ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 28.02.2019
Просмотров: 2071
Скачиваний: 1
Кансерватыўна-ахоўваючая канцэпцыя бярэ свой пачатак са старажытных часоў. Сутнасць гэтай канцэпцыі ў тым, што кніга разглядаецца як сродак уплыву на чытача: станоўчага, альбо адмоўнага. Адсюль і падзяленне кніг на карысныя і шкодныя. У царскай Расіі кансерватыўна-ахоўваючая канцэпцыя была накіравана на захаванне народнай свядомасці ў межах праваслаўных каштоўнасцяў, на прадухіленне, сацыяльных зрухаў і канфліктаў. Яе прыхільнікамі былі К.Н Леонц’еў і К.П.Пабеданосцеў. Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі дадзеная канцэпцыя атрымала новае развіццё, але з іншым зместам. Галоўным стала ўкараненне камуністычнай ідэалогіі. Усё, што звязана з літаратурнай і кніжнай справай, падлягала жорсткай цэнзуры. Абгрунтаванне і здзяйсненне такой палітыкі знаходзім у работах У.І.Леніна, Н.К.Крупскай. І.В.Сталіна і інш.
Сучасныя даследчыкі, побач з адмоўнымі, бачаць і станоўчыя бакі кансерватыўнай канцэпцыі. Гэта – ахова стабільнасці, захаванне маральных каштоўнасцяў, абарона ад інфармацыйнага тэрарызму і прадухіленне выкарыстання інфармацыі ў антыгуманных і антыграмадскіх мэтах. Але сам прынцып кансервацыі супярэчыць непарыўнай зменлівасці жыцця.
Ліберальная канцэпцыя чытача зарадзілася ў эпоху Адраджэння. Асвета разумелась як засваенне ўсіх ведаў, назапашаных чалавецтвам, а кніга і чытанне – як сродак асветы. У аснове ліберальнай канцэпцыі чытача ляжыць філасофія лібералізма і асноўныя ліберальныя каштоўнасці: свабода асобы і яе права на індывідуальнае і незалежнае развіццё, гуманістычныя погляды на выхаванне, уяўленне аб ведах як найбольшай каштоўнасці. Сутнасць ліберальнай канцэпцыі чытача заключаецца ў асэнсаванні права чытача на свабоду доступа да ведаў, прызнанні разнастайнасці чытацкіх парэбнасцяў, разуменні чытання як сродка развіцця асобы. Найбольш яскрава і абгрунтавана ліберальная канцэпцыя чытача адлюстравана ў работах М.А.Рубакіна. Зараз ліберальная канцэпцыя чытача выходзіць на першы план.
Радыкальна-рэвалюцыйня канцэпцыя сфарміравалась у дваранскім (дэкабрысцкім) і разначынскім асяроддзях, потым яе падхапілі і развівалі рэвалюцыйныя сацыял-дэмакраты, бальшавікі. Чытанне разглядалась як сродак пераўтварэння грамадства, як рэсурс, што дазваляе ўплываць на рэальныя паводзіны чалавека, накіроўваючы іх на рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Дадзеная канцэпцыя была рэзка апазіцыйнай у адносінах да кансерватыўна-ахоўваючай і палемічнай – да ліберальнай. Сацыяльнай базай радыкальна-рэвалюцыйнай канцэпцыі быў народны чытач. Радыкалы заклікалі да выдання карыснай народу літаратуры, але карыснымі яны лічылі творы, якія распальвалі класавую нянавісць, клікалі да тэрору і гвалтоўнай змены ўлады.
Камерцыйная канцэпцыя чытача прадугледжвае арыентацыю на чытацкі інтарэс і попыт як на крыніцу камерцыйнай выгады і прыбытку. Сутнасць камерцыйнай канцэпцыі чытача ва ўяўленні аб ім як аб спажыуцы спецыфічнага тавару – кнігі, каштоўнасць якой вызначаецца сумай вытворчых затрат і значнасцю зместа. Асновай дадзенай канцэпцыі быў прыбытак ад рэалізацыі любой кнігі, запатрабаванай чытачом.
