ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2186

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

Яе праводзілі немцы, зондэркаманда. Паліцыя памагала... Івана маці схавала пад печчу. Шукаючы яго, Шышка страляў з аўтамата пад печ. Баяўся, што застанецца сведка. Паліцай быў іх суседам, і хлопец не мог памыліцца. Miж іншым, падзеі, якія мы перажываем у дзяцінстве, ніяк не трансфармуюцца, яны застаюцца ў памяці такімі ж, толькі мы іх асэнсоўваем інакш. Я ўяўляю, як мог асэнсаваць Батрак трагедыю свайго маленства, калі вярнуўся віноўнік. Паспрабуем паставіць сябе на месца Батрака.

У пракурора расла незадаволенасць сабой, але разам з тым з'я- вілася і раздражнёнасць ад таго, што гаварыў Драмака, ці, можа, ад таго, як ён гаварыў. Быццам усё ведае, усё чуў і цяпер робіць аналіз, тыцкае ў яго памылку, павучае, як студэнта. Скажы, калі ласка, які прафесар! Скончыў два «універсітэты» — школу сержантаў у арміі і міліцэйскую школу.

Ты што, даказваеш права Батрака на самасуд? Я, можа, уратаваў яго ад самага страшнага.

Не, я не даказваю такога права. Але мне расказвалі, як Батрак выступіў на партыйным сходзе. Гэта быў крык душы.

Можна зразумець яго крык душы. Але я паўтараю: наш з табой абавязак — ахоўваць жыццё кожнага чалавека. І захоўваць законнасць.

Ты так гаворыш, быццам я супраць законнасці. Не. Я — за законнасць. Але менавіта таму я не хачу, каб справа закончылася тваім папярэджаннем Батраку, тым больш што, як я зразумеў з твайго расказу, размова ў вас атрымалася з перакосам. Між тым Батрак не такі, павер мне. Я хачу, каб ты змяніў думку пра яго, а ён — пра цябе.

Мне ўсё роўна, што ён думае пра мяне.

Дарэмна, Леанід Аркадзьевіч. Дарэмна, Вось у гэтым твая галоўная памылка — ігнарыраваць думку людзей... Чыя думка табе дарагая? Начальства?

Пракурор пачырванеў. Зноў гэты народнік злавіў яго на слове. Сапраўды ён ляпнуў не тое. Але няўжо ў сяброўскай размове трэба ўзважваць кожнае слова?

Драмака зразумеў, што сябра пакрыўдзіўся; гэтую яго слабасць

інтэлігенцкую ганарыстасць — ён даўно адкрыў у пракурора і раней далікатна абыходзіў яе, каб не зачапіць. Але гісторыя з Батраком, думка Міхалеўскага пра Івана як пра магчымага забойцу моцна ўсхвалявала. Яму было крыўдна за добрага чалавека, лепшага работніка, яго грамадскага памочніка. Але калі раней, пачуўшы пра партыйны сход у «Добрынскім», пра Іванава выступленне, начальнік ДАІ не


падумаў, што зварот паліцая можа прывесці да новай трагедыі, то цяпер ён бадай згаджаўся з пракуроравай перасцярогай. І яму, чалавеку, які бачыў нямала смерцяў на дарогах, зрабілася страшна. Яго раптам абурыла, што Міхалеўскі гаворыць пра гэта так абстрагавана, з прафесійнай абыякавасцю і ўпэўненасцю, што, пагаварыўшы з Батраком, ён зрабіў усё, што яму належала зрабіць па абавязку службы. Па абавязку... Не! Тут трэба рабіць не па абавязку, а па чалавечаму сумленню! Але што? Пракурор не баіцца памыліцца? Але гэта якраз той выпадак, калі памыліцца нельга, калі памылка можа паламаць, скалечыць жыццё добрых людзей.

Міхалеўскі глянуў на гадзіннік і сказаў:

Засядзеўся ў цябе. Лена, знаеш, раўнуе. Сапраўды, мы — эгаісты. Жанчыне трэба ўвага.

