ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2213
Скачиваний: 0
Загадчык склада Мікалай Азарыч, інвалід вайны, франтавы шафёр, прыкурваючы ад Іванавай цыгаркі, глянуў яму ў вочы і выказаў здзіўленне:
—Што ета ты сёння... быццам у цябе вось зламалася?
—Зламалася.
—У чым?
—У жыцці.
Азарыч палічыў, што Батрак дасціпна жартуе, і засмяяўся.
— Ну, у жыцці твая вось моцная. Ні ў кога з нас няма такой. Карнееў памочнік Валодзя Качанок працуе ўсё лета не таму, што
не можа не працаваць,— спадзяецца, што саўгас дасць яму рэкамендацыю ў інстытут і будзе выплачваць стыпендыю. Мэты сваёй ён не тоіць, і ніхто яго за гэта не асуджае, Іван таксама ўхваліў Валодзева жаданне працаваць на зямлі. Івана якраз больш трывожыла, што Карней дагэтуль не вырашыў, куды пойдзе пасля школы. А гэта цікавіла не толькі іх, бацькоў, але і Астаповіча — дырэктару хацелася вывучыць маладога Батрака на інжынера, цвёрда замацаваўшы за саўгасам; ён думаў не толькі пра тых, хто будзе кіраваць гаспадаркай пасля яго, але і пра тых, хто зменіць яго пераемнікаў — з якой пароды будуць гэтыя людзі. Валодзя — не Карней, робіць усё з разлікам. Не пайшоў на машынны двор пад дажджом. Навошта? Камбайны ўсё адно будуць стаяць. Выспаўся. А калі распагодзілася, прыйшоў на ток, каб паехаць з чарговым рэйсам у Казінае.
Хлопец павітаўся і палез у кабіну, ніякай віны за сабой не адчуваючы: ішоў жа дождж. Але Іван раптам успомніў, што Валодзька гэты — нейкі сваяк таму, што вярнуўся з небыцця, нейкі стрыечны ўнук ці ўнучаты пляменнік, чорт іх разбярэ. Ні разу пра гэта раней не падумаў. Родны дзед Валодзькі на фронце загінуў, бацька ў вайну хлапчуком быў, гады на чатыры ўсяго старэйшы за Івана, цяпер слесарам на тым жа машынным двары ў майстэрні працуе, і ён, Іван, неаднойчы сядзеў з ім за адным сталом, і, здаецца, ніколі не варухнулася ў ім нядобрае ад таго, што сядзіць з пляменнікам такога...
гада... Тым больш што далёка ад таго Валодзька, які нарадзіўся гадоў праз шаснаццаць пасля вайны і пра Шышку хіба краем вуха чуў, бо жылі ў сяле Шышкавы жонка і дачка, але ніхто з імі не радніўся, усе стараніліся. Дальнія сваякі, бадай, радаваліся, што паліцай згінуў бясследна.
А тут Іван раптам адчуў непрыязнасць да хлопца. Відаць, не столькі з-за яго сваяцтва, магчыма, у большай меры з-за яго хітрасці: што гэтак дамагаецца рэкамендацыі ў інстытут ці з-за таго, што спаў да абеду, ажно і цяпер вочы заспаныя, не прамыў добра, а Карней
ужо добра напрацаваўся. Адчуў, што цяжэй яму стане, калі побач будзе гэты хлапчына.
Адчыніўшы дзверцы са свайго, шафёрскага, боку, сказаў жорстка:
— Паедзеш з Бойкам.
Валодзя адчуваў адну віну — праспаў, таму паспрабаваў абараняцца:
—Дзядзька Іван, дык ішоў жа дождж.
—Паедзеш з Бойкам,— паўтарыў Іван так, што хлопец, які паводзіў сябе са сталымі камбайнерамі, як роўны, без пярэчанняў вываліўся з кабіны.
А пасля Івану стала нядобра ад гэтай зусім не ўласцівай яму суровасці: нізашто пакрыўдзіў вучня, непедагагічна гэта. Дакараў сябе і загадаў сам сабе сачыць за сваімі адносінамі з людзьмі, пакуль на душы так пагана, а то так можна пасварыцца з многімі і ў нялёгкі час застацца аднаму.
