ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 20.09.2025
Просмотров: 2369
Скачиваний: 0
СОДЕРЖАНИЕ
Беларускія землі ў VI-іх стст.
Беларускія землі ў іх-пач. Хііі стст.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё вкл
Культура і царква вкл. Этнічныя працэсы
Індустрыяльная цывілізацыя (канец XVIII– пачатакxXст.) і беларусь
1. Кастрычніцкая рэвалюцыя. Устанаўленне Савецкай улады ў Беларусі
3. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
5. Савецка-польская вайна на тэрыторыі Беларусі. Вынікі Рыжскага міру (1921 г.) для Беларусі
Тэма. Беларусь у міжваенны перыяд
1. Новая эканамічная палітыка ў бсср
2. Прамысловасць бсср у 20-30-я гг. Індустрыялізацыя: сутнасць і вынікі
3. Сельская гаспадарка бсср у 20-30-я гг. Калектывізацыя: сутнасць і вынікі
4. Грамадска-палітычнае жыццё бсср у 20-30-я гг. Палітыка беларусізацыі
6. Культурнае жыццё бсср у 20–30 гг.
7. Беларускае замежжа ў 20–30-я гг. Хх ст.
8. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы
Тэма. Беларусь у гады другой сусветнай вайны
1. Другая сусветная вайна (1939-1945 гг.). Уключэнне Заходняй Беларусі ў склад бсср
2. Нападзенне Германіі на ссср. Абарончыя баі ў Беларусі і ўстанаўленне акупацыйнага рэжыму
3. Разгортванне партызанскай вайны супраць акупантаў у Беларусі
4. Вызваленне Беларусі ад нямецкай акупацыі
2. Беларусь у 50-я – першай палове 80-х гг. Гаспадарчыя рэформы і іх абмежаванасць
Тэма. Да новай мадэлі грамадскага ладу
2. Бсср на міжнароднай арэне ў 40–80-я гг.
3. Культурнае і духоўнае жыццё бсср у другой палове 40-х – 80-я гг.
Раздзел. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці беларусі (1991–2012 гг.)
2. Рэспубліка Беларусь і сусветнае супольніцтва. Яе адносіны з снд і Расійскай Федэрацыяй
3. Пошукі шляхоў выпрацоўкі эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь
4. Культурнае і духоўнае жыццё Рэспублікі Беларусь
Планы семінарскіх заняткаў і тэмы рэфератаў па гісторыі Беларусі для дзённай формы навучання
Пытанні па гісторыі Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый)да заліку
3. Бронзавы век на Беларусі навукоўцы звязваюць з пачаткам шырокамаштабнай міграцыі прадстаўнікоў культуры шнуравой керамікі ці культуры баявых секер (індаеўрапейцаў), якая пачалася ў ІІІ тыс. да н.э. Прарадзімай арыяў (так называлі сябе некаторыя індаеўрапейскія народы) была тэрыторыя Пярэдняй Азіі. Індаеўрапейцы былі добрымі жывёлаводамі і земляробамі, таму іх культура была значна вышэйшай і больш развітай у параўнанні з культурай паляўнічых і рыбаловаў, на землі якіх яны праніклі.
Выхад індаеўрапейцаў за межы сваёй прарадзімы прывёў да змешвання іх з рознымі па сваёй культуры і мове народамі. У такіх умовах захаваць першапачатковую культуру і адзіную мову індаеўрапейцы ўжо не маглі. У Заходняй Еўропе фарміравалася супольнасць германцаў, у Цэнтральнай Еўропе – славян, а на Беларусі – балтаў.
У выніку сінтэзу на Беларусі з’явіліся новыя археалагічныя культуры, у якіх заўважаліся рысы шнуравой арнаментацыі керамікі. На поўначы Беларусі сфарміравалася паўночнабеларуская культура, на захадзе – вісла-нёманская, на ўсходзе – сярэднедняпроўская, на паўднёвым захадзе – культура шнуравой керамікі Палесся.