У сучасным грамадстве прысутнічаюць так, альбо інакш, усе чатыры канцэпцыі чытача. Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца ліберальная і камерцыйная канцэпцыі.
4. Мэты, задачы і прынцыпы абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк.
Мэта, задачы і прынцыпы абслугоўвання карыстальнікаў вызначаюцца ў залежнасці ад разумення ролі бібліятэкі і пануючай у грамадстве канцэпцыі чытача, што абумоўлена пануючымі ў грамадстве палітычнымі тэорыямі, таму што мэты бібліятэкі напрамкі залежаць ад мэтаў самаго грамадства.
Навуковыя прынцыпы абслугоўвання карыстальнікаў. На сістэму прынцыпаў бібліятэчнага абслугоўвання існавалі і існуюць розныя пункты гледжання. У першым падручніку “Работа з чытачамі” (1961 г.) былі дакладна сфармуляваны толькі прынцыпы вывучэння чытацкіх інтарэсаў. У наступным падручніку (1970 г.) з’явілась асобная глава, у якой разгледжаны наступныя прынцыпы: камуністычнай ідэйнасці работы з чытачамі, дыферэнцаванага падыходу да чытачоў на падставе іх вывучэння, развіцця свядомых і творчых адносін чытача да кнігі, сістэматычнасці ў рабоце з чытачамі, нагляднасці прапаганды літаратуры. У трэцім выданні падручніка (1981 г.) з’явілісь прынцыпы комплекснага падыходу і навуковасці, а таксама змены ў фармулёўцы іншых прынцыпаў, якія былі ў падручніку 1970 г.
У падручніку “Бібліятэчнае абслугоўванне: тэорыя і методыка” разглядаюцца наступныя прынцыпы: кангруэнтнасці; паўнаты і аператыўнасці абслугоўвання; дыферэнцаванага падыходу да чытачоў; камфортнасці абслугоўвання. Паняцце “кангруэнтнасць” разглядаецца як закон, з якога вынікаюць асаблівасці бібліятэчнага абслугоўвання ў залежнасці ад пануючага палітычнага рэжыму. Акрамя адзначаных, прапанаваны прынцыпы: сістэматычнасці, плюралізму, дыялагічнасці, нагляднасці, краязнаўчага падыходу. Яны разглядаюцца і ў спалучынні з уласцівасцямі сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання. Гэта: цэласнасць; закон адпаведнасці абслугоўвання чытацкім патрэбнасцям; універсалізацыя і спецыялізацыя; цэнтралізацыя і дэцэнтралізацыя як механізм падтрымання дынамізму сістэмы; сувязь са знешнім асяроддзем. Прапанаваны прынцыпы прыярытэту чытацкіх патрэбнасцей, запытаў, правоў чытача, даступнасці бібліятэчнага абслугоўвання (М.Я.Дворкіна, 1991 г )
Пры ўсіх разыходжаннях у фармулёўках, праяўляюцца агульныя правілы, якія сфармуляваў Ранганатан: кнігі для выкарыстання, бібліятэка – растучы арганізм, кожнаму чытачу – яго кнігу, кожнай кнізе – яе чытача, берагчы час чытача.Шматлікія прынцыпы з некаторымі ўдакладненнямі і дапаўненнямі можна сістэматызаваць у чатыры групы: мэтазгоднасці, развіцця, дэмакратызацыі, камфортнасці (тэхналагічнай і псіхолага-педагагічнай). Кожны з іх уключае яшчэ некалькі прынцыпаў.
Прынцып мэтазгоднасці ўтрымлівае кангруэнтнасць, запатрабаванасць, уключанасць, узнаўляемасць, краязнаўчы падыход, сацыяльную і псіхолага-педагагічную эфектыўнасць, эканамічнасць.
