ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 28.12.2019
Просмотров: 1840
Скачиваний: 6
1.БЕЛАРУСКАЯ МОВА СЯРОД ІНШЫХ МОЎ.
У свеце налічваецца каля трох тысяч моў, якія паводле агульнасці паходжання падзяляюцца на вялікія групы – сем’і.
Найбольшай колькасцю носьбітаў мовы вызначаюцца індаеўрапейская, кітайская, сяміта-хаміцкая, цюркская сем’і і г.д.
Славянскія мовы ўтвараюць асобную групу — славянскую. На іх гавораць больш за 300 мільёнаў чалавек. Вылучаюць паўднёваславянскія мовы (балгарская, стараславянская (мёртвая мова), македонская, сербахарвацкая, славенская), заходнеславянскія мовы (чэшская, славацкая, польская, лужыцкая) і ўсходнеславянскія (руская, украінская і беларуская).
Пісьмовы перыяд развіцця ўсходнеславянскіх моў пачынаецца з прыняццем хрысціянства і прыходам да нас кірылічнага пісьма. Назва азбукі паходзіць ад імя Кірылы – вядомага асветніка і прапаведніка хрысціянства ў славян. У ІХ ст. браты Кірыл і Мяфодзій стварылі першую славянскую літаратурную мову – стараславянскую. У яе аснове ляжаў дыялект салунскіх славян. На яе былі зроблены пераклады царкоўных кніг з грэцкай мовы. Па сённяшні дзень праваслаўная царква карыстаецца гэтай мовай, якую цяпер называюць царкоўнаславянскай.
У Старажытную Русь стараслявянская мова прыходзіць разам з Бібліяй. Спачатку яна адзіная з’яўляецца пісьмовай мовай на ўсходнеславянскіх землях. Але паступова народна-гутарковая мова таксама набывае пісьмовую форму.
2.Старажытнаўсходнеславянскі перыяд развіцця беларускай мовы.
Старажытнаруская мова – гэта агульная крыніца для сучасных рускай, украінскай і беларускай моў. На ёй размаўлялі ўсе ўсходнеславянскія плямёны.
У Х–ХІV стст. на старажытнарускай мове створана шмат рукапісных помнікаў (рэлігійных, дзелавых, мастацкіх і інш.), частка якіх захавалася да нашага часу пераважна ў выглядзе пазнейшых перапісаных копій. Многія з захаваных старажытнарускіх твораў напісаны на беларускай зямлі нашымі славутымі продкамі К. Тураўскім, К. Смаляцічам, Л. Богшам і інш. Асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні выдатнага прамоўцы і публіцыста ХІІ ст. Кірылы Тураўскага. Яго словы і пропаведзі вызначаліся бліскучай знешняй формай. Кірыла ўмела выкарыстоўваў вытанчаныя прыёмы візантыйскіх прапаведнікаў, яго творы насычаны алегорыямі, супрацьпастаўленнямі, параўнаннямі і іншымі сродкамі аратарскай мовы.
з ХІІ–ХІV стст., пачынаецца ўтварэнне мяккіх дз’, ц’ (дзіця, людзі), зацвярдзенне р (Дрыса), узнікненне падоўжаных зычных (зелле, каменне, жыццё). Гэтыя пісьмовыя адметнасці значна пашырыліся ў пісьмовых помніках XIV–XV стст., што дае падставу пачынаць адлік узнікнення старабеларускай мовы з XIV ст.
3.4.Стан беларускай мовы ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
У параўнанні з сучаснай старабеларуская літаратурная мова адметная не толькі з боку архаічнасці сваёй структуры. Хоць яна і функцыянавала ў розных сферах грамадскага жыцця, аж да дзяржаўных уключна, сацыяльная база яе была вузкай: ёю карысталася параўнальна невялікая частка грамадства, паколькі народныя масы былі пераважна непісьменныя. Яна не абапіралася на жывую моватворчасць народа, як у наш час.
