Файл: Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Вуч.дап. Белазаровіч.pdf
ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 02.08.2025
Просмотров: 2835
Скачиваний: 0
У гэтым творы супрацьпастаўляюцца «залатыя» шляхецкія вольнасці як своеасаблівы палітычны лад становішчу славянскіх народаў, якія знаходзіліся пад прыгнётам Асманскай імперыі. Пры гэтым аўтар раскрыў гісторыю Турцыі, выкарыстаўшы турэцкую хроніку, якую яму пераклаў атурэчаны венгр. Крытычны характар кнігі выклікаў незадаволенасць караля Стэфана Баторыя, бо Асманская імперыя аказала яму падтрымку пры выбранні на трон Рэчы Паспалітай. Верагодна, з гэтай прычыны Стрыйкоўскі пакінуў дзяржаўную службу.
З 1576 па 1578 гг. ён знаходзіўся пры двары князёў Алелькавічаў у Слуцку і Капылі пад пратэкцыяй князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча. Там Стрыйкоўскі пачаў пісаць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі». Пасля смерці свайго апекуна ён пераходзіць пад пратэкцыю жмудскага біскупа Мельхіора Гедройца. З яго дапамогай Стрыйкоўскі атрымаў пасаду жмудскага каноніка. Неверагодна, але паляк заняў пасаду ў ВКЛ. А.А.Семянчук тлумачыць гэты факт схільнасцю Стрыйкоўскага да Княства, тым, што ён адстойваў права ВКЛ на Падолію, а таксама падтрымкай з боку магнатаў (Радзівілаў, Глябовічаў, Хадкевічаў і інш.).
«Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» была выдадзена ў Круляўцы (сучасны г.Калінінград) у 1582 г. на польскай мове. Хроніка прысвечана каралю Стэфану Баторыю, віленскаму біскупу Радзівілу, сынам Юрыя Алелькавіча. Гэта першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Твор складаецца з пяці частак: рыфмаванай аўтабіяграфіі Стрыйкоўскага, прадмовы са зваротам да шляхты, самой Хронікі (25 кніг, падзеленых на главы), спіса памылак друку, рэестра ўласных імёнаў.
Стрыйкоўскі паўстае ў хроніцы не ў якасці сярэднявечнага кампілятара, а як даследчык. Гэта відавочна ў шырокім выкарыстанні аўтарам гістарычных крыніцаў (працы Герадота, Ціта Лівія, Клаўдзія Пталамея, Страбона, Я.Длугаша, Мехавіты, М.Кромэра, П.Дусбурга, «Аповесць мінулых гадоў», беларуска-літоўскія летапісы і інш.).
Вельмі падрабязна ён раскрыў гісторыю ВКЛ ад Палямона да Стэфана Баторыя. Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі аб «нізкім» паходжанні Гедыміна (конюх Віценя). Дарэчы, гэта пазіцыя была характэрна для лівонскіх хроністаў. Таксама ён сцвярджаў, што ў Альгерда былі дзве жонкі: віцебская княжна Марыя і цвярская Улляна. Грунтоўна падаецца аналіз знешнепалітычных акцыяў ВКЛ.
61
С.А.Падокшын і А.А.Семянчук лічаць хроніку ўзорам шляхецкай гісторыі, а М.І.Ермаловіч называў Стрыйкоўскага «свядомым фальсіфікатарам» на карысць М.Гедройца. Твор адметны «літоўскім» патрыятызмам, прыхільнасцю да дынастыі Ягелонаў. Адной з асаблівасцяў хронікі можна назваць вершаваныя ўстаўкі на батальную тэму (бітва пад Клецкам 1506 г., бітва пад Оршай 1514 г., бітва на Уле 1564 г.). Але аўтар прадэманстраваў некрытычны падыход да гістарычных крыніцаў, апублікаваўшы часам фантастычныя звесткі.
