ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2149
Скачиваний: 0
Іван Шамякін
Вазьму твой боль
РАМАН
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1982
I
Канчалі жніво.
Касілі ячмень у Казіным урочышчы — на стогектарным полі асушанага тарфяніку. Пра гэты ячмень жартавалі, што ён падвёў агранамічную навуку і начальства, якое заўсёды патрабуе сеяць як мага раней. Майскія замаразкі абпалілі ўсходы на тарфяніках, і ўвесь гэты клін перасявалі з невясёлымі прагнозамі галоўнага агранома. Ячмень вырас адменны — намалочвалі па сорак пяць цэнтнераў. Але, загушчаны, палёг. Трудна касіўся ячмень. Складзены планавікамі графік трэскаўся і рваўся.
Камбайнеры з графіка пасміхаліся, бо з яго пасміхалася прырода: то вялікая палегласць на перагноеных участках, то дожджык спыніць працу. Чаго не бывае пад небам, на зямлі, гэта не тое, што пад заводскім дахам, на канвееры. Але людзі, якія складалі графікі, мімаволі пачыналі мысліць і жыць па гэтых графіках. Яшчэ напярэдадні тэлефонныя драты панеслі вестку, што да абеду наступнага дня ў саўгасе «Добрынскі» ўсё зерне будзе на таку. Добрая вестка высока ўзлятае. Яна тут жа даляцела да вобласці, парадавала і тых, хто сапраўды кіраваў уборкай, і тых, хто думаў, што не што іншае, як яго праца ў канторы, памагло камбайнерам у «Добрынскім».
Упраўленне сельскай гаспадаркі і аблсаўпроф вызначылі прэміі і вырашылі, не адкладваючы, уручыць іх пераможцам, тут жа, на полі, як толькі будзе абмалочаны апошні гектар. Прэміі ж узвышаюць не толькі тых, хто іх атрымоўвае, але і тых, хто іх выдае, уручаць іх — найпрыемнейшы абавязак.
Астаповіч, прыняўшы званок аб прыездзе гасцей, выклікаў па рацыі з поля Віктара Кузю, галоўнага агранома, а з суседняга кабінета прымітыўным спосабам — стукам у сцяну — Якава Качанка, прафсаюзнага лідэра. Весела, як бадай заўсёды, калі ўзнікалі «цікавыя сітуацыі», спіхнуў уручэнне прэмій на іх — на сваіх баявых памочнікаў. «Я
— у трэцяе аддзяленне, на комплекс. А вы... выкручвайцеся тут». Кузя ўбачыў, што ў дырэктаравых пабляклых вачах пад сівымі-сівымі брывамі скокнулі чорцікі, і яго, асілка, цяжкаатлета, ударыла ў пот ад такой "навукі". Хітруган дзедаган: ён жа добра ведае, як ідзе ўборка ў Казіным. Але хаця б слова выбраў. «Выкручвайцеся»... Ды, яму што асоба, велічыня, член абкома. І пенсійны ўзрост. А ён, Віктар Кузя, без года тыдзень — галоўны. Яго кар'ера толькі пачынаецца. Хораша пачынаецца. Каму з яго равеснікаў пашанцавала праз чатыры гады пасля інстытута стаць галоўным аграномам лепшага ў вобласці саўгаса?!
Віктар — ідэаліст і максімаліст. Марыў жыць па закону і працаваць па закону. А пасада часам вымушае ісці на змову са сваім сумленнем, на самыя нечаканыя хітрасці і камбінацыі. Астаповіч яго часта захапляў творчым размахам, маштабнасцю планаў, смеласцю рашэнняў, а часам абураў, як гэтым вось «выкручвайцеся». Неаднойчы з'яўлялася адчуванне, што дзед, набраўшы моладзі, вучыць яе падзедаўску: штурхне ў бурлівую плынь ракі жыцця, а сам стаіць на беразе і, пасміхаючыся, назірае, хто выплыве, а хто «пусціць бурбалкі». І рукі не падасць, калі ўбачыць, што ты слабак, што цябе закруціла вось такое «выкручванне» — значыцца, дурань, не ўмееш, не за тое ўзяўся.