6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу «Псалтырь» на старабеларускай мове (з элементамі царкоўнаславянскай) у Празе. Пазней ён надрукаваў астатнія кнігі Бібліі (усяго 23) на 2440 старонках, даўшы тым самым пачатак кнігадрукаванню ва ўсходніх славян. Менавіта з пачаткам кнігадрукавання працэс асветніцтва пашыраецца на нашыя землі, бо кніга стала значна таннейшай у параўнанні з папярэднім часам, калі ўсё перапісвалася ад рукі, а значыць, яна стала даступнай больш шырокаму колу насельніцтва. Даступнасць друкаванай кнігі стала штуршком для развіцця пісьменнасці сярод простых людзей. Справу Ф. Скарыны прадоўжылі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.
Сярод помнікаў дзелавой старабеларускай літаратуры асабліва вядомыя тры рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (1529, 1566, 1588 гг.). Роля Статута ў гісторыі беларускай мовы надзвычай вялікая. Ён замацоўваў лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу. Мова Статута характарызавалася ўніфікаванасцю графікі і апорай на жывое маўленне ў правапісе. Багаццем лексікі са Статутам не можа параўнацца ніводзін іншы помнік старабеларускага пісьменства.
У XVI–XVII стст. на беларускай мове вялася дакументацыя ў гарадскіх управах, магістратах і магдэбургіях, у гарадскіх, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася ў дыпламатычнай і прыватнай перапісцы і г.д. Дзелавое пісьменства было самым прагрэсіўным паводле адлюстравання рысаў жывой беларускай мовы.
З канца XVI ст. беларуская мова стала абавязковым прадметам навучання ў праваслаўных брацкіх школах, дзе вывучаліся таксама польская, лацінская і грэчаская мовы.
У другой палове XVI ст. польская культура, у тым ліку і польская мова, пачала інтэнсіўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абараніць беларускую мову, у Статут ВКЛ 1566 года быў уключаны спецыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы. Гэты пункт пазней быў захаваны ў друкаваным Статуце 1588 года і нават у перакладзе Статута на польскую мову ў 1614 годзе.
Складаная моўная сітуацыя, якая існавала на Беларусі, спрасцілася ў канцы XVII ст., калі ўсеагульнай канфедэрацыяй саслоўяў у 1696 годзе была прынята пастанова пісаць дзелавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску. Усё наступнае стагоддзе ў афіцыйным канцылярска-юрыдычным пісьменстве на Беларусі панавалі польская і лацінская мовы.
У XVIII ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю галоўным чынам у інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драматычных твораў, шта ставіліся ў тагачасных вучэльнях. З іх асаблівую цікавасць выклікаюць дзве камедыі ў зборніку 1787 г. выкладчыкаў рыторыкі Забельскай дамініканскай калегіі К. Марашэўскага і М. Цяцерскага.
У канцы ХVIII ст. у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Беларусь была канчаткова далучана да Расіі. З гэтага часу афіцыйнай мовай на Беларусі стала руская (вялікаруская). Аднак да 1830-х гадоў шырока ўжывалася і польская мова, якая захоўвалася ў справаводстве і школьным выкладанні. Беларускай мовай карысталіся ў вусным маўленні, на ёй працягваў развівацца фальклор.
Паколькі багатыя традыцыі старабеларускага пісьменства былі перарваныя, новая беларуская літаратурная мова складвалася на народна-дыялектнай аснове.
Характэрныя рысы народнай гаворкі адлюстроўваюць і творы пісьменнікаў першай паловы ХІХ ст., якія пісаліся на беларускай мове, асабліва гэта тычыцца твораў Паўлюка Багрыма і Яна Чачота.
Паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага стала новай вехай у расійскай палітыцы русіфікацыі Беларусі. У перыяд падрыхтоўкі і правядзення паўстання з’явіліся нелегальныя пракламацыі і адозвы, сярод якіх асобае месца займае першая беларуская нелегальная газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага.
У пачатку 1905 года ў Расійскай імперыі пачынаюццца рэвалю-цыйныя хваляванні. Урад, напалоханы размахам нацыянальна-вызвален-чага руху, ідзе на ўступкі нацыянальным меншасцям. Быў выдадзены так званы Закон аб свабодзе друку.
