Файл: Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Вуч.дап. Белазаровіч.pdf
ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 02.08.2025
Просмотров: 2833
Скачиваний: 0
паведна працэс гістарычнага пазнання, згодна з аўтарам, складаецца з трох этапаў. Першы этап прадугледжвае аналіз або «крытыку» самаго даследчыка, г.зн. умоваў яго жыцця, каб высветліць магчымасць праўдзівага асвятлення гісторыі. Другі – пошук «крыніц фактаў» з мэтай іх наступнай ацэнкі, а трэці – аналітычны, які ставіў сваёй мэтай аналіз гістарычных падзеяў: «трэба найперш зрабіць самы сціслы аналіз пануючай думкі, народнага характару, рэлігійнага ўплыву і палітычнага кіравання, перад тым, як адно асудзіць, а іншае пахваліць».
Гісторык заклікае сучасных яму і будучых даследчыкаў «засцерагацца прымаць прыблізнае непадабенства за абсалютнае», рабіць «розніцу паміж цудам і дзівам». На думку аўтара, любы гістарычны факт мае разнастайныя прычыны, а яго доказ залежыць не толькі ад колькасці крыніцаў, але і ад іх каштоўнасці.
Сусветную гісторыю даследчык падзяляў на чатыры перыяды: старажытны (да 476 г.), сярэднія вякі (да 1492 г. – адкрыцця Амерыкі), новы (да 1789 г. – Вялікай французскай рэвалюцыі), найноўшы (з канца ХVIII – пачатку ХІХ ст.). Відавочна супадзенне двух першых перыядаў з сучасным падыходам да перыядызацыі сус- ветна-гістарычнага працэсу.
У працы «Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі» асобны раздзел прысвечаны «крытычнай Гісторыі Гісторыі», альбо гістарыяграфіі. Гэта сведчыць аб выкарыстанні аўтарам гісторыка-параўнальнага метаду, пераходу ад апісальнасці мінулага да яго крытычнага аналіза. Услед за Лялевелем Анацэвіч лічыў, што «гісторык павінен быць філосафам, палітыкам, чыноўнікам і гледачом».
Умоўна гістарыяграфію сусветнай гісторыі, прапанаваную аўтарам, можна падзяліць на тры перыяды: антычны, сярэднявечны і новы. Самы першы перыяд напісання ўсеагульнай гісторыі Анацэвіч звязвае з гісторыкамі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Ён вызначыў іх характэрную асаблівасць – выкарыстанне маналогаў («каб пахваліцца талентам красамоўства) і скупасць звестак аб са- цыяльна-эканамічным жыццці грамадства, у прыватнасці, аб «заканадаўстве і палітычнай эканоміцы».
Анацэвіч ставіў старажытнарымскую гістарыяграфію на больш нізкую ступень за старажытнагрэчаскую, лічыў яе водгукам дзеепісьменства Грэцыі. «Пераможаныя (грэкі – В.Б.) пісалі пераможцам (рымлянам – В.Б.) гісторыю дзеля славы сваёй болей, чым для праўды». Таму з рымскіх аўтараў пад увагу даследчыка папалі Трог Пампей за Гістарычную анталогію і Ціт Лівій за Гісторыю ў 14 частках.
88
Сярэднявечны перыяд гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі Анацэвіч лічыў «найсмутнейшым часам для ўсіх навук і для гісторыі». Гэта звязана найперш са знішчэннем антычных пісьмовых крыніцаў «фанатычнымі першымі хрысціянамі». Па-другое, непісьменнасцю большай часткі насельніцтва, бо навукамі займалася «выключна толькі духоўнае саслоўе». Гісторык адзначыў хроніку Эўзэбія як аснову ўсеагульнай гісторыі для сярэднявечных кампілятараў. Таксама аўтар выказаў свой сумнеў у аб’ектыўнасці арабскіх крыніцаў. Пры гэтым ён заўважаў, што сярэднявечныя творы могуць быць важнымі крыніцамі па ўсеагульнай гісторыі, бо перапісчыкі-манахі старанна перапісвалі тэксты, пазбягаючы каментара і аналітыкі.
