ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 28.12.2019

Просмотров: 3019

Скачиваний: 11

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

частае «нанізванне» роднага склону назоўнікаў: Дэвальвацыя адбываецца шляхам афіцыйнага паніжэння курса нацыянальнай валюты ў адносінах да золата, серабра, якой-небудзь замежнай валюты ў адпаведнасці з абясцэньваннем грашовых знакаў, якое адбылося, пры гэтым ранейшыя грашовыя знакі застаюцца ў абароце (скрытая дэвальвацыя);

шырокае ўжыванне дзеясловаў у 3-й асобе цяперашняга часу, паколькі навуковы выклад грунтуецца на ісцінах, аксіёмах аб’ектыўнага асяроддзя, ён абстрагаваны ад канкрэтнага, актыўнага дзеяння ці руху: Адзыўная грамата падпісваецца кіраўніком і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначыла дыпламатычнага прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку той дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны;

прыметнікі ў навуковых тэкстах уваходзяць у асноўным у склад тэрміналагічных словазлучэнняў і выконваюць інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю. Напрыклад: Кадастр – сістэматызаваны збор звестак; цана – грашовае выяўленне кошту адзінкі тавару (прадукцыі вырабаў, паслуг і інш.). Асноўныя віды цэн: адпускныя, закупачныя, рознічныя цэны. Цана можа быць свабодная, фіксаваная, дагаворная. Адрозніваюць таксама цэны: прэйскурантныя, намінальныя, пакупніка або прадаўца, зменныя, даўгачасныя, эластычныя і інш.


На сінтаксічным узроўні:

ужыванне складаных сказаў з выкарыстаннем злучнікаў, якія ўказваюць на суадноснасць з’яў;

адсутнасць клічных сказаў, рэдкае выкарыстанне пытальных сказаў;

частае выкарыстанне цытат, спасылак;

выкарыстанне дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў;

выкарыстанне формул, графікаў, схем у якасці кампанентаў тэксту.



5 Афіцыйна-справавы стыль


З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю


Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што ўжываўся ў важнейшых сферах дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавораў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росквіту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Статут ВКЛ (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я. Купала, калі пісаў, што «даўней беларуская мова свае правы чужым дыктавала». У афіцыйных дакументах Вялікага Княства Літоўскага замацаваліся тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш.


Перыяд з канца ХVІІ і да ХІХ ст. быў неспрыяльны для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім справаводствам. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.», у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш.

У 20-я гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна распрацоўваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мінск, 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча, Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага». Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй. Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.

У 20-я гады выйшлі з друку кнігі, прысвечаныя справаводству. Так, «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мінск, 1926) быў складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., у іх паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак». Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы; адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе; мы, ніжэйпадпісаныя; давераная асоба; хадайніцтва; выдаткі; абвестка; загад і інш.


Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыйных папер, слоўнік тэхнічна-канцылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мінск, 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-я гады ХХ ст.

Афіцыйна-справавы стыль выкарыстоўваецца ў афіцыйных зносі-нах паміж людзьмі, арганізацыямі, краінамі.

Афіцыйна-справавы стыль дапамагае выконваць наступныя задачы: паведамляць афіцыйную дзелавую інфармацыю, пабуджаць да нейкіх дзеянняў у галіне вытворчасці, палітыкі і т.п., рэгуляваць афіцыйныя зносіны паміж людзьмі, арганізацыямі, краінамі.

Вылучаюць тры разнавіднасці гэтага стылю:

1 Афіцыйна-канцылярскі. Сфера яго выкарыстання – разнастай-ныя адміністрацыйна-ведамасныя, вытворчыя зносіны. Віды дакументаў: уставы, дамовы (дагаворы), загады, распараджэнні, заявы, характарыстыкі, даверанасці, распіскі. Віды дакументаў гэтага падстылю ў найбольшай ступені адрозніваюцца паміж сабой у кампазіцыйных, стылістычных і моўных адносінах. Вусныя формы: даклады, выступленні, службовая тэлефонная размова, вуснае распараджэнне.

2 Уласна заканадаўчы. Выкарыстоўваецца ў юрыдычнай сферы. Віды дакументаў: законы, указы, цывільныя (грамадзянскія), угалоўныя і іншыя акты дзяржаўнага значэння. Асноўная вусная форма – судовая прамова. Юрыдычныя дакументы вылучаюцца большай стылістычнай і моўнай аднароднасцю, чым дакументы іншых падстыляў.

