ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 28.12.2019

Просмотров: 3010

Скачиваний: 11

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

Афіцыйна-справавы падстыль мае ўласную адміністрацыйна-кіраўніцкую тэрміналогію: назвы пасад (дырэктар, намеснік, старшыня, сакратар), віды дакументаў (заява, распіска, даверанасць, загад), назвы ўстаноў (ТАА «Трансмет», ЗАТ «Дайнова» і т.п.). У сувязі з тым, што гэты падстыль ужываецца ў розных галінах грамадскай і вытворчай дзейнасці (культура, адукацыя, гандаль, сельская гаспадарка, вытворчасць), у тэкстах падстыля выкарыстоўваецца самая разнастайная тэрміналогія. У службовых тэкстах не ўжываюць сінонімы, мала антонімаў. Часта ўжываюцца абрэвіятуры, розныя сродкі кадыфікацыі (назвы ўстаноў і прадпрыемстваў, марак машын і г.д.).



Тэма VIII Графіка і арфаграфія


1 Прынцыпы беларускай арфаграфіі


Арфаграфія – гэта сукупнасць правілаў практычнага пісьма, якія рэгулююць нормы напісання слоў.

Існуюць розныя прынцыпы арфаграфіі. Пад прынцыпам арфаграфіі разумеюць вызначальную, асноўную ідэю, заканамернасць, паводле якой будуюцца і аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правілы напісання. У беларускім правапісе выкарыстоўваюцца два асноўныя прынцыпы арфаграфіі – фанетычны і марфалагічны.

Фанетычны прынцып азначае передачу гукаў у адпаведнасці з іх вымаўленнем. У беларускай мове ён прымяняецца ў першую чаргу для перадачы на пісьме ненаціскных галосных, на ім грунтуюцца наступныя правілы: правапіс а, э, о; е, ё, я; правапіс ы, і, й пасля прыставак; правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах; правапіс галосных у складаных словах; правапіс падоўжаных зычных і інш.

Марфалагічны прынцып азначае аднолькавую перадачу абалонкі марфемы ў моцнай і слабай пазіцыях. На гэтым прынцыпе грунтуюцца правілы: правапіс звонкіх зычных на канцы слова; правапіс звонкіх перад глухімі і глухіх перад звонкімі; правапіс прыставак аб-, над-, пад-, перад-; правапіс зычных на стыку корня і прыстаўкі і інш.



2 З гісторыі пісьменнасці


Пісьменнасць – адно з самых вялікіх вынаходніцтваў чалавека. Але тое пісьмо, якім мы карыстаемся ў наш час, прайшло доўгі шлях трансфармацыі і развіцця.

Першым этапам развіцця пісьма была піктаграфія – пісьмо ў выглядзе малюнка або паслядоўнасці малюнкаў. Ім карысталіся індзейцы Амерыкі, жыхары Афрыкі, абарыгены Аўстраліі, малыя народы Сібіры амаль да ХХ стагоддзя. У наш час захаваліся элементы гэтага пісьма ў выглядзе малюнкаў на дарожных знаках (напрыклад, знак «Асцярожна, дзеці!»), шыльдах крамаў (батон на булачнай), цырульняў (нажніцы), гадзіннікавых майстэрнях (гадзіннік) і г.д. Асабліва зручна карыстацца такімі знакамі, калі чалавек не ведае мовы і знаходзіцца ў іншай краіне.

З развіццём піктаграфічнай сістэмы і набыццём дадатковага сімвалічнага сэнсу малюнкаў пачынае развівацца ідэаграфія – пісьмо паняццямі. Гэта спосаб перадачы мовы, які мы зараз выкарыстоўваем для стварэння рэбусаў. Элементы ідэаграфічнага пісьма ёсць і ў нас: лічбы, навуковыя сімвалы +, =, %, крыж на дарожным знаку «Перасячэнне раўназначных дарог» і інш.


