ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2231
Скачиваний: 0
склала падушкі на ложак, узбіўшы іх, і яны не кранутыя з таго часу, а скора поўдзень. Значыцца, не было ў Шышкі патрэбы ляжаць.
Старой адразу не ўбачыла. Толькі наблізіўшыся да стала, каб пакласці на яго свой медыцынскі чамаданчык, адчыніць яго і ўзяць неабходнае для ін'екцыі, Таіса Міхайлаўна ўбачыла Марыну і скаланулася ад яе выгляду. У дзіўнай паставе, за сталом, у самым куце, пад абразамі, сядзела маленькая, згорбленая, бяззубая, сівая і бледная бабулька, яе сухія ручкі ляжалі на белым настольніку, яна варушыла вузлаватымі пальцамі, як бы хацела сціснуць іх у кулакі і не магла сціснуць. Тася даўно не бачыла яе і бадай жахнулася, што Марына так змянілася за апошні час. «Не соладка табе, відаць, з гэтым гадам».
Марына глядзела на Таісу Міхайлаўну шырока расплюшчанымі вачамі, і ў іх бачыўся выразны страх. Ад чаго? Ад яе, Тасінага, неспадзяванага для іх з'яўлення? Ці ад размовы, якую яны вялі да яе прыходу? Можа ад думкі, што яна магла пачуць пад дзвярамі іх размову? Каб не маўчаць, Тася сказала, вяртаючыся да Марыны:
— Снег дабрэнны пайшоў.
Старая ўстрапянулася, яўна ўзрадавалася яе голасу і гэтым простым словам, якія ўвогуле нічога не значылі, а для яе напэўна нешта значылі, падтрымала размову:
—Старыя кажуць, добрая прыкмета, калі на Міколу снег ідзе, на ўраджай ета.
—Ураджай цяпер ад хіміі.
—Без бога ніякая хімія не паможа,— адгукнуўся Шышка, крэкчучы і стогнучы; за спіной у фельчарыцы ён распранаў ватоўку, закасваў рукаў сарочкі.
Але Таіса Міхайлаўна патыліцай бачыла, як пільна, цераз яе плячо, паліцай сочыць за тым, як яна ломіць ампулы з глюкозай, са страфанцінам, набірае ў шпрыц. Чуючы, як Шышка сочыць, яна сказала:
—Уключыце святло.
Шышка ажно з палёгкай уздыхнуў, калі хату ярка асвятліла лямпачка, што вісела пад нізкай столлю. І зусім спакойна заваліўся на гару даччыных падушак. Перавязваючы яму жгутом руку, каб знайсці вену, Таіса Міхайлаўна ажно здзівілася, якія моцныя ў яго мускулы, якая гладкая і маладая скура: рэдка ў людзей яго ўзросту яна бачыла такія рукі. І ёй раптам да болю стала шкада Марыны: вунь хто сапраўды адпакутваў, таму і зрабілася, што мошчы.
Калі павярнулася да стала, каб узяць шпрыц, Марына, падняўшыся, раптам сказала ціха, здавалася, абыякава:
— Не калі ты яго, дзетка. Здаровы ён, як бугай. Ета ён Хведзьку! Ён! Усю ноч майстраваў... А пад ранне... А пад ранне... пайшоў...
куды пайшоў?!.
Апошнія яе словы заглушыў звярыны крык Шышкі: усё змяшалася ў гэтым крыку — стогн, выццё, брудная лаянка.
Паліцай падхапіўся з ложка, кінуўся да печы, схапіў сякеру. Ды не паспеў ён замахнуцца, як да яго кінулася Таіса Міхайлаўна і...
выхапіла з рук яго сякеру...
Прыйшоўшы дадому, дзе Валя паводзіла ідэальны парадак, верачы, што нарэшце маці згодзіцца, каб яны прыйшлі з Сашам і адбыліся іх заручыны, Таіса Міхайлаўна нічога не сказала дачцэ, толькі папрасіла яе схадзіць па машынны двор паклікаць бацьку.
Валя пырхнула матыльком.
Застаўшыся адна, Тася вырашыла перш-наперш сабраць бялізну, каб усё было гатова, калі па яе прыедуць. Адчыніла шафу, паглядзела на свой набытак, на паліто, плацці, футры, і тут ёй захацелася плакаць. Узлавалася на сябе за такую слязлівасць і нічога не стала збіраць. Перададуць, што можна! Толькі надзела цёмна-сіні касцюм, у якім звычайна ездзіла на нарады, хадзіла на сесіі сельсавета, абула чорныя чаравікі, уключыла тэлевізар і села перад ім, як госця ў сваім доме. Паказвалі нейкі фільм, але ўнікнуць у яго змест яна не магла.