Малады аграном баяўся, што калі-небудзь і ён апынецца ў такім віры і не выплыве. І Астаповіч не паможа.
Кузя пазайздросціў аптымізму «рабачкома». Якаў Качанок весела гукнуў:
— Выкруцімся, Хведар Цімафеевіч! Не ў такіх пераплётах былі. Ехалі ў Казінае на матацыкле. Гнаў аграном што на пажар,
асабліва страшнай была такая хуткасць на лясной дарозе. У Качанка халадзела ўсяродку: разаб'е, лайдак.
У саўгасе даўно кпілі: як матацыклетныя пакрышкі вытрымліваюць такога асілка, як Віктар Кузя? А тут яшчэ на заднім сядзенні прымасціўся хоць і нізкі ростам, але добра акруглены на кіруючых пасадах Качанок. Сапраўдны качанок. Горача дыхаў Віктару ў патыліцу, у вуха. Ад «рабачкома» несла цыбуляй, і Кузю, які лічыў сябе чалавекам зямным — аграномам не па навуцы, па прыродзе, упершыню раздражняў гэты зямны дух. Можа, таму і газаваў так, каб на хуткасці цыбульны пах адносіла назад.
Віктар злаваўся на Астаповіча, нерваваўся, таму і раздражнялі дробязі. Хоць, калі паразважаў, яго не так ужо трывожыла, што прыйдзецца «выкручвацца», што ячмень у Казіным не ўвесь убраны, а прэмія едзе: не ён паспяшаўся паслаць звесткі, няхай пакруціцца той, хто паслаў. А ўрэшце, гэта дробязь. Уборка прайшла добра, і камбайнеры заслугоўваюць прэміі. Не скосяць сёння, скосяць заўтра, невялікая бяда. Непакоіла іншае. Ячмень пасеяны там, дзе яго, згодна з інструкцыяй міністэрства, не варта было сеяць,— па мелкіх тарфяніках. Ён, галоўны, пярэчыў, калі яшчэ зімой утрасалі планы сяўбы, але Астаповіч паслухаў яго вучоныя перакананні, запісаў нават у пратакол, а пасеяў па-свойму — пад ураджай гэтага года. І вось калі туды зараз прыедуць з абласнога ўпраўлення аграномы-спецыялісты, якія стаяць на варце інструкцый, то могуць вывезці ілюстрацыю для чарговага даклада на абласной нарадзе ці нават на пленуме обкома,
Вока ў такіх рэвізораў пільнае. Яны пахваляць ураджаі, вып'юць каньяк, які Качанок вязе ў турысцкім рукзаку, а факцік падчэпяць і абавязкова падкінуць начальству. З дзеда, безумоўна, што з гуся вада, ён недасягальны; апраўдваючыся, на дырэктара нават спаслацца будзе неэтычна, усё роўна паляціць на яго, на галоўнага агранома: маўляў, малады, не ўмее адстаяць свае думкі, ды яшчэ і каверзнік — на заслужанага кіраўніка цень кідае.
Хто там у вобласці такі рамантык, што прыдумаў уручыць прэміі ў полі? Хіба не лепш увечары, у клубе, пад туш духавога аркестра? На ўручэнне прэмій народ сабраўся б і ў летні вечар, такія спектаклі любяць.
—Як жа мы будзем выкручвацца, Якаў Мацвеевіч? — скінуўшы газ, крыкнуў Віктар.
Качанок, які кароткімі рукамі абдымаў асілка-агранома пад пахі, каб не ўпасці, перакінуў рукі таму на жывот, шчыльней прыціснуўся грудзьмі да гарачай спіны і крыкнуў у самае вуха:
—Хэ, бядуеш! Перагонім камбайны ў Галае, дзе скасілі ўчора...
дзе не ўбралі яшчэ салому...
Кузя рэзка затармазіў, адарваў руку ад руля, далікатна скінуў са свайго жывата Качанковы рукі, бо лапанне па жываце здалося такім жа брыдкім, як цыбульны дух.