3 Дыпламатычны. Выкарыстоўваецца ў галіне міжнародных зносін, таму цесна звязаны з палітычным жыццём грамадства. Віды дакументаў: міжнародныя дамовы, пагадненні, канвенцыі, мемарандумы, ноты, камюніке і інш. Вусныя формы малаўжывальныя.

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме ў наступных відах дакументацыі: указ, загад, пастанова, інструкцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснай формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэсканферэнцыя, сход акцыянераў і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавыя спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця. Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (слухалі...), і загад (пастанавілі).


Да стылявых рыс афіцыйна-справавога стылю можна аднесці наступныя:

1) доказнасцьпраяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

2) аб’ектыўнасць ацэнак і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

3) інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

4) лагічнасць і паслядоўнасць выкладу, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць;

5) адназначнасць чытання (адсутнасць двухсэнсавасці);

6) сцісласць, кампактнасць выкладу, эканомнае выкарыстанне моўных сродкаў;

7) адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, што мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць. У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю.... Займеннік Вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі;

8) стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдка па абавязко-вай форме. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д.;

9) слабая індывідуалізацыя стылю;

10) абмежаванасць тэм.


Моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю

На лексічным узроўні:

ужыванне поўных найменняў, дакладных дат;

шырокае выкарыстанне кніжнай лексікі;

назвы людзей даюцца па іх спецыяльнасці або пасадзе: майстар фармавальнага цэха, кліент, арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец, пацыент, аўтар, наведвальнік, грамадзянін, пакупнік, слухач, глядач, чытач;

выкарыстанне слоў у прамым значэнні;

адсутнасць экспрэсіўнай і ацэначнай лексікі;

наяўнасць стандартных зваротаў, моўных штампаў;

абмежаваныя магчымасці сінанімічнай замены, частыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў: Устанаўленне, замена і перагляд нормаў працы ажыццяўляюцца наймаль-нікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней чым за адзін месяц;


выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаў-ных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, Мінюст, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства). У пісьмовай форме выкарыстоўваюцца шматлікія графічныя скарачэнні: нам. (намеснік), др. арк. (друкаваны аркуш), ф-ка (фабрыка);

ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. Да іх належаць таксама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарадкавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду і інш.

На марфалагічным узроўні:

рэдкае выкарыстанне асабовых займеннікаў;

шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад.: Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...;

замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт;

частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні па-стаяннага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб’екты прадпрымаль-ніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (= па-вінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства);

нанізванне формаў роднага склону назоўнікаў: парушэнне пункта 1 Указа парадку афармлення дагавора...;

складаныя злучнікі і адыменныя прыназоўнікі: у выніку таго што, дзякуючы таму што; на працягу; за выключэннем; разам з тым; з мэтай; па лініі; у адпаведнасці з; пры дапамозе; шляхам; згодна з; у святле;

распаўсюджаны аддзеяслоўныя назоўнікі на -нне, -ццё, -ка з прэфіксам не (ня) і інш.: выкананне, павелічэнне, парушэнне, выкрыццё, развіццё, непастаўка, недагляд;

ужыванне складаных слоў, утвораных спосабамі аснова- і словаскладання: правапарушэнне, падаткаабкладанне, землекарыстанне, непрацаздольнасць, матэрыяльна-тэхнічны, малазабяспечаны.

На сінтаксічным узроўні:

характэрны складаныя сказы са шматлікімі даданымі часткамі, ускладненыя прыметнікавымі спалучэннямі, дзеепрыметнымі і дзеепры-слоўнымі зваротамі, нярэдка ўвесь тэкст па будове ўяўляе сабой адзін сказ;

часта ўжываюцца безасабовыя канструкцыі;

– дакладны падзел тэксту на сэнсавыя блокі, звычайна з выкарыстаннем іх назваў і лічбавым афармленнем пунктаў.

Трэба адзначыць, што ёсць некаторыя адрозненні ў выкарыстанні моўных сродкаў у розных падстылях.

У заканадаўчым падстылі шырока выкарыстоўваецца абстрактная лексіка і практычна адсутнічаюць экспрэсіўна-эмацыянальныя моўныя сродкі, ацэначная лексіка. Ацэначныя словы кшталту дармаед, злачынец, злодзей набываюць у юрыдычных тэкстах тэрміналагічнае значэнне. Даволі часта выкарыстоўваюцца антонімы, бо судовыя прамовы адлюстроўваюць супрацьлеглыя інтарэсы, супастаўляюць паняцці: правы і абавязкі, праца і адпачынак, асабісты і грамадскі, ісцец і адказчык, злачынства і пакаранне, усынаўленне дзіцяці і пазбаўленне бацькоўскіх правоў, утрымліваць і налічваць, добраахвотна і прымусова.