ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2228

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

24

Яны сядзелі за сталом, адно перад адным, і Таіса Міхайлаўна не зводзіла з мужа спалоханых, засмучаных, але і радасна закаханых вачэй. Так можа яна не глядзела ніколі. Так напэўна глядзелі жонкі на мужоў, якія вярталіся з вайны, з фронту. І гэтак жа асцерагаліся адразу гаварыць пра тое, што перажылі — ён там, пад агнём, перад штодзённай смерцю, а яна тут, у вялікай душэўнай трывозе. Каб не спалохаць радасці. І каб сваім шчасцем не абразіць памяць тых, хто загінуў.

Так і яны. Іван ажно разгубіўся ад такіх жончыных вачэй, адчуваў нейкую дзіўную няёмкасць. Быў ён па-дзіцячы бездапаможны, смяртэльна знясілены, а таму паслухмяны, сцішаны. Можа там, ля спаленай машыны, калі Тася закалацілася, закрычала пра Шышку, ён праявіў апошнюю волю, супакойваючы яе. А пасля ўжо ва ўсім падпарадкаваўся ёй. Адчуўшы, што яго ліхаманіць, яна даволі сярдзіта крыкнула сваім, добрынцам:

— Дайце яму надзець што! Ён жа ў адным камбінезоне. Забаўскі скінуў сваю куртку на штучным футры і накінуў Івану

на плечы, а Хамякоў з мацюкамі, не саромеючыся яе, жанчыны, пагнаў іх абаіх у кабіну сваёй пажарнай машыны.

Дома Тася паставіла мужу банькі — для прафілактыкі, дала аспірын, напаіла ліпавым чаем з гарэлкай, прымусіла надзець цёплую бялізну і ажно два світэры. Здавалася, не было ў яе большага клопату, як усцерагчы яго ад прастуды, ад запалення лёгкіх. Але ён разумеў, што такая актыўная дзейнасць, калі яны засталіся сам-насам (Карнея дома не было), ёй патрэбна для душэўнай разрадкі — абы не сядзець без справы і гаварыць не пра тое, галоўнае, што балела і хвалявала, а пра старонняе, другараднае, бытавое: які чай выпіць лепш, ліпавы ці малінавы? Што дадаць у яго — спірт ці гарэлку? Што ён, Іван, хацеў бы з'есці? І яму было так лягчэй — ад гэтай жончынай дзейнасці, ад яе клопатаў; ён не адмаўляўся, не адбіваўся, наадварот, стараўся падтрымаць гаворку пра чай, пра маліну, пра спірт, што выдаецца за рэктыфікат, а пахне сырцом, сказаў, што яму захацелася салёных рыжыкаў, хоць у сапраўднасці яму нічога не хацелася,— сказаў, каб была для Тасі яшчэ адна работа — злазіць у пограб, набраць рыжыкаў.

Праўда, і ў машыне, і ў першыя хвіліны дома Тася яшчэ колькі разоў паўтарыла: «Гэта ён! Ён! Яго зладзейства!»

Іван нават трохі ўзлаваўся, сказаў:

— Пакуль не даказана — няма чаго пра ета гаварыць! Што папустому крычаць?

Але супакоілі Тасю не гэтыя словы. Калі ставіла банькі, ён, уткнуўшыся тварам у падушку, глуха пачаў расказваць, цяжка дыхаючы, усё роўна што нёс вялікі цяжар:

Ты знаеш, я ўранні выйшаў на гарод — і мяне як у грудзі піхнула. Чую: не магу садзіцца за руль. Бывае ж так. Замест машыннага двара пайшоў у кантору да Астаповіча. А выйшла, бачыш, што? Як падставіў я Хведзьку...

Тады Тася зразумела, як Іван пакутуе ад гэтай думкі. І апусцілася на калені, прыціснулася вуснамі да яго голага локця.

Ванечка, не думай пра гэта. Не думай. Гэта нейкая вышэйшая сіла цябе спыніла. Хіба можна, каб аднаму столькі гора? Каб ён і нас асіраціў. Мне хочацца паверыць у бога...

Выдумаеш!

Пасля Тася старалася гаварыць аб усім — аб справах, аб людзях, аб дзецях, аб Забаўскім, што раніцой ён прыходзіў на ўрачэбны пункт, бытта хацеў палячыць зуб, але зубнога ўрача сёння не было, і яны гаварылі пра Валю... Па выразу Іванавага твару ўбачыла, што загаварыла не пра тое, не да месца. Асеклася. Часам яны непрыкметна падступалі зноў да таго, чым жылі, пра што думалі,— і тут жа асцярожна адступалі, адыходзілі.

