ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2217
Скачиваний: 0
служыць немцам, далі яму карову. Напачатку Шышку моцна ўзненавідзелі, а пасля неяк прымірыліся, што ён паліцэйскі. Пайшла чутка, што Рыгор не дае чужым паліцаям крыўдзіць сваіх, добрынскіх, людзей. І ад немцаў абараняе. На Кулагі, казалі, як наляцелі аднойчы, дык вымелі ўвесь хлеў і палавіну жывёлы пагналі. А на Добрынку больш так не наляталі. Збожжа і мяса здавалі па развёрстцы старасты, а Пракоп быў чалавек справядлівы, старастам яго абралі свае, бо ён яшчэ ў тую вайну, на якой загінуў наш дзед, у палоне быў у Нямеччыне і знаў іх мову. Мы, дзеці, у сем-восем гадоў добра зналі жыццё, настрой людзей, адносіны паміж імі, хто за каго і хто чым дыхае і што на вайне, дзе былі нашы бацькі, робіцца, цяпер сямікласнікі так не знаюць пра сваё сяло, пра тое, чым хто жыве. Цяпер слухаюць радыё, глядзяць тэлевізар. А мы лавілі кожную размову, кожнае слова. Мы былі паўсюдныя, як птушкі. Прыляталі ў любую хату. Прысутнічалі на вяселлях і на памінках, там, дзе смяяліся і дзе плакалі, і, безумоўна, там, дзе варажылі. У вайну хадзіла па сёлах багата варажбітак. Варажылі яны па-рознаму: адны прадказвалі канец свету, другія, наадварот, радавалі нашых матак, што скора адбудзецца тое, чаго ўсе чакалі,— вернуцца свае, вернуцца мужы, бацькі. Адну такую варажбітку, старэнькую бабулю, арыштавалі паліцаі, пайшла чутка, што яна ад партызан прыходзіла. Пасля гэтага мы, дзеці, у кожнай чужой жанчыне стараліся разгледзіць партызанку. І калі новая варажбітка заходзіла да каго ў хату, мы ляцелі туды, як вераб'і на проса. Часам нас выганялі. Але часцей не звярталі ўвагі: дзеці былі ў кожнай хаце, ад іх нікуды не дзенешся, ды і няма ад іх чаго таіць, няхай ведаюць, якое яно, жыццё і што іх чакае наперадзе. Можа, ад таго, што ведалі ўсе клопаты, усё матчына гора і на плечы нашы ўзвальвалася нямала недзіцячай работы, мы рана сталелі.
Бедна мы жылі без каровы. Галадалі. Не, галадалі мы па вясне. А тады наступала восень і можна было жыць — выраслі бульба, гуркі, капуста, у лесе грыбоў было многа; мы з маткай кожную раніцу хадзілі па грыбы і насушылі ажно два мяшкі, адных добрых — баравікоў
— мяшок, а яшчэ наперадзе маглі быць маслюкі і апенькі, на іх мама надзеялася, баравікі яна мелася занесці ў Гомель на рынак, каб прадаць іх і купіць солі, бо соль тады была даражэй за сала, а без солі з самымі лепшымі грыбамі суп усё роўна што з травы. Анечка, калі хварэла, вельмі прасіла солі: «Мамачка, адну крупіначку».
Так, гэта было на пачатку восені, бо незадоўга перад гэтай сустрэчай мама сказала, што каб не вайна ды не немцы, то я пайшоў бы ў школу. Мне вельмі захацелася пайсці ў школу. Паліцаяў я не любіў, як і ўсе добрынцы, але ў той дзень, калі можна было ісці ў
школу, я іх узненавідзеў асабліва, бо яны займалі нашу школу, а цётка Маланка, якая прыбірала там, казала: ператварылі ў свінушнік.
Але, сустрэўшы Рыгора Шышку, я пачціва саступіў са сцежкі ў гразь (прайшоў дождж, і на вуліцы было гразка) і павітаўся з ім, зняўшы шапку: «Добры дзень, дзядзька Рыгор».
Так вучыла маці — з усімі вітацца. Не хацелася мне гэта рабіць. Я быў настроены сваім сябрам Яшкам Качанком і асабліва яго дзедам: стары мацюкаў паліцаяў і немцаў на чым свет стаіць, а аднаго разу пабіўся з італьянскім салдатам, які хацеў забраць парсючка; з гэтай прыгоды смяяліся, але казалі, што каб там былі немцы ці мадзьяры, старому Качанку быў бы капут, застрэлілі б яго без суда, а італьянцы сабраліся на крык і, убачыўшы, як дзед качаецца ў двары ў пяску, счапіўшыся з адным з іх, смяяліся, пляскалі ў далоні і крычалі: «Бравісіма!» Вясёлы народ італьянцы!