—Ды вы што?! На тры-чатыры гадзіны сарваць уборку?.. У такі
дзень!
—А табе хочацца паказаць ім свае тарфянікі?
Во шаман, а не «рабачком»! Як праз патыліцу, убачыў яго, Кузевы, думкі. І так заўсёды, з усімі. Усё бачыць наперад. І нічога яго не здзіўляе, не трывожыць. Любая справа для яго — пусцяковіна, над чым іншыя ламаюць галаву днямі, ён вырашае за мінуту. Кузя часам зайздросціў Качанку: лёгка жывецца такому чалавеку! А часам думаў: а ці не абыякавасць гэта, такая лёгкасць? Здзіўляўся, што Астаповіч памяняў Качанку пяць пасад, кпіць з яго, здаецца, не прымае ўсур'ёз, аднак дваццаць гадоў трымае ля сябе, пад рукой, у кіруючых. За якія якасці? хацелася зразумець Кузю, будучаму кіраўніку. Вось за гэтае ўменне лёгка, як бы забаўляючыся, "выкруціцца" з любой сітуацыі? Ці за яго цвярозасць? Качанок цвярозы ў прамым сэнсе: не п'е, зусім. І ніколі не піў. Гэта шмат каго здзіўляе. Аднак якасць гэтая мае цану.
—Не забывайце, што там Батрак. Што ён вам скажа на такую паказуху? Распячэ не толькі на сваім сходзе — на раённую трыбуну вынесе.
—Не бойся. На Батрака знойдзем кулака,— весела рагатнуў Качанок.
Іван Батрак быў героем жніва. Не першы год. У мінулым годзе за рэкордны намалот атрымаў ордэн.
Мінулае і сёлетняе жніво для Івана было святам. Падрос сын Карней, навучыўся вадзіць і камбайн, і грузавік, і яны ўтварылі «сямейны агрэгат». Не трэба было перадаваць нейкаму маладому няўмеку машыну, каб сесці за камбайн. Сын ёсць сын. Гэта палавіна самога цябе. Бацька ведаў, дзе і калі даручыць яму камбайн, а самому везці хлеб на ток, другі раз Карнея садзіў за баранку, а сам убіраў палеглы ўчастак пшаніцы ці ячменю. Але найбольшая заслуга Іванава, якую асабліва цанілі дырэктар і спецыялісты, была ў тым, што машыны яго, не новыя, ніколі не прастойвалі, быццам яны не зношваліся і нічога ў іх не ламалася, не псавалася. А яшчэ яго прыклад. Член партбюро кіраваў уборачна-транспартнай брыгадай, прымяняў прагрэсіўны метад. Адно гэта як гучала ў райкоме, у газетах! Начальнік з Івана, можа, і праўда быў ніякі, калі мераць па сапраўдных начальніках, такіх, напрыклад, як Качанок. Не любіў чалавек камандаваць, загадваць. Але Астаповіч ведаў: там, дзе робіць Батрак, ніводзін самы гультаяваты камбайнер ці шафёр не стане прахалоджвацца ў спякоту ў цяньку пад бярозкамі ці на беразе возера. Івана як бы саромеліся. Як ты станеш вылежвацца, калі побач з табой так працуюць? Падлетак, школьнік укалвае — дай бог. Ад расы да расы.
Іван узначальваў брыгаду, але сваім камбайнам убіраць стараўся асобна, беручы найбольш цяжкія ўчасткі, каб ніхто не папракнуў. Рабіў гэта з-за сына. Карней — трохі дзіўны хлапчына, несучасны, як называла яго сястра Валя: перайшоў у дзесяты клас, а сарамлівасць проста такі дзявочая нейкая. Нават есці пры чужых людзях саромеецца, па патрэбе бегае за кіламетр. А механізатары, як на падбор, зубаскалы ўсе, жартаўнікі. Ведаючы Карнееву цнатлівасць, не праміналі ніводнага перакуру, каб не сканфузіць хлопца. Асабліва дапякаў Хведзька Шчэрба, вядомы на ўвесь сельсавет камедыянт, крыўляка, чалавек, які, здаецца, ніколі ні да чаго ў свеце не ставіўся сур'ёзна — ні да жонкі, ні да дзяцей, ні да начальства самага высокага. І выгляд у яго быў несур'ёзны, адпаведны характару. Шчэрба — яго сапраўднае прозвішча, і дзед, і бацька былі Шчэрбамі, але ён як загрыміраваў сябе пад прозвішча: шчарбаты, канапаты, руды, шыракатвары... «Не морда, а скавародка з дзіркамі»,— казаў ён сам пра сябе.