Так было, пакуль Тася ратавала яго ад прастуды, шукала лекі, гатавала і падавала на стол абед. А селі за стол — і змоўклі, не ведалі, пра што гаварыць. Можа, праз тое, што Тася так дзіўна, так незвычайна разглядвала мужа.

Іван вінавата і сарамліва папрасіў:

Не глядзі ты на мяне так, Тася!

А ты еш, ты еш. Ты нічога не ясі, таму я гляджу. Выпі яшчэ чарку. Табе трэба сагрэцца. Ты як малы — дадумаўся, у адным камбінезоне. Хаця б пінжак накінуў.

Да таго хіба было? Толькі перадаў машыну, і тут звоніць Ліяна: Шчэрба разбіўся... Бывае ж так. Глыбокіх ран хоць няма?

Раны можа не страшныя. Абпалена многа, Ваня. Апёк страшней.

Яго бензінам абпырскала.

Люба паехала ў бальніцу на дырэктаравай машыне.

Кажуць, для перасадкі трэба скура тых, хто гарэў... Каржоў таварышу ўсё аддасць. Франтавік!

Пайду праведаю Любіных дзяцей.

Схадзі,— ён разумеў, што Тасі трэба ўсё яшчэ нешта рабіць, што дома яна не ведае, чым заняцца пасля таго, як дагледзела яго.


Толькі ты еш. Чай пі. Я заварыла, як ты любіш. Што дзёгаць. У печы чайнік. Каб не астыў. Занесці ім чаго, дзецям?

Не трэба. Не малыя. І... не сіраты.

Словы гэтыя — «не сіраты» — нарадзілі ў яе новую трывогу, новы неспакой. Але Шчэрбавы дзеці яе расчаравалі. Не малыя. Старэйшая дачка ўжо на ферме робіць, самы малодшы ў чацвёртым класе. Дзеці, глядзелі тэлевізар, нейкі фільм, як бы не разумеючы, што адбылося. Нават не спыталі ў яе, у якім стане бацьку павезлі ў бальніцу.

Таісе Міхайлаўне заўсёды не падабалася, што Люба настройвала дзяцей супраць бацькі. Казала самой Любе і Тамары, старэйшай Шчэрбавай, што так нельга, бацька ёсць бацька. З Іванам неаднойчы гаварыла пра гэта. Цяпер таксама падумала, што нядобра Люба рабіла. У Хведара была слабасць, бадай што хвароба. Але колькі было душэўнай дабрыні, чуласці!

Спакой Шчэрбавых дзяцей яшчэ больш узмацніў яе ўласны неспакой. Яна пайшла на ўрачэбны пункт. Нягледзячы на позні час, Ліпская была там. Напэўна, чакала яе. Рыма Сяргееўна, да педантычнасці акуратная і адданая сваёй прафесіі, патрабавала, каб кожны з іх, падначаленых, дакладваў аб усіх сур'ёзных хворых. Аб такой аварыі, аб такім раненні рабочага яна павінна пачуць ад таго, хто аказваў Шчэрбе першую дапамогу.

Яны доўга званілі ў бальніцу. Але нікога са знаёмых урачоў, хто мог бы паведаміць аб стане раненага падрабязна, не знайшлі, а незнаёмы дзяжурны ардынатар адказаў коратка, шаблонна: «Хвораму зрабілі аперацыю. Адчуванне нармальнае».

Разумей як хочаш. Абураліся з-за гэтай чыноўніцкай казёншчыны; яны, сельскія медыкі, ніколі так не адказваюць, у іх хапае часу і цярпення растлумачыць людзям па-чалавечы аб іх блізкіх.

Снежаньскі дзень кароткі. Пакуль сядзелі ў паўзмроку кабінета ўрача з белай шафай, з белай канапай, пад снежнай беллю за акном, Таіса Міхайлаўна, захопленая размовай, ні аб чым не думала, нават перажытае ў сувязі з аварыяй на нейкі час адышло, перастала балець. А ўключыла Рыма Сяргееўна лямпу — ад святла ў пакоі пачарнела за акном, нібы адразу наступіла глыбокая ноч,— і Таісу раптам апанаваў страх: бліснула думка, што калі бандзюга той, фашыст, не забіў Івана ў машыне, то ён будзе шукаць магчымасці забіць яго іншым чынам.

Яна наспех развіталася з урачом і, абы-як завязаўшы хустку, кінулася дадому.

