ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 22.09.2025
Просмотров: 2559
Скачиваний: 0
СОДЕРЖАНИЕ
Пытанні да заліку па гісторыі Беларусі
Курс лекцый па гісторыі беларусі Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі.
Беларускія землі ў VI-іх стст.
Беларускія землі ў іх-пач. Хііі стст.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё вкл
Культура і царква вкл. Этнічныя працэсы
Індустрыяльная цывілізацыя (канец XVIII– пачатакxXст.) і беларусь
1. Кастрычніцкая рэвалюцыя. Устанаўленне Савецкай улады ў Беларусі
3. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
5. Савецка-польская вайна на тэрыторыі Беларусі. Вынікі Рыжскага міру (1921 г.) для Беларусі
Тэма. Беларусь у міжваенны перыяд
1. Новая эканамічная палітыка ў бсср
2. Прамысловасць бсср у 20-30-я гг. Індустрыялізацыя: сутнасць і вынікі
3. Сельская гаспадарка бсср у 20-30-я гг. Калектывізацыя: сутнасць і вынікі
4. Грамадска-палітычнае жыццё бсср у 20-30-я гг. Палітыка беларусізацыі
6. Культурнае жыццё бсср у 20–30 гг.
7. Беларускае замежжа ў 20–30-я гг. Хх ст.
8. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы
Тэма. Беларусь у гады другой сусветнай вайны
1. Другая сусветная вайна (1939-1945 гг.). Уключэнне Заходняй Беларусі ў склад бсср
2. Нападзенне Германіі на ссср. Абарончыя баі ў Беларусі і ўстанаўленне акупацыйнага рэжыму
3. Разгортванне партызанскай вайны супраць акупантаў у Беларусі
4. Вызваленне Беларусі ад нямецкай акупацыі
2. Беларусь у 50-я – першай палове 80-х гг. Гаспадарчыя рэформы і іх абмежаванасць
Тэма. Да новай мадэлі грамадскага ладу
2. Бсср на міжнароднай арэне ў 40–80-я гг.
3. Культурнае і духоўнае жыццё бсср у другой палове 40-х – 80-я гг.
Раздзел. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці беларусі (1991–2012 гг.)
2. Рэспубліка Беларусь і сусветнае супольніцтва. Яе адносіны з снд і Расійскай Федэрацыяй
3. Пошукі шляхоў выпрацоўкі эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь
Землі Беларускага Пасожжа ўваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Да Смаленскага княства адносілася паўночная частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прапойск (сучасны Слаўгарад). У 1116 г. да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэрыторыя ніжняга цячэння Сажа з Гомелем (першае ўзгадванне – 1142 г.), Чачэрскам і Рэчыцай уваходзілі ў склад Чарнігаўскага княства. Беларускія землі ў Папрыпяцці з гарадамі Мазыр і Брагін уваходзілі ў склад Кіеўскага княства.
У Беларускім Панямонні (“Чорная Русь”) у ХІІ ст. узніклі цэнтры самастойных княстваў: Гродна (першае ўзгадванне – 1127 г), Наваградак, Ваўкавыск і Слонім. Побач са славянскімі гарадамі ў Панямонні жылі балцкія плямёны (да прыкладу, яцвягі, літва).
Такім чынам, у выніку драблення Полацкай, Тураўскай і іншых зямель на тэрыторыі Беларусі ў ХІІ-ХІІІ стст. узнікла амаль 20 княстваў.
Феадальная раздробленасць – гэта заканамерны працэс, які меў станоўчыя і адмоўныя бакі. Станоўчыя рысы: адбываўся рост гарадоў, якія сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў, развівалася культура. Адмоўныя рысы: рост знешняй небяспекі, пачатак міжусобных войн.
