ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2200
Скачиваний: 0
лохала такое яго зацятае маўчанне. Не пазнае чалавека, з якім жыве дваццаць другі год. Ці даўно дзеці, іх справы, клопаты, поспехі і няўдачы, іх будучы лёс былі пастаяннай, бадай штодзённай тэмай іх размоў. Як жа не спалохацца маці ад такой змены ў бацькавым характары!
«Калі ты думаеш, што мы так проста адступаем ад свайго, ты дрэнна знаеш нас, жанчын, дрэнна знаеш сваю жонку і сваю дачку. У Валі мой характар».
Не, адкладваць нельга. Забаўскі можа прыйсці заўтра, не чакаючы Валі. Урэшце, ёй не многа трэба, не поўная Іванава згода, не трэба згоду вырываць адразу, рызыкоўна і нецікава, трэба рыхтаваць яго спакваля, а пакуль даволі яго абяцання прыняць Забаўскага з належнай гасціннасцю. У такім разе Аляксандр Пятровіч здолее нямала расказаць і пераканаць Івана, што мае права сватацца да Валі. Сама яна не траціла час дарэмна. Прыкінула, хто мог бы ведаць, што ў яго адбылося з першай жонкай. Ага. Сябруе ён з галоўным аграномам. А жонка асілка Кузі, маленькая Ліяна, саўгасная дыспетчарка, цяжарная, напалоханая лёсам сваёй старэйшай сястры, якая памерла пры родах, часцей, чым трэба, ходзіць на кансультацыі да ўрача і акушэркі. У Кузевай Таіса Міхайлаўна выпытвала ўсё, што трэба. Сабраныя звесткі яе ўзбадзёрылі. Увогуле Ліяна, чалавек дзіўны, ні пра каго ніколі не сказала паганага слова. Пра Забаўскага яна гаварыла з асаблівай сардэчнасцю, з захапленнем. Але найбольш Таісу Міхайлаўну ўзрадавала, што дачка прафесара верыла ў талент маладога пісьменніка, прарочыла яму вядомасць, славу. Здалося, што Ліяна ведае пра каханне Забаўскага да Валі. Але гэта нічуць не знізіла даверу да таго, што расказвала Кузева, наадварот, Таіса Міхайлаўна падумала: раз Аляксандр Пятровіч раіўся з сябрамі, значыцца, намер яго вельмі сур'ёзны. А на сур'ёзны намер трэба сур'ёзна адказаць.
— Ваня, ты не спіш? — прашаптала Тася.
Іван падумаў: адказаць ці змоўчаць, прыкінуцца, што спіць, як ужо добрую гадзіну рабіла яна, нават цмокала губамі.
— Сплю,— буркнуў ён.
Тася крута павярнулася, абняла мужа. Была яна гарачая, і ад яе моцна пахла малаком. Пах гэты здзіўляў і хваляваў Івана: семнаццаць гадоў, як нарадзіла Карнея, а ўсё яшчэ здаецца яму, што яна корміць дзіця. Тася смяялася, казала, што пахне так таму, што памагае маладым парадзіхам сцэджваць малако, каб не хварэлі на застойныя масціты. Але ў апошнія гады бывае, што два-тры месяцы няма ніводных родаў, аднак Тася ўсё роўна пахне сваёй маладосцю, пасля лазні нават мацней.
Іван падумаў, што ён даўно ўжо не чуў гэтага знаёмага паху, і бадай узрадаваўся, што зноў чуе яго.
—Не трэба. Спі.
—А калі гэта любоў, Ваня?
—У каго? — здзівіўся ён, падумаўшы, што Тася надумала даказваць яму сваю любоў.
—У Валі і ў яго... Сашы.
Іван расчаравана адхіліўся ад жонкі, адсунуўся на край ложка.
—Зноў ты за сваё?.. Любоў, любоў... Толькі любоў табе ў галаве!