Паняцце “бронзавы век” для Беларусі ўмоўнае. Мясцовай сыравіны для вырабу бронзы (медзі і волава) на Беларусі не было. Усе археалагічныя знаходкі бронзавых прадметаў былі або прывазныя, або створаныя з прывазной сыравіны, якая мае паходжанне з Прыкарпацця ці Закаўказзя. У выніку гэтага бронзавыя прылады працы не змаглі выціснуць каменныя. Лічыцца, што менавіта ў бронзавым веку апрацоўка камня дасягнула сваёй дасканаласці. Так, некаторыя крэмневыя сякеры па сваёй форме дакладна паўтаралі бронзавыя.
У бронзавым веку было зроблена шмат дасягненняў: вынайдзены свідравальны станок, з’явіўся пласкадонны посуд, а гэта значыць у інтэр’еры жытла ўжо былі дашчаныя паліцы і сталы. Лічыцца, што індаеўрапейцы былі вынаходнікамі кола і колавага транспарту, патрэба ў якім узнікла ў сувязі з пачаткам міграцыі. З індаеўрапецамі звязаны найстаражытнейшыя на Беларусі курганы. Іх часам называюць “валатоўкамі”. Першыя курганы на тэрыторыі нашай краіны знойдзены каля в. Ходасавічы Рагачоўскага раёна.
З прыходам індаеўрапейцаў на Беларусь актывізаваўся працэс пераходу ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі. Завяршылася неалітычная рэвалюцыя. Спачатку пад пасевы займалі ўчасткі ў поймах рэк. Глебу рыхлілі драўлянымі і рагавымі матыкамі (матычнае земляробства). Паколькі большая частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта лясамі, то адчуваўся недахоп у свабодных землях. У выніку ў бронзавым веку пачалі выпальваць і высякаць лясы – узнікла падсечна-агнявое ці ляднае земляробства. Для таго, каб падрыхтаваць дзялянку (ляду) пад сяўбу, высякалі лес, давалі ссечаным дрэвам высахнуць, а потым іх спальвалі. Попел угнойваў верхні слой глебы, а агонь знішчаў пустазелле. Для апрацоўкі зямлі выкарыстоўвалі барану-сукаватку. Насельніцтва бронзавага веку гадавала коз, авечак, кароў, коней і свіней. Пільнаваць статак чалавеку дапамагаў сабака.
Жывёлагадоўля і земляробства вылучылі на першы план працу мужчыны. Мужчына пасвіў і ахоўваў статак, высякаў лясы і апрацоўваў зямлю. Мужчына стаў галоўным у абшчыне. Цяпер пры заключэнні шлюбаў не мужчына адыходзіў у род жонкі, а жонка прыходзіла ў род свайго мужа. Такую абшчыну называюць познеродавай ці бацькоўскай. На гэтай стадыі развіцця грамадства ўзнікае маёмасная няроўнасць, рэзка пагаршаецца становішча жанчыны. Парная сям’я ў эпоху бронзавага веку канчаткова змяняецца аднашлюбнай (манагамнай). Аднак, у сувязі з тым, што прылады працы былі неэфектыўнымі, малая сям’я не магла быць асобнай гаспадарчай адзінкай. У выніку патрыярхальная сям’я заставалася вялікай, яна ўключала цэлы клан найбольш блізкіх родзічаў.
