ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2167
Скачиваний: 0
такая работа? Можа, адну прыраўняла б да ўборкі — памагчы нарадзіцца чалавеку.
У той вечар Карней вярнуўся адзін. Маўклівы. Змрочны. Маці ўстрывожылася:
—А бацька дзе?
—Дзе! — іранічна хмыкнуў Карней.— У «Бабскіх слёзах».
Так называлі чайную пры шашы, якую праклінала Шчэрбава Люба ды і некаторыя іншыя жонкі. Таіса Міхайлаўна, наадварот, да ўстановы гэтай адносілася добразычліва, хоць трошкі з гумарам называла чужым словам — кульдзюм. Іван заглядваў туды рэдка і выпіваў хіба кружкі дзве піва, калі прывозілі свежае, бачкавое, з пляшак не любіў. Сама яна па сваёй прафесіі мусіла сачыць за санітарным станам у чайной, і загадчыца сябравала з ёй, забяспечвала фельчарыцу то кілбаскай цвёрдага вэнджання, то селядцамі такімі, якія ў сельмагу рэдка з'яўляліся, то раннімі памідорамі, прывезенымі райсаюзам з Украіны.
—Скончылі ўборку?— спытала заспакоеная Таіса Міхайлаўна. Калі завяршылі такую працу, то чаму мужчынам і не выпіць? Яна зусім не хацела, каб Іван яе стаў поўным цвярознікам, адарваўся ад сяброў. Гэта некалі маладая яна хацела адарваць яго ад трактара, зрабіць інтэлігентам. Не ўдалося — і цяпер не шкадуе.
—Такія работнічкі да снегу будуць убіраць! — узлавана адказаў Карней з юнацкай непрымірымасцю.
Маці зноў насцярожылася: чаго гэта ён такі? Няўжо не паладзілі
збацькам? Працавалі ж усё лета душа ў душу. Іван не мог нахваліцца сынам. Хлопец, убачыўшы недаўменны матчын позірк, растлумачыў:
Паўдня прамію палучалі. А цяпер замочваюць,
—Дзе палучалі? У полі?
—З вобласці прэмію прывезлі.
—Вялікая прэмія? Колькі вы з бацькам атрымалі?
—Не бачыў я іх прэміі. Я хлеб на ток павёз!
Незразумелая была Карнеева ўзлаванасць на прэмію. Не інакш як мужчыны зноў засаромілі яго сваімі скаромнымі анекдотамі. Зубаскал Хведзька знайшоў слабінку, праходу не дае. Трэба Любе сказаць, каб тая ўгаманіла свайго шчарбатага плескуна. А прэмія, напэўна, добрая, калі з вобласці, не павязуць жа адтуль па дзесятцы. Безумоўна, Іван атрымаў больш, чым хто, бо лепш за яго ніхто не рабіў на ўборцы, ды яшчэ ўдвух з сынам.
Іван ашчадны гаспадар, лішняе рэдка калі перабіраў, ва ўсялякім разе, ніколі яна не баялася, што муж не прынясе зарплату дадому. Але скупым ніхто яго не лічыў, і яна не лічыла. Шырокі бывае
мужчына, з размахам. Прэмію гэтую нечаканую, напэўна, усю ў Каці пакладзе, бо ўсіх будзе частаваць, добрая душа, хто толькі не зойдзе ў кульдзюм.
Шкада стала Таісе грошай: патрэбны яны цяпер больш, чым тады, калі яны бедна жылі. Іншыя патрэбы зараз, іншыя расходы.
—Пайшоў бы ты, сынок, прывёў яго, а то баюся: не вы, а сельпо будзе мець прэмію.
—Чаго захацела! Пайду я... П'янага Шчэрбу не бачыў, ці што? Не пойдзе, гэта Таіса Міхайлаўна добра ведала, так сказала, па
нейкай інерцыі. І сама яна не пойдзе. Ні разу яшчэ не ўнізіла ні сябе, ні яго, Івана, не тое што сваркай — папрокам пры людзях, ні разу не спрабавала падвыпітага ўвесці ад кампаніі. Гонар мае, інтэлігентнасць. Кажуць, шляхецкі. Няхай сабе шляхецкі. Няхай сабе — «пані Туся». Але зайздросцяць ёй не толькі вясковыя бабы — інтэлігенткі многія, настаўніцы, аграномы... І яна цяпер ніколькі не шкадуе, што не здзейсніліся яе ружовыя дзявочыя мары...