Сыдуцца камбайнеры ля запраўкі, адыдуцца далей ад бензіну пакурыць, на ўзлеску дзе-небудзь прылягуць, пра палітыку пачынаюць гаварыць. У міжнародных справах Карней — найвышэйшы аўтарытэт: дзевяць класаў скончыў і ўвесь час транзістар пры ім. Яму
таксама прыемна, што дарослыя дзядзькі і бацька слухаюць яго, хоць часта не згаджаюцца з яго тлумачэннем фактаў; у іх свая, простая і больш катэгарычная думка пра сусветныя падзеі і палітычных дзеячаў. Карней не саромеецца паспрачацца супраць спрошчанага разумення супярэчлівых падзей у Кітаі ці Ліване. У такія моманты ў Івана ажно ў горле свярбіць ад гордасці за сына. Малайчына Карней, пра Зімбабве расказвае, быццам учора вярнуўся адтуль! Але вялікай порцыі палітыкі механізатары не пераварваюць, ды, відаць, трохі і заядае дзядзькоў, што вучань іх у кут заганяе ў спрэчцы.
—У піраміду яго... Садата вашага! А Сміту каленчаты вал у... і пакруціць добра,— закругляе палітычную дыскусію нецярплівы і грубаваты Васіль Бойка.— Давай, Хведзька, што-небудзь весялейшае.
Рудая фізіяномія Шчэрбы падобна тут, у полі, не на скавараду — на сланечнік, у якім зверху вышчыпалі пялёсткі, такое ўражанне стварала зашмальцаваная смешная кепачка, пад якой гарэлі вушы, шчокі.
—Братка ты мой, шчо ты пад такім сонцам прыдумаеш вясёлае? Вясёлае пад месячнай. Во мне ўчора не наспалася. Выйшаў я ў свае райскія кушчы, у свой вісячы сад са сваёй прынцэсай Любай...
Сад у Шчэрбы дрэнны, недагледжаны, з жонкай ён ніколі разам не ходзіць, таму ўжо ад гэтага пачынаюць смяяцца.
—...Райскія яблычкі вісяць... Месячык свеціць. Салаўі спява-
юць...
—Не брашы. Дзе яны цяпер, салаўі?
—А шчо? Хіба няма? А-а, хлопцы! То мне за салавейку Нюрка Пракопава здалася. Чую, яе галасок заліваецца за кустом парэчкі. «Хі- хі-хі, ха-ха-ха... Ай-вай, Карненка,— чую,— не ціскай ты мае грушы...
Не паспелі яны яшчэ». Сяджу я, выкалупваю саломінкай мяса з зубоў,— смех, бо зубоў у Шчэрбы мала засталося.— Люба на вячэру курыцу засмажыла, рогат, бо ўсе знюць пра Любіну скупасць.— І думаю сам сабе: «Хто ж гэта ў нас Карней, шчо можа ціскаць Нюрчыны грушы?»
Карнеі ў нас два. Дзед Карней Маслак. Толькі яму ўжо да Нюрчыных груш не дацягнуцца, рукі трасуцца,
—Дык няўжо ж ета ты, Карней?!— робіць здзіўленыя вочы
Шчэрба.
Хлопец, не сцяміўшы, што да чаго, адбіваецца з той жа рашучасцю, як у спрэчцы пра палітыку:
—Трэба мне тыя Пракопавы грушы! Я сваіх есці не хачу. Камбайнеры і шафёры ад рогату качаюцца па калючым іржэў-
ніку. Тады толькі малады Батрак здагадваецца, якія «грушы» дзядзькі