4. Заключным этапам першабытнасці на тэрыторыі Беларусі стаў ранні жалезны век, які найперш характарызаваўся з’яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі, вырабам з жалеза прылад працы і зброі. Жалеза выплаўлялі з мясцовай сыравіны – балотнай руды. Руду даставалі з балота, змяльчалі, сушылі. Затым старажытныя майстры рабілі глінабітныя доменныя печы. Шахту печы загружалі пластамі дравеснага вугалю і руды. У ніжняй частцы печы меліся адтуліны для ўдзімання паветра. Паветра ўдзімалі ў домніцу праз гліняныя трубкі – соплы і ў камеры гарэння стваралі тэмпературу да 1200 С. У выніку хімічных пераўтварэнняў жалеза ў выглядзе дробных размякчаных зярнят (крыцы) асядала на дно печы. Калі печ астывала, яе разбуралі, каб узяць порыстую масу чорнага металу на далейшую апрацоўку. Такі спосаб атрымання жалеза называецца сырадутным. Дарэчы, першая домніца на тэрыторыі Беларусі знойдзена каля в. Лабеншчына Мінскага раёна. Старажытныя металургі з’яўляліся адначасова і кавалямі. Атрыманае крычнае жалеза разагравалі на кавальскім горне, а потым пракоўвалі, каб выдаліць з яго шлакі і зрабіць кавалак жалеза больш шчыльным. З жалеза выраблялі асноўныя прылады працы, зброю. Каляровыя металы ў жалезным веку пачалі выкарыстоўваць у асноўным у ювелірнай справе. На ачагах у невялікіх гліняных пасудзінах – тыглях – плавілі бронзу. У спецыяльных гліняных формачках з яе адлівалі разнастайныя ўпрыгожанні.
Асноўнымі відамі гаспадаркі ў раннім жалезным веку былі земляробства і жывёлагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам. Па-ранейшаму практыкавалася падсечна-агнявая сістэма, аднак прымянялася і ворыва драўляным ралам, якое часам асаджалася жалезным наральнікам. Ворыўнае земляробства звязваецца з прыходам на Беларусь славян. Першае рала на тэрыторыі нашай краіны знойдзена каля в. Капланавічы. Цяглавай сілай былі вол і конь. Вырошчвалі збожжавыя: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, проса, а таксама бабовыя культуры і розную гародніну. Ураджай збіралі сярпамі. Зерне расціралі на муку ў каменных зерняцёрках. Ежу гатавалі на адкрытых ачагах. Печы з’явіліся толькі ў канцы ранняга жалезнага веку. У жывёлагадоўлі найбольшае значэнне мела развядзенне буйной рагатай жывёлы і свіней.
Амаль усё неабходнае для жыцця людзі выраблялі на месцы самі. Такую гаспадарку называюць натуральнай. Разам з тым развіваўся і міжплемянны абмен. На тэрыторыю Беларусі прывозілі бронзу, бурштын, шкляныя каралі (з антычных гарадоў Паўночнага Прычарнамор’я). Жалезным векам датуюцца знойдзеныя на Беларусі грэчаскія і рымскія манеты. У абмен на прывазное багацце жыхары Беларусі прапанавалі футры, мёд, воск, збожжа і рабоў.
Большую частку нашай краіны ў жалезным веку засялялі балты, аб чым сведчаць даныя гідранімікі (Волча, Гайна, Грыўда, Друць, Клёва, Лучоса, Мытва, Нача, Ула, Эса). У паўночных раёнах сучаснай Віцебскай вобласці на некаторых гарадзішчах сумесна з балтамі жылі фіна-угры (гідронім Дзвіна). Напрыканцы жалезнага веку з паўднёвага захаду пачалася славянская міграцыя (гідронімы Стыр, Стубла, Сваратоўка, Рубча).
Вучоныя вызначылі некалькі археалагічных культур ранняга жалезнага веку. Падзвінне засялялі плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры. Некаторыя гісторыкі лічаць магчымым звязаць днепра-дзвінцаў з андрафагамі, пра якіх пісаў Герадот. Цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі. Яе посуд адрознівае знешняя паверхня, пакрытая хаатычна нанесенай штрыхоўкай, што была зроблена пучком травы ці саломы. Гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі добра даследавана каля в. Малышкі (Мінская вобласць). Сярэдняе і Верхняе Падняпроўе з VIІ па ІІІ стст. да н.э. было заселена мілаградскімі плямёнамі. Частка гісторыкаў звязвае гэтае насельніцтва з герадотавымі неўрамі. Без сумнення, усе пералічаныя плямёны з’яўляліся балцкімі. Найбольш даследаваны помнік дадзенай археалагічнай культуры – в. Мілаград Рэчыцкага раёна.
