ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2179

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

цала ўсе паўсотні старонак зрабіць за адзін дзень, бо часопіс здадзены, рэдакцыйнай работы няма.

Але ў той дзень яго чакаў навагодні і старагодні сюрпрыз — пісьмо ад Тані, самае кароткае з усіх яе пісем:

«Дарагі Саша! Хачу паведаміць табе, што я выходжу замуж. Спадзяюся, ты зразумееш мяне. Даруй. Не памінай ліхам.

Не твая Таня».

У першы міг ён проста спалохаўся, у яго балюча сціснулася сэрца, потым успыхнула пачуццё крыўды, быццам яму публічна пляснулі па твары. Праз пэўны час ён падумаў, што ўся гэтая гама пачуццяў, ад якіх кідае то ў холад, то ў жар,— страсці прыватніка, які нечакана страціў тое, што лічыў сваёй уласнасцю. Тады ён зарагатаў з самога сябе так гучна, што ажно спалоханая гаспадыня без стуку заглянула ў яго пакойчык.

«Што з вамі, Аляксандр Пятровіч?» «Што? Што са мной? Не бойцеся, Ядвіга Казіміраўна. Проста мая

нявеста выйшла замуж».

Старая пільна паглядзела кватаранту ў твар. «Не падобна, што вы радуецеся».

«Не плакаць жа мне».

«Не бядуйце. Такога дабра — колькі хочаш. Усе яны цяпер такія». Алесь засмяяўся ўжо зусім натуральна з такога мудрага заспака-

ення старой жанчыны.

На другі дзень ён дыктаваў Эльвіры свой нарыс. Настрой у яго быў усё-такі паганы пасля Танінага пісьма, на жарты, на флірт не цягнула. Ён быў больш звычайнага сур'ёзны, афіцыйны, і гэта пэўным чынам настроіла дзяўчыну, яна як бы насцярожылася ці трохі спалохалася. Чырванела нават тады, калі ён проста глядзеў на яе.

Разоў колькі Забаўскі змаўкаў на палавіне фразы, і Эльвіра бачыла па твары, што ў гэты міг думае ён не пра нарыс, не папраўляе, не рэдагуе напісанае раней, думкі яго ляцяць некуды вельмі далёка. Пасля яна прызнавалася, што ёй карцела спытаць, пра што ён так задумваецца.

Цяпер Алесь аднаўляе ў памяці, як усё адбылося. У нейкі міг, паглядзеўшы на Эльвіру, ён сядзеў збоку ад століка, падумаў, што яна прыгожая, што ў яе больш тонкія, больш інтэлігентныя рысы твару, чым у Тані, у той у абліччы — сялянская праставатасць, адкрытасць, пасталее — з'явіцца нават грубаватасць. Ён бачыў, дарэчы, Таніну маці: абветраны шырокі твар, у ім ёсць пэўная прывабнасць — для такога народніка, як ён, але наўрад ці хто назваў бы такі твар прыгожым; Таня падобная на маці і, безумоўна, стане такой жа. Карацей

кажучы, гэта была несумленная, хлапчуковая спроба зганіць тую, што дала яму адстаўку, і, накшталт гаспадыні, пераканаць сябе, што не толькі «такога дабра хапае», але ёсць многа і лепшых дзяўчат, прыгажэйшых, што Эльвіра — прыгажэйшая і мае іншыя добрыя якасці — сціплая, сур'ёзная, працавітая.

А потым у другой паўзе чамусьці ўспомнілася, як ажаніўся Джэк Лондан. Успамін гэты развесяліў, ва ўсялякім разе, адагнаў сумныя думкі.

Эльвіра заклала чыстыя аркушы, перакладзеныя капіравальнай паперай, нацэліла свае прыгожыя музычныя пальцы на клавішы машынкі. Чакала дыктоўкі. Ён маўчаў. Ён глядзеў на яе, на пышныя адбеленыя косы, на мочку вуха з залатой кліпсам. Убачыў, што вуха пачынае бранзавець, пад колер кліпсы, а на шчаку як бы ўпаў цень ад невядомага ружовага прадмета. Ён сказаў гэтак жа нечакана для самога сябе і для яе, як у свой час Джэк Лондан сваёй машыністцы:

«Віра, выходзьце за мяне замуж».

Эльвіра апусціла пальцы на клавішы — і машынка выбіла нешта накшталт музычнай гамы, а на паперы засталіся словы: «Не плач, дітя». Вельмі яна пасля здзіўлялася, чаму з'явіліся гэтыя словы, і папракала сябе, што ў трох словах зрабіла ажно дзве памылкі, ніколі не рабіла такіх памылак. Многа разоў, часам з радасным, часам з прымхлівым здзіўленнем, яна гаварыла Алесю пра гэтыя словы і, калі разышліся, успомніла іх: маўляў, калі не сам бог, то нейкае ўнутранае чуццё папярэджвала яе: «Не плач, дзіця, пасля».