Дваццаць два гады назад з'явілася ў Добрынцы маладзенькая акушэрачка, маленькая, вяртлявая. Лялечка. Матылёк з чужых краёў. Па тым часе — не бедненькая, два чамаданы сукенак прывезла. Па тры разы на дзень пераадзявалася. І лятала па навакольных вёсках крылатым матыльком, чаруючы хлопцаў незвычайнай яркасцю фарбаў, якія да таго ж так часта мяняліся, што ажно мітусілася ў вачах. Легенды пачалі сачыняць наконт таго, колькі ў акушэркі сукенак. Закруціла акушэрка галаву многім хлопцам. З суседняга сельсавета прыязджалі на танцы, бойкі ўчынялі з добрынскімі. А яна адзін вечар з адным пойдзе, другі — з другім. З ляснічым, які толькі што скончыў ленінградскую акадэмію, з настаўнікам, з лётчыкам, што на пабыўку прыехаў, са студэнтам кінаінстытута, будучым акцёрам... За кожнага
зтакіх жаніхоў любая дзяўчына зубамі трымалася б. А Тася мяняла іх, што пальчаткі.
Жанчыны спачатку палюбілі акушэрку: у тое першае пасляваеннае дзесяцігоддзе нямала нараджалі, а яна хоць і маладзенькая, толькі
звучылішча, але справу сваю ведала, а галоўнае, уважлівая была, клапатлівая, кожную цяжарную, кожнае дзіцятка патраніравала, як роднае, кожную парадзіху наведвала. А потым абгаварылі — за хлопцаў. Славу нядобрую пусцілі. Пляткарак хапала не толькі сярод вясковых баб, але і сярод тых мужчын-інтэлігентаў, хто заляцаўся да Тасі і каму яна дала адстаўку. Праўда, дзяўчаты, хоць многім з іх яна была небяспечнай канкурэнткай, ды маладзейшыя жанкі абаранялі Таську: а калі і пагуляць, як не цяпер? Ды і дурняў-хлопцаў чаму за нос не павадзіць?
А Тася ўсё прадаўжала здзіўляць сяло. Падвёз яе неяк з Селішча, ад парадзіхі, на трактары Іван Батрак. І ў той жа вечар яна, падняўшы сукенкай вецер ля будучага кінаакцёра, сама запрасіла на польку трактарыста. Іван, як усе хлопцы, хадзіў на танцы, ціскаў дзяўчат, праводзіў часам якую-небудзь з іх, але пэўнай, той, якую б называлі яго нявестай, не меў. Да акушэркі, безумоўна, да таго дня і наблізіцца баяўся. Прапахлы мазутам, бяднейшы ад усіх, адзеты ў самы танны грубашэрсны сельпоўскі касцюм, хіба мог ён падумаць нават, што такая красуня, такая багачка можа звярнуць на яго ўвагу? Сам дагэтуль здзіўляецца, як у яго хапіла смеласці, дагнаўшы яе на трактары па лясной дарозе, спыніцца і прапанаваць падвезці. Яна сказала: «Запылюся я». Ён адказаў: «А ў мяне мяшок ёсць чысты, з-пад гуркоў. Я накрыю вас». Яна засмяялася, уявіўшы, мабыць, як будзе выглядаць, накрытая мяшком. Дастала са свайго сакваяжыка бялюткі медыцынскі халат, надзела яго і смела палезла на трактар. Пражыўшы ў вялікай беднасці, Іван ашчаджаў тады кожны шматок тканіны і таму спалохаўся за такі халат: не толькі запыліць, але забрудзіць яна яго. Да таго ж у халаце акушэрка рабілася яшчэ больш загадкавай, далёкай, недасягальнай, як зорка,— для яго, простага трактарыста. А яна прымасцілася побач, не баючыся запэцкацца