Драмака падумаў: «Непрыемная табе гэтая размова. Але я не магу так спыніцца. Тут так нельга: пагаварылі, пабавілі час — і разышліся. Ты — да жонкі, я — да Азімава. Не. Тут нешта трэба рабіць».

Ён зноў спыніўся перад Міхалеўскім.

Ты прабач. Я не вучу цябе... Я прашу... знаеш, што зрабіць?..

Што?

Запатрабаваць судовую справу Шышковіча. І паглядзець: што там у абвінаваўчым заключэнні? Ці ўсе яго злачынствы выяўлены?

Міхалеўскі зморшчыўся.

Справа амаль трыццаціпяцігадовай даўнасці. Хмару архіўнага пылу трэба падняць.

Хіба не чытаў ты пра працэс над карнікамі мінскага гета, Хатыні? Некаторыя з іх таксама былі асуджаны і адбылі пакаранне, але, як высветлілася, не за галоўнае злачынства.

Я не толькі чытаў, я прысутнічаў. Мой бацька...— але, мабыць, палічыў нясціплым спасылацца на бацьку і, напэўна, каб скончыць размову, якая залішне зацягнулася і часам рабілася непрыемнай, паабяцаў: — Добра, я параюся.

Драмака не адступіў:

Леанід, дарагі. З кім раіцца? Ды і няма калі. Трэба дзейнічаць, калі ты хочаш памагчы Батраку не на словах.

Можна надумаць, што гэты Батрак — твой сваяк.

Сваяк.

Сур'ёзна.

Ён мой таварыш і брат.

А-а,— і пакрыўджана падумаў: «Не многа ў цябе інтэлігентнасці, кніжнік. Сячэш ты па вачах, брат і таварыш».


Па дарозе дадому — ішоў пехатой, каб прагуляцца перад сном,— Міхалеўскі самакрытычна аналізаваў і сваю размову з Батраком, і — не мог не згадзіцца — даволі цвярозыя разважанні Драмакі, і яго нечаканую прапанову. Умеў ён узняцца над сваім самалюбствам, ганарыстасцю, дробнымі крыўдамі, скінуць іх, як лішні баласт, што замінае аналізу ўласных учынкаў.

Спачатку ён унутрана запярэчыў супраць таго, каб запатрабаваць справу Шышковіча. Па-першае, атрымаць такую справу, відаць, не так лёгка, прыйдзецца пісаць нямала папер з тлумачэннем прычыны. Якой? Па-другое, яму, маладому чалавеку, выхаванаму ў зусім іншых умовах, здавалася залішняй жорсткасцю караць чалавека двойчы, чалавека ўжо старога, хворага: Шышкевіч піша пра гэта ў сваёй заяве на яго імя. Тэрмін даўнасці не распаўсюджваецца на ваенныя злачынствы — гэта ён добра ведае. Але ёсць нейкае іншае, чалавечае, ці што, вымярэнне даўнасці. Трыццаць пяць гадоў? Яго не было яшчэ на свеце, а ён ужо лічыць сябе немаладым чалавекам. Над такой даўнасцю нельга не задумацца.

Нарэшце, трэцяе, суб'ектыўнае, але не менш істотнае: з усіх відаў сваёй разнастайнай работы ён больш за ўсё не любіць чытаць судовыя справы — пратаколы допытаў, абвінаваўчыя заключэнні, прыгаворы, часам напісаныя не вельмі пісьменна і юрыдычна, і граматычна, што яго асабліва раздражняла. А тут ён уявіў, якая можа быць справа суда над паліцэйскімі — тысячы старонак! — і ўсё гэта трэба прачытаць самому, нікому з памочнікаў не даручыць. На гэты яго недахоп — нелюбоў да чытання спраў — указваў яшчэ бацька: «Даследчык ты неглыбокі, дысертацыі не напішаш». Ён не пярэчыў, згаджаўся з гэтым, бо пісаць яму сапраўды не хацелася. У яго другія якасці — добры аператыўны работнік; сакратар райкома выказаў задавальненне маладым пракурорам, а пра папярэдніка сказаў: «Разумны быў дзядзька, граматны, але кабінетчык».

