ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2229
Скачиваний: 0
—Ну ты, разышлася! — хмурна, без усмешкі, упікнуў жонку Іван.— Хадзем дадому.
Таісе Міхайлаўне зрабілася крыўдна, што Іван не падтрымаў яе запрашэння, нават не павярнуў яго на жарт, і паставіў яе ў няёмкае становішча перад людзьмі. Ніколі яна не кідала словы на вецер, калі гаварыла, то рабіла. Як ёй цяпер адмовіцца ад сваіх слоў?
—Вядзі свайго святога. Паі малачком. Соску яму дай. Быў чалавек, а стаў...— Шчэрба не даказаў, кім стаў Іван, толькі безнадзейна махнуў рукой.
Успомніўшы, з чым ішла, Таіса Міхайлаўна ўзрадавалася, што мужчыны не прынялі яе запрашэння, што яны пойдуць дадому з Іванам удваіх, ім ёсць пра што пагаварыць, і пагаварыць ёй хочацца хутчэй, а так прыйшлося б чакаць, пакуль завадзягі гэтыя разыдуцца. Няхай сядзяць у Каці. Што іх цягне туды? Дзіўная псіхалогія ў мужчын! Нават такі ўпарадкаваны дом, як іх, і стол, які мог бы ламацца ад закусі, яны заўсёды гатовы прамяняць на пракураны кульдзюм, на сельпоўскія перасоленыя гуркі і на катлеты, што мясам і не пахнуць.
Выйшаўшы з майстэрні, Тася засмяялася, у яе было адчуванне, што яна абыграла шафёраў і слесараў у карты, пакінула ў дурнях. Іван здзівіўся:
—Ты чаго?
Яна, як маладуха, павісла ў мужа на руцэ, прытулілася шчакой да яго пляча.
—Шчо я табе скажу, Іванка! — за дваццаць гадоў жыцця на мяжы з Украінай яна, случчанка, часам казала «шчо» — у размове з блізкімі, як бы падкрэсліваючы роднасць. Цяпер ужо Валя і Карней кпілі з яе добрынскай гаворкі.
—Што ты мне скажаш? — Іван адазваўся як з-за плота сваіх невясёлых думак.
—Прыехала Валя.
—Што яе прынесла ў панядзелак?
—Да яе сватаецца адзін чалавек.
Іван хмыкнуў:
—Адно сватаўство ў вас у галовах. Канчала б вучобу, а послі ўжо сваталася б.
Тася зноў засмяялася:
—Ваня, любоў не чакае. Ей дваццаць гадоў. Але каб ты знаў, хто
ён!
—Хто?
—Ніколі не адгадаеш! Ой здзівішся! Я, знаеш, як здзівілася...
—Не самлела ж. І я не самлею.
—Забаўскі.
—Наш?
—А што я табе казала!
Іван спыніўся, адхіліў ад сябе жонку, як намерваючыся лепш яе разгледзець.
Узбуджана-расчырванелая, у чырвоным берэціку, з-пад якога выбіваліся светлыя пасмачкі валасоў, з гарэзлівым смехам у вачах, якія ён так любіў за іх нейкую асаблівую яснасць і глыбіню, Тася выглядела зусім маладой — што дзяўчына. Можа, таму Івана абурыла, што яна з такой лёгкасцю і весялосцю гаворыць пра замуства дачкі.
—І ты, бачу, радуешся? Дурная! Да ты знаеш, на колькі ён старэйшы за Валю?
—На колькі?
—Гадоў па пятнаццаць.
—На адзінаццаць усяго.
—Усяго! Ты што ета гаворыш? Куды ты дачку піхаеш? Ты папыталася: дзе яго першая жонка?
—Ён развёўся.
—Чаго ён развёўся?
—Ваня! Усякае бывае ў жыцці.
—Усякае! У нас з табой магло быць усякае?
—Валя любіць яго.