Але такім пісьмо было на пачатку яго развіцця. Паступова малюнкі сталі вельмі абстрактнымі і ператварыліся ў іерогліфы. Самымі старажытнымі сістэмамі ідэаграфічнага пісьма з’яўляюцца егіпецкае, шумерскае і кітайскае. У наш час захавалася толькі кітайскае (іерагліфічнае). Хоць такое пісьмо не адлюстроўвае вымаўлення, але для шматмільённага Кітая, дзе існуе вялікае мноства дыялектаў, іерагліфічная пісьменнасць – вельмі зручны сродак міждыялектных зносін.

Далейшае развіццё прывяло да ўзнікнення фанетычнага пісьма, якое стала перадаваць мову не толькі ў яе граматычным, але і ў фанетычным ладзе. Першым этапам было складовае пісьмо, калі за пэўным знакам замацоўвалася спалучэнне гукаў – склад. Такім было пісьмо ў Старажытнай Індыі. Гэты прынцып пісьма выкарыстоўваюць і ў сучасных японскай, карэйскай, в’етнамскай мовах. Другім этапам было ўзнікненне літарнага пісьма ў Фінікіі, але ў ім перадаваліся толькі зычныя гукі. Ад фінікійскага алфавіта пайшло арабскае пісьмо, якое налічвае 28 літар, акрамя таго, існуюць надрадковыя знакі для абазначэння кароткіх галосных гукаў.

А вось апошні крок на шляху развіцця фанетычнага пісьма быў зроблены старажытнымі грэкамі, якія запазычылі літары ў фінікійцаў, але сталі абазначаць не толькі зычныя, а і галосныя гукі. Яны змянілі і накірунак пісьма: сталі пісаць злева направа. Дзесьці ў сярэдзіне ІХ ст. да н.э. канчаткова сфарміраваўся грэчаскі алфавіт.

На базе грэчаскага алфавіта ўзніклі лацінскае пісьмо, магчыма, праз пасрэдніцтва этрускага, і кірылічны алфавіт, які быў створаны ў ІХ стагоддзі братамі Кірылам і Мяфодзіем для старабалгарскай мовы, а потым з прыняццем хрысціянства быў распаўсюджаны на землі Старажытнай Русі.

Старажытная беларуская мова ад пачатку свайго развіцця карысталася кірылаўскім пісьмом, якое мела рукапісны варыянт напісання, а з узнікненнем кнігадрукавання сталі ўжывацца і друкаваныя літары. Захаваліся многія рукапісныя і друкаваныя помнікі старабеларускай мовы.

У ХІV–ХV стст. на Беларусі ўзнікаюць першыя татарскія пасяленні, і татары, страціўшы сваю мову, пачынаюць ствараць помнікі – кітабы – на старабеларускай мове, карыстаючыся арабскім пісьмом. Чыталіся кітабы справа налева. Іх вывучэнне пачалося ў ХІХ ст. і працягнулася ў ХХ ст.

У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай на нашых землях былі распаўсюджаны лацінская і польская мовы, таму лацінскі алфавіт быў даўно вядомы на Беларусі. Пасля 1696 года, калі ў Рэчы Паспалітай было забаронена выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйным ужытку, у беларускамоўныя творы пачынае пранікаць лацінка. У ХVІ ст. яна выкарыстоўваецца паралельна з кірыліцай і ў некаторых драматычных творах на беларускай мове. У ХІХ ст. лацінка (пры існаванні кірыліцы) была прыстасавана беларускімі пісьменнікамі (Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч і інш.) для перадачы беларускай мовы. Лацінкай друкавалася газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага, на кірыліцы і лацінцы выходзілі газеты «Наша доля» і «Наша ніва». Лацінкай надрукаваны творы Цёткі, зборнік Я. Купалы «Гусляр», раннія творы Я. Коласа і інш. У Заходняй Беларусі лацінка ўжывалася побач з кірыліцай да 1939 года і ў перыёдыцы, і ў кніжных выданнях.


Такім чынам, у гісторыю беларускага пісьменства ўвайшлі тры віды графікі: кірыліца, лацінка і арабскае пісьмо.



