ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2181
Скачиваний: 0
Карнею здалося, што сястра плача там, і ён адчуў сябе вінаватым і сапраўды такі дурным: не разумеючы дзявочай душы, нагарадзіў немаведама чаго і раніў яе ў сэрца; яна ж, безумоўна, кахае Забаўскага. Калі яшчэ ў жніўні ён выпадкова ўбачыў, як яны цалаваліся ў клубе, Валя вельмі прасіла яго тады нікому не казаць. Ён выканаў сваё абяцанне. Але чаму раптам захацелася так злосна пажартаваць з яе? Добры душою, Карней моцна перажываў. Гукнуў сястру
—яна не адазвалася.
—Прабач, Валя. Я, праўда, лішняе нагарадзіў. Усё было не так. Ён прыходзіў, але гаварылі яны добра. Мірна. Мама яго вячэрай накарміла.
—Пайшоў прэч! — крыкнула з-за дзвярэй Валя.
Карней збянтэжана патаптаўся, пакудлачыў валасы перад люстрам, даў сабе пстрычку па носе, пастукаў пальцам па лбе і пайшоў збіраць абед: сястра з дарогі, можа, абедам добрым можна яе ўлагодзіць і загладзіць сваю віну.
Тут увайшла маці. Прыбегла, задыханая.
—Валя прыехала?
—Прыехала.
—Дзе яна?
—У спальні. Плача.
—Плача? — у маці спалохана расшырыліся вочы; каб супакоіць яе, Карней прызнаў сваю віну:
—Я пакрыўдзіў яе.
—Ты? — не паверыла маці.— Карнейка!
—Нічога я не плачу! — адазвалася з-за дзвярэй Валя.— Брахун
ён!
Карней па-мужчынску не звярнуў увагі на яе словы, толькі перад маці трохі збянтэжана і паблажліва пасміхнуўся.
Валя выйшла са спальні не адразу: нос у яе быў чырвоны, хоць вочы сухія.
Не павітаўшыся, папракнула маці:
—Вырасцілі сынка! Выпаілі соскай. Ён вам яшчэ пакажа, цялёнак гэты!
Але і на гэта Карней велікадушна змоўчаў. А Таісе Міхайлаўне стала горка, што дачка не кінулася да яе, не пацалавала, як рабіла заўсёды, калі прыязджала на пабыўку. Яна сама абняла Валю і сказала да абаіх, так, быццам яны пакрыўдзілі яе:
—Ну як вам не сорамна! Месяц не бачыліся — і на парозе пасварыліся. З-за чаго? Што ў цябе там?
—У мяне? — Валя на міг задумалася, як бы ўспамінаючы, што ў яе магло здарыцца.— Нічога. А ў вас што?
—І ў нас нічога. Хіба толькі бацькава аварыя. Стукнуў аднаму машыну...
—Бацька? — як бы не паверыла і ўстрывожылася Валя.
—Тры сотні прыйшлося выкласці.
—Ну, грошы — глупства,— зазначыла Валя.
—Канечне, глупства,— згадзілася Таіса Міхайлаўна, але, стоена ўздыхнуўшы, дадала: — Калі яны ёсць. Абедала?
—Не.
—Я збяру.
—Мам!
—Што?
—Няхай гэты шпіён,— кіўнула Валя на брата,— пойдзе куды. Нам трэба пагаварыць.
Карней вырашыў стрываць ад сястры любыя наскокі, грубасць, бо лічыў, што ён пакрыўдзіў яе мацней, але шпіёна дараваць не мог, бо ў чым, у чым, але ў шпіёнстве яго ніхто ніколі не западозрыў, ніводзін сябра.
—За кім гэта я шпіёніў? За табой? Дык цалуйся ты з кім хочаш! Мне напляваць!
—Дзеці, дзеці! — расставіла рукі маці,— Во не думала, што вы такія пеўні. Чаго вы не падзялілі?
Пакрыўджаны Карней грымнуў дзвярыма, схапіў у прыхожай куртку, шапку і выскачыў на двор.
Таіса Міхайлаўна здагадалася, пра што так таямніча, без сведкаў, хоча пагаварыць Валя; па-свойму, па-мацярынску ўсхвалявалася
—вось набліжаецца яно, непазбежнае! — і адначасова ўзрадавалася даччыной даверлівасці, што яна, як блізкай сяброўцы, расказвае маці свае сардэчныя тайны. Значыцца, яна добрая маці, правільна выхоўвала сваіх дзяцей і, галоўнае, па поглядах сваіх не адарвалася ад іх, не пастарэла. Некалі ў Валіным узросце яна гэтак жа моцна любіла сваю маці, але чамусьці лічыла, што маці старая, жыве старым сялянскім, уяўленнем пра адносіны маладых людзей, і таму ніколі не расказвала ёй пра свае захапленні; здаралася, калі яна прасіла грошы на новую сукенку ці чаравікі, маці пыталася: «Тасечка, хлопца ты там у горадзе не завяла яшчэ?» Яна адмахвалася: «Ат, мама, выдумаеце! Не да хлопцаў мне, вучыцца трэба!» — хоць хлопцы ў яе былі, галаву яна ўскружыла не аднаму і ў Бабруйску, і тут, у Добрынцы, пакуль не сустрэла Івана. Між іншым, тады толькі бацькам сказала, што мае жаніха і збіраецца замуж. Маці плакала, убачыўшы, які ён бедны,
Іван. Нядаўна, калі гасціла ў іх і радавалася даччыному шчасцю, цяпер ужо сапраўды старэнькая маці прызналася, што вельмі хацела, дурная, запярэчыць тады супраць Тасінага замуства, ды бацька не дазволіў; Міхалу будучы зяць спадабаўся з першага знаёмства.
