ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2160

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

маюць на ўвазе, і заліваецца чырванню ад макаўкі да пят. Хочацца яму падхапіцца і збегчы ў беразняк ці схавацца ў пшаніцу. Але ён баіцца скрануцца з месца, бо ведае, што ўслед могуць паляцець яшчэ саланейшыя жарты.

Выручае, як заўсёды, бацька:

Якаў! Ты так і не адрэгуляваў сіта. Сее збожжа твой камбайн.

Карнеевіч! Тройчы перастаўляў. Чорт яго знае, адкуль яно сыплецца.

Хадзем паглядзім.

Пасля Карней сарамліва хавае вочы нават ад бацькі, хоць бацька неаднойчы казаў:

На жарты не крыўдуй, сын. Калі людзі смяюцца, гэта — добра, гэта ад дабраты. Ад зла смяюцца не так. Ды і табе пара ўжо мужчынам станавіцца.

Івана трохі трывожыць, што хлопец такі сарамяжы і ціхмяны. Такая цнатлівасць больш падыходзіла б дачцэ. Дык не ж, усё наадварот.

Карней сам пакутуе ад такога свайго характару, бо тэарэтычна разумее, што яму сапраўды час паводзіць ужо сябе па-мужчынску, як большасць яго сяброў, аднакласнікаў, некаторыя і віно ўжо п'юць, і да «грушы» гэтай спакуслівай, што пад дзявочай кофтачкай, не саромеюцца дакрануцца. Дзяўчаты і тыя цяпер не такія, як ён. Такія толькі ў кніжках, як праўду кажа Валя, сястра яго. Нюрка, напрыклад, гэтая, пра якую ён часта думае то са злосцю, то з нейкім дзіўным трапятаннем, нічога не саромеецца. Яны разам вучыліся, але пасля восьмага класа дзяўчына пайшла працаваць на ферму, за год стала аператарам. І не дае яму спакою. Ідучы міма іх хаты, можа крыкнуць на ўсю вуліцу пры бабах, мужчынах, пры сваіх сяброўках і яго сябрах:

Карней! Калі ў сваты прыйдзеш?

І ўсе яму лепяць у нявесты гэтую дурніцу Нюрку.

Камбайн Батрака і на гэты раз убіраў асобна, за асушальным каналам, дзе ячмень вырас на паўсотні цэнтнераў, але і палёг вельмі. На камбайне рабіў Карней з памочнікам — сваім аднакласнікам Валодзем Качанком. Бацька адвозіў збожжа на ток. Гарачая работка: не паспяваў вярнуцца, як бункеры напаўняліся, дарога з балота нялёгкая, масток цераз канал ненадзейны, які ні ўмелы хлопец Карней, а ўсё ж вопыт не той яшчэ, чаго добрага, пасадзіць машыну — пакукуеш тады. Ды на такой дарозе і збожжа можа губляць — вытрасаць з кузава на ямах ды карэнні. А можа, проста шкадаваў сына: пры ўсёй цяжкасці палеглага ўчастка, дзе трэба было б убіраць самому, усё ж з такой дарогай і разгрузкай на таку на машыне не лягчэй.


Качанок і Кузя прыехалі, калі Іван павёз збожжа. Размінуліся. Відаць, той быў ужо на таку.

Качанок пагаварыў з камбайнерамі па-простаму, па-свойску, шчыра, без дыпламатыі, у гэтым, адзначыў Кузя, напэўна, яго мастацтва арганізатара, ён, галоўны аграном, яшчэ не навучыўся так гаварыць з людзьмі. Прэмію трэба ўзяць, маем права, працавалі па-ўдар- наму, дурнямі трэба быць, каб адмовіцца ад прэміі абласнога значэння, бо гэта не простая прэмія — абласная слава. Але паказваць начальству, што ў нас колькі там гектараў не дакошана яшчэ,— не варта. Камбайнеры пакпілі, пасмяяліся з тых, хто перадае зводкі. Кузю — што пстрычка па носе. У дурацкае становішча, падумаў ён, мы, кіраўнікі, ставім сябе перад рабочымі. Даў сабе зарок, што, калі стане першай асобай у гаспадарцы, пакончыць з любой паказухай раз і назаўсёды. Астаповіч мудры, але не грэбуе — дзеля справы — выкарыстоўваць некаторыя чалавечыя слабасці. Для справы гэта часам добра. А для выхавання людзей?..

Якаў Мацвеевіч разам з камбайнерамі пакпіў са зводак, хоць — здагадваўся Кузя — ініцыятарам рапарта быў не хто іншы, як ён, Качанок. Астаповіч зрабіў выгляд, што не ўсё бачыць са сваёй вышыні, што памочнікам, маўляў, відней, таму і прымусіў Качанка «выкручвацца». Але пры чым тут ён, Кузя?

