ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 28.12.2019

Просмотров: 3015

Скачиваний: 11

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

Паўднёва-заходні дыялект характарызуецца недысімілятыўным аканнем і яканнем: вада, нага, вясна, зямля; цвёрдым гукам [р]: рака, бяроза; прыстаўным [г] у словах тыпу гавечка, гуліца, гараць; наяўнасцю дыфтонгаў [уо], [іе] у словах дуом, сіена, муост, хліеб; наяўнасцю канчатка -му ў дзеясловах будучага часу: казацьму, рабіцьму, хадзіцьму; постфікса
-са ў зваротных дзеясловах: памыласа, садземса і інш.

Сярэднебеларускія гаворкі маюць асаблівасці і таго і другога дыялектаў, але разам з тым ёсць і адметныя рысы, напрыклад, адсутнасць мяккага [ц’] у 3-й асобе дзеясловаў ІІ спражэння (ходзя, робя, гавора), вымаўленне [о] на месцы [а] перад [ў] (проўда, казоў) і інш.

Даволі спецыфічнымі рысамі характырызуюцца брэсцка-пінскія (ці заходнебеларускія) гаворкі. Яны істотна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву беларускай літаратурнай мовы. У іх многа агульнага з украінскай мовай, што дае падставы вучоным называць Палессе своеасаблівым этна-культурна-моўным мастом паміж беларускім і ўкраінскім народамі. Так, палескай групе гаворак уласцівы оканне (вода, нога), цвёрдыя зычныя на месцы мяккіх (вэчор, зыма), вымаўленне [і] на месцы старажытнага гука [Ђ] (ліс, хліб); інфінітыў на -ты (ходыты, купаты); зычны [л’] у дзеясловах 3-й асобы мн. ліку з асновай на губны (лоўляць, купляць) і інш.

Акрамя таго, дыялекты адрозніваюцца і некаторымі лексічнымі адзінкамі – словамі, якія не ўвайшлі ў склад літаратурнай мовы. І калі фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці не надта перашкаджаюць узаемаразуменню носьбітаў розных дыялектаў, то зразумець значэнне дыялектызмаў не так лёгка, бо нават у кантэксце далёка не заўсёды можна здагадацца, што вятроўкі – гэта басаножкі, макотра – вялікая міска, надысь – нядаўна, махнытка – галавешка . Але ў той жа час дыялекты – гэта адна з крыніц пашырэння слоўнікавага запасу літаратурнай мовы.

Літаратурная мова – гэта апрацаваная майстрамі слова, унармаваная, стылістычна разгалінаваная вышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая замацавана ў пісьмовых крыніцах.

Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне, выбар слова, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Гэтыя правілы выпрацаваны грамадствам і пісьмова замацаваны ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы.

Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснай і пісьмовай (дыялектная мова – толькі ў вуснай). Гэта дзве раўнапраўныя формы рэалізацыі літаратурнай мовы, кожная з якіх мае сваю сферу выкарыстання. Гутарковая разнавіднасць ужываецца ў вусных зносінах паміж людзьмі. У ёй пераважаюць простыя канструкцыі, няпоўныя і незакончаныя сказы. Важнае значэнне ў вуснай мове маюць інтанацыя, міміка, жэстыкуляцыя. Пісьмова-кніжная мова, як правіла, характарызуецца шырокім ужываннем развітых, ускладненых канструкцый. Носьбіты літаратурнай мовы звычайна валодаюць абедзвюма яе формамі і карыстаюцца імі ў залежнасці ад патрэб моўных зносін.


Такім чынам, літаратурная і дыялектная мовы як разнавіднасці мовы нацыі ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць. Але паміж імі ёсць істотныя адрозненні:

літаратурнай мовай карыстаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, яна з’яўляецца агульназразумелай для ўсіх носьбітаў мовы. Дыялектная мова выкарыстоўваецца людзьмі пэўнай тэрыторыі – адной вёскі ці некалькіх блізкіх вёсак, невялікіх пасёлкаў, мястэчак;

літаратурная мова абслугоўвае разнастайныя патрэбы грамадскага і культурнага жыцця людзей і з’яўляецца мовай мастацкай літаратуры, навукі, справаводства, публіцыстыкі. Дыялектная мова – гэта бытавая мова, на ёй, як правіла, размаўляюць члены сям’і, аднавяскоўцы;

літаратурная мова строга ўнармаваная і мае дзве формы – вусную і пісьмовую. У дыялектнай мове няма строга выпрацаваных нормаў, яна мае толькі вусную форму, гэта гутарковая, беспісьмовая мова.

