ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 28.12.2019

Просмотров: 3012

Скачиваний: 11

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

На беларускай мове ў гэты час, пераважна ва ўсходняй частцы краю, дзе паланізацыя праходзіла павольней, па традыцыі працягвалі пісаць дакументы мясцовага значэння: тастаменты, дакументы пра падзел маёмасці, распіскі, прыватныя лісты і г.д.

Адукацыя да сярэдзіны XVII ст. пераходзіць у рукі шматлікіх рымска-каталіцкіх манаскіх ордэнаў езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзітаў і піяраў, якія мелі свае вучэльні амаль ва ўсіх гарадах і буйных мястэчках Беларусі. Навучанне тут вялося на польскай і лацінскай мовах. Беларуская мова ў гэты час вывучалася толькі ва ўніяцкіх базыліянскіх школах. Уніяцкая царква выкарыстоўвала вусную беларускую мову ў неафіцыйных частках набажэнства. Жывая беларуская мова тады захоўвалася ў вуснай форме сярод сялян, дробнай шляхты і гарадскога рамеснага насельніцтва.



4 Сучасная беларуская мова (ХVІІІ–ХХІ стст.)


У XVIII ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю галоўным чынам у інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драматычных твораў, шта ставіліся ў тагачасных вучэльнях. З іх асаблівую цікавасць выклікаюць дзве камедыі ў зборніку 1787 г. выкладчыкаў рыторыкі Забельскай дамініканскай калегіі К. Марашэўскага і М. Цяцерскага. Гэтыя камедыі можна разглядаць як спробы стварэння новай беларускай літаратурнай мовы: усёй сістэмай сваіх графіка-арфаграфічных і лексічных сродкаў яны збліжаюцца з творамі беларускай літаратуры першай паловы ХІХ ст.

Узнікненне новага беларускага пісьменства і фарміраванне новай беларускай літаратурнай мовы, якое адбывалася на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст., звязаны з нацыянальным адраджэннем беларускага народа, з уздымам нацыянальна-вызваленчага руху народаў Расійскай імперыі. Ва ўмовах жорсткага нацыянальнага ўціску беларуская літаратура і літаратурная мова ўзнікалі як сродак духоўнага жыцця народа, яго барацьбы за сваё нацыянальнае вызваленне.

У канцы ХVIII ст. у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Беларусь была канчаткова далучана да Расіі. З гэтага часу афіцыйнай мовай на Беларусі стала руская (вялікаруская). Аднак да 1830-х гадоў шырока ўжывалася і польская мова, якая захоўвалася ў справаводстве і школьным выкладанні. Беларускай мовай карысталіся ў вусным маўленні, на ёй працягваў развівацца фальклор.

Паколькі багатыя традыцыі старабеларускага пісьменства былі перарваныя, новая беларуская літаратурная мова складвалася на народна-дыялектнай аснове.

Найбольш раннімі помнікамі беларускага пісьменства ХІХ ст. былі ананімныя творы: вершаванае апавяданне «Тэатр», гутаркі «Ой, вясніца-вясна!», «Праўда», «Вясна, голад, перапала», «Вось які цяпер люд стаў», «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Размова пана з мужыком» і інш., а таксама паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» .

Характэрныя рысы народнай гаворкі адлюстроўваюць і творы пісьменнікаў першай паловы ХІХ ст., якія пісаліся на беларускай мове, асабліва гэта тычыцца твораў Паўлюка Багрыма і Яна Чачота.


Сярод першых пісьменнікаў ХІХ ст., якія пісалі па-беларуску, былі Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі,
У. Сыракомля, А. Плуг і інш. Найбольш буйной фігурай гэтага часу быў
В. Дунін-Марцінкевіч, ад якога, па сутнасці, пачынаецца шлях новай беларускай літаратуры. Дзякуючы яму ў беларускай мове пачалі выпрацоўвацца лексічныя, фанетычныя і граматычныя сродкі, якія сталі ўлічвацца пазнейшымі пісьменнікамі.

У другой палове ХІХ ст. гэтую справу працягнуў Францішак Багушэвіч. Мова яго твораў адлюстроўвала агульнапашыраныя моўныя з’явы народнай моватворчасці.

Паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага стала новай вехай у расійскай палітыцы русіфікацыі Беларусі. У перыяд падрыхтоўкі і правядзення паўстання з’явіліся нелегальныя пракламацыі і адозвы, сярод якіх асобае месца займае першая беларуская нелегальная газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага. Яны таксама зрабілі свой унёсак у працэс фарміравання нацыянальнай літаратурнай мовы. Пасля задушэння паўстання рэзка ўзмацніўся нацыянальны прыгнёт беларускага народа. Расійскім урадам была распрацавана цэлая сістэма мер, накіраваная на «абрусенне Паўночна-Заходняга краю» і «ўсталяванне рускага элемента» ў ім, на падаўленне імкненняў беларускага народа развіваць нацыянальную культуру і літаратуру на роднай мове. Сярод іх былі: 1) забарона для ўсіх друкарняў друкаваць на беларускай мове;
2) забарона правозу, продажу і распаўсюджвання такіх выданняў;
3) канфіскацыя такіх выданняў пры парушэнні загаду.

Аднак, нягледзечы на ўсе гэтыя неспрыяльныя ўмовы, працэс развіцця літаратурнай мовы не спыняецца. Пры друкаванні беларускіх выданняў тады выкарыстоўвалася пераважна лацінка (прыстасаваная да беларускай мовы лацінская графіка польскай мовы), на ёй былі надрукаваны творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, пракламацыі і гутаркі.

У пачатку 1905 года ў Расійскай імперыі пачынаюццца рэвалю-цыйныя хваляванні. Урад, напалоханы размахам нацыянальна-вызвален-чага руху, ідзе на ўступкі нацыянальным меншасцям. Быў выдадзены так званы Закон аб свабодзе друку.

У 1906 годзе пасля выхаду сямі нумароў газеты «Наша доля» пачынае выходзіць газета «Наша ніва», якая друкавалася двума шрыфтамі – кірыліцай і лацінкай. Асновай праграмы «Нашай нівы» было «будзіць у беларусаў пачуццё чалавека і грамадзяніна», голасна гаварыць пра яго патрэбы і правы. Яна праіснавала амаль дзесяцігоддзе і гуртавала вакол сябе беларускіх пісьменнікаў, вяла культурна-асветніцкую работу сярод насельніцва Беларусі. Менавіта гэты перыяд стаў самым галоўным у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы, калі склаліся асноўныя правапісныя і граматычныя нормы.

Увогуле колькасць выданняў на беларускай мове пасля падзей першай рускай рэвалюцыі 1905 года рэзка ўзрасла. Паводле падлікаў вучоных, у пачатку ХХ ст. (да Кастрычніцкай рэвалюцыі) выйшла 245 выданняў, тады як за ўсё ХІХ ст. толькі 75. Легалізацыя беларускага друку спрыяла таму, што пачынаецца ўніфікацыя беларускага правапісу: замацоўваецца фанетычны прынцып пісьма для перадачы галосных гукаў, а для перадачы зычных – марфалагічны. Акрамя таго, развіваюцца сродкі і прыёмы літаратурнага выражэння, што падняло літаратурную мову на новы ўзровень. Пачынаецца выпрацоўка навуковай і грамадска-палітычнай тэрміналогіі. Усе гэтыя з’явы прывялі да неабходнасці звесці выпрацаваныя нормы ў адзіную граматыку.


Асновай для выпрацоўкі літаратурных нормаў сталі сярэдне-беларускія гаворкі (пераважна цэнтральных раёнаў Міншчыны і часткова ўсходніх раёнаў Гродзеншчыны). Важным, а магчыма, і рашаючым фактарам у выпрацоўцы нормаў беларускай літаратурнай мовы было тое, што буйныя беларускія пісьменнікі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. (В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, Цётка,
Ц. Гартны) былі родам з цэнтральнай Беларусі.

У 1917 годзе ні Лютаўская, ні Кастрычніцкая рэвалюцыі так і не далі Беларусі доўгачаканай дзяржаўнасці. У снежні 1917 года збіраецца Усебеларускі Кангрэс, які абірае ўстаноўчую раду і даручае ёй падрыхтаваць дакументы для абвяшчэння беларускай дзяржавы.
25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у час існавання якой выходзяць адразу пяць граматык беларускай мовы. Сярод іх найбольш аўтарытэтнай стала «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. Пабудаваная на матэрыяле жывой народнай гаворкі, а таксама беларускіх дарэвалюцыйных выданняў і навуковых прац на роднай мове, граматыка Браніслава Тарашкевіча даволі паслядоўна адлюстравала граматычныя рысы беларускай мовы і дакладна сфармулявала яе правапісныя нормы. Яна стала найбольш аўтарытэтным і стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ў далейшым ствараліся новыя падручнікі і вяліся даследаванні на беларускай мове.