Метадалагічныя прынцыпы Стрыйкоўскага сфармаваліся пад уплывам эпохі Адраджэння. Рухальнай сілай гісторыі ён лічыў не столькі Бога, колькі чалавека. Таму гісторыя – гэта адзіны паток з мінулага, сучаснага і будучага. Чалавек павінен зацвердзіць сябе не ў пасіўна-сузіральным, а ў дзейнасна-практычным жыцці. Прычым галоўная ўзнагарода яго чакае не ў загробным свеце, а ў памяці нашчадкаў.
У працэсе гістарычнага пазнання Стрыйкоўскі вылучаў два ўзроўні: фундаментальны (пазнавальны) і маральна-дыдактычны (навучальны). Гэты падыход адрознівае Стрыйкоўскага ад сярэднявечнай гістарыяграфіі, у якой асноўны змест і сэнс гісторыі зводзіліся да маральнага вопыту, а вопыт палітычны, сацыяльны амаль што не разглядаўся.
5. Гістарычная думка ў ВКЛ у XVII – першай палове
XVIIІ стст. У ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. гістарычная думка знаходзілася пад кантролем езуітаў, якія манапалізавалі сістэму адукацыі ў ВКЛ.
Навучальны план езуіцкіх навучальных установаў «Ratio et institutio studiorum Societatis Jesu» быў распрацаваны ў 80-я гг. XVI ст.
Ніжэйшыя школы – калегіўмы – мелі трох- і пяцікласнае навучанне. Веды па гісторыі, геаграфіі, міфалогіі даваліся ў чацвёртым класе паэтыкі і ў пятым класе рыторыкі. Навучанне ў вышэйшай школе (Акадэміі) прадугледжвала вывучэнне на філасофскім і багаслоўскім факультэтах логікі, фізікі, метафізікі, этыкі (паводле Арыстоцеля).
XVI ст. стала пачатковым этапам у развіцці адукацыі ордэна езуітаў. Гісторыя не з’яўлялася самастойным прадметам навучання, а выкарыстоўвалася для вывучэння паэтыкі і рыторыкі. Гістарычныя веды павінны былі садзейнічаць маральнаму і хрысціянскаму выхаванню моладзі.
62
Крыніцамі гістарычнай інфармацыі з’яўляліся працы і каментары антычных аўтараў. Ужо ў класе граматыкі пры вывучэнні моваў паўстала праблема выкарыстання гістарычнай інфармацыі для вызначэння стылю паэта і г.д. Жыццё і дзейнасць старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх гісторыкаў разглядалі ў класе паэзіі. Наступным этапам прадугледжвалася вывучэнне непасрэдна працаў антычных аўтараў (Тацыта, Ціта Лівія, Фукідзіда і інш.).
З 1593 г. у вучэбным працэсе сталі карыстацца кнігай Антонія Пасевіна «Выбраныя кнігі», у якой аўтар прадставіў пералік працаў, неабходных для навучання ў калегіўмах, кароткую інфармацыю аб розных народах і дзяржавах. Першы падручнік па гісторыі для калегіўмаў выдаў рэктар рымскай семінарыі Гарацый Тур-
чаліні (? – 1599 г.) у 1598 г. – «Historiarum ab origine mundi usque ad annum 1598» у 10 кнігах. Гэты падручнік па сусветнай гісторыі ахопліваў падзеі ад біблейскіх часоў да сярэднявечча. Па ініцыятыве генерала ордэна К.Аквавівы навучэнцам было загадана вывучаць кнігу ў сямі тамах «Гісторыя таварыства Ісуса», у якой разглядалася гісторыя езуітаў ад моманту ўзнікнення ордэна да 1632 г. У Заходняй Еўропе набыла папулярнасць праца Дзіянісія Петавія (1583 – 1652 гг.), аўтар якой першым пачаў датаванне гістарычных падзеяў біблейскай гісторыі да нараджэння Ісуса Хрыста. Па яго падручнікам навучэнцы школаў Гродна і Нясвіжа рабілі тэатральныя пастаноўкі нават і ў XVIIІ ст.
