Файл: Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Вуч.дап. Белазаровіч.pdf
ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 02.08.2025
Просмотров: 2838
Скачиваний: 0
Міхаіл Кірылавіч Баброўскі (1784 – 1848 гг.) – вядомы славіст, багаслоў, палеограф, гісторык славянскай культуры, збіральнік славянскіх старажытнасцяў. Нарадзіўся ў в.Вулькі Бельскага павета ў шляхецкай сям’і уніяцкага святара. Скончыў Драгічынскае вучылішча, Беластоцкую гімназію, Галоўную Духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Атрымаў ступень магістра багаслоўя і высокіх мастацтваў, а ў 1814 г. магістра грамадзянскага і крымінальнага права Віленскага універсітэта. З 1816 г. дацэнт Галоўнай Духоўнай семінарыі, выкладчык экзегетыкі. Пасля замежнай вандроўкі па Еўропе ўзначаліў кафедру Свяшчэннага Пісання і стаў выкладаць арабскую мову. У 1823 г. атрымаў ступень доктара багаслоўя і быў прызначаны ардзінарным прафесарам экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага універсітэта. Памёр ад халеры ў м.Шэрашава (Пружанскі раён).
На працягу ўсяго свайго жыцця Баброўскі займаўся пошукам гістарычных крыніцаў. У прыватнасці, падчас знаходжання ў Заходняй Еўропе ён вывучаў старажытнаславянскія рукапісы Ватыканскага архіва, рабіў іх копіі ў Парыжы. У сховішчах Еўропы было назапашана багата навуковых матэрыялаў. Камандзіроўкі прыводзілі да трывалых сувязяў з пэўным асяродкам еўрапейскіх вучоных, прызнаных аўтарытэтаў у галіне вывучэння крыніцаў. Падобныя паездкі патрабавалі значных сродкаў і былі немагчымы без падтрымкі мецэнатаў. Напрыклад, за дзейнасцю М.К.Баброўскага сачыў Адам Чартарыскі, папячыцель Віленскай навучальнай акругі.
Летам 1823 і 1824 гг. даследчык разам з Даніловічам зддзейсніў археаграфічныя экспедыцыі па манастырах і архівах Падляшша і Заходняй Беларусі. Менавіта тады быў знойдзены і атрыбутаваны «Хранограф» і Супрасльскі летапіс. У 1825 г. на старонках «Библиографических листов» з’явіўся «Супрасльскі рукапіс», палімпсест з Барберынскай бібліятэкі Ватыкана. Апошні быў укладам М.К.Баброўскага ў развіццё айчыннай археаграфіі, вынікам яго доўгіх археаграфічных шуканняў.
Матэрыялы часопісаў дазваляюць прасачыць метады навуковай працы. Баброўскі ў карчме вёскі Куніца рабіў «для памяці» запісы словаў, пачутых ім ад простых жанчын-прачак. У бібліятэцы
ўГерліцы ён выпісваў загалоўкі рукапісаў і друкаваных крыніцаў, якія датычылі славянскай мовы лужыцкіх сербаў. Пры гэтым ён карыстаўся слоўнікам X.Генінга 1705 г. Даследчык цікавіўся саманазвай «славяне», вывучаў мясцовыя славянскія варыянты мовы, суадносіў граматыкі і слоўнікі. Усё гэта дапамагала арыентавацца
ўбязмежным рукапісным багацці Ватыкана, Вены, Парыжа.
92
Высокі ўзровень адукацыі дазволіў М.К.Баброўскаму прыняць удзел у стварэнні каталога славянскіх рукапісаў А.Мее. У перапісцы Баброўскага і І.М.Лабойкі за 1825 г. выкарыстоўваецца тэрмін «гравіраваныя здымкі» старажытных славянскіх літараў. Гэта таксама крыніца тэрміналогіі археаграфічных даследаванняў. Такім чынам, у айчынную грамадскую думку паступова ўваходзіла новая галіна ведаў – славяназнаўства.
Пасля ссылкі ў Жыровіцкі манастыр (1824 – 1826 гг.) гісторык распрацаваў курсы біблейскай археалогіі, герменеўтыкі, славянскай бібліяграфіі, апісаў калекцыі медалёў і манетаў ВКЛ. З гэтых лекцыяў паступова склаўся «Курс славянскай бібліяграфіі» – фундаментальная праца (у рукапісу), у якой даваўся поўны разбор славянскіх помнікаў кірылічнага пісьма.
Працы і дзейнасць Баброўскага сталі пачаткам сусветнага славяназнаўства. Ён спрыяў узнікненню асобнага кірунку ў гуманітарных навуках – беларусазнаўства. Па сённяшні дзень не вывучаны лёс яго збору рукапісаў і кніг. Каля дзвюх тысяч кніг яшчэ ў 1824 г. набыла Галоўная Духоўная семінарыя, але найбольш каштоўныя рукапісы засталіся ў вучонага да смерці. У 1848 г. яны дасталіся вядомаму бібліёграфу Трэнбіцкаму, а праз яго – у кнігасховішчы графаў Замойскіх. Частка збору разыйшлася сярод мясцовых калекцыянераў. Аднак большая іх частка загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Таму навуковая дзейнасць М.К.Баброўскага не знайшла адпаведнага гістарыяграфічнага вывучэння.