Я сказаў неяк маме, што не хачу здаровацца з паліцаямі і немцамі. Каб яна пачала сварыцца, я заўпарціўся б і рабіў бы па-свойму, але яна прасіць мяне пачала, як бацьку некалі пра нешта прасіла, калі ён адыходзіў на вайну: «Іваначка, родненькі, трэба здароўкацца з усімі. Няможна табе праходзіць міма іх ваўчанём. Няможна, сыночак мой. Яны бываюць што звяры... Як табе, малому, паясніць?»
Разжоўваць мне не трэба было, сам усё знаў і паабяцаў вітацца. Але трэба пражыць сорак гадоў, трэба мець сваіх дзяцей, каб да канца зразумець маці і ўсё, што яна перажывала тады, як баялася за нас, за дзяцей. За мяне, відаць, асабліва. Анечцы ўсяго пяты гадок ішоў, яна дзяўчынка, заўсёды трымалася пры маці, сама нікуды не хадзіла. А я шастаў па ўсёй ваколіцы, страчаўся з рознымі людзьмі, хацеў паказаць сябе дарослым, дасведчаным ва ўсім, мог, наслухаўшыся ад дзеда Качанка, нагаварыць такога... Матка кожны дзень вучыла, каб я нічога нідзе не казаў пра вайну, пра немцаў, пра партызан.
Шышка на маё прывітанне не адказаў, прайшоў міма, задраўшы нос. Ішоў ён у сваім чорным паліцэйскім мундзіры, падпяразаным шырокай папругай, на якой вісела жоўтая кабура. Раней у яго не было кабуры, ён хадзіў з карабінам, і стары Качанок перадражніваў яго, казаў, што нават да ветру за хлеў Шышка ходзіць са сваёй ламачынай, а потым, калі садзіцца па патрэбе, не знае, куды яе дзяваць. Нас з Яшкам гэтая дзедава перадражніванне смяшыла да слёз. А матка Яшкава лаялася са свёкрам: «Пустамол ты стары! Чаму ты вучыш малых? На дзіцячы розум, яны пачнуць перадаваць твае фінцілі-вінцілі, дак калі дойдзе да тых гадаў, то яны, калі хочаш, перастраляюць дзяцей».
Чаму маткі лічылі, што мы такія неразумныя?
Раптам Шышка павярнуўся да мяне, гукнуў: «Эй! Ты Карнееў?» Я сцяўся, як ад удару.
«Ага, Алёнін»,— нас з Анечкай рэдка называлі Карнеевы, на вуліцы нашай часцей на маці — Алёніны.
«Хочаш паглядзець кулямёт?» Хацелася мне паглядзець кулямёт. Якому хлапчуку ў сем гадоў не
хочацца палюбавацца на такую цацку? Але яшчэ больш хацелася зайсці ў школу, дзе я мог бы вучыцца ўжо, паглядзець, як паліцаі ператварылі яе ў свінушнік. Аднак і боязна было. Не, я не думаў, што Шышка можа завесці і не выпусціць назад. Была сярэдзіна дня. Хадзілі па вуліцы людзі. А Шышка ўсё ж свой чалавек, лічы, што сусед, на адной вуліцы жыве. А зімой, калі ён жаніўся, мы, дзеці, набіліся ў яго хату, і нас там частавалі — пшанічнымі пампушкамі з мёдам.
Не, што Шышка можа арыштаваць мяне, малога, гэтага я не баяўся. Але нейкая несвядомая перасцярога з'явілася, матчын наказ падзейнічаў — быць ад іх далей, ад усіх тых, хто пайшоў служыць да немцаў.
«Мне трэба малако занесці. Анечка хварэе», «Не скісне тваё малако».
Ён вярнуўся і ўзяў мяне за руку.
«Пайшлі, пайшлі, не бойся. Хочаш, я навучу цябе страляць з кулямёта? Пойдзеш у партызаны — будзеш умець страляць. Хочаш у партызаны?»
Гэта мяне насцярожыла. Бач, куды закідае вудачкі, падумаў я, але не на дурня наскочыў. Так я табе і скажу, чаго я хачу, а чаго не хачу,
«Не, не хочу. А што мне там дзелаць? Мне і дома добра». «А ў паліцэйскія хочаш?» «Не возьмуць мяне. Малы».
Шышка спыніўся і паглядзеў мне ў твар.
«Вунь ты які! Малайчына! А што ета ў цябе за пазухай?» «Пляшка з малаком. Анечка хварэе, Кашляе і кашляе. Яе казіным
малаком матка поіць».
«А я думаў — граната ў цябе там».
«Што вы, дзядзька! Адкуль я вазьму тую гранату? Хіба яны валяюцца?»