Сучасная літаратурная мова склалася ў пачатку ХХ ст., калі выходзіла газета «Наша ніва». У аснову нацыянальнай беларускай літаратурнай мовы леглі гаворкі цэнтральнай Беларусі (зона Ашмяны – Мінск – Барысаў). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найбольш тыповыя рысы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца (асабліва ў лексіцы) запазычаннямі з роднасных рускай і ўкраінскай, а таксама іншых моў. Літаратурная мова пастаянна папаўняецца за кошт дыялектаў. Разам з тым літаратурная мова ўплывае на дыялекты, спрыяючы ўніфікацыі нацыянальнай мовы.



Тэма ІІІ Двухмоўе, або білінгвізм


Двухмоўе – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Сінонім двухмоўя – білінгвізм, ад лацінскага bi – двойчы і lingua – мова. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, то прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:

індывідуальнае, калі мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;

групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя сацыяльныя слаі;

поўнае, або суцэльнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа.

Можна гаварыць і пра дзяржаўнае двухмоўе, калі статус дзяржаўнай, або афіцыйнай, маюць дзве мовы. Напрыклад, у Канадзе дзяржаўныя мовы – англійская і французская, у Ірландыі – англійская і ірландская. Ёсць і шматмоўныя краіны, напрыклад, Швейцарыя, дзе чатыры мовы дзяржаўныя – нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская.

Вылучаюць тры аспекты двухмоўя: псіхалагічны, педагагічны і сацыялінгвістычны. Псіхалагічны аспект звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасаванасцю і г.д., з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўлыў адной мовы на працэс засваення другой. Сацыялінгвістычная характарыстыка двухмоўя грунтуецца на такіх параметрах:


  • сфера выкарыстання першай і другой мовы;

  • ступень авалодання мовамі; набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, жаргон і г.д.);

  • размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы; ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.

На тэрыторыі Беларусі двухмоўе – з’ява не новая. Пасля прыняцця хрысціянства на нашых землях стала шырока выкарыстоўвацца стараславянская мова. Яна была мовай пісьменнасці. Паступова яна займае значнае месца ў жыцці людзей, таму можна сказаць, што ўжо на той час на беларускіх землях існавала двухмоўе.

У пазнейшыя часы, калі польская мова распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі, развіваецца беларуска-польскае двухмоўе. Акрамя таго, у раёнах пражывання іншых народаў на нашых землях узнікае беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае і іншыя віды двухмоўя. Можна гаварыць нават пра групавое шматмоўе ў той перыяд, бо на той час лацінская мова мела вельмі вялікае распаўсюджванне: яе вывучалі ў шматлікіх каталіцкіх і ўніяцкіх школах (разам з беларускай і польскай), а таксама ў праваслаўных бурсах (разам з беларускай і царкоўнаславянскай). Існавала нават лацінамоўная беларуская літаратура, што сведчыць пра высокі ўзровень валодання гэтай мовай вялікай часткай насельніцтва.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і адыходу Беларусі пад уладу Расіі распаўсюджваецца руская мова і пачынае развівацца беларуска-рускае двухмоўе. З таго часу руская мова толькі ўзмацніла свае пазіцыі, асабліва ў ХХ ст., калі ў савецкі час вялося мэтанакіраванае выкараненне беларускай мовы.

І ў першую чаргу аслабленню пазіцый беларускай мовы ў ХХ ст. спрыяла русіфікаванне адукацыі, што прывяло фактычна да поўнага выцяснення беларускай мовы з сістэмы вышэйшай адукацыі. Беларуская мова вывучалася толькі як прадмет для асобных спецыяльнасцей, а само навучанне поўнасцю вялося на рускай мове. Гэта было вынікам палітыкі на збліжэнне ўсіх нацыянальнасцей у СССР з мэтай утварэння так званай новай фармацыі – савецкі народ, які павінен быў быць з’явай наднацыянальнай. Таму насаджалася для ўсіх народаў Савецкага Саюза адзіная рускамоўная культура. Найбольш удала гэты працэс ішоў на Беларусі і Украіне, што, відавочна, было абумоўлена блізкасцю рускай мовы з беларускай і ўкраінскай.

