Файл: Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Вуч.дап. Белазаровіч.pdf
ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 02.08.2025
Просмотров: 2788
Скачиваний: 0
даецца прагрэсіўнай для свайго часу, праявай гуманістычнага светапогляду аўтара.
Наконт «геніяльнасці» М.Бельскага існуюць спрэчныя погляды. Адзін з даследчыкаў яго творчасці А.Павіньскі даў наступную характарыстыку: «Цудоўная «Хроніка свету», якая, уласна кажучы, павінна блішчэць бляскам зоркі першай велічыні». Другі польскі даследчык І.Хшаноўскі лічыў «Хроніку свету» «сярэднявечнай кампіляцыяй, якую ад суцэльнай сярэднявеччыны ратуе толькі пратэстанцкая тэндэнцыя, як адзіны новы элемент, адзіная рыса XVI ст., бо іншых рысаў гэтага стагоддзя, духу гуманізму «Хроніка свету» не мае». Магчыма, апошняе сцвярджэнне мае рацыю, але з пункту гледжання верагоднасці і маштабнасці ахопленых падзеяў гэты твор неардынарны.
«Хроніка свету» мела тры выданні (1551, 1554, 1564 гг.). Трэцяе выданне складаецца з дзесяці кніг. Дзевятая кніга «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Ліфлянцкай зямлі. Аб Татарах» закранае гісторыю ВКЛ. Амаль увесь раздзел «Аб маскоўскім народзе» – гэта пераважна скарачэнне «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка, звесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзяты з «Трактата аб дзвюх Сарматыях» Мехавіты. Інфармацыя пра Літву ў гэтым раздзеле таксама запазычана ў С.Герберштэйна.
Адным з самых слабых месцаў працы М.Бельскага было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданняў і нават анекдотаў, не адрозніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна скампанаваў матэрыял. Магчыма, «Хроніка ўсяго свету» не стала б прадметам гістарыяграфічнага даследавання, калі б не ягоны сын Яўхім Бельскі.
У 1597 г. ён выдаў «Хроніку польскую». Гэтую кнігу можна ўпэўнена лічыць «першай шляхецкай гісторыяй» (Фінкель). Калі Марцін Бельскі, удзельнік шматлікіх бітваў, галоўным абавязкам шляхты лічыў рыцарскую справу, то Яўхім разглядаў паходжанне шляхецкіх і магнацкіх фаміліяў.
Над Яўхімам усё жыццё вісеў «грэх» – рэфармацыйныя погляды бацькі. Толькі перарабіўшы галоўны твор бацькі, пазбавіўшы яго рэфармацыйных тэндэнцыяў, можна было захаваць яго імя для нашчадкаў. Паступова Яўхім пазбавіўся духу пратэстантызму і ў 1595 г. пакінуў евангелісцкую канфесію.
Аўтар у «Польскай хроніцы» разглядае ВКЛ як правінцыю Рэчы Паспалітай, якая «добраахвотна ўцеленая была ў Карону за Ягайлы і вечнай уніяй за Жыгімонта Аўгуста была звязаная, заха-
39
ваўшы свае правы і юрысдыкцыю цалкам». Згодна з шляхецкай канцэпцыяй твора, Яўхім піша, што «Вялікае Княства Літоўскае ўжывае на харугве з аднаго боку Пагоню, г.зн. узброенага мужа з голым мечам на кані, бягучага на ўсім скаку, з другога боку – тры белыя слупы ў чырвоным полі». Далей ён пералічвае ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ: Віленскае, Трокскае, Смаленскае, Полацкае, Наваградскае, Брэсцкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Мінскае, – падзяляючы кожнае на паветы. Усе сучасныя беларускія землі Бельскія называюць літоўскімі. «Русь жа мае тыя самыя ваяводствы: Рускае, Бэлзскае, Падольскае, Брацлаўскае». У Рускае ваяводства ўваходзілі Львоўская, Галіцкая, Холмская і Перамыская землі. Падобная традыцыя цягнецца па сённяшні дзень: Русь у польскай гістарыяграфіі атаясамляецца з сучаснай Украінай (былой Галіцка-Валынскай зямлёй), беларускія ж землі традыцыйна называюцца Літвой.