Валя не саромелася расказваць пра сваіх «жаніхоў» і рабіла гэта заўжды з гумарам. Калі прывезла «жаніхоў» з Магілёва на агледзіны, адразу двух, рагатала з бацькавай маўклівай іранічнасці і Карнеевай варожасці — брат па-хлапчукоўску не мог прымірыцца, што нехта чужы можа забраць яго сястру, раўнаваў.
Але ніколі Валя так не хвалявалася, як на гэты раз. Натуральна, хваляванне яе перадалося маці. Нешта ж, мабыць, сур'ёзнае прыйшло. Ці не такое, як у яе да Івана некалі?
Размова з дачкой палохала. Можа, праз гэта ці, хутчэй, дзеля таго, каб даць супакоіцца самой Валі — вунь як запунсавелася, і рукі ажно калоцяцца! — Таіса Міхайлаўна адцягвала размову: зрабіла выгляд, што цалкам занятая тым, каб сабраць на стол, што ўвесь яе клопат пра адно — хутчэй і смачней накарміць нечаканую госцю, хоць Валя даволі рашуча сказала: не хоча яна есці! Ды маці на такія заявы ніколі не зважала. І Валі прыйшлося скарыцца. Звычайна яна актыўна памагала маці накрыць стол, бо любіла гэты занятак. Цяпер яга стаяла ля акна, глядзела на вуліцу, як чакала кагось, камечыла гардзіну, здавалася абыякавай да таго, што робіць маці. А Таіса Міхайлаўна адчыніла дзверы на кухню, і па ўсім доме пайшлі такія пахі, якія і ў таго, хто толькі што добра паабедаў, маглі абудзіць апетыт. Яна дастала з пограба гліняную бочачку; з зімы, калі закалолі вепрука, у ёй хаваліся залітыя чуць пажаўцелым тукам кружкі хатняй кілбасы, выкалупала нажом адзін такі кружок і кінула на патэльню, што нагрэлася на газавай пліце. Кілбаса сквірчэла і пускала апетытныя пахі.
Знала, што любіць дачка, чым можна нагнаць ёй апетыт пасля студэнцкай сталоўкі, у якой, па яе даўніх успамінах, заўсёды нясмачна пахла прыгарэлай аўсянай кашай.
Не спяшаючыся, па адной талерцы носячы з кухні ў залу на стол хлеб, гуркі, салёныя памідоры, масла, Таіса Міхайлаўна расказвала дачцэ ўсё пра тую ж прыгоду — пра бацькаву аварыю:
— Маёр той адразу згадзіўся, каб яму ў нашай майстэрні адрамантавалі машыну. Танней было б, бацька сам усё зрабіў бы. Але прыехаў ён да нас... пабачыў, як мы жывём, і перадумаў... Давайце, кажа, тры сотні, сам буду рамантаваць. Шчэрба помніць яго, на лузе бачыў. Ён там, пад Хутаранкай, лета жыў у палатцы і, кажа, цэлы завод наладзіў, усё кансерваваў — грыбы, ягады, рыбу, дзічыну. Ка-
жа, сам хваліўся, што дзве тысячы банак закатаў. Нашто яму столькі, скажы ты мне? Браканьер. Кулак якісь, а яшчэ маёрам быў.
Валя не адзывалася. Не вельмі ўважліва яна слухала маці. Маёр, грыбы, аварыя... Як звязалася аварыя з грыбамі?
Таіса Міхайлаўна адчувала, што Валіны думкі далёка ад таго, што яна расказвае, хоць звычайна, прыязджаючы дамоў, Валя сама настойліва і прагна выпытвала пра ўсе добрынскія навіны: заўсёды ж у такім вялікім сяле пры вялікай дарозе нешта адбываецца — ці трагічнае, ці смешнае. А цяпер яе мала клапоціць свая, хатняя, навіна.
Парадкуючы на стале так, як любіла гэта дачка, Таіса Міхайлаўна падступіла бліжэй:
—Раіса Іванцова замуж выходзіць. На Акцябарскія вяселле будзе.— Райка — Валіна аднакласніца, цяпер робіць у Чарнігаве на фабрыцы.