«А каб меў гранату, то шчо ты зрабіў бы з ёй?» «А нічога. Я ў рукі яе не ўзяў бы. Шчоб матка лупцоўкі дала».
«Добры ты хлопец, бачу. Як ета я цябе раней не прымеціў? Мы з табой маглі б падружыць, Хочаш, я патронаў табе дам? Ад рускай вінтоўкі. Цэлую скрынку. Цынкавую. Бліскучую»,
«А нашто яны мне?» «Гуляў бы».
«Каб малыя ў агонь кінулі ды пастраляла іх. Матка сказала: хоць адзін патрончык убачу — шкуру спушчу».
Ён зноў спыніўся, зноў вельмі пільна паглядзеў на мяне.
«Ну, брат, ты мудрэйшы за Цавеньку,— такая мянушка была ў дзеда Яшкі Качанка.— У таго, старой падлы, дрысня з бяззубага рота свішча. Заткнуць няма каму».
Шышка ажно пабуракавеў — ад злосці, і я сцяміў: знае ён, што гаворыць пра паліцаяў дзед. Можа, і пра тое перадалі яму, як мы з Яшкам рагочам, калі дзед перадражнівае кульгавага старасту, і Шышку, і бясштанніка Куляшонка, і чужых паліцаяў, каторыя не з нашага сяла, але дзед і тых знаў — хто адкуль, з якога роду; Качанок калісь вырабляў аўчыны і хадзіў па сёлах, знаёмых у яго было — цэлы раён. Тут мне зрабілася страшна. А ці не за гэта Шышка хоча затрымаць мяне і распытаць, пра што гаворыць дзед Захарка? Я пакляўся сабе: нічога не буду гаварыць, няхай хоць катуюць, хоць агнём паляць. З надзеяй, з маленнем глядзеў на людзей, якія страчаліся, так глядзеў, каб тыя сцямілі і сказалі матцы, што не па сваёй ахвоце пайшоў я з Шышкам, што мяне трэба выручыць. Мама — яна нешта прыдумае. Яна заўсёды выручыць.
Школа наша тагачасная была драўляная, аднапавярховая, мне, малому, здавалася вельмі вялікая, заблудзіцца ў ёй можна, большага дома тады ў сяле не было. Школу збудавалі перад вайной. Бярвенне сасновае не пацямнела яшчэ нават так, як у хатах, сукі зусім жоўценькія былі, смала на іх выступіла, напэўна, у першае ваеннае лета, пасля якога не было ўжо заняткаў, і вучні не скалупвалі смалы, так яна і свяцілася прыгожымі наплывамі — дзе жоўтымі, дзе пабялелымі. Смала гэтая кінулася ў вочы і запомнілася, бо захацелася пакалупаць яе.
Шышка не павёў мяне на ганак, за школу павёў, на двор, густа зарослы палыном і быльняком. На хляве, дзе некалі стаяла дырэктарава карова, а ў другой палавіне з вялікімі варотамі, праз якія магла заехаць машына, складалі школьныя дровы, былі прыбіты дзве вялікія фанеры: на адной намалявана звычайная мішэнь — чорныя і белыя кругі, на другой — чырвоны чалавек — галава, грудзі, рукі, ногі. Кругі былі прадзіраўлены кулямі па ўсім полі мішэні, і дзірачкі абведзены вугалем. Чалавеку стралялі толькі ў лоб і ў грудзі, у той бок, дзе сэрца. Кулі парвалі фанеру, утварыліся шырокія рваныя проймы, праз якія, як белае цела, прасвечвалася пашчапаная сцяна хлява.
Мне стала страшна, што чалавека так расстралялі.
«Хочаш пастраляць?» — спытаў Шышка.
Хто з нас хлапчукоў, не хацеў пастраляць у той час? Але там, у школьным двары, мне не хацелася страляць, аднак адмовіцца не адважыўся. Шышка дастаў пісталет, агледзеў яго, дзьмухнуў у дула, выняў абойму, назад паставіў яе і перадаў зброю мне.
«Цэлься яму ў лоб, етаму бандыту».
Пісталет быў цяжкі для мяне, але не толькі ад цяжкасці задрыжала мая рука. Я не мог стрэліць у чалавека. Папрасіў:
«Дзядзечка, я ў яблычка хачу».
«У партызана, значыцца, не хочаш? — нядобра ўхмыльнуўся паліцай.— Та-ак. Ну, давай у мішэнь. Калі пацэліш у дзесятку — будзеш мець прэмію, добры гасцінец ад мяне. Мушку падвадзі знізу, пад яблычка. І ціха націскай».
«Я знаю».