«Польская хроніка» падзяляецца на дзве няроўныя часткі: 1) ад старажытнасці да 1553 г.; 2) ад 1553 да 1586 г. Першая частка носіць кампілятыўны характар – аўтар перапісаў бацькавы твор, дапоўніўшы яго звесткамі ад Длугаша, Стрыйкоўскага, Кромэра і інш. Найбольш важная другая частка. Але і тут толькі чацвёртая частка мае самастойны характар – нататкі з уласнага вопыту ці здабытыя ў архівах дакументы. Тым не менш усе гістарычныя творы Марціна і Яўхіма Бельскіх з’яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі аб мінулым ВКЛ.
Епіскап Варміньскі Марцін Кромэр (1512 – ?) па даручэнні Жыгімонта ІІ Аўгуста напісаў, а ў 1555 г. надрукаваў трактат «Аб паходжанні і дзеяннях палякаў ХХХ кніг». Гісторыя Польшчы, на-
пісаная Кромэрам, мела дзяржаўны характар: стаяла на абароне агульнадзяржаўных інтарэсаў, супрацьстаяла як правінцыяльнаму сепаратызму (літоўскаму і прускаму), так і прывілеям шляхты. Аўтар давёў падзеі да 1506 г., да княжання Жыгімонта I Старога.
Твор Кромэра быў кампіляцыяй працаў Длугаша і Вапоўскага, але вельмі дасканалай. Кніга прызначалася для замежнага чытача, яна паказывала магутнасць Польшчы і яе гісторыі. Заслуга храніста ва ўвядзенні ў навуковы зварот больш за 100 дакументаў, а таксама звяртанне да самай старой польскай хронікі Гала Аноніма. Кромэр скампанаваў у адзіны твор шматлікія кавалкі гістарычных ведаў, аб’яднаўшы іх уласнай гістарычнай канцэпцыяй, змяніўшы многія традыцыйныя погляды, якія дагэтуль панавалі ў гістарыяграфіі.
40
У Польшчы і ВКЛ праца Кромэра была прынята варожа, таму што ўсхваляла касцёл і ўладу магнацкай алігархіі, асцярожна выказывалася да шырокіх правоў шляхты, непрыхільна ставілася да ВКЛ. Гэта моцна абурыла шляхту і магнатэрыю княства. На сеймах 1556 – 1557 гг., а потым на сейме 1563 – 1564 гг. супраць Кромэра выступіў М.Радзівіл Чорны. Пасля Люблінскай уніі гэтыя настроі паступова зніклі. У 1580 г. сейм выказаў Кромэру публічную падзяку.
Аляксандр Гваньіні (1534 – 1614 гг.) – гісторык, вайсковец, дзейнасць якога ў ВКЛ да канца не высветлена не толькі ў беларускай, але ў польскай і літоўскай гістарыяграфіі. Імя яго звязваюць з працай «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» (1578 г.),
прысвечанай каралю Стэфану Баторыю. Гэты вялікі твор, у якім налічваецца 203 лісты, багата ілюстраваны, складаецца з чатырох частак, дзе змешчаны гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Інфлянтаў, Прусіі, Масковіі і татар аж да часоў караля Генрыха Валуа. Скончваецца апісаннем пахавання Жыгімонта Аўгуста ў 1574 г.
Вядома, што Стрыйкоўскі абвінавачваў Гваньіні ў тым, што той прысвоіў сабе ягоны рукапіс «Сарматыі» і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 г. кароль Стэфан Баторый выдаў Стрыйкоўскаму дакумент, дзе сцвярджалася, што «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» з’яўляецца яго літаратурнай уласнасцю. Большасць даследчыкаў лічаць, што менавіта гэтая абставіна стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю. Але смерць Стрыйкоўскага, якая наступіла ў канцы 80-х – пачатку 90-х гг. XVI ст., дала магчымасць Гваньіні фактычна без перашкод карыстацца плагіятам.
