўцы спецкурсаў. Матэрыял будзе карысным для настаўнікаў і вучняў, выкладчыкаў літаратуразнаўчых дысцыплін і студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей.
Змест
Уводзіны 4
1 АСАБЛІВАСЦІ АДЛЮСТРАВАННЯ ЭКАЛАГІЧНАЙ ТЭМЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 7
1.1 Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры сярэдзіны ХХ ст. 7
1.2 Актуальныя экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры 9
Вечная ў мастацкай творчасці тэма прыроды, адносін чалавека да яе набыла асаблівую актуальнасць у век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, калі супярэчнасці паміж грамадствам і навакольным асяроддзем надзвычай абвастрыліся. У апошні час праблемы экалогіі набываюць глабальны характар. Сённяшні стан прыроды выклікае вялікую трывогу ва ўсім свеце. Захаванне прыроднага асяроддзя найвастрэйшае сацыяльнае пытанне, вырашэнне якога патрабуе агульных намаганняў усяго чалавецтва. 10
2 ЭКАЛАГІЧНАЯ ТЭМА Ў ТВОРЧАСЦІ А. ЖУКА 15
24
Заключэнне 24
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ 28
Уводзіны
Сёння як ніколі востра стаяць праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя. Надышоў час, калі мы павінны вырашыць, ці захаваць нам прыроду і тым самым атрымаць магчымасць выжыць, ці загінуць у страшэннай экалагічнай катастрофе.
Узаемаадносіны чалавека і прыроды шматзначныя і шматаспектныя. Характар дадзеных узаемаадносін – прадмет асэнсавання не толькі ў філасофскай і прыродазнаўчай літаратуры, але і ў літаратуры мастацкай. У вобразнай форме мастацтва кожнай канкрэтнай эпохі так ці інакш перадае характэрныя для дадзенай культуры ўяўленні аб сувязі чалавека з прыродным асяроддзем.
Увага літаратуры на розных этапах развіцця канцэнтравалася на асобных гранях гэтых узаемаадносін: адухоўлена-пантэістычных, сузіральна-эстэцкіх, канкрэтна-рэалістычных, утылітарна-прагматычных. Перадавая літаратура, як правіла, заўсёды выступала абаронцай прыроды, супраць яе пакарэння і знішчэння.
Сёння перад чалавецтвам паўсталі вострыя экалагічныя праблемы. Час дыктуе: калі чалавецтва думае, дбае аб сваёй будучыні, яно павінна выпрацаваць новыя ўзаемаадносіны з прыродай, біясферай наогул. Цяпер ужо не да захапленняў перамогамі над прыродай.
Для літаратуры прырода яшчэ і магутны фактар далучэння чалавека да прыгожага, фактар выхавання высокіх маральна-этычных пачуццяў. Тым больш, што ў наш час навукова-тэхнічнай рэвалюцыі сустрэчы чалавека з прыродай, асабліва сустрэчы адзін на адзін, адбываюца ўсё радзей.
Кожны чалавек, відаць, час ад часу адчувае вострую патрэбу вырвацца з тлумнага свету тэхнікі, імклівай, бурнай плыні жыцця, асабліва гарадскога, зліцца з прыродай. Ці ж не гэтым выклікана імкненне многіх людзей калі-нікалі бываць у мясцінах, не кранутых цывілізацыяй, як бы спыніць бег часу, хоць часова аддацца сузіранню, убачыць, адчуць душой, што значыць для нас прырода. Аднак цяга да прыроды пераадольваецца магутным прыцяжэннем імклівай сучаснасці з яе глабальнымі праблемамі. I чалавек зноў трапляе ў бурную плынь сучаснага жыцця, бо ён дзіця свайго часу і доўга не можа заставацца ў палоне прыроды, сузірання.
Па-ранейшаму многія пісьменнікі праз адносіны да прыроды выяўляюць сацыяльную і маральна-этычную сутнасць чалавека.
У сучаснай беларускай прозе, моцнай сваёй “сялянскасцю” (“вяс- ковасцю”), “экалагічнасцю”, сталае месца займае творчасць А. Жука. Ён з тых пісьменнікаў, якія добра сябе пачуваюць у традыцыйным майстэрстве прыгожага пісьменства. Яно ў абвостранай увазе да самых штодзённых і простых праяў жыцця, да падрабязнасцей чалавечага існавання. Вялікая карціна свету, сутнасць быцця чалавека выяўляюцца праз побытавае, выпадковае, тым самым дазваляючы нам убачыць непаўторны, заўсёды індывідуальны свет асобнага чалавечага жыцця.
Такім чынам, актуальнасць нашай работы заключаецца ў неабходнасці далейшага комплекснага, сістэмнага асэнсавання творчасці А. Жука.
У курсавой працы вырашаюцца наступныя задачы:
– вызначыць асаблівасці адлюстравання экалагічнай тэмы ў беларускай літаратуры;
- акрэсліць спецыфіку адлюстравання тэмы прыроды ў творчасці А. Жука;
- паказаць сутнасць экалагічных праблем у творчасці пісьменніка.
1 Асаблівасці адлюстравання экалагічнай тэмы ў беларускай літаратуры
1.1 Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры сярэдзіны хх ст.