—І хмыкнуў: — Ён для цябе ўжо Саша? Скажы ты, як параднілася! А для мяне ён слабы работнік, хлапчук.
—Раней ты хваліў яго.
—Бо добра не ўзнаў.
—І казаў — стары.
—Для Валі — стары, для пасады сваёй — малады. Аўтарытэт не
той.
—А калі ў іх, як у нас з табой? — уздыхнула Тася.
—Параўнала. Як у нас! Так у іх не будзе!
Тася засмяялася.
—Ванечка, ты як дзед Назар: забыўся, што такое любоў і адкуль бяруцца дзеці.
Іван пасміхнуўся з напамінку пра дзеда: дзевяностагадовы дзед Назар прыйшоў да суседа, у якога нарадзіла нявестка, убачыў дзіця, доўга ківаў галавой і здзіўляўся: «Адкуль ета яно ўзялося?» Маленькае здарэнне тут жа абляцела сяло, безумоўна, жартаўнікі дадалі сваё, і ўсе доўга рагаталі з дзедавага здзіўлення.
Тасін выпадковы, да слова, жарт дзіўна адсек, як скальпель злаякасную пухліну, яго нядобрыя думкі і як бы вярнуў Івана да ранейшага жыцця, у якім размовы пра дзяцей, сваіх і чужых, пра тых, што толькі нарадзіліся, і пра тых, што паступалі ў інстытуты, пра тых, хто рабіў у часе канікул у саўгасе, і пра тых, хто бадзяўся з транзістарам і ў модных джынсах, займалі бадай цэнтральнае месца. Праўда, хіба можна жыць без клопатаў аб дзецях? Чаму ж яму расхацелася слухаць, што хоча сказаць Тася пра іх дачку? Нельга не лічыцца, што маці ведае больш. Цікава, ва ўсялякім разе, што яна ведае і як будзе агітаваць яго за Валіна замуства.
—Чаго табе не церпіцца выпіхнуць яе замуж?
Тася зноў падсунулася да яго, горача зашаптала ў вуха:
—Не выпіхнуць, Ваня, не выпіхнуць. Але я думаю... А калі гэта яе судзьба? Яна ж не даруе, калі мы паламаем. Ты знаеш сваю дачку.
—Да знаю.
—Ну во... Трэба, Ваня, пагаварыць сур'ёзна.
—З кім?
—З Валяй. І з ім.
—Як ета я з ім буду гаварыць?
—Ён прыйдзе сватацца. Заўтра ці паслязаўтра.
—Адкуль ты знаеш? Ці не хадзіла сама да яго сватацца? Тася засмяялася.
—Што ты! Мне Валя званіла сягоння.
—Папругі тваёй Валі трэба даць.
—Позна, Ваня, даваць ёй папругі. Трэба было раней.
Ён пачуў у яе голасе смех, пачуў, што яна радуецца, зразумеў, чаму радуецца: сваёй цікаўнасцю, сваімі пытаннямі і сваімі такімі вось паблажлівымі словамі — «папругі даць» — ён, па сутнасці, здаўся, згадзіўся з тым, чаго спачатку рашуча не прыняў. Гэта кранула яго самалюбства, яго бацькоўскі гонар. Але ён ведаў Тасіну тактыку, яе здзіўляючую праніклівасць, уменне выбраць самы зручны момант, каб дамагчыся свайго. Незадаволенасць сабой, сваёй слабасцю растваралася ў захапленні ёю, яе разумнай хітрасцю і адначасова адкрытай шчырасцю, яе мацярынскай дабрынёй, жаноцкай ласкавасцю.
—Так што ты хочаш ад мяне? — спытаў ён усё яшчэ сурова.
—Каб ты прыняў яго, як... Ты сам знаеш, як трэба прымаць, калі чалавек прыходзіць з такой нагоды.
—Я ні на каго не гыркаў. І нікога не выгнаў з хаты. Прымай, як
хочаш.