Барталамей Папроцкі (каля 1543 – 1614 гг.) – польскі гісторык, паэт. Знакаміты як геральдык, аўтар першага польскага гербоўніка «Гербы польскага рыцарства», дзе даецца паходжанне гербоў і інфармацыя аб некаторых родах. Папроцкі карыстаўся не толькі хронікамі, але і шматлікімі дакументамі, якія захоўваліся ў замках, кляштарах, часам сямейнымі хронікамі. Генезіс асобных гербаў і пачаткі шляхецкіх родаў прадстаўляў некрытычна. Верыў у старажытнарымскае паходжанне шляхты. 92 гербы выводзіў з-за мяжы і толькі 58 лічыў тутэйшымі. Некрытычна карыстаўся крыніцамі.
Твор падзелены на пяць кніг. Чацвёртая з іх прысвечана сімвалу ВКЛ – Пагоні, а таксама Гедзімінавічам і Ягелонам разам з хронікай іх панавання. Паколькі «з-за далёкасці і шырокасці не ўсіх мог знаць», даў толькі кароткія генеалагічныя інфармацыі аб найвыдатнейшых баярскіх родах, продкі якіх у 1413 г. у Гародлі прынялі
41
польскія гербы. Дадаў таксама кароткія ўзгадкі аб іншых сем’ях, галоўным чынам валынскіх. Усяго называе каля 130 прозвішчаў шляхты ВКЛ.
4. Адлюстраванне гісторыі беларускіх зямель у нататках замежных дыпламатаў і падарожнікаў XV – XVIІ стст. Адным з першых апісанняў Беларусі, зробленых замежнымі падарожнікамі, лічацца нататкі фламандца Жылібера дэ Ланаа. Камергер бургундскага герцага ў 1413 г. быў накіраваны паслом у Ноўгарад. Назад, у Францыю, ён вяртаўся праз Дынабург – Вільню – Трокі – Коўна – Мемель. На зваротным шляху сустракаўся з вялікім князем літоўскім Вітаўтам, атрымаў ад яго падарункі. У сваім кароткім і вельмі агульным апісанні адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ асобнай мовы і 12 епархій.
Большую інфармацыю аб Беларусі ў ХV ст. аставілі два вене-
цыянцы – пасол Амброджа Кантарыні і Джозафата Барбара.
Магчыма, апошні тут не быў, а тэкст скампіляваў у Кантарыні (выдадзены ў 1543 г.). Кантарыні ў лютым 1477 г. праязджаў праз ВКЛ, накіроўваючыся з Масковіі ў Заходнюю Еўропу, а праз дзесяць гадоў апублікаваў свае ўражанні.
У ХVI ст. рымскага папу наведаў рускі пасол Дзмітрый Герасімаў. Яго аповеды пра ВКЛ запісаў італьянскі гісторык Паола Джовія Навакомскі. Потым невядомы аўтар амаль слова ў слова паўтарыў звесткі, прыведзеныя Паола Джовія, у кнізе «Данясенні аб Масковіі» (1557 г.). Дарэчы, ў той час кампіляцыя не лічылася справай крамольнай. Напрыклад, рымскі папа Пій ІІ паўтарыў апісанне ВКЛ, зробленае чэхам Геранімам. Той сцвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі можна ездзіць толькі зімой, а замест грошай мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць кавалачкі медзі і серабра.
Асабліва цікавыя звесткі пакінуў пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд Герберштэйн.
Сігізмунд Герберштэйн (1486 – 1566 гг.) нарадзіўся ў Шты-
рыі, рос у асяроддзі славенцаў. Вучыўся ў Венскім універсітэце: у 16 гадоў атрымаў ступень бакалаўра. За ваенную службу Габсбургам быў прысвечаны ў рыцары. Займаўся дыпламатычнай справай.
У 1516 – 1517 гг. і 1526 – 1527 гг. ён двойчы праязджаў у Маскву і Ноўгарад. Вынікам гэтых падарожжаў стала кніга «Записки о Московии», у якой асобны раздзел прысвечаны Беларусі – «Аб Літве». Аўтар пад Літвой разумеў ВКЛ. Ён пісаў: «Бліжэй за ўсіх да Масковіі Літва. Я гавару цяпер не пра адну толькі вобласць, але
42