Прынцып развіцця ўключае развіццё мэтаў, сродкаў, метадаў і тэхналогій абслугоўвання, інфармацыйных патрэб карыстальнікаў, інфармацыйнай культуры чытачоў і бібліятэкараў, інфармацыйных рэсурсаў і паслуг, бібліятэчнага асяроддзя ў залежнасці ад знешніх абставін, універсалізацыі і спецыялізацыі, цэнтралізацыі і дэцэнтралізацыі ў іх адзінстве.
Прынцып дэмакратызацыі прадугледжвае наяўнасць плюралізму ў ідэялагічным, змястоўным і арганізацыйна-метадычным аспектах, сацыяльнай справядлівасці, суверэнітэту, даступнасці інфармацыйных прадуктаў і паслуг, іх набліжэнне да карыстальнікаў, разумнага спалучэння ў прадастаўленні платных і бясплатных паслуг на падставе раўнапраўя.
Прынцып камфортнасці (тэхналагічнай і псіхолага-педагагічнай) грунтуецца на актыўнасці, камунікатыўнасці, супольнасці, кампетэнтнасці, прафесіяналізме, супрацоўніцтве, карпаратыўнасці, сістэматычнасці, нагляднасці, аператыўнасці, прыярытэтнасці, індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі, цэласнасці і выбіральнасці, шматпрофільнасці.
Такую канцэпцыю абгрунтоўвае В.А.Барадзіна.
Ю.П.Меленц’ева лічыць, што прынцыпы абслугоўвання могуць быць сфармуляваны наступным чынам:
-
прынцып кангруэнтнасці бібліятэчнага абслугоўвання;
-
прынцып талерантнасці і прыярытэтаў асобы карыстальніка;
-
прынцып дыялагічнасці бібліятэчнага абслугоўвання;
-
прынцып індывідуалізацыі і спецыалізацыі бібліятэчнага абслугоўвання.
У праграме нашага курса вызначаны наступныя прынцыпы: дыферэнцаванага падыходу да карыстальнікаў, сістэматычнасці, плюралізму, дыялагічнасці, двайнога ўплыву, краязнаўчага падыходу, нагляднасці.
5. Кніга і чытанне як фактары сацыялізацыі асобы.
Паняцце сацыялізацыі і яе асноўныя этапы. Роля інфармацыі ў кажным з іх. Упершыню тэрмін “сацыялізацыя асобы” узнік у межах амерыканскай і французскай школ сацыяльнай псіхалогіі напрыканцы Х1Х ст. Пад “сацыялізацыяй” разумелі “працэс развіцця сацыяльнай прыроды чалавека”. У замежнай навуцы ХХ стагоддзя склаліся два падыходы да праблемы. Асноўнае іх разлічча заключаецца ў разуменні ролі самаго чалавека ў працэсе сацыялізацыі. Першы падыход разглядае сацыялізацыю толькі як працэс адаптацыі асобы да грамадства, што прадугледжвае яе пасіўную пазіцыю ў працэсе сацыялізацыі. Гэты падыход можа быць вызначаны як “суб’ект-аб’ектны”. Другі падыход зыходзіць з таго, што ў працэсе сацыялізацыі чалавек не толькі прыстасоўваецца да грамадства, але і сам істотна ўплывае на свае жыццёвыя абставіны і на сябе самаго. Гэты падыход можна вызначыць як “суб’ект-суб’ектны”.
Сёння сацыялізацыя трактуецца як двухбаковы працэс: чалавек, засвойваючы сацыяльны вопыт, актыўна набывае і свой, уласны, які, у сваю чаргу, ўзбагачае і развівае грамадства.
Цікава, што некаторыя педагогі лічылі, што тэрмін “сацыялізацыя” зусім адэкватны такім традыцыйным тэрмінам, як “выхаванне”, “фарміраванне” і т.п.
Асноўнае адрозненне выхавання ад сацыялізацыі – ў мэтанакіраванасці працэса выхавання. Выхаваўчае ўздзеянне на асобу заўсёды мае сваёю мэтаю увасобіць якую-небудзь педагагічную мадэль, дасягнуць пэўнага ідэала.
