ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2162

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

адважваўся спыніць, аштрафаваць такую парубшчыцу, бо ведаў: з'я- дуць яго бабы, калі ён пакрыўдзіць «манашку». Людзі добрыя памаглі зрубіць хатку, сусед-інвалід уставіў вокны, дзверы, а ўсё іншае Хвядора рабіла сама, нават крыла сама, папрасіўшы ў старшыні калгаса зжаць жыта сярпом і самой абмалаціць; збожжа здала ў калгас, а кулявой саломай накрыла страху. Рабіла ў калгасе, будавала хацінку і людзям плаціла за дапамогу адным, бо іншага нічога не мела,— працай сваёй.

Да таго часу, калі ажаніўся Іван, вёска няблага адбудавалася, і Хвядорына хатка побач з суседнімі выглядала вельмі ўбогай. Нялёгка было рамантычна пастроенай Тасі, якая, чытаючы раманы, дазваляла сабе памарыць калі не пра палацы, то пра высокія гарадскія кватэры, пачаць жыццё ў такой цеснаце. «З мілым рай і ў будане», кажуць у народзе. Сапраўды, толькі таму, што з мілым, думала неаднойчы пасля Таіса Міхайлаўна, яна ўсё стрывала, усё перажыла. Хата, між іншым,— не самае страшнае, не з палацаў яна прыйшла: з такой жа сялянскай хаты, хіба толькі больш прасторнай, багацейшай. Гаспадыня хаты — во дзе было самае цяжкае. Не, Хвядора не паставілася варожа да нявесткі, прыняла яна яе са шчырай ласкай. Але вельмі ж розныя гэта былі характары. Пазней, калі Іван збудаваў свой дом, а Хвядора засталася ў сваёй хаціне, яны жылі душа ў душу. А пад адной, ды яшчэ такой маленькай, страхой ім было не фізічна цесна — духоўна цесна. Натуральна, што ў людзей, якіх раздзяляюць чатыры дзесяткі гадоў, зусім розныя погляды на жыццё, розная філасофія. Але звычайна маткі, якія некалі кахалі, нараджалі, расцілі дзяцей, пры любых адносінах да нявесткі запаўняюць гэты ўзроставы разрыў своеасаблівай мудрасцю, можа, часам і жорсткай, у перадачы свайго матчынага жыццёвага вопыту. Толькі самая дурная нявестка можа не прыняць навукі, якая нараджае тыя душэўныя кантакты, што пры любых, нават сварлівых, характарах усё ж збліжаюць жанчын. Аб'ядноўвае іх і любоў да чалавека, што звёў іх, хоць гэта і розная любоў; праўда, часта з-за гэтай любові ўзнікае і своеасаблівая рэўнасць маці да нявесткі, радзей — нявесткі да маці.

Хвядора замуж ніколі не выходзіла, бо з маленства была кульгавая, дзяцей не раджала. І не гадавала іх. Рана асірацела, бацька загінуў яшчэ ў сусветную вайну. Засталося іх двое: яна, малодшая, і брат Карней — Іванаў бацька. Брат ажаніўся, аддзяліўся. Яна, калека, засталася з маці. Бедна жылі, хоць працавалі, як, можа, ніхто ў вёсцы, але ўсё больш на людзей рабілі. Карней актывістам быў, камсамольцам, за калгасы агітаваў, брыгадзірам у калгасе стаў. А яны з маці доўга супраць калгаса былі, з Карнеем пасварыліся, самыя апошнія


ўарцель прыйшлі. З-за набожнасці сваёй. Вельмі ж у бога верылі, папам верылі. Яшчэ ў маладыя гады Хвядора на маленне ў Кіеў хадзіла, за што ёй і далі мянушку «манашка».