Ашаломленая такой нечаканай прапановай, Эльвіра не адразу паглядзела на маладога пісьменніка. Правяла спачатку далонямі па твары, як бы сціраючы чырвань ці адганяючы сон, пасля павярнулася да яго, велічная і яшчэ больш прыгожая ў той міг.

«Вы сур'ёзна?» «Зусім сур'ёзна. Мяне лічаць чалавекам сур'ёзным».

Не вымаючы закладкі, выключыла машынку з разеткі, як перапрошваючы, сказала:

«Я заўтра ўдзень дапішу».

Паднялася з крэсла, абцягнула жакетку, асцярожна паправіла капу валасоў, сказала сур'ёзна, дзелавіта:

«Прыходзьце заўтра да нас».

Алесь намерваўся абняць і пацалаваць сваю нечаканую нявесту. Але такая яе дзелавітасць стрымала яго, аднак чамусьці і развесяліла.

«Адзін? Ці са сватамі?» Тады яна па-дзявочы збянтэжылася.

«Не, лепш адзін. Калі ласка, адзін».


Яму спадабалася і гэта, усё разам,— і строгая дзелавітасць, і цнатлівая збянтэжанасць; палічыў, што крайнасці гэтыя — у адным радзе, яны вынік амаль шокавай ашаломленасці. Яму нават стала шкада дзяўчыны: зваліць на яе белую галоўку такую лавіну!

Ён узяў яе руку і, як у дваранскіх раманах, цырымонна і сур'- ёзна пацалаваў.

Праводзіць яе чамусьці не хацелася. Развітаўся з нявестай каля тралейбуса. Эльвіры гэта, мабыць, падабалася: пакуль спускаліся па лесвіцы, пакуль ішлі да супынку, яна была ўсё яшчэ ашаломленая, нават адказвала неўпапад, а ўскочыла ў тралейбус і можа тады толькі ўсвядоміла сваё шчасце, расцвіла ад усмешкі: замінаючы іншым пасажырам, махала яму рукой, ажно пакуль тралейбус не пайшоў.

Алесь адзін забрыў у «Каменную кветку», упершыню, мабыць, без кампаніі, без сяброў выпіў пляшку шампанскага, гарэлкі не любіў і піў яе рэдка. Седзячы ў сумнай адзіноце і гледзячы, як на падсвечаным крузе танцуюць модна непадстрыжаныя юнакі і дзяўчаты ў джынсах, ён не думаў пра Эльвіру, ён думаў пра Таню, чокаўся з пляшкай і піў за Таніна шчасце.

Раніцою ў яго балела галава, а ў душы, як пісалі ў старых раманах, было пуста і холадна, больш пэўна — было нейкае туманнае, так і не асэнсаванае за ўвесь той дзень, адчуванне, што ён зрабіў нешта не так, такое адчуванне бывае, калі мімаволі ўліпаеш у падазроную гісторыю. Аднак Алесь заўсёды трымаў сваё слова, гэтаму яго вучыў яшчэ бацька, стары лічыў, што палавіна бед, беспарадкаў, безгаспадарчасці паходзіць ад таго, што людзі не выконваюць сваіх абяцанняў, не трымаюць слова, якое даюць.

Дом сапраўды быў багаты і дагледжаны, адчувалася, што жывуць у ім людзі, якія не шкадуюць уласнай працы, чужымі рукамі такой уладжанасці і чысціні не зробіш. Праўда, абстаўлены, начынены ён быў па законах абыватальскага побыту: мэбля грувасткая, рознастылёвая, і замнога яе, у буфетах, за шклом, зноў-такі больш, чым трэба для спажывання, сервізаў, шкла, крышталю. Але гэта Алеся не збянтэжыла: побыт кожнага асяроддзя мае свае адметныя рысы, і зусім не абавязкова, што такое вось накапленне рэчаў робіць людзей абываталямі; у наш час у гэтых людзей ёсць другое жыццё — у працоўных калектывах. Акрамя таго, набыццё рэчаў стала прыкметай часу, яно ахапіла ўсе пласты, нават сялянства. Ступа, кросны, таўкач засталіся толькі ў музеях.

Заспакоіла яго, што побач з крышталём — нямала кніг, цэлая шафа, і нядрэнных, небезгустоўных.


Мансарду, пра якую Алесь некалі марыў, яму ў той дзень не паказалі, ды ён і не думаў цяпер пра яе. У той дзень яго цікавілі людзі, з якімі ён мусіў парадніцца.