Тася змоўкла. Ёй можна было радавацца: яна дамаглася Іванавай згоды. Але радасці не было. Зноў з'явілася трывога, што ён не такі, як раней, што сваім «прымай, як хочаш» ён, па сутнасці, праявіў абыякавасць да лёсу дачкі, а гэта для яе, маці, было горка. Але яшчэ больш устрывожыла думка, што Іван сапраўды не такі, якім быў да нядаўняга часу, ён як бы аддаляецца ад яе, ад сям'і, ад іх спраў і клопатаў, замыкаецца ў сутарэнні сваіх чорных думак. Але апошнім часам і аб прычыне свайго настрою ён гаворыць усё больш і больш скупа, як бы нехаця, ва ўсялякім разе, не так, як упачатку, калі паліцай толькі вярнуўся, калі Іван сустрэў яго ў сельмагу. Толькі выклік да пракурора ўскалыхнуў, і ён тры дні ўжо так ці інакш, за снеданнем, за вячэрай, пры Карнею, і ўначы ў спальні вяртаецца да гэтай тэмы, выказваючы не столькі абурэнне, колькі незвычайнае, нейкае горкае здзіўленне, што пракурор так папярэдзіў яго.
—Гэта ў іх называецца прафілактыкай,— з сумнай усмешкай растлумачыў ён у той дзень за вячэрай Карнею.
Дарэчы, ужо тады Таіса Міхайлаўна падумала, што Іван часцей пачаў гаварыць аб гэтым з сынам, чым з ёй. І яшчэ раз парадавалася, што бацька і сын так збліжаюцца, размаўляюць, як мужчыны, сур'- ёзна, ца-даросламу. Яшчэ нядаўна Карней быў яршысты і з усіх праблем хмыкаў, акрамя хіба тых, якія звязаны з бацькавай работай, з тэхнікай. Пра яе, матчыну, работу сын увогуле пазбягаў размоў, пэўна, саромеўся яе прафесіі. А цяпер і пра акушэрства можа паразважаць. Упачатку яна нават спалохалася такой нечаканай сынавай сталасці.
А ў тую бяссонную ноч раптам цюкнула іншая думка: а ці не таму Іван душэўна аддаляецца ад яе, што яна не здолела жыць тым жа, што і ён, гэтак жа перажываць зварот Шышкі? Пасля Іванавага расказу яна, безумоўна, узненавідзела паліцая, кіпела гневам. Калі неяк Шышка прыйшоў да іх на ўрачэбны пункт і Рыма Сяргееўна ўскрыла яму фурункул на плячы і паклікала яе, Тасю, каб забінтавала, бо забінтаваць плячо ўмее толькі яна, так і доктар не ўмее, Тася, убачыўшы паліцая, ажно закалацілася ўся, выскачыла з кабінета і больш не вярнулася. Урач пасля зрабіла ёй заўвагу. Яна адказала не проста з хваляваннем — са страхам: «Рыма Сяргееўна! Не прымушайце мяне лячыць гэтага чалавека! Не прымушайце!»
Ліпская, як і кожны сельскі ўрач, усё ведала, усю гісторыю сяла, узаемаадносіны людзей, па-чалавечы зразумела сваю памочніцу і строга не ўшчувала, аднак, як урач, не згадзілася, што яна, Тася, мае права камусь не аказваць дапамогу: «Наша прафесія, дарагая Таіса Міхайлаўна, абавязвае лячыць кожнага чалавека, хто б ён ні быў. Нашы калегі на вайне рабілі складанейшыя аперацыі палонным немцам, фашыстам».
Так, Таіса Міхайлаўна ненавідзела былога паліцая, але думаць увесь час пра яго не магла. Па-першае, лічыла, што няма ў гэтым патрэбы: падумаеш, шышка! — плюнуць на яго і няхай падыхае сам, старая падла! Па-другое, замнога ў яе было сваіх спраў — такіх, якія напаўнялі жыццё радасцю,— каб сушыць душу думкамі пра нейкага гада.