Аднак, як на ліха, у той дзень шмат што не ладзілася. Бойка «сеў» на мастку цераз капал. Пакуль Іван вярнуўся з тока, Бойкаву машыну выцягнулі, але для таго, каб падважыць яе, не прыдумалі нічога іншага, як разгрузіць кузаў — высыпаць збожжа на дарогу. Праўда, падаслалі брызент, але ўсё адно нейкая частка ячменю трапіла ў пясок і нават асунулася ў канал, у ваду. Можа, мяшок, два, не больш, было страчана ячменю. Але Іван абурыўся, мацюкаў і разяву Бойку, і ўсіх, хто яму памагаў, а яшчэ мацнейшыя словы паслаў людзям, у абавязкі якіх уваходзіла адрамантаваць масток. Хлопцы вінавата прамаўчалі. Але ад іх маўчання яму зрабілася яшчэ цяжэй. Здалося раптам, што таварышы яго па рабоце, як ніколі, пакорлівыя, падазрона пакорлівыя, і занадта добрыя, ціхія, такімі людзі робяцца, калі чалавека напаткала бяда. А ў яго ж ніякай бяды няма. Усё самае страшнае, што можа выпасці на долю чалавека, у яго ўжо было. Больш не можа — не павінна быць! — у жыцці нічога страшнага.
Іван з тока пазваніў самому Астаповічу, каб прыслалі цесляроў — адрамантаваць масток.
У Казінае прымчаў на сваім шматпакутным матацыкле Кузя. Іван убачыў яго здалёк і завёў сябе на гучную размову: ім не
аграном трэба, а цесляры, а галоўнаму трэба не лётаць з касмічнай скорасцю, а пільней глядзець, дзе што як ляжыць, ды мазгамі варушыць. Ды Кузя апярэдзіў яго, даказаўшы, што мае пільнае вока: накінуўся на Бойку, што ў лесе на карэнні дарога ўсеяна ячменем.
—Варон надумалі карміць? Ды Астаповіч з вас паўзаробку зрэжа за такія страты. З «Іскры» дэлегацыю чакаем. Падумайце, што яны
скажуць, калі ўбачаць, што ў нас робіцца на дарозе. Іван Карнеевіч, што ж гэта вы?
—Мая віна, я натрусіў,— сказаў Іван, здзівіўшы і Бойку, і Кузю.
—Твая? — у галоўнага нават думкі не ўзнікла, што марнатраўства мог зрабіць такі ашчадны гаспадар і класны шафёр, як Батрак.
АІван успомніў, як сказаў Карней: «Рукі не туды глядзяць». І нага...
нага таксама як бы страціла аўтаматызм, выпрацаваны за два дзесяцігоддзі ваджэння машыны. Лавіў ён сябе сёння на тым, што з-за сваіх цяжкіх думак рэзка тармазіў, нервова, а кузавы і машыны, і прычэпа насыпаў з коптурам.
У чарговы рэйс вырашыў паслаць сына, а самому застацца на камбайне. Але падумаў, што трэба будзе працаваць з памочнікам, і завагаўся. Баяўся свайго нядобрага пачуцця да хлопца, каб не паўтарылася яно. Бо так нельга. Пры чым тут Валодзя? Нават маці яго, пляменніца Шышкі, і тая, відаць, цьмяна помніць дзядзьку, а бацька, які нарадзіўся ў суседняй вёсцы, напэўна, зусім не помніць, толькі хіба па расказах, але наўрад ці сказаў хто пра паліцая добрае слова. Але, так нельга. Так, калі пачаць выяўляць усіх яго сваякоў, можна вакол бачыць ворагаў і жыць з нянавісцю, з вечнай падазронасцю. А так жыць цяжка, ён, Іван, ніколі так не жыў.
Урэшце, Шышка — невялікая шышка. Былі галоўныя каты, у чорных мундзірах, з чужой мовай. Тады іх увалілася, можа, дзесяць чалавек...
Колькі немцы гора пакінулі на нашай зямлі! Але людзі нашы разумеюць, што не народ нямецкі, не немцы ўвогуле — фашысты гэта чынілі. Ён, Іван, таксама згаджаўся, што нельга вініць народ. Калі ў саўгас прыехала нямецкая дэлегацыя, ён быў на сустрэчы, апладзіраваў іх добрым словам. Аднак жа на вячэру піць з гасцямі гарэлку не пайшоў. Не мог пайсці. І калі яму прапанавалі паездку ў Германію, адмовіўся, здзівіўшы шмат каго, нават Тася расчаравана ўздыхнула, хацелася ёй і такой славы для мужа.