—Не веру я ў такую любоў! Чаго яны ад людзей хаваліся? Ускружыў дзеўцы галаву. Ці ёй першай? Канечне, такі ўскружыць. Пагаварыць умее. А тая, дурная, начытаўшыся раманаў, развесіла вушы, разявіла рот. Свістун! — Іван раптам як сарваўся з месца, засігаў па сцежцы такімі шырокімі крокамі, што Тасі, каб не адстаць, прыйшлося ісці ўподбег; ён як спяшаўся разбурыць усё тое, што яе так парадавала. Пачуўшы за спіной жончына дыханне, Іван сцішыў крок
іпачаў кідаць ёй словы, паварочваючы галаву: — А я гляджу, што гэта ён пасярод ночы заваліўся? Прашчэння просіць... Пайшоў ты са сваім прашчэннем!.. Памагай людзям хлеб расціць, мяса... ці займайся сваёй пісанінай... А то прыехаў... дабраволец, панімаеш, такі!.. Народнік... усе, моў, для яго роўныя... Шышка яму тож прынадзіўся...
Ганарар паможа зарабіць... І ён яшчэ мне пра памяць герояў гаворыць!
—Ваня! Ну памыліўся чалавек. Ён жа сам прызнаў сваю памыл-
ку.
—Глядзі, ён так памыліцца з тваёй дачкой. Што ты тады запяеш? Дзе ета яны знюхаліся?
—Разам жа рабілі ўсё лета.
—Рабілі! Нарабілі! «Мы аралі»... Глядзі, каб яны табе ўнука не зрабілі, што так усхадзіліся з жаніцьбай.
—Як табе не сорамна так — пра сваю дачку!
Абразілі яе, маці, апошнія мужавы словы. Увогуле не чакала яна, што Іван так катэгарычна не прыме сватаўства Забаўскага, больш таго, так груба, не паглядзеўшы нават як мае быць ёй у вочы, не адчуўшы яе настрою, растопча яе радасць. Ніколі так не рабіў. Здаралася, у апошнія гады вельмі рэдка, што ён мог успыліць, але праз пяць-дзесяць мінут адыходзіў і перапрошваў. Яна, не ў прыклад некаторым жонкам, тут жа прабачала, і паміж імі ўсталёўвалася заўсёднае ўзаемаразуменне.
Тут Таіса Міхайлаўна таксама яшчэ спадзявалася, што Іван адыдзе і пачне спакойна абмяркоўваць іх сямейную нечаканасць. Але Іван яўна ніяк не мог супакоіцца і ўсё больш абураўся супраць чалавека, якога, яна ведала, паважаў раней — за розум, за тое, што добраахвотна прыехаў у сяло і працуе без фармалізму, без паказухі; пра гэта ўсе рабочыя гаварылі. Куды ж дзявалася Іванава аб'ектыўнасць? Нельга ж так! — хацелася ёй сказаць. Калі ты не хочаш аддаваць за яго дачку, то не аблівай чалавека граззю; ніколі ж ты такім не быў, умеў разбірацца ў людзях, умеў цаніць кожнага па яго рабоце. Але ў самой Таісы Міхайлаўны як бы знікла рашучасць, смеласць. І згасала радасць. Ёй зрабілася нават сорамна, што яна ўзрадавалася замуству дачкі. Добрыя маці раней плакалі з такой нагоды.
Таму Таіса Міхайлаўна маўчала, пакорліва ідучы следам за му-
жам.
Іван, мабыць, адчуў нешта нядобрае ў гэтым нязвыклым жончыным маўчанні. Спыніўся, павярнуўся да яе. Яна вінавата ўсміхнулася яму. Усмешка такая пакарыла яго і нават расчуліла. Ён успомніў, як яна ззяла ўпачатку і як панурылася цяпер. Можа ён праўда не разумее, якая гэта важная падзея для яе, маці,— замуства дачкі? Можа, раней і ён наставіўся б да гэтага інакш, ну можа не так легкадумна, але і не так адмоўна? Але цяпер яму проста прыкрая любая ўрачыстасць. Не толькі ад боязі, што назаўтра будзе цяжкая галава, ён адмаўляецца пасядзець з сябрамі. Ад боязі весялосці таксама.