Кардынальных пераменаў у гістарычнай адукацыі езуітаў не адбылося і ў першай палове XVII ст. Праўда, пры арганізацыі Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў прайшла нарада (лістапад 1609 г.), прысвечаная гуманітарнай адукацыі. Яе рашэнні сведчылі аб тэндэнцыі да мадыфікацыі «Ratio studiorum», жаданні ўлічыць спецыфіку правінцыі. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі стварыць кафедры гісторыі ў тых калегіўмах, дзе выкладалася філасофія. Гэта тлумачылася просьбамі мясцовай шляхты, якая жадала, каб шляхецкая моладзь навучылася дастойна выступаць на пасяджэннях соймікаў і вальнага сойма. Але генерал ордэна катэгарычна адхіліў прапанову, растлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што гісторыі прысвечана дастаткова ўвагі ў класах паэтыкі і рыторыкі.
У езуіцкіх школах Літоўскай правінцыі іх навучэнцы карысталіся падручнікамі Яна Квяткевіча, выдадзенымі ў 1627 г. і 1698 г. Па іх вывучалі лацінскую мову і гісторыю антычнага свету ў класе рыторыкі. Таксама атрымала пашырэнне кніга Флоруса (1646 г.), у якой асвятлялася гісторыя Старажытнага Рыма ад легендарных часоў да Аўгуста. Даследаванне адпавядала сармацкай ідэалогіі,
63
таму што ўсхваляла рэспубліканскія інстытуты ўлады. Напрыклад, Я.Квяткевіч параўноўваў Уладзіслава ІV Вазу з Александрам Македонскім.
УПольскай правінцыі езуітаў гісторыю Польшчы вывучалі на падставе працы Альберта Інэса (1620 – 1658 гг.) «Лехіада» (1655 г.). Аўтар у паэтычнай форме раскрыў дзейнасць каралёў Польшчы. На прыкладах айчыннай гісторыі ў вучняў фармаваліся патрыятычныя пачуцці, занепакоенасць за лёс Рэчы Паспалітай у сувязі з І-й Паўночнай вайной 1655 – 1660 гг.
УЛітоўскай правінцыі езуітаў мінулае ВКЛ вывучалі на аснове «Гісторыі Літвы» – першага сістэматызаванага курса гісторыі ВКЛ, які быў створаны шляхціцам, пісьменнікам, палемістам, гісторыкам Альбертам (Войцехам) Віюком Каяловічам.
Альберт Віюк Каяловіч (1609 – 1677 гг.) нарадзіўся ў Коўне. У Нясвіжы вывучаў філасофію, потым займаўся ў класе паэзіі ў Смаленску. У 1634 – 1638 гг. вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскай акадэміі. Абараніў дысертацыю на званне магістра філасофіі, выкладаў логіку, фізіку, метафізіку, этыку. Рэктар Віленскай акадэміі (1653 г.). Пазней – рэктар дома езуітаўпрафесараў у Вільні. Віюк Каяловіч пакінуў вялікую колькасць палемічных твораў, накіраваных супраць пратэстантаў, а таксама шмат біяграфій езуітаў і багаслоўскія трактаты.
«Гісторыя Літвы» была выдадзена ў 2-х частках (ч.1 у Гданьску, 1650 г.; ч.2 у Антвэрпэне, 1669 г.) на лацінскай мове і прысвечана магнату Казіміру Сапеге. Таксама твор прызначаўся замежнаму чытачу, каб данесці ў Еўропу звесткі пра ВКЛ.
Першая частка ўяўляе па сваёй сутнасці пераказ «Хронікі» Стрыйкоўскага. Аўтар адзначыў, што яго кніга з’яўляецца літаратурнай апрацоўкай «Хронікі», а не арыгінальным творам. Праўда, А.Каяловіч адкінуў шмат яе фантастычных звестак і разглядаў гісторыю ВКЛ да Крэўскай уніі больш сістэмна. Другая частка носіць самастойны характар і даводзіць падзеі да Люблінскай уніі.