Не, да Валодзі трэба адносіцца як да Валодзі — да школьніка, камсамольца, суседа, сынавага сябра. Вінаваціць яго можна хіба за адно — гультаяваты бывае. Адолеўшы свае пачуцці, Іван быў уважлівы і ласкавы са сваім юным памочнікам. Валодзя, які звычайна любіў паразважаць на розныя тэмы, спачатку быў насцярожаны, немнагаслоўны: спалохала яго пакаранне — брыгадзір не ўзяў на машыну, моцна, значыцца, Батрак узлаваўся за яго спазненне. Стараўся хлопец загладзіць сваю віну, лавіў кожны рух камбайнера, без слоў разумеў любы загад. Іван падбадзёрваў яго сваёй увагай. Гаварыў з ім, як толькі спыняліся. Ад гэтага самому стала лягчэй: работа і
размова з чалавекам адводзілі страшныя думкі, як громаадвод адводзіць маланку, якая магла б усё спаліць.
—Як там Карней з прычэпам справіцца?
—Карней? Што вы, дзядзька Іван! Ды Карнею хоць чыгуначны састаў прычапі — павядзе. Талент! У бацьку найшоў. Машыну ён водзіць дабрэй за нашага інструктара. Калі здавалі на правы...
Разумеў, што Валодзя трохі падхалімнічае, аднак усё роўна такі водзыў аб сыне школьнага сябра яго было прыемна слухаць. Але, Карней такі! Сам Астаповіч дазволіў, што ў часе ўборкі ён можа падмяняць бацьку і за штурвалам камбайна, і за рулём ЗІЛа. «Сямейны ўборачна-транспартны агрэгат Івана Батрака» — так называўся артыкул у абласной газеце.
Забаўскі сказаў, што назва дрэнная. Можа, для Забаўскага, майстра сваёй, пісьменніцкай, справы, гэта і непрыгожа, а на яго, Іванаву, думку — прыгожа, бо праўдзіва ўсё напісана было, усё праўдзівае — прыгожае, а хлусня, хоць у залатыя словы яе загарні, усё адно будзе брыдкая.
—Абед прывезлі,— паведаміў Валодзя і пракаўтнуў сліну: прачнуўшыся, калі маці была ўжо на рабоце, дрэнна паснедаў. Іван як і не пачуў пра абед, толькі прыбавіў камбайну скорасць. Невысокі, але густы, што шчотка, ячмень зрэзаны жаткай, роўна і прыгожа клаўся на шнэк і, падхоплены транспарцёрам, паднімаўся ў барабан. Нагрузка такая, што малатарня, здавалася, вось-вось захлынецца ад натугі, разляціцца барабан пад напорам калосся, заб'юцца сіты. Не, нейкі міг
—і малатарня зноў весела звінела, рытмічна стукалі сіты. Іван чуйна лавіў кожны гук, кожную змену рэжыму работы камбайна. На кожным дзесятку метраў ходу ён па нагрузцы мог дакладна вызначыць ураджай: тут усе пяцьдзесят цэнтнераў, а вось тут упала да трыццаці. Чаму? Менш папала мінералкі? Ці мелкі тарфяны пласт?
Праз усе грукаты і шумы машыны з асаблівай асалодай слухаў самы слабы, самы пяшчотны шум — збожжа, якое транспарцёр падымаў у бункер. Вернецца Карней, прышвартуецца побач, сапраўды як караблі, пра якія ён, Іван, некалі марыў, і ячмень — жывое золата зямлі — пальецца з бункера камбайна ў кузаў. Разумна прыдумалі людзі. Так ён перажываў заўсёды, так думаў. Хацеў і сёння захапіцца працай, радасцю таго, што па ўсім участку ўраджай не падае ніжэй сарака, і забыцца на ўсё. Не атрымлівалася. Быў нейкі момант ранейшай радасці, калі ён пазбавіўся непрыязнасці да Валодзі і хлопец, адарваўшыся ад капніцеля, крычаў пахвалу яго сыну. А крыкнуў пра абед — і ў Батрака зноў як бы парвалася нешта ўсяродку, сувязь нейкая парвалася — паміж часам, падзеямі, пачуццямі сваімі, сувязь