Беларускае класічнае мастацтва ў значнай ступені захоўвае сутнасць традыцыйнай беларускай культуры, для якой была характэрна сінтэтычная інтэрпрэтацыя адносін чалавека і прыроды. У ранніх літаратурных помніках Беларусі жыццё прыроды трактуецца як арганічная частка чалавечага лёсу: асноўныя падзеі сялянскага жыцця звязаны з земляробчымі работамі і часам проста дыктуюцца прыроднымі з’явамі, якія ва ўмовах неразвітой агратэхнікі становяцца важнымі фактарамі сацыяльных працэсаў. Баркалабаўскі летапіс, напрыклад, тлумачыць масавыя міграцыі насельніцтва моцнымі зімовымі маразамі, хроніка Літоўская і Жамойцкая – неўраджаем і г. д.
Як слушна заўважае М. Мажэйка, “ідэалагічная праграма пабудовы сацыялістычнага грамадства, як грамадства новага тылу, дапускала, як вядома, і «вялікае пераўтварэнне прыроды». «Будоўлі стагоддзя», «гіганты індустрыі», якія не пpaходзілі элементарнай экалагічнай экспертызы, бяздумная меліярацыя і грандыёзныя інжынерныя праекты тылу «павароту паўночных рэк» – усё гэта сумна вядомыя крокі сацыялістычнага варыянту індустрыялізацыі” [15, с. 26].
Існуюць і іншыя вельмі сур’ёзныя вынікі былога вопыту прыродакарыстання – дэфармацыя ў сферы экалагічнай культуры. Скажам, прымусовая калектывізацыя падпарадкавала натуральны і ўстаялы рытм аграрных работ, апрабаваны стагоддзямі і спецыфічны для кожнай мікраландшафтнай зоны, цэнтралізаванаму кіраўніцтву, механічна ператварыўшы такім чынам сельскую гаспадарку ў галіну індустрыі. Адным з аспектаў славутага феномена “рассяляньвання” з’яўляецца свайго роду інжынерызацыя сялянскага менталітэту, пры якім традыцыйныя механізмы герметычных адносін з прыродай не змяніліся на новыя, а проста разбураліся.
Адэкватна перадае гэтую сітуацыю Я. Колас у адной з сюжэтных ліній аповесці “На прасторах жыцця”. Рабфакавец Сцёпка вырашае асушыць Гнілое балота. Тэхналогія прапаноўваецца вельмі простая: спусціць ваду з балота ўніз па рэчышчы ракі. З гэтай мэтай Сцёпка хоча стварыць спецыяльныя “калектывы працы”, агітуе моладзь прымеркаваць спуск балота да рэлігійнага свята, каб супрацьпаставіць “фэсту” сваё сацыялістычнае свята пераўтваральнай працы.
Важна адзначыць, што найбольш глыбокія кірункі сучасных усходнеславянскіх літаратур працягваюць у сваім развіцці лепшыя традыцыі нацыянальнай экалагічнай свядомасці. Перш за ўсё, гэта тычыцца філасофскай лірыкі і прозы, якія бяруць пачатак непасрэдна ад ідэалаў экалагічнай гармоніі, выпрацаваных нацыянальнымі культурамі.
У мастацкай літаратуры пастаянна гучыць тэма адказнасці чалавека за прыроднае наваколле.
Мастацкая свядомасць сцвярджае: не захаваўшы прыроды, чалавецтва не зможа захаваць сябе. I ўжо ў другой палове XX стагоддзя ў “экалагічных” сюжэтах адбываецца пераарыентацыя акцэнтаў: ад сентыментальнага спачування да “братоў нашых меншых”, якія без жалю знішчаюцца, да разумення пагрозы чалавечаму існаванню.
Тэме аховы параненай чалавекам прыроды беларуская літаратура прысвячае самыя пранікнёныя радкі. А разам з тым, менавіта мастацтва ніколі не дазваляла чалавеку любавацца сваёй роляй ахоўніка і валадара “братоў сваіх меншых”. Прырода – радзіма чалавецтва, і гэта – найвялікшая каштоўнасць. Да прыроды чалавек ідзе па душэўную гармонію, спакой і мудрасць. Мастацкая свядомасць фіксуе глыбокую і непарыўную сувязь паміж экалагічнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі, якія характарызуюць стан чалавечага духу: разбураныя ўрочышчы – разбураныя ідэалы, мялеючыя азёры – здрабненне душ. Знішчаючы прыроду, людзі знішчаюць сябе. Чалавек, які не адчувае адказнасці за стан прыроднага наваколля, разрываючы свае сувязі з зямлёю, становіцца спустошаным, траціць пачуццё радзімы.
Працягваючы характэрную для нацыянальнага менталітэту традыцыю, мастацкая літаратура менавіта ў невычэрпнасці жыццёвых сіл прыроды бачыць крыніцу развіцця чалавека, пераадольванне ім сацыяльных дысгармоній; вечнае абнаўленне прыроды ўспрымаецца як сімвал духоўнага адраджэння чалавека.
Працэс адраджэння нацыянальнай культуры натуральным чынам вымагае і экалагічнай арыентацыі, традыцыйна характэрнай для нашага народа. Пры гэтым прыроднае асяроддзе бачыцца не толькі як матэрыяльны нацыянальны набытак, але і як неад’емная аснова духоўнасці нацыі, развіцця яе культуры.
П. Дзюбайла адзначае, што “беражлівыя адносіны да прыроды, арганічная сувязь герояў з роднай прыродай, зямлёй становяцця як бы крытэрыем іх чалавечнасці, духоўнай асновай характару асобы” [6, с. 203]. Беларуская літаратура сярэдзіны ХХ ст. імкнулася даследаваць у цеснай сувязі з сацыяльна-гістарычнымі і маральна-этычнымі праблемамі часу ўзаемаадносіны чалавека і прыроды, парушэнне чалавекам прыроднага біялагічнага балансу.