Нават Качанок, рашучы, упэўнены, не адважыўся зняць камбайны без Батрака. Каб яшчэ вучняў не было, камсамольцаў... А так гэтыя батракоўскія выхаванцы, калі хочаш, у «Комсомольскую правду» напішуць; вельмі ж у наш час любяць пісаць, і ўмеюць. Уліпнеш тады, як муха ў мёд, у гэтую прэмію. Не сваю, не дзеля сябе стараешся, для рабочага класа, для людзей, якія ажно счарнелі за час уборкі ад сонца, ветру і пылу. Вунь у Шчэрбы нават у шчарбіны зубоў мякіна ўелася, у вушы набілася...

Іван доўга не вяртаўся, так, ва ўсялякім разе, здалося таму, хто нецярпліва чакаў яго. Камбайнерам гэта не здалося, яны, перакурыўшы, пажартаваўшы, без каманды падняліся на масткі, павялі свае машыны — каб хутчэй апраўдаць прэмію, якую ім вязуць.

Качанок нерваваўся: з вобласці могуць прыехаць раней, чым ён правядзе свой манеўр. Кузя заняты быў справамі — вывучаў глебу пад іржышчам. Прыходзіў да думкі, што Астаповіч з яго багатым вопытам, як заўсёды, выйшаў пераможцам. На такіх тарфяніках можна сеяць зерневыя! Добра было б яму, маладому галоўнаму аграному, даказаць гэта з лічбамі, з фактамі і смела выступіць на высокай нарадзе. Уяўляў, як сыходзіць з трыбуны пад гром апладысментаў, чуе


галасы: «Хто гэта?» — «Галоўны з «Добрынскага».— «Малайчына! Умее Астаповіч падбіраць кадры».

Машыны нарэшце вярнуліся. На адной машыне малады, толькі з арміі, шафёр. Ён не ведаў правіл перавозкі збожжа ў адкрытым кузаве, часам ліхачыў, вытрасаў хлеб, і Батрак трымаў яго пры сабе, перавучваў салдата на земляроба.

Іван убачыў начальства, падруліў, не выходзячы з кабіны — кожная мінута на ўліку! — прывітаў Качанка і Кузю па-свойму:

Буду я вас, начальнікі, крытыкаваць на сходзе. За мост. Гаварыў жа. Дакладную пісаў. Еду і дрыжу. Сяду — чорта два сягоння кончым уборку. Косцю і блізка да моста не пускаю. І камбайн другі баюся пасылаць за канал. Не знаю, ці паднімем адной машынай. Самы палеглы ўчастак.

Гэта — меліяратары, яны павінны,— сказаў Кузя.

Меліяратарам — што? Хлеб убіраць? Яны здалі — і з плеч далоў. А вы прынялі...

Правільна. Клопат наш! — падтрымаў шафёра Качанок, залазячы да яго ў кабіну.— Масток умацуем. Не праблема.

Калі? Калі скончым уборку?

Мост не на адзін дзень трэба. Ерунда твой масток. Ёсць справа больш важная. Слухай...

Батрак слухаў нецярпліва. Нецярплівасць сваю выдаваў тым, што спачатку газаваў і разоў колькі ўключаў скорасць, гатовы сарваць машыну з месца. Але тады Качанок клаў сваю руку на баранку, на Іванаву руку, адным гэтым ласкавым дотыкам спыняў шафёра і даводзіў: няхітры манеўр патрэбны не толькі ім — усяму саўгасу, спазніцца са зводкай - прынізіць работу ўсяго вялікага калектыву, таму лепш рапартаваць з апераджэннем, што разумныя людзі і робяць, пакуль дурні варон лічаць.

А што прэмію твае хлопцы заслужылі — тут і казаць няма чаго! Сам так думаеш!

Кузя стаяў ля кузава, удыхаючы водар ячменю і смурод бензінавых газаў, слухаў Качанкову тыраду, чырванеў, што мусіць удзельнічаць у не вельмі чыстай справе, але захапляўся «рабачкомам»: лоўка ўмее пераконваць, прыроджаны агітатар!

Іван, як бы ўзлаваўшыся на машыну, што ёй не церпіцца паехаць, выключыў газ. Сказаў спакойна, лагодна:

Храновінай вы займаецеся, хлопцы. Не здыму я камбайны з- за прэміі, хоць вы і вялікія начальнікі. Няхай Астаповіч загадае.

Качанок ведаў, што Астаповіч не загадае такое, таму ўзлаваўся. Паваліўся на баранку, на Іванавы рукі, каб выглянуць праз шыбу дзверцаў і ўбачыць свайго маўклівага напарніка.

Сяргеевіч! Глянь на гэтага дыктатара! Дай такому ўладу — ні з кім не будзе лічыцца, ніякай дэмакратыі не прызнае. Усіх скруціць у бараноў рог.

Іван уключыў запальванне і выціснуў педаль счаплення. Але Качанок не даў яму скрануцца — націснуў на кнопку сігналу і засігналіў, як на пажар. Закрычаў:

Не, стой! З народам парайся, як мы параіліся. Паслухай, што народ табе скажа.

Камбайны ішлі ў іх бок.