У канцы І тыс. да н.э. на месцы знаходжання мілаградцаў сфарміравалася балта-славянская зарубінецкая культура. У Беларусі найбольш даследаваны комплекс помнікаў знаходзіцца каля в. Чаплін (Гомельская вобласць). Зарубінцы падтрымлівалі сувязь з кельтамі, скіфамі. З грэчаскіх гарадоў Прычарнамор’я да іх траплялі гліняныя амфары і шкляныя пацеркі. Для мілаградцаў і зарубінцаў характэрна будаўніцтва аднапакаёвага жылля. Насельніцтва паморскай культуры займала паўднёвы захад Беларусі. Пытанне аб этнічнай прыналежнасці паморцаў да канца не высветлена. Ёсць меркаванні, што гэтая культура магла быць славянскай. У канцы ранняга жалезнага века (ІІІ-V стст. н.э.) на паўднёвым усходзе Беларусі пражывала насельніцтва кіеўскай археалагічнай культуры. Паселішчы гэтай культуры (пераважна селішчы!) адносяцца да рымскага часу. Найбольш даследаваным з’яўляецца селішча каля в. Адаменка (Магілёўская вобласць). Тут знойдзена больш усяго лунніц, медная манета Геты, якая трапіла з Балгарыі, рэшткі рымскай керамікі, пакрытай лакам. Каля в. Тайманава выяўлены грунтавы могільнік. Многія вучоныя лічаць плямёны кіеўскай культуры славянскімі.
Развіццё прадукцыйных сіл у жалезным веку непазбежна вяло да росту колькасці прадуктаў, здабываемых асобным вытворчым калектывам. Цяпер не ўсе прадукты, што здабываліся, ішлі ў ежу. З’явіліся лішкі, што ў гістарычнай навуцы атрымала назву “прыбавачны прадукт”. Яго можна было выкарыстоўваць для абмену або накаплення.
З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтай рабаўніцтва. Дзеля абароны свайго жыцця і маёмасці людзі пачалі сяліцца ў цяжкадаступных месцах, сярод балот і лясоў, умацоўваючы свае паселішчы равамі з землянымі валамі. Так узніклі ўмацаваныя гарадзішчы, якія сталі асноўным тыпам паселішчаў амаль на працягу ўсёй эпохі жалеза. Зноў жа ў сувязі з пачаткам войнаў у пачатку нашай эры пачалі ўтварацца саюзы плямён.
Асноўнай вытворчай адзінкай ранняга жалезнага веку стала малая сям’я. Паколькі знікла неабходнасць працаваць родавым калектывам, то многія сем’і пачалі выходзіць з абшчыны і перасяляліся на новае месца да новых калектываў. А гэта азначала, што на змену родавай абшчыне паступова прыйшла суседска-родавая ці тэрытарыяльная абшчына. Кіраўніцтва абшчынай знаходзілася ў руках патрыярхальнай знаці. Яна выкарыстоўвала сваё прывеліяванае становішча ў грамадстве і хутка багацела. У сувязі з пачаткам войнаў пачало фарміравацца патрыярхальнае рабства.
5. Жыццё першабытных людзей праходзіла ў жорсткай барацьбе за існаванне. Чалавеку не хапала ведаў, каб зразумець і растлумачыць навакольны свет. Многія з’явы і падзеі ўспрымаліся ім у фантастычным выглядзе, вельмі далёкім ад рэчаіснасці. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў такіх ранніх відах рэлігійных уяўленняў, як татэмізм, фетышызм, анімізм і магія.
Татэмізм – сукупнасць фантастычных уяўленняў, звычаяў і абрадаў, заснаваных на веры ў звышнатуральную роднасць паміж групай людзей і так званым “татэмам” – пэўным відам жывёл. Татэмізм пазней адлюстраваўся ў некаторых міфах, казках, абрадах беларусаў, напрыклад у абрадзе пераапранання ў казу ці мядзведзя ў час калядавання.