Аднак, выхаваўчае ўздзеянне – гэта не адзінае і не заўсёды самае дзейснае ўздзеянне, якое адчувае асоба. Мы часта сутыкаемся з сітуацыяй, калі выхаваўчаму, мэтанакіраванаму ўздзеянню супрацьстаяць іншыя, стыхійныя ўздзеянні, што не паддаюцца рэгуляванню. Акрамя таго, у працэсе выхавання асоба выступае, у асноўным, як аб’ект уздзеяння, а ў ходзе сацыялізацыі абавязкова ўдзельнічае і сам суб’ект. Такім чынам, сацыялізацыю нельга зводзіць да паняцця выхавання ні ў вузкім, ні ў шырокім сэнсе слова, так як побач з разнастайнымі арганізаванымі ўздзеяннямі грамадства па фарміраванню асобы, гэты працэс уключае элементы стыхійнага, неарганізаванага, альбо з вялікай цяжкасцю падлягаючага арганізацыі, уздзеяння асяроддзя і, акрамя таго, уласную актыўнасць асобы.
Ю.П.Меленцьева выдзяляе наступныя асаблівасці сацыялізацыі, якія дазваляюць адрозніць яе ад працэса выхавання:
-
адносная стыхійнасць, неарганізаванасць дадзенага працэса, калі далёка не заўсёды можна прадугледзіць мэтанакіраванае ўздзеянне асяроддзя, якое цяжка ўлічваць і рэгуляваць;
-
ненаўмыснае, міжвольнае засваенне сацыяльных нормаў і каштоўнасцяў, якое пры сацыялізацыі адбываецца ў выніку актыўнай дзейнасці і стасункаў індывіда, яго ўзаемадзеяння са сваім бліжэйшым асяроддзем;
-
павелічэнне з узростам самастойнасці індывіда ў адносінах да выбару сацыяльных каштоўнасцяў і арыентыраў, найлепшага асяроддзя зносін, якое адыгрывае ролю рэферэнтнай групы і мае наймацнейшы ўплыў на працэс сацыялізацыі.
Сацыялізацыя ўключае як біялагічныя, так і сацыяльныя бакі развіцця чалавека, яна не абмяжоўваецца пэўнымі ўзроставымі перыядамі і завяршаецца толькі са смерцю чалавека. Найбольш яркі, а часам і драматычны характар, працэс сацыялізацыі набывае ў маладыя гады. І.С.Кон назваў перыяд жыцця ад 15 да 25 гадоў “судзьбаносным”. У гэты час фарміруецца асоба чалавека, вырашаюцца, як правіла, асноўныя жыццёвыя пытанні: адбываецца выбар прафесіі, стварэнне сям’і. Гэты перыяд жыцця асобы мае такую моцную “сацыялізацыйную” афарбоўку, што некаторыя даследчыкі схільны лічыць толькі дадзены перыяд часам сацыялізацыі.
Варта адзначыць, што даследчыкі падкрэсліваюць магчымасць існавання розных варыянтаў развіцця працэса сацыялізацыі, у тым ліку і дэфектнага, што знаходзіць адлюстраванне ў тэрмінах “дэсацыялізацыя”, “рэсацыялізацыя”. У апошні час складаецца падыход пры якім асоба разглядаецца не толькі як аб’ект альбо суб’ект працэса сацыялізацыі, але і як ахвяра яго неспрыяльных умоў.
Шматбаковасць паняцця сацыялізацыі абумоўлівае выдзяленне яе тэматычных напрамкаў: палітычнай сацыялізацыі, прававой сацыялізацыі, этнаграфічнай сацыялізацыі, інфармацыйнай сацыялізацыі і г.д. Складаецца таксама напрамак, які разглядае дзейнасць розных сацыяльных інстытутаў сацыялізацыі, перш за ўсё – сямьі. Тэорыя сацыялізацыі стала асновай новых напрамкаў навукі: сацыяльнай педагогікі, первентыўнай псіхалогіі, акмеалогіі.