Батрак нязлосна мацюкнуўся і вылез з кабіны. Нічога дрэннага пра народ — пра сяброў сваіх механізатараў ён не думаў, людзі працавітыя, але добра ведаў, што ні Шчэрба, ні стары праўдзівы Каржоў, ні мацюжнік Бойка, ні малады Кунцэвіч ад прэміі не адмовяцца, і ён са сваёй прынцыповасцю можа сапсаваць адносіны не толькі з начальствам, але і са сваімі хлопцамі — рабочымі. Што пра яго скажуць, калі пазбавяць іх прэміі? Ад прэміі толькі ў кінафільмах адмаўляюцца. Канечне, калі б не заслужылі — справа іншая. Асабліва Іван не перажываў, не псіхаваў, прафесія прывучыла ў любой сітуацыі заставацца спакойным. Ды і жыццё... яно не першы раз вымушае ісці насупраць сваім перакананням. Урэшце, гэта драбяза. Не было б горшага. Але калі ўбачыў, што з-за канала бяжыць Карней, безумоўна, устрывожаны сігналамі і тым, што бацькаў «ЗІЛ» спыніўся перад мастком, сказаў незадаволена, з папрокам:

Перад хлопцам сорамна... такую вашу...

Ды ўжо побач быў Хведзька Шчэрба, і фізіяномія яго цвіла, што сланечнік, і шчарбіны — што прорвы.

Хэ... Хлопца твайго я сачас пашлю ў лес па маліну. На закуску. У мяне сягонні зрання нос свярбіць. Я ўсё думаў: што будзе? Ці Люба паднясе дулю, ці Каця чарку? Дык чарка ж будзе, браточкі. Во нос! Усё чуе.

Качанок перамясціўся ў кабіне на месца вадзіцеля, абапёрся на баранку і весела смяяўся са Шчэрбавых жартаў, адчуваючы сябе пераможцам.

Падышоў Карней — Шчэрба да яго:

Слухай, Батрак. Пакуль мы бункеры запоўнім, шасні ў лес па маліну. Туды, бачыў, Нюрка твая пайшла. Можа, за пазуху злазіш. А то пераспеюць яе грушы.


Хлопец запунсавеўся і, збянтэжаны, нічога іншага не прыдумаў

уадказ, як буркнуць:

Вам толькі грушы і сняцца.

Братка ты мой, яй-богу ж, сняцца. Ого, такія! Саладота якая!

Камбайнеры схапіліся за жываты. Качанок, узваліўшыся на руль, весела засігналіў. Нават сур'ёзны і паважны, як статуя рыцара, Кузя засмяяўся.

Карней, мінуўшы машыну, пайшоў у другі бок ад свайго камбайна — абы хутчэй куды адысці ад гэтых бессаромных зубаскалаў. Іван хмурна сказаў:

Сапсуяце вы мне хлопца.

Чалавекам зробім, дурань! Дзе ён у цябе рос такі? Каб у сям'і шафёра і акушэркі... у сяле такі вырас. Ну хоць на выстаўку яго. Трэба ж такому быць у наш век! Рэвалюцыя ж ва ўсім свеце. Гэтая... як яе?

Сексуальная,— падказаў учарашні армеец Косця Малашанка.

Во! Чуў? Салдаты і тыя знаюць. А твой вучыць гэтую, як яе? Ну шкілет дзе... Анатомію! Во! А на цыцку глянуць саромеецца.

Хлопцы! Прэмія блізка,— перапыніў Шчэрбавы дурыкі Качанок.— Нос у мяне засвярбеў, як у Хведара Хаміча. Торба з грашамі прыбудзе ў Галае. Каб не здзівіліся таварышы з вобласці: дзе камбайны гуляюць?

А ты скажы: купалі іх у Студзёнай. Работу скончылі — і бултых

зкамбайнамі ў рэчку.

З вясёлым смехам камбайнеры рушылі да машын.

У Кузі былі складаныя пачуцці. Качанка ён і ўхваляў, і асуджаў. Умее пагаварыць з людзьмі, за гэта, мабыць, і трымае яго Астаповіч. Батрака, упартасці якога пабойваліся, накаўтаваў адным ударам, старым дэмагагічным прыёмам: з народам парайся! А «народу» падыграў, настроіў жартачкамі, з начальства пасмяяўся, сам з сябе, блазна гэтага Шчэрбу ўзняў павагай — Хведар Хаміч, хоць звычайна, як усе, Хведзькам называў. Сам, поўны цвярознік, неаднойчы горача выступаў супраць п'янства, а тут яўна патураў жаданню такіх, як Шчэрба,— замачыць прэмію. Усё пусціў у ход. Камбінатар! А як інакш было выкруціцца? У рабоце, таварыш Кузя, самыя нечаканыя сітуацыі ўзнікаюць. Як у баі, на фронце.

2

Таіса Міхайлаўна прывыкла бачыць мужа і сына пасля працы ўзбуджанымі, вясёлымі. Не дзіва: людзі ўбіралі хлеб. Хіба ёсць другая