Файл: Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Вуч.дап. Белазаровіч.pdf
ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 02.08.2025
Просмотров: 2818
Скачиваний: 0
Не заладзіліся асабістыя адносіны Доўнар-Запольскага з рэктарам БДУ У.І.Пічэтам, які садзейнічаў ад’езду даследчыка з БССР. У верасні 1926 г. М.В.Доўнар-Запольскі пад прымусам ЦК КП(б)Б і органаў НКУС назаўсёды пакідае Беларусь. Сям’я пераязджае ў Маскву, дзе вучоны працуе прафесарам Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, выкладчыкам у Інстытуце народнай гаспадаркі імя Г.В.Пляханава, правадзейным членам Інстытута гісторыі АН
СССР.
Вельмі цяжкім быў для Доўнар-Запольскага перыяд з другой паловы 1920-х гадоў. У 1927 г. яму споўнілася 60 гадоў. У Беларусі ўсё шырэй разгортваецца барацьба супраць нацдэмаў. 14 чэрвеня 1929 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне «Паведаміць ЦК ВКП(б) аб тым, што ЦК КП(б)Б катэгарычна супраць кандыдатуры Доў- нар-Запольскага ў Акадэмію Навук СССР». У 1930 – 1934 гг. практычна ўсе працы Доўнар-Запольскага жорстка крытыкуюцца. Сам ён абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме, неанародніцтве і нават фашызме. Асабліва стараецца яго былы вучань А.Аглоблін, які абвяшчае барацьбу супраць буржуазнай гістарычнай школы Доўнар-Запольскага адной з найважнейшых задачаў савецкай гістарычнай навукі. Не абыйшоў яго сваёй увагай і акадэмік Шчарбакоў. У сваёй працы «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі: Гістарыяграфічныя нарысы» (1934 г.) ён назваў ДоўнарЗапольскага «ідэёлагам і правадыром наццэмаў на Беларусі». 30 верасня 1934 г. Доўнар-Запольскі памёр.
Да абагульняльных працаў па гісторыі Беларусі адносіцца кніга В.К.Шчарбакова «Нарыс гісторыі Беларусі», першая част-
ка якой была выдадзена ў 1934 г. Даследчык на падставе прынцыпу партыйнасці прааналізаваў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытных часоў па ХVІІІ ст. Перыядызацыя аўтарам пабудавана на марксісцкім фармацыйным падыходзе: вызначаюцца «першабыт- на-камуністычнае грамадства і яго разлажэнне», «развіццё феадалізма і класавая барацьба да сярэдзіны ХV ст.», «далейшае развіццё феа- дальна-прыгонніцкай гаспадаркі і рост эксплуатацыі сялянства», «сялянскі рух у ХVІ і ХVІІ ст.», «феадальна-прыгонніцкія адносіны і барацьба сялянства ў другой палове ХVІІ і ў ХVІІІ ст».
У цэнтры ўвагі В.К.Шчарбакова – эканамічныя працэсы і класавая барацьба ў Беларусі. Пры гэтым адчуваецца мадэрнізацыя гістарычнага мінулага. Напрыклад, прычынамі ўтварэння ВКЛ аўтар лічыць аб’яднанне кіруючых колаў супраць абшчыннага сялянства з мэтай захопу яго земляў і пераўтварэння ў прыгнечаны клас, знешняя небяспека ад мангола-татараў і крыжакоў. Праўда, даследчык вызначыў ВКЛ як «Літоўска-Беларускую дзяржаву».
220
Падзеі палітычнага жыцця падаваліся з прыярытэту класавай барацьбы. Нават Люблінская унія, згодна з Шчарбаковым, была вынікам сялянскага руху. Аўтар адмаўляў магчымасць культурнага развіцця ў эпоху феадалізму, таму не раскрыў дзейнасць Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, С.Буднага. Дарэчы, ён увёў паняцце «феадальная культура»: «У феадальным, а таксама і капіталістычным грамадстве ўласна культурай лічылася культура панавальных класаў». Царква абвінавачвалася ў тым, што яна падтрымлівала толькі вузкую грамадскую праслойку, а гісторыкі нацыянальна-дэмакратыч- нага кірунку не далі «выразна класавай ацэнкі ўсіх гэтых з’яў феадальнай культуры».
Пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты ў чэрвені 1941 г. выйшлі «Нарысы па гісторыі Беларусі». У гэтай калектыўнай працы гістарычнае мінулае Беларусі разглядалася са старажытных часоў да падзелаў Рэчы Паспалітай. Але ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі амаль увесь тыраж кнігі загінуў і не дайшоў да чытача.
3. Даследаванне гісторыі Беларусі феадальнага перыяду ў даваенны час. У даваенны перыяд асноўная ўвага беларускіх гісторыкаў была сканцэнтравана на вывучэнні праблемаў гісторыі Беларусі эпохі феадалізму. З.Ю.Капыскі і В.У.Чапко прывялі факт, што за 1918 – 1941 гг. у БССР было апублікавана 140 працаў, прысвечаных гэтаму перыяду: 23 кнігі, 102 артыкула, 16 артыкулаў у газетах.
Асновы для вывучэння шматлікіх праблемаў гісторыі Беларусі ІХ – сярэдзіны ХІХ ст. заклаў У.І.Пічэта. У дакументальнай двухтомавай працы «Аграрная рэформа Жыгімонта-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве» (1917 – 1918 гг.) ён разглядзеў пры-
чыны правядзення і вынікі гаспадарчых пераўтварэнняў сярэдзіны ХVІ ст. Новым словам у айчыннай гістарыяграфіі стала кніга
«Гісторыя сельскай гаспадаркі і земляробства Беларусі (да канца ХVІ ст.)», выдадзеная ў Мінску ў 1927 г. Аўтар раскрыў кіруючую ролю класа феадалаў у развіцці аграрных адносінаў, ахарактарызаваў феадальную вотчыну, закрануў праблему запрыгоньвання сялянства – лічыў прыгоннае права вынікам грамадскага развіцця. Гэты пастулат супярэчыў пазіцыі гісторыкаў дзяржаўна-юрыдыч- най школы другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.
Вучнем Пічэты Андрэем Вікенцьевічам Бурдзейка (1899 –
1941 гг.) разглядалася класавая сутнасць феадальнай улады і яе заканадаўчая роля ў зацвярджэнні і далейшым умацаванні феадальнапрыгонніцкай сістэмы. Ён на падставе аналіза Статута ВКЛ 1566 г.
221
даказваў існаванне прыгонніцтва ў ВКЛ. Ён жа напісаў нарыс гісторыі Навагрудка, дзе ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі адзначыў яго ролю як сталіцы ВКЛ.
Аб'ёмны артыкул Т.І.Забелы «Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове ХVІІІ сталецьця» (1928 г.),
у якім аўтар абапіраўся на інвентары феадальных уладанняў, вывучаў стан панскай і сялянскай гаспадарак на беларускіх землях у апошняе стагоддзе Рэчы Паспалітай. Аўтар падкрэсліваў, што ў XVIII ст. узмацнілася эксплуатацыя сялянства. Але ён памылкова сцвярджаў пра заняпад эканомікі Беларусі ў другой палове XVIII ст., адмаўляў яе сувязь з рынкам.
Тодар Іванавіч Забела (1896 – 1935(?) гг.) нарадзіўся ў в.Ча-
бусы Бабруйскага павета. Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам. У 1925 – 1928 гг. вучыўся ў аспірантуры БДУ пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты. З 1928 г. супрацоўнік Інбелкульта, затым Беларускай АН. З 1929 г. працаваў у Магілёўскім дзяржаўным архіве. Арыштаваны па справе СВБ. Быў высланы на пяць гадоў у Елабугу, дзе памёр.
Працы К.І.Кернажыцкага, у прыватнасці, «Гаспадарка пры-
гоннікаў на Беларусі ў канцы XVIII і першай палове ХІХ ст.: (Да праблемы разлажэння феадалізма ў Беларусі)» (1935 г.) былі пры-
свечаны характарыстыцы феадальнай вотчыны на тэрыторыі Беларусі.