Маці Эльвіры, поўная жанчына, з астматычнай задышкай і хворымі нагамі, адчыніла яму брамку (ваўкадаў пагражальна гырчаў, зачынены ў будцы), сказала прывітальныя словы, заікаючыся. Тады ён з невясёлым гумарам падумаў, што першы сюрпрыз — цешча-заіка. Але пазней выявілася, што заікалася старая ад хвалявання. Больш прыемным для яго адкрыццём чамусьці было тое, што бацькі Эльвірыны старэйшыя, чым ён думаў, хоць і ведаў, што ў яе два старэйшыя браты, жанатыя ўжо, жывуць самастойна, адзін тут, у Мінску, другі — на Урале.

З першага знаёмства спадабаўся Эльвірын бацька, Антон Антонавіч у супрацьлегласць жонцы, высокі, хударлявы, сівы, інтэлігентна апрануты — у чорную тройку, пад гальштукам, трохі старамодным. Спадабаўся сваёй стрыманасцю, памяркоўнасцю, спакоем: ён, безумоўна, не пачаў заікацца ад хвалявання. Сустрэў Алеся, як знаёмага, ніякіх пытанняў з анкеты, спытаў толькі, хто ў іх галоўны рэдактар, і паведаміў, што ён быў знаёмы з ранейшым рэдактарам. Дзе ён? На пенсіі? Прафесар універсітэта?! З разумным чалавекам, значыцца, ён меў знаёмства. Алесь не лічыў былога рэдактара і цяперашняга прафесара журналісцкім геніем, але, каб зрабіць прыемнае будучаму цесцю, пацвердзіў, што той мае вялікі розум і талент. Далей Антон Антонавіч загаварыў пра палітыку — пахваліў прэзідэнта Францыі за рэалістычнасць і асудзіў Картэра за хістанні і непаслядоўнасць у справе скарачэння стратэгічных узбраенняў. Факты і ацэнкі падзей стары бязбоязна блытаў, відно было, што чэрпаў ён іх і са свайго каляровага тэлевізара, і ад тых абыватальскіх балбатуноў, якія карыстаюцца інфармацыяй розных «галасоў». Але папраўляць Алесь не адважыўся, лічыў, што гэта нетактоўна. Ды і што можна патрабаваць ад бухгалтара халадзільніка? Добра, што яго цікавіць шмат што іншае, акрамя дэбету і крэдыту.

Стол быў ужо накрыты. Закусь на ім стаяла адменная — слінкі цяклі. Але чакалі сваіх — сына з нявесткай. Тыя затрымліваліся, і маці нервавалася, хоць ужо не заікалася.

Алесь, ідучы сюды, баяўся, што на агледзіны збяруць процьму народу — сваякі, суседзі, супрацоўнікі бацькавы, Эльвірыны. Такое вузкае кола — толькі свае — хораша ўзбадзёрыла, амаль узрадавала.

Сын — Вячаслаў Антонавіч, Слава, быў нізкарослы, падобны на маці, схільны да паўнаты, і нейкі бясколерны, непрыкметны, залішне ціхі — за ўвесь вечар ці сказаў дзесятак слоў. Эльвіра расказвала пра


яго як пра здольнага аўтамеханіка. Чырвоненькі носік-гузічак, круглыя вочкі, якія загарэліся, калі ўбачылі стол, і тое, як насцярожана за сталом пазіралі на яго маці і жонка, калі ён браў чарку, выдалі паклонніка Бахуса. Але за сталом Слава ўтрымаўся ў норме, чым парадаваў маці.

Бацька яўна ігнараваў сына, амаль дэманстратыўна — ніводнага слова да яго і яго слоў не чуў, прапускаў міма вушэй, чым засмучаў маці і сястру. Але затое стары лічыўся з нявесткай, нават — заўважыў Алесь — пабойваўся яе.

Ала Іванаўна — маладзіца прывабная, у меру раздабрэлая ў свае трыццаць пяць гадоў, шумная і смелая. Рабіла яна ў гарвыканкоме, ва ўпраўленні пасажырскага транспарту; пачала з таго, што вельмі ўедліва і дасціпна разнесла «парадачкі на транспарце», ды заадно і многія іншыя недахопы гарадской гаспадаркі; ведала яна ўсіх гарадскіх кіраўнікоў і шмат каму «перамыла косці» ў той вечар.

Спачатку Алесю падабаліся некаторыя Аліны выказванні, акрамя хіба таго, што яна сказала пра яго. Але пазней, у той жа вечар, Ала пачала раздражняць: залішне часта крытыка яе пераходзіла ў мяшчанскае крытыканства. Алесь не вытрымаў і спытаў: у сябе, ва ўпраўленні, на сходах, нарадах яна гаворыць гэта?