«Знаеш? — здзівіўся Шышка.— Калі ж ета ты страляў? Дзе?» «Я не страляў, так знаю».
Стрэл ляснуў нечакана для самога мяне, пісталет трохі не вырвала з рук. Куля не пацэліла нават у самы вялікі круг, прабіла фанеру ў левым чыстым кутку.
Шышка задаволена засмяяўся:
«Эх ты, стралок! А яшчэ ў партызаны хочаш ісці. Хочаш?» — другі раз спытаў Шышка. Але я, хоць і аглушаны стрэлам, вуха трымаў востра.
«Нашто яны мне здаліся, тыя партызаны!» Шышка ўзяў у мяне пісталет.
«Страляць трэба так. Партызану б'ю ў левае вока. Глядзі!» — ён як бы падкінуў пісталет угору і, бадай жа не цэліўшыся, стрэліў. На шчацэ «чалавека» пад вялікай прорвай засвяцілася новая маленькая дзірачка.
На ганак, на той малы, што з боку хлява, з дзвярэй, праз якія некалі хадзілі дырэктар і настаўнікі, выйшаў другі паліцай, чужы, які і гаварыў не па-нашаму — па-гарадскому. Добрынцы далі яму мянушку Лапай. Дзед Качанок, можа, болей за ўсіх лаяў гэтага Лапая, бо ён з акружэнцаў, у Чырвонай Арміі служыў, а перайшоў да немцаў. У дзеда яму былі іншыя мянушкі — юда, хрыстапрадавец, фашыст.
Лапай агледзеў мяне з насмешкай і як бы з грэблівасцю, ад чаго мне зрабілася нядобра, крыўдна, злосць апанавала, хацелася крыкнуць яму ў твар усе мянушкі адразу. Не глядзі так на людзей, гад паўзучы!
Лапай сказаў Шышку таксама насмешліва:
«А я думаў, ты партызана ў палон узяў і расстрэльваеш без нас...
А ты змену сабе рыхтуеш. Доўга чакаць. Не працягнем...» «Не каркай. Мы з Іванкам старыя дружбакі. Суседзі. Гэта сын
Карнея Батрака».
Лапай свіснуў так, быццам ён добра ведаў бацьку майго і ўзрадаваўся, што сустрэўся з сынам. І паглядзеў на мяне зусім інакш — з цікавасцю.
«І як? Умее страляць?» «Навучыцца. Хлопец разумны. На ляту хапае. Прыходзь, Ваня,
кожны дзень. Навучым».
«Ты пачаставаў бы такога дарагога госця»,— сказаў Лапай.
«А во ета правільна ты кажаш, Кузьміч! — як бы ўзрадаваўся Шышка, што яму падказалі добрую справу.— У нас такі гасцінец ёсць! Угу, пальчыкі абліжаш. Хадзем».
Наконт яды быў я сарамлівы, як і многія дзеці таго часу, так нас выхоўвалі, так наказвала маці: не лезці ў чужой хаце за стол. Калі заходзіў да суседзяў, а яны абедалі ці вячэралі і запрашалі з'есці дранік, зацірку, кулагу, я заўсёды адгаварваўся, што еў ужо гэтае ж самае, хоць каўтаў сліну. Нават у сваякоў, акрамя бабы і цёткі Хвядоры, я ніколі не садзіўся за стол, хіба яблык ці грушу мог узяць. Тым больш няма чаго частавацца ў паліцаяў! Што скажа дзед Качанок, і ў хату не пусціць. Ідзі, скажа, нюхайся са сваімі паліцаямі.
Але як адмовіцца, калі ты ўсё роўна як пад арыштам апынуўся? Ды і не пачастунак галоўнае. Нават пазней ужо, калі стаў падлеткам, у дзіцячым доме быў, мне заўсёды было лягчэй зайсці да каго-небудзь, куды-небудзь — у хату, у кантору, у кабінет дырэктара — і павітацца, чым развітацца і выйсці, здавалася, што раблю я гэта не так, не ў час, не па правілах.
Пра гэта я думаў, пераступіўшы парог школьных варот: як выбрацца адтуль?
Паспрабаваў адцягнуць іх увагу ад пачастунку — напомніў Шы-
шку:
«А кулямёт?» «Які кулямёт?» — здзівіўся Лапай.
«Я кулямёт хацеў яму паказаць»,— сказаў Шышка і ўкрадкі падміргнуў другому паліцаю. Але я ўсё бачыў і здагадаўся, што кулямёта ў іх няма, што Шышка выхваляўся знарок, мабыць, каб заманіць мяне сюды.
«Кулямёт — ваенная тайна».
«Ага. Адразу такія штукі не паказваюць. Заслужыць трэба. А калі ты партызанам скажаш, дзе ў нас што стаіць?»