5. Нямецкія рыцары (крыжакі) у канцы ХІІ ст. пад выглядам распаўсюджання каталіцкай веры сярод мясцовага насельніцтва высадзіліся ў вусці Заходняй Дзвіны. Яны захапілі зручную земгальскую гавань і на яе месцы ў 1201 г. была пабудавана крэпасць Рыга. Сумеснымі намаганнямі каталіцкай царквы і рыцарства ў 1202 г. была створана дзяржава крыжакаў – ордэн Мечаносцаў. Паступова рыцары прасоўваліся ўверх па Заходняй Дзвіне на тэрыторыю латгалаў, пагражаючы Полацку. З даўніх часоў лівы і латгалы плацілі даніну полацкім князям і пастаўлялі ім войскі. Уся тэрыторыя ўздоўж Заходняй Дзвіны была падначалена Полацку. Таму дружыны полацкага князя Уладзіміра летам 1203 г. асадзілі дзве нямецкія крэпасці Гольм і Ікскюль, але значнага поспеху не мелі. У 1206 г. Уладзімір паспрабаваў яшчэ раз асадзіць Гольм, але на дапамогу палачанам прыйшла толькі частка ліваў. Аблога працягвалася 11 дзён. Узяць крэпасць дружыны так і не змаглі. Тым часам рыцары паступова наблізіліся да васальнага ад Полацка Кукейноса. Тут княжыў Вячка. З невялікай дружынай ён мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасовай дапамогі ад полацкага князя. У 1208 г. Вячка вымушаны быў спаліць Кукейнос і пакінуць княства. Ён працягваў барацьбу з крыжакамі да канца жыцця і загінуў у 1223 г. пры абароне Юр’ева. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі Герцыке. Князь Усевалад не змог адстаяць горад.
Мірныя перагаворы паміж полацкім князем Уладзімірам і рыжскім епіскапам Альбертам адбыліся ў 1210 і 1212 гг. Полацк прызнаваў страту Ніжняга Падзвіння, а немцы гарантавалі полацкім гандлярам свабодны шлях па Дзвіне. У 1216 г. палачане сумесна з балцкімі плямёнамі рыхтаваліся да новага выступлення супраць рыцараў, аднак Уладзімір памёр і паход не адбыўся. Нягледзячы на супярэчнасці паміж дзяржавамі гандлёвыя адносіны паміж Полацкам і крыжакамі працягваліся. У 1229 годзе была падпісана гандлёвая грамата Смаленска, Полацка і Віцебска з Ордэнам.
Націск крыжакаў на ўсходнеславянскія землі ўзмацніўся пасля таго, як у 1237 г. ордэны Мечаносцаў і Тэўтонскі аб’ядналіся ў Лівонскі ордэн. І ў гэтых умовах вялікае значэнне для абароны Беларусі меў саюз Полацка, Віцебска і Ноўгарада. Аб гэтым сведчыць шлюб князя Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага князя Брачыслава. У сумесных бітвах усходнія славяне змаглі прыпыніць пранікненне крыжакаў. У бітве з рыцарамі на Няве (1240 г.) вызначыўся адвагай Якаў Палачанін, пра якога ў летапісу гаворыцца: “Наехаў на полк з мячом і мужна біўся і пахваліў яго князь”. Другая перамога Аляксандра Неўскага адбылася на Чудскім возеры ў 1242 г. Гэтая бітва ў гісторыю ўвайшла як Лядовае пабоішча.