Ала паглядзела на яго, як на блазнюка, і адказала: «За каго ты мяне лічыш, пісар?»

Пры знаёмстве яна бесцырымонна агледзела яго, павярнула, як манекен, абняла, адарвала ад падлогі — як паважыла, заключыла: «Добрага, ты, Варка, мужа сабе адхапіла. Але адкарміць яго трэба. А то маслы тырчаць. Мазалі табе натрэ»,— і зарагатала. Алесь убачыў, як успыхнула ад збянтэжанасці і абурэння Эльвіра, зрабіўся спалоханым твар у маці, але відно было, што яны баяліся нявесткі, яе языка.

Алесь любіў і разумеў жарты, цаніў у людзях дасціпнасць, але ад такога жарту яму зрабілася горача. «Адхапіла мужа». Чаму адразу мужа? Гэта запаўзло ў мозг і на працягу вечара варушылася там нечым слізкім і брыдкім, нагадвала, што яго сапраўды прымаюць не як жаніха, а як мужа. Усё ўжо, выходзіць, вырашана без яго, даволі яму было зрабіць сваю нечаканую рамантычную прапанову. Вось табе, Джэк Лондан!

Сапраўды, за доўгай вячэрай, дзе многа пілі і яшчэ больш елі, нічога не гаварылі аб яго жаніцьбе ці Вірыным (Ала ўпарта называла яе Варкай, даючы зразумець, што па метрыках яна Варвара) замустве. Акрамя хіба аднаго. Антон Антонавіч спытаў:

«Ну, а жыллёвае пытанне як вы думаеце вырашаць?»

Алесь быў захоплены знянацку, але разгубіўся не столькі ад нечаканасці, колькі ад таго, што нават Ала змоўкла, а ў Лізаветы Пятроўны зноў у вачах застыў спалох.

Антон Антонавіч, мабыць, убачыў разгубленасць жонкі, дачкі і змякчыў жорсткасць пытання лагоднай згодай:

«Канечне, пакуль што будзеце жыць у Вірыным пакоі». Алесь адказаў:

«Спадзяюся, кватэру мне дадуць у рэдакцыі». «Калі?» — настойліва дапытваўся будучы цесць.

«Думаю, што, сямейнага, мяне перасунуць у больш рэальную чаргу. Халасцякоў трымаюць у канцы спіса».

«У такім разе табе не трэба ў нас прапісвацца. Каб ты не меў ніякай плошчы».

Ашаломлены Забаўскі, далікатны па прыродзе, адчуў сябе ў нейкім да дурноты недарэчным становішчы. Выходзіць, яго сапраўды ажанілі ўжо і распараджаюцца, як уласнасцю,— дзе пасяліць, дзе пасадзіць, паставіць. Самае недарэчнае ва ўсім гэтым было тое, што ўсё з-за той жа інтэлігенцкай далікатнасці ў яго не хапіла духу неяк запярэчыць. Магчыма, ён запярэчыў бы, каб не бачыў, як цяжка (бляднела, чырванела, сінела) перажывае гэтую размову Эльвіра, ды і маці яе таксама.

Выручыла ўсіх Ала, сказала бухгалтару смела, амаль злосна: «Дайце вы чалавеку спярша апомніцца ад шчасця, а потым ужо

будзеце вучыць, як жыць. Ды ты, Саша, вучыся ў мяне жыць, а не ў іх,— і наступіла пад сталом яму на нагу.— Чаму старыя могуць навучыць?»

Антон Антонавіч трохі пакрыўдзіўся:

«Што б вы рабілі без старых? — Але, ці то баючыся Алы, ці то сапраўды перакананы ў сваёй нейтральнасці, сказаў: — Я, нявестачка, нікога не вучу, ты гэта знаеш. Старых законаў не навязваю. Захацеў Вячаслаў ажаніцца з табою — калі ласка. Захацела Эльвіра замуж — слова не сказаў, толькі папрасіў паказаць жаніха. Ніхто на калені перада мной не станавіўся, бацькоўскага благаславення не прасіў».

Так, гэта была адзіная размова па сутпасці справы, больш да яе не вярталіся. Але ў Алеся не знікала брыдкае адчуванне, што яго «захамуталі», як называў жаніцьбу адзін з яго старэйшых калег.

Эльвіра, праводзячы яго, адразу ж за брамкай раздражнёна сказала:

«Няхай стары жмінда не мыліцца — галіцца не будзе. Нікуды я са свайго дома не пайду. Што яму, месца мала? Такія харомы! Хопіць, што ён Славу выкурыў у кааператыўную трушчобу. Але Ала затое