За акном гусцеў снег. Гэта быў снег жыцця — будучага ўраджаю. Але, гэта было жыццё, і яна адчула яго з новай, бадай невядомай дагэтуль сілай і думала пра ўраджай, пра дзяцей, пра здароўе. Радавалася, што ніякага грыпу ў яе няма. Ногі больш не здаваліся алавянымі. І галава светлая. Добрымі цёплымі хвалямі падступалі сіла, бадзёрасць і... спакой. Гэта радавала больш за ўсё — што знік страх, з якім яна жыла апошнія дні, пасля аварыі,— страх за Івана, за дзяцей. Цяпер яна нічога не баялася. Ад таго, што здарылася так нечакана — не паспела яна і падумаць — але, безумоўна, непазбежна, бо толькі так магла яна засланіць старую, сябе, Івана, дзяцей,— ад таго засталося адчуванне забруджанасці рук. Колькі ні мыла рукі на ўрачэбным пункце... спіртам мыла — не адмыла. Напэўна, праз гэта не хацелася ні да чаго дакранацца тут, у сваім доме. Рукі ляжалі на каленях, як чужыя.
Думала яна пра рознае — неяк пра ўсё адразу. Толькі асобна вырывалася думка аб непазбежнасці таго, што зрабіла. Каб застаўся Іванаў боль, боль яго памяці, страшна падумаць, што было б з ім. Яна павінна была ўзяць яго боль! Цяпер у Івана будзе другі боль — за яе. Але ад гэтага болю ёй будзе спакойна, дзе б яна ні знаходзілася.
Аднаго Таіса Міхайлаўна з баязлівай нецярплівасцю хацела: каб Іван прыйшоў хутчэй, чым па яе прыедуць. Дарэмна яна так спакойна сказала Валі паклікаць яго, гэтая закаханая каза паскача, чаго добрага, міма канторы, а там сустрэне свайго Сашу і забудзецца на ўсё. А яшчэ ёй хацелася, каб дзяцей не было ў хаце, калі яе будуць забіраць. Каб быў адзін Іван.
Івану пазваніў Астаповіч раней, чым да яго прыйшла дачка.
—Бяжы дадому, жонка твая, брат, такое ўтварыла...— Але не сказаў — што, бо не мог знайсці слова, як назваць яе ўчынак. Няшчасцем? Бядой? Для каго? Сам Астаповіч да сардэчнага прыступу быў ашаломлены паведамленнем доктаркі і смактаў валідол.
Іван бег праз гароды — як толькі не разарвалася сэрца. Ускочыў
ухату, убачыў жонку ў крэсле перад тэлевізарам і... аслупянеў. Ці не жарт? Але ж — сам Астаповіч! Хіба ён будзе так жартаваць? А яна паднялася, стаяла на высокіх абцасах, прыгожая, як у маладосці, ласкава ўсміхалася яму.
—Чаго ты такі спалоханы, Ваня? А я... я, знаеш, якая? Як тыя салдаты, што прыйшлі ў Берлін. Я скончыла яе, вайну... яна вярнулася была да нас... да цябе... да дзяцей...
Івана здзівілі і спалохалі яе незвычайныя, як у вершах, словы. Ён здагадаўся, што яна зрабіла. Тася падышла да яго, абняла і сказала зусім проста, па-бабску:
—Ты ж не забудзеш мяне, Ваня.
—Што ты гаворыш, Тася! Родная мая!
—І Забаўскаму скажы... Каб ён Валечку не пакрыўдзіў. Ён добры. Ён разумны. Няхай пажэняцца скарэй.
Ад гэтых слоў Іван заплакаў.
Таіса пагладзіла яго па галаве, як малога. І адразу пачула, што рукі яе сталі чыстыя. Яна ўсміхнулася. Сумна і радасна.
©OCR: Камунікат.org, 2013
©Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2013
©PDF: Камунікат.org, 2013
Шамякін І.
Вазьму твой боль: Раман: — Мн.: Маст. літ., 1982,— 342 с.
Новы раман народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна «Вазьму твой боль» — твор аб нашых сучасніках, аб людзях сённяшняй вёскі. У цэнтры аўтарскай увагі расказ пра лёс таго пакалення беларусаў, якое ў час вайны было дзецьмі і якое яна асіраціла. Але і дагэтуль ваенная трагедыя адгукаецца ў жыцці людзей і нярэдка ломіць іх шчасце, як вось зламала, разбіла яна шчасце Івана Батрака, галоўнага героя рамана.