Але толькі ў калгасе і пажылі па-чалавечы колькі гадоў, бо былі яны з маці сумленнейшымі працаўніцамі: маці, хоць ішоў ёй шосты дзесятак, звеннявой па льну стала, а Хвядора на ферме кароў даіла. У клуб пачала хадзіць, кіно глядзець, не баючыся бога. Але нядоўгае было тое жыццё. Парушыла яго вайна. І забрала вайна ўсіх яе блізкіх: маці, брата, братавую, дзяцей іх. Адзін Іванька застаўся, ды і таго, як нашы вярнуліся, партызанскі камандзір у дзіцячы дом завёз за сорак вёрст ад Добрынкі. У вайну, пасля страты родных, Хвядорына набожнасць стала яшчэ большая. Малілася яна за ўсіх, што паклалі свае галовачкі. Малілася за жывых. Пляменніка-сірацінку ледзь не кожную нядзелю наведвала.

Расказаў Іван маладой жонцы сваёй, калі той вельмі ж ужо цесна зрабілася побач з маўклівай, нібыта і пакорлівай Хвядорай ад яе суровай нязгоды з жыццём нявесткі, з яе характарам, імкненнямі. Расказаў... Хоць і перажыў ён вялікае гора і ведаў, што нарабіла вайна, але ў дзіцячым сэрцы раны гояцца. Хлапчук ёсць хлапчук. Маючы славу партызана, ён стаў завадатарам сярод равеснікаў-дзет- домаўцаў. Няблага адзеты, добра накормлены, ён у свае дзесяць ці адзінаццаць гадоў пачаў саромецца перад сябрамі наведванняў кульгавай цёткі. Вельмі ж яна была бедна адзетая — як жабрачка. Даставала з-пад сваіх лахманоў не вельмі чыстую хусцінку, у якой былі загорнуты то піражок, то яйка, то драбок цукру. Плакала, гледзячы, як есць сірацінка, хоць еў ён нехаця, з ветлівасці, нецярпліва азіраючыся. Хрысціла яго на развітанне. Гэта падгледзелі дзетдомаўцы і насмяяліся з яго. Нейкі час не хацелася яму, каб цётка прыходзіла.

Але прыйшла яна неяк аднойчы позна ўвосень. Холадна было. Дождж са снегам сек. Прамокла жанчына. Кранула гэта хлопца. Ён папрасіў у выхавацелькі дазволу грубку ў піянерскім пакоі запаліць, каб абсохла цётка. Абагрэлася Хвядора, абед дзетдомаўскі ёй са сталоўкі прынеслі. Парадавалася яна, што хораша кормяць дзяцей. Расчулілася. І паскардзілася — не яму, пляменніку,— выхавацельцы, але ён пачуў, на жорсткасць людскую: не падвезлі яе шафёры, не ўзялі ў кузаў, бо не было ў яе чым заплаціць. І тады перавярнулася ўсё

ўІванавай душы. Гэта ж яна з хворай нагой сорак кіламетраў пехатой ішла, каб пабачыць яго! І назад, мабыць, пехатой пойдзе ў такую непагадзь. Нічога і нікога ўжо больш не саромеючыся, кінуўся Іван да дырэктара дома, расказаў усё і папрасіў у дырэктара пазычыць...

пяць рублёў на дарогу цётцы, заробіць — аддасць. Дырэктар даў гро-


шы на білет і каня — падвезці жанчыну на станцыю. Пасля Хвядора расказвала суседцы, што не было ў яе пасля вайны больш радаснага дня, як той дзень, калі пляменнік, па-мужчынску нокаючы, па-даро- сламу абмяркоўваючы з сябрам і з ёй надвор'е і дарогу, падвозіў яе на станцыю і купіў білет на цягнік.

З таго дня не толькі Хвядора наведвалася да пляменніка, але і Іван прыязджаў да цёткі, асабліва калі падрос, набыў тую самастойнасць, калі дзетдомаўцаў адпускаюць адных. Памагаў ёй улетку ў калгасе працадні зарабіць, сена казе накасіць. Пасля сямі класаў — скончыў іх Іван на шаснаццатым годзе, бо, як усе дзеці вайны, быў вучнем-пераросткам,— дзетдом хацеў яго ўладзіць на вучобу ў марскі тэхнікум, марыў падлетак чамусьці пра мора, хоць ніколі не бачыў яго. Але Іван неспадзявана для дырэктара і выхавацеляў адмовіўся ад сваёй мары і пайшоў... на курсы трактарыстаў. Скончыў курсы — паехаў у сваю МТС, у свой калгас, пасяліўся ў цёткі. Разважыў проста: трактарысты зараблялі ў той час, як ніхто ў вёсцы. А яму вельмі ж хацелася памагчы гаротнай жанчыне, якая за ўсё сваё жыццё не зведала ніякай радасці — адно гора: сіроцтва і калецтва ў маленстве, адзіноцтва ў старасці.