У 20-я гады разгарнулася шырокая дыскусія па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, бо ў сувязі з правядзеннем беларусізацыі, пашырэннем сфер выкарыстання беларускай мовы, павелічэннем колькасці людзей, якія сталі ёй карыстацца, выявіліся пэўныя недакладнасці граматыкі Б. Тарашкевіча. Для ўпарадкавання нормаў роднай мовы ў лістападзе 1926 года была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У яе працы з правам вырашальнага голасу прынялі ўдзел 69 чалавек – прадстаўнікі розных навучальных устаноў, Інбелкульта, літаратурных аб’яднанняў, а таксама спецыялісты з РСФСР, УССР і замежных краін. На канферэнцыі былі ўнесены прапановы па змене графічных знакаў для гукаў [дз] і [дж], замене літары й на j і інш., а таксама разнастайныя прапановы па зменах у правапісе. Прынятыя канферэнцыяй пастановы сталі аўтарытэтным матэрыялам у справе кадыфікацыі (унармавання) правапісу, хоць яны і не атрымалі сілы закону. Для далейшай апрацоўкі правапісу ў кастрычніку 1927 года пры Інбелкульце была створана спецыяльная правапісная камісія, у склад якой увайшлі С. Некрашэвіч (старшыня), Я. Лёсік,
В. Ластоўскі, П. Бузук, І. Бялькевіч, Я. Купала, У. Чаржынскі,
А. Багдановіч (сакратар). Камісія працавала па красавік 1929 года. Вынікам яе 33 пасяджэнняў стала выданне «Беларускі правапіс (праект). Апрацаваны правапіснай камісіяй БАН» (Мн., 1930), куды было ўключана 77 арфаграфічных правілаў. Вучоныя мелі намер у далейшым стварыць арфаграфічны слоўнік беларускай мовы. Але планы іх не ажыццявіліся з-за таго, што ў гэты час на Беларусі пачалася кампанія выкрыцця так званых «нацыянал-дэмакратаў», да якіх аднеслі большасць членаў правапіснай камісіі. Выдадзены праект правапісу быў аб’яўлены «нацдэмаўскім» і трапіў на доўгі час у спецсховы, а яго аўтары былі рэпрэсіраваны.


Але патрэбы практыкі настойліва дыктавалі неабходнасць упарадкавання і спрашчэння правапісу. У сакавіку 1930 года Інстытут мовазнаўства прыступіў да падрыхтоўкі новага праекта правапісу, які быў закончаны і надрукаваны ў 1933 годзе. У ім было 84 правілы. Пасля ўнясення невялікіх змен ён лёг у аснову пастановы Саўнаркома БССР ад 26.08.1933 г. «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». З улікам гэтай пастановы ў 1934 годзе быў выдадзены разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правілаў «Правапіс беларускай мовы».

Арфаграфічная рэформа 1933 года ў гісторыі беларускага мовазнаўства і беларускай культуры – з’ява неадназначная. З аднаго боку, выкліканая патрэбамі тагачаснай моўнай практыкі, яна ў значнай ступені абагульніла і рэалізавала здабыткі беларускага мовазнаўства 1920-х гадоў. З другога боку, рэформа, як і іншыя з’явы грамадскага жыцця, падпала пад моцны палітыка-ідэалагічны ўплыў. Многія правапісныя нормы былі абумоўлены пазалінгвістычнымі, палітычнымі меркаваннямі. Ва ўмовах узятага кіраўніцтвам краіны курсу на барацьбу з «нацдэмамі», на збліжэнне народаў і зліццё іх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстраваць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы, як прывесці правапіс у адпаведнасць з рускай арфаграфічнай традыцыяй. Таму і пасля рэформы ў беларускім правапісе заставалася многа нявырашаных пытанняў, супярэчлівых напісанняў.

У 1938 годзе СНК (Савет народных камісараў) і ЦК ВКП(б) выдаюць пастанову «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». З таго часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальнага і выхаваўчага працэсу.

У канцы 30-х гадоў распачалася новая дыскусія аб правапісе, якая працягвалася і пасля вайны. У маі 1957 года выходзіць спецыяльная пастанова Савета Міністраў БССР «Аб удасканаленні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». З улікам гэтай пастановы ў 1959 годзе быў выдадзены збор правілаў беларускай арфаграфіі.