аб яго зашмальцаванае адзенне, і пачала расказваць, што тут, у Селішчы, яна з ночы прыняла роды, яе пачаставалі віном і ў яе кружыцца галава і хочацца спаць. Але Івана ўразіла не віно, а тое, як яна расказвала пра роды, якое было ўскладненне ў маці і як яна ўправілася з ім. Расказвала, не саромеючыся, і неяк так, што ў яго не толькі не ўзніклі якія-небудзь непрыстойныя думкі, але ажно ў горле сціснула ад нейкага дзіўнага, невядомага дагэтуль захаплення, ад радасці, бадай, ад шчасця, што нарадзіўся чалавек і што пра гэта можна гаварыць вось так, як яна. За тыя паўгадзіны, што ехалі, Іван як бы далучыўся да вялікай тайны, якая напоўніла яго нялёгкае сіроцкае жыццё нейкім асаблівым сэнсам і ачысціла ад бруду, які трохі ўжо быў прыліп да яго юнацкай душы ў тым жыцці, якое выпала на яго долю. Уразіла яго і яшчэ адно: акушэрка не пасаромелася праехаць з ім на трактары па Добрынцы, да самага медпункта, чаго ён не чакаў, лічыў, што перад сялом яна абавязкова злезе. Ён сказаў са шчырым шкадаваннем: «Запэцкалі вы свой халацік». Яна адказала: «Усё адно яго трэба мыць». Ён тады не разумеў: навошта трэба было мыць такое чысцюткае адзенне, якім быў халат? Адзіную яго святочную сарочку цётка мыла, можа, раз у месяц, не часцей. У той вечар, пасля танцаў, уцёкшы ад акцёра, Тася дагнала Івана і сама папрасіла: «Праводзь мяне, а то задавала той ліпне, што смала». Акцёрык з сябрукамі ішоў следам і сказаў непрыстой-
насць. Не пра яе канкрэтна. Нібыта ўвогуле пра дзяўчат — «пра такіх вось». Іван, пакінуўшы Тасю, вярнуўся і ўзяў таго загрудкі так, што затрашчалі не толькі швы моднага касцюмчыка, але і плечавыя сустаўчыкі.
«Слухай, ты, сапляк, яшчэ адно слова — і прыліпнеш да гэтай вярбы так, што заўтра ўсім сялом не аддзяруць».
Сябры студэнта зачапіць трактарыста пабаяліся.
Не верыў, што Тася будзе чакаць яго. Не, стаяла на тым жа месцы, але плакала. Кранула яго моцна, што яна не ўцякла, а яшчэ больш
— слёзы яе. Не ўмеў ён суцяшаць. На адно толькі адважыўся — дакрануцца да рукі яе, ласкава сціснуць і паабяцаць: «Не бойцеся, больш вас ніхто не пакрыўдзіць».
У сяле нічога не схаваеш. Назаўтра ведалі, што акушэрка з Іванам Батраком гуляла да самай раніцы, у поле хадзілі. І зноў жа абгаварылі яе: няхай бы круціла мазгі сваім студэнтам ды ляснічаму, а не гэтаму бедаку, які за свае дзевятнаццаць гадоў, акрамя гора ды цяжкай працы, ніякай радасці не знаў. Знайшла з каго смяяцца! Але пасля, танцуючы з рознымі хлопцамі, гуляць яна ішла толькі з Іванам. І паганая слава пра яе пачала затухаць. Увогуле вясковая ўвага з яе пераключылася на іншых людзей, на іншыя падзеі, хапала іх, падзей, і сумных, і вясёлых. А Тася стала дзяўчына як дзяўчына. Звыкліся з яе яркімі сукенкамі, з яе паводзінамі, тым больш што прафесія ў яе такая, што жанчынам трэба было ладзіць з ёй, звяртацца да яе, жаночыя тайны свае давяраць.