Канстанцін Іванавіч Кернажыцкі (1902 – 1942 гг.) нарадзіў-
ся ў в.Выдранка Чэрыўскага павета. Кандыдат гістарычных навук (1934 г.). У 1930 – 1937 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, адначасова выкладаў у БДУ. У 1937 г. арыштаваны, асуджаны на восем гадоў зняволення. Памёр у Сібіры.
Даследчык паказаў узмацненне феадальнага прыгнёту і вызначыў агульныя рысы мясцовай эканомікі (уздым гаспадаркі, пачатак маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства, пашырэнне вольнанаёмнай працы). Кернажыцкі прыйшоў да высновы аб разлажэнні феадальна-прыгонніцкіх і зараджэнні капіталістычных адносінаў, што сведчыла аб крызісе прыгонніцкай сістэмы.
Аўтар упершыню ў беларускай гістарычный навуцы ўвёў статыстычны метад апрацоўкі дакументальных крыніцаў па аграрнай гісторыі. Даследаванні К.I.Кернажыцкага ўтрымлівалі і першую спробу перыядызацыі гісторыі Беларусі эпохі феадалізму.
Гісторыю беларускага сярэднявечнага горада вывучаў В.Д.Дружчыц.
222
Васіль Данілавіч Дружчыц (1886 – 1937 гг.) нарадзіўся ў в.Блудзень Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі, Дэрпцкім універсітэце. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску. З 1922 г. выкладчык, з 1927 г. прафесар БДУ. Член Інбелкульта, з 1927 г. старшыня камісіі па гісторыі гарадоў. З 1933 г. прафесар кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута (Масква). Арыштаваны і расстраляны ў Мінску.
Асобную ўвагу гісторык звярнуў на магдэбургскае права («Вой-
ты і іх улада ў беларускіх местах з магдэбургскім правам» (1928 г.), «Магістрат у беларускіх местах з магдэбургскім правам» (1929 г.)).
Даследчык лічыў, што гарадское самакіраванне стала вынікам эканамічнага развіцця гарадоў і сацыяльнай барацьбы. Магдэбургскае права ў Беларусі не было копіяй нямецкага і польскага ўзору, а мела пэўныя асаблівасці (гарадская рада не была строга размежавана з лавай, адсутнічала пасада бургграфа, войт прызначаўся князем, пасада лаўніка не перадавалася па спадчыне, гараджане прымалі актыўны ўдзел у выбарах органаў самакіравання і інш.).
Дружчыц, працягваючы даследаванні свайго настаўніка Пічэты, разглядаў становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай у паслялюблінскі перыяд. Аналіз тэксту Статута ВКЛ 1588 г. і факты палітычнага жыцця апошняй трэці XVI ст. схілілі яго да высновы, што ў пабудове агульнай дзяржавы дакладна паўставалі ўсе элементы дуалізму на федэратыўнай аснове. У артыкуле «Да пытання аб мове Літоўскага статута» ён са спасылкамі на Я.Карскага і А.Шахматава даказваў, што Статуты былі складзены на беларускай мове і з’яўляюцца помнікамі старабеларускай мовы і юрыдычнай думкі феадальнай эпохі. Гэтае палажэнне цалкам увайшло ў беларускую савецкую гістарыяграфію.
Актуальны характар у беларускай савецкай даваеннай гістарыяграфіі набыло пытанне класавай барацьбы. У 1935 г. з’явілася манаграфія акадэміка В.К.Шчарбакова «Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізма». Асноўную ўвагу аўтар прысвяціў аналізу «вызваленчай» барацьбы беларускага народа сярэдзіны ХVІІ ст. і Крычаўскаму паўстанню 1740 – 1744 гг. Праўда, раскрыць буйную праблему сялянскага руху на Беларусі аўтар не здолеў. Ён перабольшваў сацыяльнае значэнне сялянскага пратэсту – у паўстаннях ХVІ – ХVІІІ стст. прасочваў мэты буржуазных рэвалюцыяў.
Тэндэнцыйнасцю характарызуецца кніга І.Ф.Лочмеля «Очерк ис-
тории борьбы белорусского народа против польских панов» (1940 г.).
223