40–80-я гады сталі часам звужэння сферы ўжытку беларускай мовы. Асабліва выразна гэта праяўлялася ў галіне адукацыі і вытворчасці. Не было ніводнай ВНУ, якая давала б магчымасць атрымаць вышэйшую аду-кацыю па-беларуску, нават філолагам-беларусазнаўцам агульнаадукацый-ныя дысцыпліны чыталіся па-руску. З гэтай прычыны многія бацькі, баючыся, што дзецям пасля беларускай школы будзе цяжка паступіць і вучыцца ў ВНУ, стараліся аддаваць дзяцей у рускія школы. І хоць фармальна школ было прыблізна 50% рускіх і 50% беларускіх, але ў колькасць першых уваходзілі ў асноўным вялікія гарадскія школы, а ў колькасць другіх – малыя вясковыя школкі і некаторыя школы райцэнтраў. Справаводства ва ўсіх установах было выключна рускамоўным. Беларускімі заставаліся толькі нешматлікія ўстановы культуры: тэатры, радыё, частка перыядычных выданняў і адзін канал тэлебачання.


26 студзеня 1990 года выходзіць Закон аб мовах у БССР. Згодна з гэтым законам, адзінай дзяржаўнай мовай у БССР стала беларуская. Руская мова набывала статус мовы міжнацыянальных зносін. Пасля выхаду закона беларуская мова вельмі хутка пачынае вяртаць страчаныя калісьці пазіцыі: навучанне ў школах, ВНУ, працоўныя дакументы ў дзяржаўных установах пачынаюць пераводзіць на беларускую мову. Але аказалася, што са зменай палітычнай сітуацыі ў пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай, калі стала пашырацца сфера выкарыстання беларускай мовы і павялічвацца кола яе носьбітаў, пытанні аб новым удакладненні і ўдасканаленні правапісу зноў сталі актуальнымі. На старонках перыядычных выданняў разгарнулася арфаграфічная дыскусія, у ходзе якой выказваліся прапановы перагледзець усё тое, што было зроблена ў 1933 і 1957 гадах. Некаторыя найбольш радыкальна настроеныя дыскутанты наогул прапаноўвалі вярнуцца да правапісу 1920-х гадоў. Асобныя газеты і часопісы пачалі змяшчаць матэрыялы, надрукаваныя паводле правапісу Б. Тарашкевіча.

З мэтай удасканалення правапісу была арганізавана рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Праблемы беларускага правапісу», якая праходзіла 19–20 лістапада 1992 года ў Мінску. Канферэнцыя прыняла пастанову, у якой было адзначана, што ўдзельнікі канферэнцыі лічаць пастанову СНК 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» фактам палітычнага ўмяшання ў моўны працэс.

У 1995 годзе было ўзаконена двухмоўе, што рэзка прытармазіла працэс увядзення беларускай мовы ва ўсе сферы жыцця. Фактычна зноў руская мова заняла тое ж месца, якое мела ў савецкі час.



Тэма ІІ Дыялекты і літаратурная мова


Беларуская мова мае дзве формы: дыялектную і літаратурную.

Дыялектная мова – гэта вусная неўнармаваная форма нацыянальнай мовы, якая распаўсюджана на пэўнай тэрыторыі і адрозніваецца пэўнымі фанетычнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі і лексічнымі асаблівасцямі. У беларускай мове вылучаюць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа сярэднебеларускіх гаворак, якая з’яўляецца пераходнай тэрыторыяй ад аднаго дыялекта да другога. Паўночная мяжа сярэднебеларускіх гаворак праходзіць прыблізна па лініі Мядзел – Барысаў – Быхаў, а паўднёвая – па лініі Воранава – Дзяржынск – Бабруйск – Рэчыца. Асобна вылучаюцца брэсцка-пінскія гаворкі, якія адрозніваюцца ад астатніх гаворак беларускай мовы.

Паўночна-ўсходні дыялект мае наступныя спецыфічныя рысы: дысімілятыўнае (адрознае) аканне і яканне: выда, ныга, вісна, зімля; цвёрды і мяккі гук [р]: рака, дрэва, треба, бярёза; канчаткі -аць, -эць(-ець) у дзеясловах 3-й асобы адзіночнага ліку 1-га спражэння: кажаць, бярэць, нясець; наяўнасць суфікса -онак (-ёнак) у назвах маладых істот: цялёнак, ягнёнак; наяўнасць канчаткаў -ый (-ій), -эй (-ей) у прыметніках мужчынскага роду адзіночнага ліку: добрый, сіній, маладэй, плахей і інш.