Такім чынам, сёння мы можам гаварыць пра тое, што беларуская і руская мовы, з’яўляючыся раўнапраўнымі de jure, de facto, займаюць розныя пазіцыі: беларуская мова крыху палепшыла свае пазіцыі ў галіне культуры і сістэме сярэдняй адукацыі ў параўнанні з 80-мі гадамі, але эканоміка, палітыка, вышэйшая адукацыя па-ранейшаму з’яўляюцца рускамоўнымі. Гэта прывяло да таго, што нават людзі, якія валодаюць беларускай мовай, фактычна не маюць магчымасці свабодна выкарыстоўваць яе ва ўсіх сферах нашага жыцця.




Тэма ІV Моўная інтэрферэнцыя


Моўная інтэрферэнцыя – гэта неад’емная спадарожніца білінгвізму (двухмоўя). У перакладзе з лацінскай мовы інтэрферэнцыя – узаемапранікненне (ад лац. inter – узаемна, між сабой, ferio – датыкаюся). Гэта праяўляецца ва ўплыве адной моўнай сістэмы на другую, а менавіта ў парушэнні нормаў суіснуючых моў.

Інтэрферэнцыя праяўляецца як іншамоўны акцэнт у маўленні чалавека, які валодае дзвюма мовамі.

Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і шэрагу іншых прычын. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з’ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс.



1 Фанетычная беларуска-руская інтэрферэнцыя


Фанетычныя сістэмы беларускай і рускай моў вельмі блізкія, але паміж імі ёсць і пэўныя адрозненні, якія ўплываюць на вымаўленне білінгвам тых ці іншых гукаў, у першую чаргу зычных.

Адной з самых выразных рысаў беларускай мовы, якая стала праяўляцца ўжо на першых стадыях яе фарміравання, з’яўляецца дзеканне і цеканне. У рускай і ўкраінскай мовах захаваліся мяккія гукі [д’] і [т’], у беларускай мове на месцы мяккіх [д’] і [т’] сталі ўжывацца гукі [дз’] і [ц’]. Па гэтай прычыне пераважная большасць беларусаў пры карыстанні рускай мовай вымаўляюць на месцы рускіх гукаў [д’] і [т’] беларускія гукі [дз’] і [ц’], не заўважаючы розніцы паміж гэтымі моўнымі асаблівасцямі. Але менавіта па гэтым вымаўленні карэнныя рускія і ўкраінцы адразу вызначаюць беларусаў. Калі ўважліва прыслухацца да вымаўлення такіх слоў, як день, дело, тень, тело, рускімі і ўкраінцамі (абавязкова тымі, якія выраслі не на этнічнай тэрыторыі беларусаў, у тым ліку Смаленшчыне і Браншчыне) і параўнаць з вымаўленнем гэтых жа слоў беларусамі, то можна заўважыць істотную розніцу.

Яшчэ адной важнай фанетычнай асаблівасцю з’яўляецца адсутнасць у беларускай мове мяккага падоўжанага гука [ш], які існуе ў рускай мове. У беларускай мове яму адпавядае спалучэнне зычных гукаў [ш] і [ч]. Таму беларусы пры вымаўленні такіх рускіх слоў, як щавель, счастье, перевозчик, выкарыстоўваюць спалучэнне мяккіх гукаў [ш’] і [ч’]: [ш’ч’]авель, [ш’ч’]астье, перево[ш’ч’]ик, хоць па-руску правільна вымаўляецца [ш’ш’]авель, [ш’ш’]астье, перево[ш’ш’]ик.

Вядома, што гук г у беларускай мове, як і ва ўкраінскай, з’ўляецца фрыкатыўным, а ў рускай – выбухным. Таму даволі часта можна пачуць памылковае вымаўленне гэтага гука пры выкарыстанні беларусамі рускай мовы, у той жа час сустракаецца і няправільнае ўжыванне выбухнога г пры размове па-беларуску. Аднак трэба адзначыць, што пры наяўнасці ў рускай мове г выбухнога як асноўнай нормы тым не менш ёсць выпадкі, калі за норму прынята вымаўленне г фрыкатыўнага. Такіх слоў няшмат, напрыклад: бухгалтер (спалучэнне гх вымаўляецца як беларускі гук г), выклічнік і часціца ага (вымаўляецца беларускі г), выклічнік гоп (дапускаецца і г выбухны, і г фрыкатыўны). У той жа час у беларускай мове існуе шэраг слоў, у якіх літаратурнай нормай вымаўлення лічыцца выбухны гук г. Напрыклад: агрэст, газа (не блытайце са словам газ, бо газа – па-руску керосин), ганак, гарнец, гонта, гузік, мазгі (адз. мозг [моск]), розгі, швагер і інш.