20
Аляксандр Пятровіч Забаўскі таксама не спаў у тую ноч. Але не ад бяссонніцы. Ён не лажыўся. Працаваў, пісаў. Пісаў ён амаль штовечар, але звычайна не так позна. Сваю новую кнігу ён вырашыў зрабіць у форме дзённіка сакратара партыйнай арганізацыі саўгаса. Форма не новая, але Забаўскага захапіла. Перавага дзённіка перад працай над дакументальнай аповесцю (дзве ён ужо напісаў) заклю-
чалася ў тым, што не трэба нікуды ехаць вывучаць жыццё, знаёміцца з людзьмі, з іх справамі, а пасля сачыняць нейкі сюжэт, дыялогі, бо запісаць іх падчас кароткіх сустрэч з людзьмі немагчыма. Занатаваць жа падзеі аднаго дня, размовы з рознымі людзьмі, свае назіранні і роздум над фактамі вытворчай дзейнасці, побытам вяскоўцаў значна прасцей і, здавалася яму, цікавей — для яго цікавей пісаць і для чытача, не сумняваўся, цікавей будзе чытаць такі непасрэдны, шчыры дакумент. Безумоўна, не ўсё ляжа ў кнігу, адбор матэрыялу неабходны і пры дзённікавай форме, трэба будзе добра правеяць, каб адляцела мякіна, а пад рукой засталася горка залатога зерня. Дзённік цікавы яшчэ і тым, што прымушае аўтара пільна прыглядацца да жыцця, да людзей, слухаць іх з большай увагай, чым звычайна, запамінаць трывала, маючы на ўвазе, што ўвечары шмат з таго, што адбылося за дзень, павінна быць запісана. Праўда, гэтая яго павышаная ўвага трохі і замінае: рабочыя, сельскія інтэлігенты, безумоўна, здагадваюцца, што ён вядзе запісы, і адносяцца да яго з некаторай насцярожанасцю, асабліва ў пачатку яго работы стараліся хітра абыходзіць у размове «вострыя вуглы», і яму прыходзілася траціць немалыя намаганні, каб разгаварыць людзей, уцягнуць у спрэчку. Найбольш умела ўнікалі такіх размоў механізатары, усё збівалі на жартачкі, хітруганы, адзін хіба Шчэрба часам мог выказацца шчыра, хоць пры гэтым і блазнаваў, прытвараўся п'яненькім, а п'янаму, маўляў, мора па калена. Жанчыны былі больш шчодрыя на словы, на выказванне і сваіх радасцей, і сваіх бед; відаць, яны не думалі пра тое, што могуць папасці ў кніжку, іх мала займалі думкі пра славу. Пра гэта найбольш прыкметна турбаваліся аграномы, інжынеры, канторскія работнікі, амаль усе яны спачатку набіваліся да яго ў сябры, а пасля некаторыя расчараваліся — мабыць, страцілі веру, што могуць стаць героямі кнігі,— і, захоўваючы знешнюю дружалюбнасць, не заўсёды спрыяюць, памагаюць у рабоце, часам ён адчувае калі не дручкі, то кіі ў колах сваёй «машыны», можа нават не кіі, а каменьчыкі пад каўпаком кола: шкоды не робяць, а палохаюць, прымушаюць спыніцца і паглядзець, што ж там грукаціць. Параўнанне гэтае прыйшло ад успаміну пра свайго былога начальніка — загадчыка аддзела газеты, які набыў «Масквіча» і з якога яны, маладыя, пажартавалі: паклалі пад каўпак каменьчыкі. Машына стаіць — ціха, зрушыць з месца — грукат. Яны глядзелі з акна, як той шукаў «старонні шум», і рагаталі.
Сапраўды, камусь, магчыма, хочацца, каб ён з уключаным маторам стаяў на месцы — рабіў толькі сваю журналісцкую ці пісьменніцкую работу. Маўляў, узяў цябе Астаповіч у якасці летапісца —