Фетышызм – культ неадушаўлённых прадметаў, надзеленых звышнатуральнымі ўласцівасцямі. Фетышызм пазней стаў адным з элементаў сусветных рэлігій. У хрысціян, напрыклад, ён знайшоў адлюстраванне ў веры ў звышнатуральныя ўласцівасці крыжа.
Анімізм – вера ў існаванне душ і духаў. Найбольш пашыранымі ўяўленнямі анімізму былі духі прыроды (палявік, вадзянік, лясун) і хатнія духі (дамавік, кутнік).
Магія – вера ў здольнасць чалавека асобным чынам уздзейнічаць на людзей, жывёл, расліны і іншыя з’явы прыроды.
Першабытныя людзі, каб прыцягнуць на свой бок сілы прыроды, выконвалі розныя абрады. Так, на ранніх ступенях развіцця першабытнага грамадства ўзнік культ агню. З пераходам да вытворчай гаспадаркі на першае месца ў земляробаў выходзіць культ сонца, у жывёлаводаў – культ каня і іншай хатняй жывёлы. На стадыі распаду родавага ладу найбольш пашыранымі з культаў першабытных людзей быў культ продкаў, які быў звязаны з анімістычнымі ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду. У гэтым кульце знайшлі адлюстраванне і татэмічныя ўяўленні першабытных людзей, калі ўшаноўваліся татэмы, якія лічыліся першапродкамі чалавека.
Важнае месца ў жыцці першабытных людзей займаў пахавальны абрад, які быў звязаны з верай чалавека ў замагільнае жыццё і страхам перад смерцю. На Беларусі існавалі два асноўныя віды пахавання памерлых. Першы – трупапалажэнне (інгумацыя), калі цела змяшчалася ў неглыбокую яму, закопвалася ў грунт. Другі – трупаспаленне (крэмацыя), калі цела спальвалі на агні, які лічыўся свяшчэннай сілай. На магіле памерлага часам наладжвалася трызна – урачысты абрад у выглядзе гульні ці спаборніцтва.
Разам са з’яўленнем рэлігійных уяўленняў чалавека ўзнікла і першабытнае мастацтва. Некаторыя вучоныя лічаць, што мастацтва ўзнікла з магічных абрадаў, якія былі звязаны найперш з паляваннем. Так, мужчыны перад паляваннем на зямлі малявалі выяву жывёлы, якую хацелі забіць, цэліліся ў яе і выконвалі вакол малюнка рытуальны танец, імітуючы ў ім рухі паляўнічага. Усе гэтыя дзеянні, на думку першабытных людзей, павінны былі забяспечыць ім удалае паляванне. Так ці інакш у помніках мастацтва адлюстроўваліся старажытныя ўяўленні людзей аб навакольным асяроддзі.
Самыя раннія помнікі мастацтва ўзніклі яшчэ ў палеаліце. Шырока вядомыя на многіх палеалітычных стаянках Еўропы вырабленыя з косці фігуркі жанчын – палеалітычныя Венеры. Адна такая змайстраваная з біўня маманта статуэтка знойдзена непадалёку ад тэрыторыі Беларусі на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці. Статуэтка жанчыны – гэта выява мацярынскіх продкаў, сімвал адзінства і кроўнай сувязі членаў рода. Старажытныя жыхары тых жа Елісеевіч у магічных мэтах выкарыстоўвалі так званыя чурынгі – пласціны з біўняў маманта, аздобленыя геаметрычным арнаментам. На жаль, у самой Беларусі палеалітычнае мастацтва прадстаўлена слаба. У Юравічах знойдзена пласціна з біўня маманта, на якой каменным разцом нанесены арнамент, які нагадвае рыбную луску. На мезалітычных стаянках Беларусі амаль не маецца знаходак з камня і косці. Толькі пад Смаргонню знойдзены масіўны выраб з рогу, пакрыты нарэзкавым і кропкавым узорам.