У 1906 годзе пасля выхаду сямі нумароў газеты «Наша доля» пачынае выходзіць газета «Наша ніва», якая друкавалася двума шрыфтамі – кірыліцай і лацінкай. Асновай праграмы «Нашай нівы» было «будзіць у беларусаў пачуццё чалавека і грамадзяніна», голасна гаварыць пра яго патрэбы і правы.
Увогуле колькасць выданняў на беларускай мове пасля падзей першай рускай рэвалюцыі 1905 года рэзка ўзрасла. Паводле падлікаў вучоных, у пачатку ХХ ст. (да Кастрычніцкай рэвалюцыі) выйшла 245 выданняў, тады як за ўсё ХІХ ст. толькі 75. Легалізацыя беларускага друку спрыяла таму, што пачынаецца ўніфікацыя беларускага правапісу: замацоўваецца фанетычны прынцып пісьма для перадачы галосных гукаў, а для перадачы зычных – марфалагічны.
5.Развіццё беларускай мовы ў 1917-1939 гг.
У
1917 годзе ні Лютаўская, ні Кастрычніцкая
рэвалюцыі так і не далі Беларусі
доўгачаканай дзяржаўнасці. У снежні
1917 года збіраецца Усебеларускі Кангрэс,
які абірае ўстаноўчую раду і даручае
ёй падрыхтаваць дакументы для абвяшчэння
беларускай дзяржавы.
25 сакавіка 1918
года была абвешчана Беларуская Народная
Рэспубліка (БНР),
у час існавання якой выходзяць адразу
пяць граматык беларускай мовы. Сярод
іх найбольш аўтарытэтнай стала «Беларуская
граматыка для школ» Браніслава
Тарашкевіча.
Для ўпарадкавання нормаў роднай мовы ў лістападзе 1926 года была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У яе працы з правам вырашальнага голасу прынялі ўдзел 69 чалавек – прадстаўнікі розных навучальных устаноў, Інбелкульта, літаратурных аб’яднанняў, а таксама спецыялісты з РСФСР, УССР і замежных краін. На канферэнцыі былі ўнесены прапановы па змене графічных знакаў для гукаў [дз] і [дж], замене літары й на j і інш., а таксама разнастайныя прапановы па зменах у правапісе.
Для
далейшай апрацоўкі правапісу ў кастрычніку
1927 года пры Інбелкульце была створана
спецыяльная правапісная камісія, у
склад якой увайшлі С. Некрашэвіч
(старшыня), Я. Лёсік,
В. Ластоўскі, П.
Бузук, І. Бялькевіч, Я. Купала, У. Чаржынскі,
А. Багдановіч (сакратар). Камісія
працавала па красавік 1929 года. Вынікам
яе 33 пасяджэнняў стала выданне «Беларускі
правапіс (праект). Апрацаваны правапіснай
камісіяй БАН» (Мн., 1930), куды было ўключана
77 арфаграфічных правілаў.
У сакавіку 1930 года Інстытут мовазнаўства прыступіў да падрыхтоўкі новага праекта правапісу, які быў закончаны і надрукаваны ў 1933 годзе. У ім было 84 правілы. Пасля ўнясення невялікіх змен ён лёг у аснову пастановы Саўнаркома БССР ад 26.08.1933 г. «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». З улікам гэтай пастановы ў 1934 годзе быў выдадзены разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правілаў «Правапіс беларускай мовы».
Арфаграфічная рэформа 1933 года ў гісторыі беларускага мовазнаўства і беларускай культуры – з’ява неадназначная. З аднаго боку, выкліканая патрэбамі тагачаснай моўнай практыкі, яна ў значнай ступені абагульніла і рэалізавала здабыткі беларускага мовазнаўства 1920-х гадоў.
У 1938 годзе СНК (Савет народных камісараў) і ЦК ВКП(б) выдаюць пастанову «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». З таго часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальнага і выхаваўчага працэсу.
У канцы 30-х гадоў распачалася новая дыскусія аб правапісе, якая працягвалася і пасля вайны. У маі 1957 года выходзіць спецыяльная пастанова Савета Міністраў БССР «Аб удасканаленні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». З улікам гэтай пастановы ў 1959 годзе быў выдадзены збор правілаў беларускай арфаграфіі.