3 З гісторыі беларускага правапісу


Сучасныя нормы беларускага правапісу складваліся на працягу доўгага часу. У першых помніках беларускага пісьменства (ХІV–ХV стст.), у якіх пераважна захоўваліся традыцыйныя нормы старажытнарускага правапісу, ужо знаходзілі адлюстраванне найбольш яркія рысы беларускай фанетыкі (зацвярдзенне р, ц і шыпячых, пераход в у ў у пэўным становішчы, зрэдку – аканне). Пачынаючы з ХІХ ст., калі народныя гаворкі сталі асновай для беларускай літаратурнай мовы, фарміруюцца і замацоўваюц-ца асноўныя рысы беларускага правапісу. У гэты перыяд галоўным кірункам развіцця арфаграфіі было імкненне паўней адлюстраваць жывое вымаўленне.

Станаўленню арфаграфічных норм спрыялі першыя беларускія газеты «Наша доля» (1906 г.), «Наша ніва» (1906–1915 гг.), дзейнасць выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», выданні твораў беларускіх пісьменнікаў, трохтомная праца Я. Ф. Карскага «Беларусы».

Першыя спробы распрацаваць і замацаваць нормы беларускага правапісу былі зроблены братамі Антонам і Язэпам Лёсікамі, якія ў 1917 годзе апублікавалі лацінскім шрыфтам дапаможнік «Як правільна пісаць па-беларуску», а ў 1918 годзе на яго аснове выдалі «Беларускі правапіс». У гэты час выходзяць і іншыя дапаможнікі: «Беларуская граматыка»
Б. Пачобкі, праект беларускай арфаграфіі «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» Р. Абіхта і Я. Станкевіча, але найбольш значным і ўдала распрацаваным сярод іх стала
«Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918 годзе ў знакамітай друкарні Марціна Кухты. Менавіта граматыка Браніслава Тарашкевіча стала пачаткам сучаснай арфаграфіі. У 1926 годзе была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У 1930 годзе быў выдадзены «Беларускі правапіс» (праект). У 1933 годзе Саўнаркам БССР прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якую пазней сталі называць «сталінскай» правапіснай рэформай.

У 30-40-я гады практыка выкладання мовы ў школе, друкарская практыка выявілі шмат нявырашаных праблем правапісу, многія правілы патрабавалі перагляду. Пасля дыскусіі 1949–1957 гадоў Арфаграфічная камісія пры АН БССР падрыхтавала новы праект удакладненняў і змен у беларускім правапісе. Гэты праект быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР у 1957 годзе, а ў 1959 годзе выйшлі «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Аднак і новыя правілы таксама не ахоплівалі ўсіх спрэчных і няясных выпадкаў. Напрыклад, традыцыйныя напісанні семнаццаць, васемнаццаць, дзевяты, дзесяты, якія не адпавядалі нормам пісьма. Шмат цяжкасцей было і з напісаннем запазычаных слоў, колькасць якіх пастаянна павялічваецца. Узбагачэнне мовы новымі словамі на шмат часу апярэджвае выхады новых слоўнікаў, а нераспрацаванасць нормаў асваення запазычанняў прыводзіла да разнабою ў напісанні мноства слоў. Каб ліквідаваць гэтыя недахопы правапісу, у 1993 годзе была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы, якая прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання і не патрабуюць кардынальных змен. Камісія рэкамендавала падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», у якой трэба ўлічыць прапановы гэтай камісіі па ўдакладненні беларускага правапісу. У выніку гэтага 28 ліпеня 2008 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які зацвердзіў новую рэдакцыю гэтых правіл.


У новай рэдакцыі правапісу правілы напісання галосных і зычных гукаў, ужывання вялікай і малой літар прыведзены да большай уніфікацыі.


4 Перадача акання на пісьме


1 Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом – дамы, мова – маўленне, цэгла – цагляны, шэпт – шаптаць.

2 Незалежна ад паходжання гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара, колас, Сакрат, электарат, харэаграфія.

Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў – крыві – крывавы, дровы – дрывотня, крошка – крышыць, бровы – брыво, гром – грымоты – грымець, брод – брысці, глотка – глытаць.

3 У словах славянскага паходжання і запазычаных словах, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэхі – страха, шэры – шарэць, чэргі – чарга, майстэрня – майстар.

Ва ўласных імёнах са славянскай лексічная асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання – пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапавец, Чалюскін, літара.

4 Перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах у ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі:

у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя;

пасля шыпячых, р, д, т і цвёрдага ц пішацца э: жэтон, Жэнева, рэклама, рэактар, дэталь, тэорыя, ордэн, тэарэма, цэвіта.

5 У запазычаных словах напісанне э і а пасля зычных, акрамя шыпячых, р, д, т і цвёрдага ц, вызначаецца па слоўніку: панэль, але: шынель.

6 Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах пішуцца як
-аль, -ар: шніцаль, шпаталь, карцар, форталь, лідар, камп’ютар, пэйджар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, ва ўласных імёнах передаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.



5 Перадача якання на пісьме


1 Галосныя е, ё ў першым складзе перад націскам абазначаюцца на пісьме літарай я: землі – зямля, зелень – зялёны, песня – пясняр, дзевяць – дзявяты, сем – сямнаццаць, дзесяць – дзясяты, восем – васямнаццаць.

У іншых ненаціскных складах е захоўваецца: возера, восень, леснікі, высветліць, векавечны, цемень.

2 Літара я пішацца ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў: Бялынічы, Аляксандр, Сяргей, Бялінскі, каляндар, сяржант, Яфім.

3 Заўсёды захоўваецца е ў першым складзе перад націскам пасля заднеязычных г, к, х: герой, Герасім, кераміка, кефір, Херсон.


4 Часціца не і прыназоўнік без заўсёды пішуцца з літарай е: не быў, не ідзе, не браў, без прычыны, не без работы.

Пры напісанні разам не і без становяцца прыстаўкамі і падпа-радкоўваюцца агульным правілам напісання галосных літар е, я: няхай, нястомна, бязмежны, але: непісьменны, бескарысны, беспаваротны (не першы склад перад націскам).

5 Літара я пішацца ў некаторых каранях слоў нязменна: віцязь, заяц, завязь, месяц, дзевяць, Прыпяць.

6 Літара я пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (роўнядзь, боязь, дробязь) і дзеясловаў (лаяць, веяць, кашляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (лаянка, веялка, сеялка).



6 Правапіс літар а, о, э ў складаных словах


1 У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск падае на першы склад, то ўсё слова мае адзін націск і ў першай частцы замест о пішацца а: скараход, сталявáр, малатабоец.

Літара о захоўваеццца ў складаных словах, першай часткай якіх з’яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словаформа, словатворчасць, што месяц, штогод, фотаплёнка, фотакамера, але: фатаграфія і вытворныя ад яго; мотагонкі, мотакрос, мотаспорт, але: матавоз, матацыкл і вытворныя ад іх.

2 Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе , то ў першай частцы ўзнікае пабочны націск і пад націскам захоў-ваецца літара о: асновапалажэнне, вагонарамонтны, высокаэфектыўны.

У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: збожжасховішча, мовазнаўства, маторазборка, фондасховішча.

Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.

3 Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўстойлівы, вогнеўстойлівы, збожжаўборка.

4 Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова. Напрыклад:


Н. шэсцьсот, семсот, восемсот

Р. шасцісот, сямісот, васьмісот

Д. шасцістам, сямістам, васьмістам

В. шэсцьсот, семсот, восемсот

Т. шасцюстамі, сямюстамі, васьмюстамі

М. (пры) шасцістах, сямістах, васьмістах

5 Гук [э] у першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, шэравокі, тэлебачанне.

6 У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасцістволь-ны, пяцідзёнка, сямікласнік, васьмісоты, саракагоддзе, двухсотметровы.

7 Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.