Шырокую дапамогу і матэрыяльную падтрымку мясцовым даследчыкам-гісторыкам аказаў граф Мікалай Пятровіч Румянцаў (1754 – 1826 гг.) – вядомы дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі – старшыня Дзяржаўнага Савета, міністр замежных справаў, канцлер. Пасля адстаўкі ў 1814 г. жыў у Гомелі. Румянцаў збіраў рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, дакументы, якія затым склалі аснову Румянцаўскага музея ў Пецярбургу, а з 1861 г. – «Маскоўскага публічнага музеума», а з 1926 г. – Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна СССР. Мецэнат арганізаваў гурток, у які ўвайшлі вядомыя гісторыкі, мовазнаўцы, археографы.
Членам Румянцаўскага гуртка з’яўляўся Ігнат Мікалаевіч Лабойка (1786 – 1861 гг.) – прафесар расійскай славеснасці Віленскага універсітэта. Ён перыядычна чытаў курсы гісторыі Расіі. Вучоны скончыў Харкаўскі універсітэт, быў добразычлівым, кантактным чалавекам. Лабойка хутка ўстанавіў сяброўскія адносіны з мясцовай інтэлігенцыяй, рэкамендаваў графу Румянцаву многіх знаўцаў «літоўскай» старыны. Акрамя сваёй выкладчыцкай дзей-
93
насці, ён энергічна займаўся палеяграфіяй, археалогіяй, пошукам помнікаў славянскай пісьменнасці. Пад яго кіраўніцтвам студэнты універсітэта склалі апісанне 80 мястэчак і гарадоў Заходняй Беларусі і Літвы. Сам І.Лабойка пакінуў шэраг гістарычных працаў: «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў», «Даследаванне аб Літве», «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна».
Пансіянерам графа М.Румянцава з’яўляўся Іван Грыгаровіч.
Іван Іванавіч Грыгаровіч (1790 (1792) – 1852 гг.) нарадзіўся ў Прапойску (Слаўгарадзе) Магілёўскай губерні ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара. Маці – пляменніца вядомага беларускага архіепіскапа Г.Каніскага. Пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі працаваў выкладчыкам у Магілёўскім духоўным вучылішчы. З 1820 г. саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча. На сродкі графа М.Румянцава атрымаў адукацыю ў Духоўнай акадэміі Пецярбурга. У 1829 г. прызначаны рэктарам мясцовых навучальных установаў у Віцебску. З 1831 г. жыў у Пецярбургу і служыў пры царкве лейб-гвардыі Фінляндскага палка, з 1838 г. пры царкве Анічкава палаца. Пахаваны на Волкавых могілках у Пецярбургу.
Навуковай дзейнасцю Грыгаровіч пачаў займацца падчас вучобы ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Па даручэнні свайго апекуна ён шукаў у бібліятэках і архівах рэдкія творы, прапаноўваў іх да выдання, збіраў звесткі ў рукапісах, перакладаў дакументы з лацінскай і польскай моваў, апісваў рукапісныя кнігі з Румянцаўскай бібліятэкі. У прыватнасці, ім складзена апісанне Дабрылава евангелля 1164 г., Кормчай кнігі і Служэбніка ХІV ст., Лаўрышаўскага евангелля ХІІІ ст.
Знойдзеныя матэрыялы ляглі ў аснову зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат» – першага ў беларускай навуцы археаграфічнага зборніка. Першая частка была выдадзена на сродкі Румянцава ў 1824 г. Выданне ўключала 57 старажытных актаў, у асноўным з гісторыі Магілёва ХV – XVIII стст. У прадмове аўтар падкрэсліваў, што гэтыя дакументы «з’яўляюцца крыніцай па гісторыі Беларусі, царкоўнай і грамадзянскай, і ў гэтых адносінах змяшчаюць у сабе шмат вартага і цікавага». Пры ўсім станоўчым значэнні гэтага выдання для развіцця айчыннай гістарыяграфіі нельга не адзначыць яго ідэалагічны характар. Зборнік «выяўляў», на думку гісторыка, «дух папізма» і той уціск ад яго, які прыйшлося вынесці праваслаўным у Беларусі. З гэтым згаджаўся і сам М.Румянцаў.
У Гомелі Грыгаровіч падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю пра наўгародскіх пасаднікаў («Исторический и хронологический
94
опыт о Посадниках Новгородских: Из древних русских летописей»),
за што атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Знаходзячыся ў Віцебску, гісторык зрабіў першую спробу навуковага апісання Спа- са-Еўфрасіннеўскай царквы ў Полацку («Вести о древнем храме Христа Спасителя, построеннога в ХІІ в. преподобной Ефросиньей вблизи Полоцка»).