Тут Валя не вытрымала, азірнулася, пільна паглядзела на маці. Валі здалося, што маці ўсё ведае і спачатку далікатна адводзіла размову, а цяпер хітра падводзіць яе да таго, пра што трэба сказаць ёй і што сказаць не так лёгка, хоць яна і не з сарамлівых і ўвогуле дзяўчына ва ўсіх адносінах сучасная, без перажыткаў і забабонаў. Каб глянуць маці ў вочы! Але маці, мабыць, знарок апусціла вочы на стол, на прысмакі, якіх хапіла б на пяцярых галодных студэнтаў. Валя некалі ваявала і супраць гэтага — «матчынага шляхецкага марнатраўства»: трэба прыняць трох-чатырох гасцей, а закусі гатуецца на пятнаццаць. Цяпер таксама — такі стол дзеля яе адной! Жах! Але падумала яна пра гэта, між іншым, без ранейшага абурэння, наадварот, з удзячнасцю да маці, з замілаваннем да яе слабасці.
—Каго ты там выглядаеш? — спытала маці, не паднімаючы вачэй і, мусіць, не бачачы, што дачка адарвалася нарэшце ад акна; Валя ажно здрыганулася ад такога пытання.— Сядай перакусі.
Валя засмяялася.
—Харошанькае — перакусі! — Валя рашуча села за стол, пачакала, пакуль прымасцілася маці насупраць, узяла скібку хлеба, пераламала яе і, трымаючы па палавінцы ў кожнай руцэ, смела і нават дзёрзка гледзячы маці ў вочы, сказала: — Мама! Слухай. І каб ніякіх ахаў і охаў. Не памогуць. Заўтра да мяне пасватаецца адзін чалавек. І
япайду за яго!
—О божа! — Таіса Міхайлаўна закрыла твар рукамі: ёй захацелася засмяяцца ад таго, што яна правільна здагадалася, ад матчынай радасці і, можа, нават ад матчынага смутку; але яна разумела, што смяяцца нельга — Валя можа не зразумець і пакрыўдзіцца. Вунь і так — ад таго, што яна закрылася, Валя бадай спалохалася:
—Ты чаго, мам?
—А я думала, немаведама што ў цябе здарылася, што ты прыляцела так... такая... Еш, калі ласка.
—Ты што, думаеш, гэта несур'ёзна?
—Не, не думаю. Я выйшла замуж маладзейшая. І гэта, як бачыш, вельмі сур'ёзна.
—Чаму ж не пытаеш, хто ён?
—Ты сама скажаш, раз ужо так...
—А ты не знаеш?
—Адкуль жа мне знаць! — Таіса Міхайлаўна перасмыкнула плячамі і, адрэзаўшы ладны кавалак кілбасы, паклала на Валіну талерку. Дачка, не кранаючы ежы, прагна лавіла матчыны вочы.
—Хто ён? — і раптам, паклаўшы адзін кавалак хлеба, падчапіла відэльцам увесь кавалак кілбасы, адкусіла і хлеба, і кілбасы, пачала смачна жаваць, але пракаўтнула так, быццам страва была вельмі сухая і перасядала, хоць кілбаса на патэльні плавала ў туку. Зноў спытала: — Хто ён? — зноў адкусіла і з набітым ежай ротам адказала:
—Ён — Забаўскі.
Таіса Міхайлаўна, якая нехаця, абы заахвоціць дачку, ела гурок, папярхнулася.
—Хто?
—Забаўскі.
—Наш? Аляксандр Пятровіч?
Цяпер ужо дзяўчыне хацелася зарагатаць на ўвесь дом — ад таго, што маці так моцна здзівілася; не спадзявалася, што для бацькоў гэта будзе нечаканасцю. Хораша падумала пра брата: малайчына Карней! Усё ведаў і нікому не сказаў, дарэмна яна яго пакрыўдзіла, шпіёнам назвала, трэба будзе папрасіць прабачэння, памірыцца, брат
—надзейны саюзнік.
—Калі ж гэта вы...— Таіса Міхайлаўна шукала самыя далікатныя, самыя мяккія і добрыя словы,— так блізка пазнаёміліся?
—Мы ж усё лета разам працавалі? Калі ансамбль стваралі.
Але Таісе Міхайлаўне зрабілася неяк па-новаму трывожна ад таго, што ніхто ў Добрынцы не заўважыў збліжэння іх дачкі з парторгам, бо каб заўважылі, то загудзелі б на ўсё сяло. Ці добра такая скрытнасць? Ці трэба так хавацца? Яму. І ёй. У Таісы Міхайлаўны некалі было ўсё на вачах ва ўсіх, любое захапленне; адзін вечар з хлопцам пройдзе — і ўсе ведаюць. І з Іванам так было. Назаўтра па здзіўленай Добрынцы ляцела навіна: «Доктарка з Іванам Батраком гуляла».
— Ты чаго, мам? Як не радая. Ён добры. Каб ты знала, які ён!