Аднак усё роўна громам і маланкай у халодны кастрычніцкі дзень шуганула па сяле вестка, што Іван Батрак і Таіса Міхайлаўна — к таму часу вяртлявае дзяўчо многія называлі ўжо так паважліва — пайшлі ў сельсавет запісвацца. І сяло адразу раскалолася на тры часткі. Адны, старэйшыя бабы, цётка яго, уздыхалі: «Не такая жонка Івану трэба». Івана шкадавалі — сірата. Другія ўхвалілі: «Малайчына Таська, ведала, каго выбраць, за такім мужам будзе што за каменнай сцяной, а ўсе тыя — свістуны». Маладыя, практычныя асуджалі яе: дурніца, магла леснічыхай стаць, жыла б што пані, а яна выбрала трактарыста мурзатага. Мужчыны-настаўнікі згадзіліся з думкай блізарукага фізіка, які сам не траціў надзеі і ўпотай уздыхаў па акушэрцы: «А трактарыст гэты не промах, вось табе і ціхоня». «Ціхая вада грэблю рве»,— адказала яму «немка», пераспелая дзяўчына, якая ўзрадавалася гэтаму шлюбу больш, чым хто іншы старонні,— з-за фізіка, які да з'яўлення акушэркі клаў вока на яе.
На вяселле прыехалі Тасіны бацькі з кашамі вясельнай ежы і падарункамі, бо былі яны з-пад Слуцка, з добрых зямель, а не з спа-
ленага ў вайну сяла. Бацька ціхі чалавек, а маці ўвішная, гаманкая, ганарыстая, адразу абвясціла, што са шляхты яна, Тасю звала Туськай, таму пасля вяселля выкладчык літаратуры Лаўрэн Клімавіч, начытаны і ўедлівы стары, даў маладой Батрачысе мянушку — «пані Туся».
Падслухалі суседзі, як ганарыстая шляхцянка — Тасіна маці — плакала ў дзень прыезду за хілым хлеўчуком на сядзібе Іванавай цёткі: «За каго ж ты выходзіш, дзіцятка маё дарагое? Хіба пра такога мужа для цябе я марыла? Бядак бедаком. Хаціначка на адно сляпое акенца, ды і тая чужая».
«Мамачка,— пярэчыла ёй Тася.— Хіба шчасце ў багацці? Я кахаю яго, і ён кахае мяне. Во наша шчасце! Не сапсуй нам радасць, мама,— папярэдзіла,— а то пакрыўджуся я на цябе».
Падслуханая размова адразу абляцела ўсё сяло, і тут ужо бадай усе ў адзін голас ухвалілі акушэрку. Вясельную радасць шляхцянка не сапсавала, хоць яе часам і заносіла, каб пахваліцца родам сваім і заможнасцю: маўляў, што вы тут, няшчасныя палешукі, цемра і бядота, вось мы, случакі,— мы сапраўдныя гаспадары! Але хітрыя палешукі адразу сцямілі, што ў случанкі больш фанабэрыі, чым багацця. Вясельныя прысмакі і падарункі новым сваякам сапраўды прывезлі не бедныя па тым часе, але гэта, напэўна, з апошняга, каб гонар шляхецкі не прынізіць. Калі каравай дзялілі, пані Анэта — так звярнуўся да яе хітры гумарыст Лаўрэн Клімавіч, але госця не зразумела іроніі, і такое імя ёй прыйшлося больш даспадобы, чым нязвыклае Ганна Адамаўна,— падарыла маладым цялушку. Але прыехаць, каб забраць падарунак, запрасіла праз паўгода, па вясне. Замест першацёлкі, пра якую так марыла Іванава цётка Хвядора, маладыя прывезлі месячнае цялятка.
Напачатку маладажонам жылося нялёгка. Не, не сказаць, што бедна: трактарысты ў МТС зараблялі няблага, палучалі і хлеб, і грошы, ды і Тасіна праца аплачвалася грашамі ў сельсавеце і натурай — яйкамі, кавалкам сала, галкай масла — ад парадзіх. Спачатку яна дужа саромелася гэтых падаянняў і адмаўлялася, а калі праз год сама нарадзіла, а свая карова яшчэ не вырасла, то ўжо больш не адбівалася ад малака ці яек: не хабар жа гэта — завошта акушэрцы хабар! — удзячнасць людская.
Цяжка было з жыллём. Цяпер маладым нялёгка нават уявіць, якую хацінку можа збудаваць на папялішчы адзінокая жанчына ў першы пасляваенны год. Колькі бярвення — якое там бярвенне — жэрдачкі асінавыя! — прывезлі чырвонаармейцы, а рэшту Хвядора дзве зімы вазіла з лесу сама на санках-самацяжках, і ніводзін ляснік не