Што пра яго падумаюць, калі заняўшыся справамі, якія даўно сталі гісторыяй, ён запусціць аператыўную работу?

Але паступова думкі Леаніда Аркадзьевіча пайшлі ў іншым напрамку. Быў позні вечар. Пасля дажджлівых дзён распагодзілася. Лёгка падмарозіла, падсушыла. Неба было глыбокае, чорнае, зоркі пазімоваму буйныя, іх не засцілі нават вулічныя ліхтары, праўда, гарэла іх не многа — гарсавет эканоміў энергію. Было ціха, горад засынаў. З дзённых шумаў застаўся хіба віск тармазоў таксі, удзень на іх не звяртаеш увагі, а ўначы гэты віск проста палохае: здаецца, здарылася аварыя, няшчасце. Не, нічога не здарылася, гэта манера таксістаў так рэзка тармазіць. Ды і гукі ўвечары больш выразныя. Вунь — як за


многа кварталаў чуваць! — голасна ляскаюць абцасікі нейкай модніцы, якая, напэўна, бяжыць са спаткання.

Прагуляўшыся, Міхалеўскі скінуў стомленасць, ап'янеў ад марознага паветра, узбадзёрыўся. І тады падумаў: а чаму не даказаць бацьку і ўсім іншым, што ён можа ўсё — і даследаваць, і развязаць складаны вузел, прыняць любое рашэнне? А раптам Драмака мае рацыю — тады не да ўсяго дайшлі, не ўсё інкрымінавалі гэтаму Шышковічу? Можа здарыцца, што ён, малады пракурор, пачне гучны працэс, пра які загаворыць прэса, ён выступіць на ім галоўным абвінаваўцам. Каму не хочацца славы?

Жонка не спала, ляжала ў ложку і пры цьмяным начніку, каб святло не разбудзіла сына, чытала Тургенева.

Раздзеючыся, ён шэптам (зноў жа каб не разбудзіць малога), даволі эскізна, без дэталяў, расказаў ёй сутнасць справы Батрак — Шышкевіч, пра сваю размову з Драмакам і пра яго прапанову.

— Як думаеш, варта заняцца? Мыльнай бурбалкі не будзе?

Яна апусціла кнігу на грудзі і слухала, здаецца, зацікаўлена. Але пасля яго запытання закрылася кнігай і адказала:

— Парайся з бацькам.

Ён не зразумеў — сур'ёзна яна сказала ці з іроніяй, бо не бачыў яе твару, вачэй. Ведаў, што да бацькі Лена таксама яго раўнуе, кпіць, што, апроч частых тэлефонных размоў, ён піша старому пісьмы, хоць больш нікому не піша; ёй, калі была на курорце, ніводнага не напісаў

слаў тэлеграмы.

Упасцелі ён прыйшоў да думкі, што Лена адказала са здзекам, і яму зрабілася да горычы крыўдна, ён доўга не мог заснуць, але ўжо думаў не пра Батрака і Шышковіча, а пра свае адносіны з жонкай. Складаныя яны, нягледзячы на знешні спакой і лад.

19

Не, у мяне такі не выходзіць з галавы, чаго ён папісаў пракурору. Спужаўся?

Канечне, спужаўся. Спі, калі ласка, не думай. Зноў прачнешся

ўчатыры і не заснеш. Які ты работнік будзеш?

Работнік я ўжо няважны.

Ды не заводзься ты. Чым жа ты паганы работнік?

Я пачаў баяцца машыны

Сваёй?

Сваёй і чужой. Я многа думаю за рулём.

Ды плюнь ты на гэтага гада.