Пецярбургскі перыяд навуковай творчасці даследчыка звязаны з працай над другой і трэцяй часткамі «Беларускага архіва старажытных грамат». Збіраць дакументы яму дапамагалі супрацоўнікі графа М.Румянцава. Але другая частка зборніка засталася ў рукапісу. Спробы Грыгаровіча зацікавіць выданнем мітрапаліта Балхавіцінава, Акадэмію навук, прадаць права на публікацыю ці сабраць грошы праз падпіску не прынеслі поспеху. Частку матэрыялаў вучоны выкарыстаў пры падрыхтоўцы «Актов, относящихся к истории Западной России» Пецярбургскай археаграфічнай камісіяй, членам якой ён з’яўляўся з 1837 г.
У апошнія гады жыцця паводле прапановы міністра народнай асветы П.А.Шырынскага-Шахматава Грыгаровіч займаўся складаннем слоўніка беларускай мовы. Свой падыход да гэтай грунтоўнай працы ён вызначыў наступным чынам: «Складальнік слоўніка, як праўдзівы летапісец, павінен запісаць усе словы, якія ўжывае народ у сваім хатнім побыце, у служэнні і ў сваіх малітвах да Бога і ў сваіх законах. Слоўнік ёсць летапіс мовы, і ў гэты летапіс павінны быць унесены ўсе факты, якія былі і ёсць». Але закончыць працу аўтар не паспеў. Захаваліся рукапісы толькі на літары А, Б, В.
Пра сэнс навуковай дзейнасці Грыгаровіч пісаў брату Васілю: «... і наша Беларусь не зусім знікне з твару зямлі, але хай ведае свет, што былі часы, калі яна была больш слаўная і дабрачынная, чым зараз». Дарэчы, дзеці напісалі на яго надмагіллі – «Ne frustra videar vixisse» («Мне здаецца, што недарэмна пражыў»).
Апякунствам Румянцава карыстаўся гродзенскі калекцыянер археаграфічных матэрыялаў Антоній Глябовіч, які пасля і сам стаў вывучаць старажытнасці.
Антоній Баляслаў Глябовіч (1801 – 1847 гг.) скончыў Віленскі універсітэт са ступенню кандыдата філасофіі. Член таварыства філарэтаў. З 1823 г. працаваў у Пецярбургу ў Міністэрстве народнай адукацыі, быў сакратаром графа М.Румянцава. З 1830 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю ў Варшаве.
У 1821 г. пад кіраўніцтвам Анацэвіча ён напісаў «Кароткі нарыс жыцця Вітаўта» – першую навуковую біяграфію вялікага князя літоўскага, прысвечаную галоўным чынам яго знешнепалі-
95
тычным акцыям. Кніга пабудавана на Хроніцы Быхаўца, хроніках Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.М.Карамзіна.
Глябовіч займаўся сістэматызацыяй рукапісных матэрыялаў, сабраных Догелем, якія зберагліся ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. Знойдзеныя там лісты персідскіх шахаў да Жыгімонта ІІІ Вазы і артыкул «Гісторыя булгараў» ён апублікаваў у газеце «Віленскі дзённік». На жаль, многае з яго збораў бясследна страчана.
Заснавальнікам навуковай археалогіі ў Беларусі лічыцца Адам Чарноцкі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі).
Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі (1784 – 1825 гг.) на-
радзіўся ў фальварку Падгайная на Лагойшчыне ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў слуцкім каталіцкім вучылішчы і Крамянецкім юрыдычным ліцэі. Працаваў хатнім настаўнікам, прыватным адвакатам, упраўляючым маёнтка графа Ю.Несялоўскага. За падтрымку Напалеона лішыўся шляхецтва, быў разжалаваны ў салдаты. Уцёк з планам Бабруйскай крэпасці ў Варшаву. Пасля 1812 г. узяў псеўданім «Даленга-Хадакоўскі».
Вучоны падтрымліваў сувязі з «Таварыствам аматараў навук» у Варшаве, дасылаў туды свае нататкі па розных праблемах старажытнай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Амаль адначасова ён прапанаваў свае паслугі пецярбургскаму «Вольнаму таварыству аматараў расійскай славеснасці». У 1819 г., калі кіраўніком таварыства стаў дзекабрыст Фёдар Мікалаевіч Глінка, Даленга-Хадакоўскі ўвайшоў у яго склад.
Падчас падарожжаў па Беларусі і Украіне даследчык адчуў цяжкасці ў зборы навуковага матэрыялу з-за адсутнасці адпаведных дакументаў. Таму ў снежні 1818 г. З.Даленга-Хадакоўскі (упершыню на Беларусі) атрымаў ад Віленскага універсітэта дазвол (адкрыты ліст) на правядзенне раскопак. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў.
У найбольш значнай працы «Пра славяншчыну да хрысціян-
ства» (1818 г.) ён упершыню зрабіў спробу паказаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд. Таксама крытыкаваў некаторыя палажэнні Карамзіна і ўдакладняў факты з гісторыі Беларусі ў кнізе «Даследаванні ад-
носна рускай гісторыі» (1819 г.).
Ён склаў чатырохтомавы «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўро-
чышчаў» (1844 г.). Па звестках Г.А.Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.
96