Гісторык, у адрозненне ад М.Стрыйкоўскага, прывёў іншы варыянт легенды пра паходжанне літоўскай знаці, апусціў шэраг фрагментаў пра суседзяў ВКЛ, правёў уласны аналіз і сістэматызацыю гістарычных звестак. Як і Стрыйкоўскі, аўтар апісаў падзеі палітычнай і ваеннай гісторыі. Тэндэнцыйнасць Каяловіча праявілася пры раскрыцці язычніцкіх князёў Літвы. Міндоўга ён прадставіў тыранам, які прыняў хрышчэнне пад націскам знешніх падзеяў. Аднабакова ацэненыя Тройдзень, Віцень і іншыя князі. Толькі Кейстут параўноўваецца з антычным Адысеем.
64
Аўтар раскрыў барацьбу з крыжацкай агрэсіяй на мяжы ХІІ – ХІІІ стст. Пры гэтым указывалася на экспансіянісцкія намеры нямецкага рыцарства. ВКЛ, на яго думку, абараняла свой суверэнітэт. Калі Стрыйкоўскі пры апісанні Грунвальдскай бітвы, паказаў вырашальную ролю княства, то А.Каяловіч не забыўся напісаць аб паляках, якія мелі меншыя страты: ім, а не літоўцам, дапамог Бог.
Праца А.Віюка-Каяловіча выкарыстоўвалася не толькі ў езуіцкіх школах, але і ў піярскіх навучальных установах.
Таксама Каяловіч у кнізе «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў» апісаў ваенны паход гетмана Януша Радзівіла супраць казацкіх «загонаў» падчас казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 гг.
У 1648 г. Каяловіч пачаў працу над кнігай аб гісторыі шляхты ВКЛ. Але яе друкаванне было спынена па патрабаванні адной шляхецкай сям’і, якая палічыла сябе абражанай. Дарэчы, Каяловіч сапсаваў свае адносіны з Радзівіламі, бо ў 1653 г. выдаў «Радзівілаўскі летапіс», у якім раскрыў таямніцы іх роду. Сапсаваў адносіны і з Сапегамі, бо іх паходжанне выводзіў ад баярына Сунігайлы, а не ад Гедыміна.
Выкладчыкі-езуіты здолелі да сярэдзіны XVIII ст. вырашыць сваю галоўную задачу – стварыць пакаленне моладзі, адданае папе рымскаму і артадаксальнаму каталіцызму. Але ў самой сістэме падрыхтоўкі кадраў багасловаў адчуваўся пэўны дуалізм. Езуіты рыхтавалі не толькі фанатычных каталікоў, але і багасловаў-палемі- стаў. Гэта ў сваю чаргу патрабавала грунтоўнай адукацыі ў сферы гуманітарных навук, найперш гісторыі.
Езуіты надавалі вялікую ўвагу вывучэнню антычнай спадчыны, у асноўным лацінскай, цудоўна разумелі неабходнасць яе гістарычнага і геаграфічнага тлумачэння. Для каментавання антычных аўтараў імі выкарыстоўваліся працы, у якіх матэрыял сістэматызаваўся не па храналагічным, а па прадметна-энцыклапедычным прынцыпе. У якасці падручніка падобнага тыпу ў ВКЛ выкарыстоўвалася кніга італьянскага езуіта Мусантыя. У 1706 г. прафесар Віленскай Акадэміі Ян Дрэўс (1645 – 1710 гг.) выдаў падручнік па гісторыі і геаграфіі (у 4-х частках), які ўяўляў сабой скарочаны варыянт кнігі Мусантыя. Я.Дрэўс зрабіў кароткае апісанне народаў і дзяржаў свету, паказаў ролю каталіцкай царквы ў распаўсюджанні цывілізацыі, варожа ставіўся да арабаў і магаметан. У першай палове XVIII ст. падручнік перавыдаваўся дзевяць разоў.
Пад уплывам Асветніцтва і рэформы піярскіх школаў у 1741 г. гісторыя была ўведзена ў школы Літоўскай правінцыі езуітаў як самастойны прадмет. Гэта ажыццявіў правінцыял Кароль Бартольд.
65