Сяло жыло яшчэ шумным вячэрнім жыццём. Крычалі і смяяліся на коўзанцы дзеці, стаялі ля водаправодных калонак жанчыны — каб пагаварыць пра навіну дня, рыкалі ў дварах каровы, чакаючы ад


гаспадынь пойла, палілася ў печах, мірна і смачна пахла дымам, салам і дранікамі. А ў Таісы Міхайлаўны ўсё роўна рос страх, і яна, калі не відно было блізка людзей, бегла, задыхаючыся ад такой хады, ад боязі, што нехта можа спыніць яе, як спыняюць часта.

Яшчэ больш спалохалася, калі ўбачыла, што ў зале іх дома цёмна, толькі на кухні гарыць святло. Ускочыла апантана ў дом, адразу ўключыла святло. Здзівілася, што Іван сядзіць там жа — са непрыбраным сталом, перад шклянкай чаю. Яна яго таксама здзівіла такім сваім выглядам, задыханасцю.

Ты чаго?

А ты... ты ўсё сядзіш?

Не знаю... пайшла нейкая бяздумнасць... зморанасць,— вінавата ўсміхнуўся ён.— Можа, я задрамаў. Не помню.

Табе нездаровіцца?

Ды не, нічога.

Тася памацала рукой яго лоб, але рукі былі халодныя, таму не паверыла ім, прыпала да лба вуснамі. Так яна амаль беспамылкова вызначала тэмпературу ў сваіх дзяцей, калі тыя былі малыя.

Ты лёг бы.

Не, не буду лажыцца. Цяпер я магу заснуць. А потым прачнуся пасярод ночы... Цяжка мне, бяссонніца. Чортведама што лезе ў галаву.

Таіса хутка распранулася і раптам, на здзіўленне мужу, пачала засланяць вокны, адно — Карнеевай чарцёжнай паперай, другое — коўдрай.

Нашто гэта ты?

Гад гэты трыццаць гадоў жыў з адпетымі бандзюгамі. Такія што хочаш могуць зрабіць. Прыязджаюць да яго «святыя»...

Людзі здзівяцца.

Няхай здзіўляюцца.

Іван перасмыкнуў плячамі. Пярэчыць яму не хацелася. Яму нічога не хацелася ў той вечар.

А пасля Таісу Міхайлаўну апанаваў новы страх — што няма дома Карнея, загуляў пазней звычайнага, цяпер ён больш сядзіць дома — канчаецца паўгоддзе, многа школьных заданняў.

— Пайду пашукаю Карнея.

Цяпер Іван разумеў яе, матчын, страх і не вельмі рашуча паспрабаваў адгаварыць:

Што ты будзеш яго шукаць, як малога! Нялоўка хлопцу будзе.

Ад чаго няёмка? Што маці шукае? Пайду. Толькі ты зачыніся,

япрашу цябе.


— Добра,— згадзіўся Іван.

Але яна пастаяла на ганку, трывожна ўслухоўваючыся ўжо бадай у начную цішыню сяла, не дачакаўшыся, калі Іван выйдзе ў сенцы, каб зачыніць дзверы, вярнулася, сказала:

Я з двара зачыню цябе. Тады ён запярэчыў рашуча:

Якую дурату ты ўбіла сабе ў галаву! Сорамна перад людзьмі будзе, калі хто прыйдзе... Забаўскі хацеў прыйсці. Можа сам Астаповіч прыйдзе.

Усё-такі яна настаяла, каб Іван зачыніўся: не адышла, пакуль не пачула, як ён ляпнуў засаўкай.

Таіса Міхайлаўна аббегла паўсяла — па Карнеевых аднакласніках. Адных не было дома, другія не зналі, дзе Карней. А страх яе рос, ажно пакуль адна вучаніца не сказала, што хлопцы пайшлі на пасёлак Вербны праведаць хворага таварыша. Вербны быў за шашой, за лесам, кіламетры за тры ад Добрынкі. Ісці туды трэба па лясной дарозе. Не сказаць, што яна была задужа смелая, у звычайных абставінах ісці такой дарогай уначы пабаялася б. Але цяпер не думала пра сябе, кінулася ў цемру, у лес. Ды на шашы ўсё ж спыніла яе думка, што Карнею сапраўды будзе няёмка перад сябрамі, смяяцца пачнуць, што маці шукае яго ажно ў Вербным.