Разам з крыжацкай агрэсіяй беларускім землям у ХІІІ ст. сталі пагражаць мангола-татары. Заснавальнікам дзяржавы (Залатой Арды) стаў Чынгісхан. Яго ўнук Батый у 1237 г. пачаў паход на Русь. На працягу зімы 1238 г. мангола-татары разрабавалі Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір. У сакавіку гэтага года ў бітве на р. Сіці пацярпелі паражэнне галоўныя сілы старажытнарускіх князёў. У 1239 – пачатку 1240 г. было захоплена Чарнігаўскае княства. Верагодна тады быў разбураны і спалены Гомель. У 1240 г. мангола-татары разрабавалі Кіеў. Вясной 1241 г. мангола-татары спалілі Берасце. У Іпацьеўскім летапісе ўказваецца, што ў 1241 г., каля Берасця адбыўся бой з мангола-татарамі, у якім загінула шмат воінаў. У выніку ў ваколіцах горада “нельга было выйсці на поле, бо быў смурод ад вялікай колькасці забітых”. Разам з тым большая частка Беларусі не зведала мангола-татарскага іга, тут не было ардынскіх баскакаў. Гісторыкі тлумачаць гэта рознымі прычынамі. Адны кажуць, што войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з паўночна-ўсходнімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не мелі жадання праходзіць праз беларускія лясы і балоты. Нягледзячы на гэта пагроза з боку мангола-татар існавала яшчэ доўга.
6. У ІХ-Х стст. у краінах Заходняй Еўропы ўсталяваўся феадальны лад. Феадалізм – уклад, які заснаваны на ўмоўнай прыватнай уласнасці на зямлю разам з сялянамі. Для яго характэрна прысваенне феадаламі працы сялян у выглядзе зямельнай рэнты. Феадалізму ўласцівы тры яе формы: 1) адпрацовачная рэнта, ці паншчына; 2) рэнта прадуктамі, ці аброк; 3) грашовая рэнта, ці чынш.
Утварэнне буйнога феадальнага землеўладання, з’яўленне залежных сялян у розных краінах мелі свае асаблівасці. У шэрагу абласцей Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу германскіх родаплемянных і познарымскіх рабаўладальніцкіх адносін. Гэта так званы сінтэзны шлях развіцця феадалізму. Ён быў характэрны для франкскага, вестгоцкага і іншых каралеўстваў. Германцы запазычвалі некаторыя дасягненні рымскай тэхнікі і агракультуры: двухполле і трохполле, добрае ўгнаенне глебы, стойлавае ўтрыманне жывёлы. Пры сінтэзным шляху развіцця феадалізма даволі хутка склалася іерархічная структура зямельнай уласнасці і класа феадалаў. Ад сінтэзнага шляху развіцця феадальных адносін адрозніваўся працэс феадалізацыі, які гісторыкі называюць бяссінтэзным. Працэс феадалізацыі ў дадзеным выпадку ішоў марудна. Ён праходзіў у краінах, дзе ўзаемадзеянне з рымскім грамадствам было менш значным ці адсутнічала наогул (англасаксонскія каралеўствы, скандынаўскія краіны, славянскі рэгіён). Тут феадалізм канчаткова ўсталяваўся прыкладна на тры стагоддзі пазней – да ХІІІ ст.
У ІХ-ХІІІ стст., калі на беларускіх землях феадалізм толькі зараджаўся, яшчэ моцнымі былі перажыткі родаплемяннога ладу. Так, у “Рускай Праўдзе” гаворыцца аб існаванні славянскай абшчыны – верві, дзе працавалі свабодныя сяляне. У гэты ж час працягвала фарміравацца патрыярхальнае рабства. У “Рускай Праўдзе” рабы ўзгадваюцца пад назвамі “чэлядзь”, “халопы”. Рабамі на Русі станавіліся толькі палонныя. Такім чынам, у грамадстве ўсходніх славян суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны (першабытнаабшчынны), рабаўладальніцкі і феадальны. У такім выпадку гісторыкі гавораць аб шматукладнасці.
На Русі існавалі розныя віды феадальнага землеўладання. Валоданне зямлёй з правам продажу і перадачай у спадчыну складала вотчыннае землеўладанне. У ХІІ ст. пачынае пашырацца сістэма перадачы зямлі ў часовае ўладанне за службу без права атрымання ў спадчыну (памеснае землеўладанне).