Трэба даць Тасі нейкую надзею.
—Ну чаго ты зажурылася?
—Я? Нічога. Думаю, што сказаць Валі.
—Што ёй не церпіцца так? Скажы, трэба хоць прыгледзецца, што ён за чалавек. Узнаць. Што мы пра яго знаем? Ты ж на яго яшчэ і не паглядзела як на жаніха. Скажы сваёй круцёлцы: няхай не пад-
ганяе ні сябе, ні нас. Няхай добра паглядзіць. Не такое ета дзела, шчоб спяшыць.
Не, ён разумны, ён добры яе Іван: пашумеў трохі і разважыў памужчынску. Прыгледзецца сапраўды такі не пашкодзіць.
Валя вярнулася позна. Праўда, Карней яшчэ сядзеў над урокамі. Бацька лёг раней звычайнага, але па тым, як ён варочаецца за сцяной, па дыханні яго, Таіса чула — не спіць, думае, і ёй было шкада яго. Мала, што пракляты Шышка пазбавіў чалавека сну, дык яшчэ гэты клопат, такі ж неспадзяваны,— гэтае сватаўство; ён, напэўна, баіцца, што яно можа адбыцца паміма яго волі, і думае, безумоўна, думае, як яму павесці сябе, калі Забаўскі ўсё ж прыйдзе. Яна, як ніхто, ведае, што пры знешняй строгасці і некаторай грубаватасці — яўна знарокавай, каб не выдзяляцца сярод механізатараў, каб не сказалі, што, маўляў, жонка акушэрка, дык і ён у інтэлігенты лезе,— Іван па натуры мяккі, добры, далікатны, сапраўдны інтэлігент — па прыродзе, па духу; ад таго так і перажывае і за свае злыя прыгоды, і за людзей, за іх крыўды і няшчасці.
Валя ўляцела, што вецер. З шумам, грукатам. Гукнула з парога:
— Дзе бацька?
Маці замахала на яе рукамі.
—Спіць.
—Спіць?!
—Цішэй ты. Крычыш на ўвесь дом!
Выраз твару ў маці быў іншы, чым удзень, калі яна сказала ёй, з якой мэтай прыехала. Але яшчэ больш, чым матчын твар, ёй расказала братава скрыўленая фізіяномія, прыплюснутае вока, панурая, як у старога летапісца, схіленасць над сталом, над кнігамі.
Карней падслухаў размову бацькоў, калі яны вярнуліся, хоць гаварылі яны пры ім намёкамі, рэбусамі, як некалі, калі яны з Валяй былі малыя, мама расказвала пра сваю акушэрскую работу, але і тады ён пра ўсё здагадваўся, і цяпер усё зразумеў па нейкіх дзвюх-трох туманных фразах. Дрэнныя яны, бацькі, шыфравальшчыкі. Смешна, што яны ўсё яшчэ лічаць яго малым. Карацей кажучы, ён адразу зразумеў, што Валя прыехала, каб выйсці замуж за Забаўскага, а бацька супраць, і хоць маці быццам бы яшчэ ўгаворвае яго, але падобна на тое, што ў нялёгкім слоўным баі, які можа адбыцца паміж бацькам і Валяй, маці, выступаючы суддзёй, будзе ўсё ж на бацькавым баку. У Валі няма ні моцнага тылу, ні флангаў. Карней пашкадаваў сястру. Хоць яна, канечне, няўдзячная зануда і моцна пакрыўдзіла яго, назваўшы «злым хлопчыкам» (ён схадзіў у школьную бібліятэку і прачытаў апавяданне Чэхава) і шпіёнам, аднак ён усё ж выра-