6.Становішча беларускай мовы ў 40-ыя - 80-ыя гады і ў наш час.
40–80-я гады сталі часам звужэння сферы ўжытку беларускай мовы. Асабліва выразна гэта праяўлялася ў галіне адукацыі і вытворчасці. Не было ніводнай ВНУ, якая давала б магчымасць атрымаць вышэйшую аду-кацыю па-беларуску, нават філолагам-беларусазнаўцам агульнаадукацый-ныя дысцыпліны чыталіся па-руску.
26 студзеня 1990 года выходзіць Закон аб мовах у БССР. Згодна з гэтым законам, адзінай дзяржаўнай мовай у БССР стала беларуская. Руская мова набывала статус мовы міжнацыянальных зносін. Пасля выхаду закона беларуская мова вельмі хутка пачынае вяртаць страчаныя калісьці пазіцыі: навучанне ў школах, ВНУ, працоўныя дакументы ў дзяржаўных установах пачынаюць пераводзіць на беларускую мову. Але аказалася, што са зменай палітычнай сітуацыі ў пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай, калі стала пашырацца сфера выкарыстання беларускай мовы і павялічвацца кола яе носьбітаў, пытанні аб новым удакладненні і ўдасканаленні правапісу зноў сталі актуальнымі. На старонках перыядычных выданняў разгарнулася арфаграфічная дыскусія, у ходзе якой выказваліся прапановы перагледзець усё тое, што было зроблена ў 1933 і 1957 гадах. Некаторыя найбольш радыкальна настроеныя дыскутанты наогул прапаноўвалі вярнуцца да правапісу 1920-х гадоў. Асобныя газеты і часопісы пачалі змяшчаць матэрыялы, надрукаваныя паводле правапісу Б. Тарашкевіча.
З мэтай удасканалення правапісу была арганізавана рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Праблемы беларускага правапісу», якая праходзіла 19–20 лістапада 1992 года ў Мінску. Канферэнцыя прыняла пастанову, у якой было адзначана, што ўдзельнікі канферэнцыі лічаць пастанову СНК 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» фактам палітычнага ўмяшання ў моўны працэс.
У 1995 годзе было ўзаконена двухмоўе, што рэзка прытармазіла працэс увядзення беларускай мовы ва ўсе сферы жыцця. Фактычна зноў руская мова заняла тое ж месца, якое мела ў савецкі час.
7.Білінгвізм, або двухмоўе.
Беларуская мова мае дзве формы: дыялектную і літаратурную.
Дыялектная мова – гэта вусная неўнармаваная форма нацыянальнай мовы, якая распаўсюджана на пэўнай тэрыторыі і адрозніваецца пэўнымі фанетычнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі і лексічнымі асаблівасцямі. У беларускай мове вылучаюць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні.
Літаратурная мова – гэта апрацаваная майстрамі слова, унармаваная, стылістычна разгалінаваная вышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая замацавана ў пісьмовых крыніцах.
Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне, выбар слова, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў.
Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснай і пісьмовай (дыялектная мова – толькі ў вуснай). Гэта дзве раўнапраўныя формы рэалізацыі літаратурнай мовы, кожная з якіх мае сваю сферу выкарыстання.
Сучасная літаратурная мова склалася ў пачатку ХХ ст., калі выходзіла газета «Наша ніва».
Двухмоўе – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Сінонім двухмоўя – білінгвізм, ад лацінскага bi – двойчы і lingua – мова. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, то прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм.
Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:
– індывідуальнае, калі мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;
– групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя сацыяльныя слаі;
– поўнае, або суцэльнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа.
Вылучаюць тры аспекты двухмоўя: псіхалагічны, педагагічны і сацыялінгвістычны. Псіхалагічны аспект звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасаванасцю і г.д., з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўлыў адной мовы на працэс засваення другой. Сацыялінгвістычная характарыстыка двухмоўя грунтуецца на такіх параметрах:
сфера выкарыстання першай і другой мовы;
ступень авалодання мовамі; набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, жаргон і г.д.);
размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы; ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.