Ужо ў ХVII – XVIII стст. у некаторых еўрапейскіх універсітэтах пачынаецца выкладанне ўсеагульнай гісторыі. Езуіт Дыянісій Петавій у працы «Пералік часоў» першым раскрыў падзеі ўсеагульнай гісторыі, за ім – біскуп з Меакса Басуэт. Анацэвіч указаў на асаблівасць гэтых гістарычных працаў – метад правідэнцыялізму («Абачнасць Божую, што кіруе стырнам свету»).
Развіццё гарадоў Паўночнай Італіі і актывізацыя ў іх гарадскога саслоўя, на думку Анацэвіча, прадвызначылі рост цікавасці да свецкіх ведаў і, несумненна, гісторыі. На этапе Адраджэння італьянцы распаўсюджвалі творы антычных аўтараў, таму «Грэцыя другі раз, пры садзеянні італьянцаў, выратавала Еўропу ад цемры варварства». Адным з першых прыкладаў «гістарычнай прагматычнасці» стала праца М.Макіявелі «Гісторыя Фларэнцыі». Затым І.Анацэвіч называе «Гісторыю Італіі» Ф.Гуікардзіні і іншыя працы.
Відавочна глыбокае і грунтоўнае веданне Анацэвічам гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі. Гэта дало яму падставу зрабіць аналічны яе агляд і прапанаваць уласную перыядызацыю гісторыі гістарычнай думкі. А метадалагічныя падыходы аўтара сведчаць аб яго набліжанасці да гістарыяграфічных школаў Нарушэвіча і Лялевеля.
Гісторыя ВКЛ разглядалася І.Анацэвічам у спецыяльным курсе, а не пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі. Лекцыі карысталіся папулярнасцю сярод студэнтаў. Гісторык планаваў напісаць абагульняльную працу, але не атрымалася. Ужо пасля смерці выйшлі артыкулы на польскай мове «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы» (1846 г.), «Погляд на гісторыю Вялікага княства Літоўскага» (1849 – 1850 гг.). ёсць меркаванне, што рукапіс сваёй «Гісторыі Літвы» вучоны перадаў Ігнату Крашэўскаму.
89
У гістарычнай канцэпцыі Анацэвіч зыходзіў з паходжання літоўцаў ад герулаў (германскіх плямёнаў), якія падзяліліся «на ліцвінаў, прусаў, яцвягаў, жмудзінаў, куронаў, лівонаў і крывічоў». Назву «крывічы» ён выводзіў ад старажытнабалцкага «архікаплана Крыве». Гісторыю ВКЛ даследчык падзяляў на пяць перыядаў: 1) 1009 – 1183 гг. – міфічная гісторыя ад першага летапіснага ўспаміну аб Літве; 2) 1183 – 1240 гг. – няпэўная гісторыя ад паходаў Літвы на Русь да княжання Міндоўга; 3) 1240 – 1386 гг. – больш пэўная гісторыя ад Міндоўга да хрысціянізацыі Літвы; 4) 1386 – 1447 гг. – магутнасць Літвы; 5) 1447 – 1569 гг. – завяршэнне асобнай гісторыі Літвы, яе далучэнне да гісторыі Польшчы.
Іосіф Бенядзіктавіч Ярашэвіч (1793 – 1860 гг.) – сын судова-
га пісара з Бельска (Польшча). Скончыў Беластоцкую гімназію, маральна-палітычны факультэт Віленскага універсітэта. Выкладаў у Крамянецкім юрыдычным ліцэі, затым стаў прафесарам крымінальнага і грамадзянскага права Віленскага універсітэта.
Ярашэвіч актыўна займаўся даследаваннем старажытнай гісторыі ВКЛ і крыніцазнаўствам. Вялікі ўплыў на яго аказаў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Лялевель, з якім вучоны ў 1817 – 1830 гг. вёў інтэнсіўную перапіску.
Дакладнае вывучэнне гістарычных крыніцаў дазволіла Ярашэвічу падрыхтаваць фундаментальнае выданне «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца ХVІІІ ст.», якое выйшла ў трох тамах (830 старонак) у 1844 – 1845 гг. Гэтае даследаванне стала адлюстраваннем істотнага прагрэсу ў развіцці гістарычнай навукі Беларусі і Літвы. Ярашэвіч першым у айчыннай гістарыяграфіі стаў разумець гістарычную навуку як цывілізацыйны закон развіцця асветы грамадства.