Багацце і радавітасць феадалаў вызначалі характар іх узаемаадносін і супадпарадкаванасць. На вяршыні феадальнай лесвіцы знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-правіцелі асобных валасцей. За імі ішлі баяры (уладальнікі асобных памесцяў “баярскіх сёл”). Баярскія двары ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы маленькіх дзяржаў. Феадал меў асабістае войска, з дапамогай якога ажыццяўляў уладу над сваім “мірам” (сельскай акругай). Вельмі часта баяры прызначалі ў свае вотчыны намеснікаў – ключнікаў.
Найбольш масавай сацыяльнай структурай феадальнага грамадства заставалася абшчына. Яна ўключала ў сябе сялян, якія яшчэ не трапілі ў прыватнаўласніцкую залежнасць і былі падпарадкаваны толькі дзяржаве. Гэтая катэгорыя сялян называлася “людзі”. Абшчына несла адказнасць перад князем за выкананне дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за ўчыненае на яе тэрыторыі злачынства, пакрывалі страты, нанесеныя ўласнікам. Асноўнай вытворчай адзінкай абшчыны была гаспадарка адной сялянскай сям’і – “дым” (“рала”).
Паступова сельская абшчына трапляла ў залежнасць ад феадалаў-вотчыннікаў і тут стала фарміравацца залежнае сялянства – “чэлядзь”. Спачатку чалядзінамі называлі рабоў. Затым чэляддзю сталі лічыць усіх людзей, якія былі залежныя ад свайго гаспадара. Чэлядзь уключала ў сябе некалькі катэгорый. Былі людзі, якія поўнасцю страцілі асабістую свабоду і называліся халопамі. Па свайму стану яны былі рабамі. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся смердамі. Сярод смердаў вылучаліся закупы і радовічы. Закупы – часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу). Радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам якім-небудзь абавязацельствамі (радам).
Важнейшым заняткам жыхароў беларускай вёскі было земляробства. Асноўнай сістэмай земляробства была папаравая сістэма – двухполле, зрэдку трохполле. Сяляне ўдасканальвалі прылады апрацоўкі зямлі. З ІХ ст. атрымала распаўсюджанне двухрогая саха з жалезным нарогам. Зрэдку для апрацоўцы агародаў выкарыстоўваліся матыка і рыдлёўка. Асноўнай збожжавай культурай было жыта. Вырошчвалі таксама пшаніцу, ячмень, проса, авёс, грэчку. Ураджай збіралі металічнымі сярпамі, зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі. На муку зерне малолі пры дапамозе каменных жорнаў. Разам са збожжавымі вырошчвалі гарох, бабы, лён, каноплі, а таксама гародніну: цыбулю, рэпу, капусту, буракі, агуркі. Акрамя земляробства развіваліся садоўніцтва і жывёлагадоўля.
Для гаспадаркі і быту сельскага насельніцтва ІХ-ХІІІ стст. быў характэрны натуральны ўклад. Гэта значыць, што сяляне самі выраблялі ўсё неабходнае ім для жыцця: шылі адзенне і абутак, будавалі дамы, рабілі простую мэблю, посуд. Разам з тым пастаянная патрэба ў асобных відах вырабаў абумовіла з’яўленне ў вёсцы сваіх рамеснікаў. Самымі распаўсюджанымі хатнімі промысламі былі ганчарства (з выкарыстаннем ганчарнага кола), прадзенне, пляценне і ткацтва. Жыхары беларускай вёскі займаліся чорнай металургіяй, дастаўляючы ў горад жалеза ў выглядзе таварных крыц. У жыцці вёскі па-ранейшаму вялікая роля належала дапаможным заняткам: паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву і бортніцтву.