Іванаў расказ памог Тасі вытрываць душэўную цеснату ў цётчынай хаце.

У Хвядоры было дарэвалюцыйнае ўяўленне пра жончыну долю, пра жончыны абавязкі. А яна, Тася, юная інтэлігентка, хацела жыць зусім па-новаму.

Хвядора за ўсё сваё дарослае жыццё спала ў суткі не больш чатырох гадзін, хіба ўжо ў свята дазваляла сабе паляжаць лішнюю гадзіну. А Тася любіла паспаць, на медпункт ёй у дзевяць, дык яна з-за сну часам спазнялася туды. Для цёткі дзевяць гадзін — добрага паўдня працы ўжо.

Хвядора шкадавала з'есці лішні кавалак, а Тася любіла паесці і не мела ніякай ашчаднасці: добрую страву магла ў памыі выкінуць. Былі ў яе матчыны шляхецкія рыскі — жаданне шыкнуць, пафарсіць. А больш было маладога імпэту. На трэці дзень пасля вяселля яна пацягнула мужа ў клуб на танцы. Пасля рабіла гэта часта: не сядзелася ёй дома. Хвядора не вытрымала, папракнула: «Не забывай, якая ў яго работа, гэта ж не твая — укольчык зрабіць...» За сапраўдную працу старая лічыла толькі адзін Тасін абавязак — акушэрскі, калі яна дзіця прымала.

Але, магчыма, самай цяжкай і самай балючай для Хвядоры была іх ідэалагічная вайна. Тася настойліва патрабавала, каб цётка зняла абразы, якіх было поўны кут — Ісус Хрыстос, матка боска, Іван-

хрысціцель, Георгій-пабеданосец і яшчэ нейкія святыя. Сорамна ёй, акушэрцы, камсамолцы, жыць пад абразамі. Можна толькі ўявіць, як нялёгка было «манашцы» скарыцца: у каморачцы павесіла святых і там малілася. Але калі яна малілася, Тася спявала вясёлыя песні ці ўключала радыё. Толькі праз многа гадоў, як Хвядора памерла, Тасі, сталай ужо жанчыне, матцы дваіх дзяцей, на пахаванні, калі старую адпявалі яе набожныя сяброўкі, упершыню стала сорамна і прыкра за сваю юнацкую жорсткасць і бестактоўнасць — што прымусіла старую вынесці з хаты абразы і што песні спявала, калі тая малілася. Іншыя крыўды, якія свядома ці несвядома, магчыма, зрабіла цётцы — усё магло быць за шэсць гадоў супольнага жыцця! — у хвіліны жалобы развярэдзілі сэрца, і жанчына балюча перажывала, горка плакала над труной.

Як ні кахала Тася свайго Івана, але трохі, мабыць, закранала яе шляхецкі гонар, што ён «трактарыст мурзаты», вельмі хацелася ёй адукаваць яго, хоць як-небудзь наблізіць да свайго кола — да інтэлігенцыі. Вадзіла ў клуб, у госці да настаўнікаў, прымушала чытаць, слухаць радыё і настойліва ўгаворвала, каб ён паступіў вучыцца ў тэхнікум, на завочнае, безумоўна, аддзяленне. Іван спачатку адбіваўся: «Тасечка, родная, нам трэба спачатку хату сваю збудаваць, а пасля ўжо вучыцца».