Спынілася пад соснамі насупраць дома раманцёра. Праз вокны падалі на шашу палосы ўтульнага, добрага святла; каля варот стаялі два грузавікі — як звычайна, начавалі шафёры далёкіх перавозак. Часам зімой яны начавалі ў іх доме; Іван разумеў нялёгкі лёс «міжгароднікаў», сам ездзіў у далёкія рэйсы, таму запрашаў да сябе на начлег. І яна ніколі не баялася чужых людзей. І ўсе людзі нічога не баяцца, шафёры гэтыя едуць за тысячы кіламетраў, з каштоўным грузам начуюць, дзе застае ноч, наступае стомленасць. А цяпер яна баіцца. Цяпер яна не пусціла б незнаёмага, няхай і з машынай. І гэта не мніцельнасць. Не. Яна адчувае рэальную небяспеку — Івану, Карнею, ёй самой. Падумала пра Валю — і за Валю ёй таксама стала страшна. Колькі ж можна жыць з такім страхам?

Замерзлі ногі, і ўся яна акалела, бо апранулася не вельмі цёпла, спадзявалася, што знойдзе Карнея ў суседзяў. Але пайсці дадому, не дачакаўшыся сына, не магла. Толькі калі пачула ў лесе вясёлыя галасы хлопцаў, пазнала Карнееў голас, узрадавалася. Але ўсё роўна не пайшла назад у сяло, каб яе не ўбачылі тут. На шашы, у паласе святла з раманцёравых вокнаў, дачакалася хлопцаў.

Карней здзівіўся:

Мама?

Яна зманіла:

— Дзіця ў Варывончыхі захварэла.

Усіх гэтых хлопцаў яна прымала, калі яны нараджаліся, лячыла малых. Для іх такое тлумачэнне было праўдападобнае, звычайнае. І праз хвіліну яны забыліся на яе, занятыя спрэчкай пра метад стыкоўкі касмічнага карабля і станцыі, колькі дзён назад адбылася такая стыкоўка, на арбіце працавала навуковая станцыя з касманаўтамі.

Яна ішла следам за хлопцамі, рослымі, разумнымі, упэўненымі, у якіх не было і не павінна быць ніякіх страхаў, і ёй раптам захацелася заплакаць, ад чаго — сама не разумела.

Капітан Драмака, пачуўшы ля машыны нервовы крык Таісы Міхайлаўцы, ведаючы лепш, чым хто з раённых работнікаў, сітуацыю ў сувязі са зваротам былога паліцая, паверыў, што магла быць дыверсія. І таму падняў на ногі ўсе органы: пракурора, міліцыю, экспертаў ДАІ. Ніводная машына з тых, што траплялі ў аварыю, не абследавалася так, як гэтая. Аварыя сапраўды была загадкавая. Эксперты, якія шмат ведалі і нямала чыталі пра самыя нечаканыя, неверагодныя катастрофы і мала чаму здзіўляліся, паціскалі плячамі. Работу іх ускладняў кювет з вадой: нешта магло апынуцца там, у вадзе. Каўшом экскаватара вычарпалі з кювета пласт зямлі і перагрэблі яе, халодную, якая тут жа замярзала (мароз мацнеў), рукамі. Сам Драмака пераграбаў.

Знайшлі аплаўленую медную пласцінку са слядамі прыпайкі дроцікаў і школьную падкоўку-магніт — з тых рэчаў, што не былі дэталямі машыны. Драмака прыдаў ім значэнне, хоць іншыя эксперты, людзі не менш вопытныя, скептычна ўхмыляліся. Чаго не бывае ў кюветах ля бойкай шашы! Ды яшчэ ў такім лясным месцы, дзе ў летні час, калі было суха, спыняліся сотні машын і на кароткі адпачынак, і на начлег. Пласцінка гэтая магла праваляцца, утаптаная ў зямлю, гадамі. А падкоўка яўна была старая — іржавая і, галоўнае, размагнічаная, не трымалася на жалезе. Аднак Драмака, як вялікія каштоўнасці, з перасцярогай паслаў гэтыя рэчы ў рэспубліканскую лабараторыю.

Але больш, чым лабараторыям, ён верыў паказанням людзей. Верыў у мудрасць старога сялянскага жарту: выйдзі ў самую цёмную ноч са сваёй хаты, пакажы ў прастору кукіш — і раніцой абавязкова знойдзецца чалавек, які спытае, каму ты паказваў кукіш. У сяле існуюць загадкавыя законы начнога жыцця і не бывае тайны, якая не стала б яўнай. Таму Драмака нікога не дапытваў, а проста даверліва гутарыў з самымі рознымі людзьмі — з вартаўнікамі, шафёрамі, з маладымі, што позна гулялі, са школьнікамі, якія па наіўнасці могуць