Старажытныя гарады на тэрыторыі Беларусі (як і ў Заходняй Еўропе!) ўзнікалі на берагах рэк, каля перапраў, на скрыжаванні дарог, вакол княскіх замкаў і парубежных крэпасцяў. Гарады Кіеўскай Русі, як і заходнееўрапейскія выконвалі аднолькавыя функцыі, з’яўляючыся абарончымі, культурнымі, гандлёва-рамеснымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі. Аднолькавым быў і час утварэння гарадоў у Заходняй Еўропе і на Русі. Разам з тым беларускія гарады мелі шэраг асаблівасцей у параўнанні з заходнееўрапейскімі: па-першае, пабудовы тут вырабляліся толькі з дрэва; па-другое, у нашых гарадах не было рамесных цэхаў і гарадскога самакіравання.
Шэраг беларускіх гарадоў атрымалі назву ад рэк, на якіх яны былі заснаваны – Полацк, Віцебск, Пінск, Слуцк, Друцк. Іншыя гарады атрымалі назву ад імені князя-заснавальніка – Заслаўе, Барысаў, Браслаў. Пісьмовыя помнікі называюць больш 30 гарадоў ранняга сярэднявечча. Самымі старажытнымі з’яўляюцца Полацк (862), Віцебск (974, 1021), Тураў (980), Друцк (1001), Берасце (1019), Копысь (1059), Браслаў (каля 1065), Менск (1067).
Адной са знешніх прыкмет горада была наяўнасць у ім умацаванняў – землянога вала, па грэбню якога ўзводзілася драўляная сцяна з абарончымі вежамі. Гарады абкружаліся глыбокімі равамі, якія запаўняліся вадой.
Цэнтральная ўмацаваная частка гарадоў называлася дзядзінцам. За ім ішлі гандлёва-рамесныя пасады. Самыя буйныя гарады мелі вакольны горад, які знаходзіўся паміж дзядзінцам і пасадамі. Большасць гарадоў, мяркуючы па іх памерах, налічвала ад 1 да 3 тысяч чалавек. Важным грамадскім месцам горада быў рынак (“торг”), які размяшчаўся недалёка ад дзядзінца.
Сядзіба гараджан адгароджвалася ад вуліц плотам з варотамі. Пабудовы ўяўлялі сабой драўляныя аднапавярховыя зрубы. Сістэма вузкіх вуліц, якія сыходзіліся да гарадскіх варот, вызначала радыяльную пабудову плана горада.
Асноўным заняткам гараджан было рамяство. Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала кавальству. Старажытныя кавалі ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі зварваць яго з жалезам, ужывалі загартоўку вырабаў, выкарыстоўвалі пайку, коўку, рэзку зубілам, абточку і паліроўку. Адсутнасць сваіх радовішчаў каляровых металаў не замінала нашым продкам наладзіць вытворчасць ювелірных вырабаў. Да ювелірнай вытворчасці па сваім значэнні блізка стаяла апрацоўка бурштыну, з якога выраблялі ўпрыгожанні і прадметы культу. Гарадскія ганчары акрамя посуду выраблялі плінфу, плітку для падлогі мураваных храмаў. З дрэва рабіўся бандарны і сталовы посуд, транспартныя сродкі. Майстры ўжывалі ў апрацоўцы драўніны разьбу, дзяўбанне, такарную апрацоўку. Да апрацоўкі дрэва блізкімі па тэхналогіі былі вырабы з косці. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі рог і трубчастыя косці дзікіх жывёл. З косці выраблялі грабяні, тронкі нажоў, шашкі і шахматы, маленькія нагрудныя абразкі. У шырокім ужытку была апрацоўка каменю. З валуноў ці каменных блокаў – квадратаў – узводзіліся храмы. З камня высякалі мукамольныя жорны і тачыльныя кругі. Сляды гарбарнай і шавецкай вытворчасці маюцца ва ўсіх гарадскіх пасяленнях. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі скуру буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней. З мяккай, добра апрацаванай скуры шылі абутак (боты, чаравікі, пасталы), похвы для нажоў, кашалькі для крэсіва, мячы для гульні ў лапту.