Механізм сацыялізацыі функцыяніруе на розных узроўнях: біялагічным (узровень арганізма), псіхалагічным (узровень асобы), сацыяльна-псіхалагічным (узровень групы), сацыяльным (узровень грамадства).
Зараз можна лічыць даказаным, што ў аснове механізма сацыялізацыі ляжыць акт інфармацыйнага ўплыву, што праяўляецца на ўсіх узроўнях сацыялізацыі, якія цесна звязаны паміж сабой. Больш таго, менавіта інфармацыйны ўплыў і інфармацыйнае ўздзеянне з’яўляецца магутным сацыялізуючым фактарам.
Асноўным зместам працэса сацыялізацыі з’яўляецца перадача сацыяльнага вопыту: нормаў, ідэалаў, каштоўнасцей, ладу жыцця.
Для характарыстыкі працэса сацыялізацыі асобы ў навуковай літаратуры выкарыстоўваюцца такія паняцці, як стадыі, сферы, этапы, узроўні, ступені, агенты сацыялізацыі, інстытуты сацыялізацыі.
Для нас уяўляюць асобае значэнне наступныя моманты:
-
асноўнымі стадыямі сацыялізацыі з’яўляюцца дзяцінства, падлеткавы ўзрост, юнацтва, маладосць, сталасць; пенсійны ўзрост;
-
асноўнымі ступенямі сацыялізацыі для дадзеных ўзроставых груп з’яўляюцца: перайманне сацыяльнага вопыту, фарміраванне самасвядомасці, выбар прафесіі, самарэалізацыя і самасцьвярджэнне ў грамадстве, перадача набытага вопыту наступным пакаленням;
-
асноўнымі сферамі сацыялізацыі называюць сямью, школу, вытворчасць, калектыў аднагодкаў, дасугавую і вучэбную дзейнасць;
-
асноўнымі фактарамі сацыялізацыі выступаюць зносіны, вучэбная і працоўная дзейнасць;
-
найважнейшым агентам сацыялізацыі з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, якія пранікаюць ва ўсе сферы жыцця асобы. Даследаванні паказываюць, што для дзяцей, падлеткаў і юнацтва масавая інфармацыя як канал атрымання ведаў аб свеце стаіць на першым месцы;
-
асноўнымі рычагамі сацыялізацыі лічацца унушэнне, перайманне, псіхічнае заражэнне, перакананне. Прычым гэтыя працэсы могуць быць паўнаценна здзейснены толькі “ва ўмовах эфекта даверу” (В.М.Бехцераў).
Як ужо было сказана, сацыялізацыя асобы прадугледжвае, перш за ўсё, перадачу сацыяльна-значнай інфармацыі ад кожнага папярэдняга пакалення наступнаму, г.з. мае ясна выражаны інфармацыйны аспект. Інфармацыя, якая цыркуліруе ў грамадстве, тычыцца зносін і адносін людзей, іх узаемадзеяння, іх патрэбнасцяў, інтарэсаў і г.д. з’яўляецца сацыяльнай інфармацыяй.
У адрозненні ад біялагічнай інфармацыі, генетычна перадаваемай ад пакалення да пакалення і вызначаючай стратэгію біялагічнай жыццядзейнасці дастаткова жорстка, сацыяльная інфармацыя засвойваецца занава кожным пакаленнем і фарміруецца са значна большай ступенню свабоды.
Інфармацыйныя працэсы грамадства ідуць, як вядома, праз асноўныя каналы камунікацыі, якія ўмоўна можна падзяліць на асабовыя, спецыяльныя і масавыя. Вядома, любы з каналаў камунікацыі можа аказаць уплыў на сацыялізацыю асобы, аднак, уласна сацыялізуючымі з’яўляюцца сродкі масавай камунікацыі, альбо сродкі масавай інфармацыі (СМІ).