Першы том змяшчае інфармацыю аб жыцці і побыце балцкіх плямёнаў да хрысціянізацыі Літвы. Другі том пачынаецца з распаўсюджвання каталіцызму ў ВКЛ да Рэфармацыі. Трэці том аўтар прысвяціў дзейнасці ордэна езуітаў, раскрыў рэформы А.Тызенгаўза. Перыядызацыя Ярашэвіча для першай паловы ХІХ ст. была новай з’явай – амаль усе даследчыкі завяршалі асвятленне гісторыі ВКЛ Люблінскай уніяй або прывілеем Ягайлы аб хрышчэнні Літвы. Ярашэвіч давёў гэтую гісторыю да канца ХVІІІ ст.
Аўтар прызнаваў літоўцаў аўтахтонным насельніцтвам з
ІІІ ст. н.э. Але ён памылкова адносіў іх да плямёнаў Паўночнай Еўропы. Ярашэвіч крытыкаваў польскага храніста В.Кадлубка і гісторыка А.Нарушэвіча за іх погляд на язычніцкую Літву як на варварскі перыяд. Ён адзначаў, што людзі, якія «займаюцца жы-
90
вёлагадоўляй і земляробствам, не могуць быць на нізкім узроўні развіцця». Гісторык прааналізаваў спрэчныя думкі вакол асобы Крыва-Крывэйтэ. У гісторыка выклікаў скептычную ўсмешку факт беднасці старажытных літоўцаў, якія быццам бы нават даніну плацілі рускім князям бярозавымі венікамі.
Ярашэвіч вельмі асцярожна ставіўся да некаторых звестак «Хронікі Быхаўца». Паданне пра Палямона, яго сыноў і ўнукаў ён апусціў. Відаць, лічыў, што гэта легендарная частка летапіса. Гісторык не пагаджаецца з назвамі мясцінаў, дзе адбыліся бітвы літоўскіх войск на чале з князем літоўскім Міндоўгам з татарамі.
Адным з першых у гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы Ярашэвіч выдвінуў канцэпцыю існавання феадальнага ладу ў ВКЛ. На яго думку, феномен феадалізму ў гэтым рэгіёне мае ўнутраныя прычыны, а не знешнія. Феадалізм аўтар вызначаў з ХІ ст. і звязваў яго з імем князя Эрдзвіла Манцівілавіча. На яго думку, узнікненне феадалізму выклікана ленным правам атрымання зямлі.
Аўтар вызначыў ролю праваслаўя ў гісторыі ВКЛ. Ён лічыў, што некаторыя літоўскія князі прымалі праваслаўную веру «дзеля сваіх палітычных інтарэсаў». Уключэнне беларускіх земляў у склад княства ацэньваецца ў развіцці літоўскай цывілізацыі станоўча, таму што яны знаходзіліся на больш высокай ступені развіцця. Прыняцце каталіцызму дапамагло стварыць бяспеку ад крыжацкай агрэсіі і захаваць раўнавагу паміж рознымі цывілізацыямі, якія аказывалі ўплыў на ВКЛ. Агульны канфесійны стан краіны да канца ХVI ст. ацэньваецца як талерантны, але з царкоўнай уніі пачынаюцца рэлігійныя ганенні.
Ярашэвічу належаць працы «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826 г.) і «Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі» (сяр. 40-х гг.). У апошняй ён негатыўна ставіцца да езуітаў – лічыць, што яны затрымалі развіццё культуры ў ВКЛ. На думку вучонага, для ордэна езуітаў асвета была «не мэтай, а сродкам правядзення сваіх рэакцыйных планаў у жыццё».
Гістарычную каштоўнасць мае кніга «Матэрыялы да статы-
стыкі і геаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет», выдадзе-
ная ў 1848 г. У ёй даецца этнаграфічная характарыстыка розных групаў насельніцтва Бельскага павета, у якім назіралася надзвычай вялікая стракатасць яго па нацыянальным складзе. Беларусаў Бельскага павета аўтар называе «рускім племенем». Многа месца адводзіцца параўнанню побыту беларусаў і палякаў. У нарысе змешчаны каштоўны матэрыял аб размяшчэнні, занятках, жыллі, адзенні, ежы і фальклоры беларусаў.
91