Утой час якраз адсталы калгас іх «Чырвоную ніву» пераўтварылі

ўсаўгас «Добрынскі» і прыехаў дырэктар Астаповіч, чалавек, які далёка глядзеў наперад. Адразу прыкінуў, хто тыя надзейныя людзі, якія назаўсёды застануцца ў саўгасе і з якімі можна ўзнімаць гаспадарку. Івана Батрака, безумоўна, першага прыкмеціў — працаўнік сумленны. І адразу сцяміў, што трэба маладой сям'і, каб яна затрымалася, не паляцела шукаць шчасця ў горад. З хацінкі, як у цёткі Іванавай, звязе яго такая жонка, у якой зямля гарыць пад нагамі і крылы лёту просяць. Дом ім трэба. Дом! Астаповіч усё ўзважыў, у тым ліку і Тасін гонар, становішча яе, і перавёў Івана з трактара на аўтамашыну: чысцейшы муж будзе ў акушэркі, ды і будавацца будзе лягчэй.

Іван намерваўся будаваць звычайную драўляную хату — як усе. Астаповіч запярэчыў, сам начарціў план яго будучага дома. Палаца, па разуменні таго часу! Спалохаўся Іван: «Не выцягну, Хведар Цімафеевіч».— «Выцягнеш. Паможам».

Памагаў. Добра памагаў. Транспартам. Матэрыяламі, авансамі, калі вельмі ўжо туга было сям'і: раслі дзеці — раслі расходы. Але нялёгкая гэта справа — такую будыніну ўзвесці, на чатыры пакоі, як у горадзе. Тры гады будаваліся. Ды затое пасля людзі зайздросцілі, аднак без злосці, без папрокаў, бо сумленна Батрак будаваўся, машыну


без дазволу ні разу не выкарыстаў, па закону ўсё рабіў і па закону яму памагаў дырэктар.

А калі жылі ўжо ў новым доме, паехаў неяк Іван нібыта ў камандзіроўку ў Мінск, на некалькі дзён. Вярнуўся з падарункамі, вясёлы, гуллівы.

Каго ты, дарагая жонка, бачыш перад сабой? Зайшлася ад радаснага смеху Тася.

Мужа.

А яшчэ?

Валюшынага ды Карнейкавага бацьку. На тваё багацце,— трохгадовага пульхненькага, чысценькага, як новая лялька, Карнейку кінула яму ў рукі, што мячык, а Валя сама павісла на шыі і вішчала ад захаплення, ад радасці, ад калючай бацькавай барады.

А яшчэ?

Табе хочацца, каб я сказала — шафёра, прапахлага бензінам?

А яшчэ?

О божа! — ужо бадай устрывожылася Тася.

Студэнта сельгастэхнікума! Палучай мужа-першакурсніка. Вось такія сюрпрызы Іван любіў рабіць жонцы.

Здаецца ж, не вучыў, не было калі, а прыёмныя экзамены вы-

трымаў. Не, прызнаўся: год падручнікі ў машыне вазіў, кожную стаянку, кожны перакур, адпачынак выкарыстоўваў, каб чытаць.

Скончыў тэхнікум паспяхова. Механікам стаў. Радавалася Тася. Але калі праз год сказаў, што не па сэрцы яму гэтая работа, не можа ён камандаваць людзьмі, заядацца з шафёрамі, з трактарыстамі, ды і з дырэкцыяй, з бухгалтарамі, і што ўвогуле цягне яго за баранку, Тася асабліва не засмуцілася, спрабавала адгаварыць, але без крыўды, без жаночай істэрыкі — спакойна, разважліва, мудра: «Як сам хочаш, Іванка, да чаго душа твая ляжыць».

К таму часу прыйшло да Таісы Міхайлаўны разуменне, што не знешні бляск, не пасада робяць чалавека чалавекам і інтэлігентам. Бачыла яна жыццё некаторых інтэлігентаў, не толькі вясковых. Далёка ім да яе жыцця. Жаночае шчасце яе поўнае. Дом — два такія ў саўгасе: у іх ды ў дырэктара. З году ў год расце ў доме дабытак. У двары гараж мураваны, пакуль што ў ім матацыкл, але неўзабаве «Жыгулі» будуць зіхацець нікелем. А галоўнае — Іван голасу ніколі не ўзвысіў на яе. Дзеці растуць, розныя па характару, але абое па-свойму ўдалыя — і Валя, і Карней.

Праўда, у апошні час зрэдку нападала на яе незразумелая туга па нечым невядомым. Хацелася чагосьці асаблівага, а чаго — сама не знала. Зорак з неба, ці што? Палохалася часам Тася такога смутку, але