Яшчэ адной важнай фанетычнай асаблівасцю беларускай мовы з’яўляецца наяўнасць гука [ў], якога няма ні ў рускай, ні ва ўкраінскай мове. Гэта трэба ўлічваць пры вывучэнні роднасных нам моў, бо нярэдка беларусы, гаворачы па-руску, замяняюць гукі [л] і [в], якія стаяць пасля галосных, на гук [ў]. Напрыклад: пошел [пашоў], обрыв [абрыў] і т.п.

Усё сказанае вышэй адносіцца да памылак, якія робяцца ў вымаўленні па-руску пад уплывам беларускай мовы. Але ёсць пэўныя праблемы, абумоўленыя ўплывам рускай мовы на беларускае вымаўленне. Гэтаму спрыяе і распаўсюджанае меркаванне, што па-беларуску «як чуеш, так і пішаш». Але ў большай ступені гэта тычыцца галосных. Напісанне зычных гукаў абумоўлена ў асноўным марфалагічным прынцыпам пісьма. Тым не менш вельмі часта можна пачуць вымаўленне, якое поўнасцю імкнецца адпавядаць напісанню. Асабліва часта гэта сустракаецца сярод жыхароў буйных гарадоў, дзе беларуская мова ўжываецца абмежавана і дзе яе вывучэнне часцей пачынаецца са школы, а не з сям’і. Таму вельмі часта навучэнцы пачынаюць чытаць так, як напісана. І ў першую чаргу гэта тычыцца зноў-такі вымаўлення гукаў [дз’] і [ц’].

Найбольш распаўсюджанай памылкай вымаўлення, якую робяць пад уплывам рускай мовы, з’яўляецца адсутнасць асімілятыўнай мяккасці. Па нормах беларускага вымаўлення свісцячыя гукі [з], [с], [дз], [ц] перад мяккімі зычнымі павінны памякчацца. Пры гэтым беларускія мяккія гукі [з’] і [с’] адрозніваюцца ад адпаведных рускіх гукаў большай памякчонасцю. Такім чынам, пры вымаўленні слоў смех, змярканне, дзве, цвёрды абавязкова павінна быць асімілятыўная мяккасць [с’м’эх], [з’м’аркан’н’э], [дз’в’э], [ц’в’орды]. Гэта норма не распаўсюджваецца на пазіцыю перад мяккімі [г’], [к’], [х’], таму пры вымаўленні слоў скінуць, схіл, згінуць гук [с] не памякчаецца [ск’інуц’], [сх’іл], [зг’інуц’].

Яшчэ адна распаўсюджаная памылка, якая ўзнікае пад уплывам рускай мовы, робіцца ў словах з канцавой літарай г. У такіх словах беларускі гук [г] мае парай па глухасці гук [х]: снег [с’н’эх], стог [стох], плуг [плух]. Але нярэдка можна пачуць вымаўленне гука [к] замест [х], што з’ўляецца парушэннем літаратурнай нормы.



2 Акцэнтная беларуска-руская інтэрферэнцыя


Акцэнтная інтэрферэнцыя праяўляецца ў няправільнай пастаноўцы націску як у рускай мове пад уплывам беларускай, так і наадварот. Таму трэба ведаць найбольш характэрныя адрозненні ў пастаноўцы націску ў абедзвюх мовах. Найбольш часта дапускаюцца памылкі пастаноўкі націску ў наступных словах: апостро́ф – апо́страф, босо́й – бо́сы, ве́рба – вярба́, ве́тры – вятры́, во́лосы – валасы́, воспри́нял – успрыня́ў, во́сьмеро – васьмёра, гли́няный – гліня́ны, де́вятеро – дзявя́цера, долото́ – до́лата, до́суха – дасу́ха, за́йцы – зайцы́, за́нятость – заня́тасць, застёжка – за́сцежка, звони́т – зво́ніць, зна́харь – знаха́р, ка́менный – каме́нны, кирка́ – кі́рка, коне́й – ко́ней, копы́та – капыты́, кишка́ (мн. кишки́) – кі́шка (мн. кі́шкі), крапи́ва – крапіва́, креме́нь – крэ́мень, кто́-нибудь – хто-не́будзь, ку́хонный – кухо́нны, лопу́х – ло́пух, люпи́н – лу́бін, ма́ленький – мале́нькі, ма́лый – малы́, мизи́нец – ме́зенец, не́ был – не бы́ў, не́нависть – няна́вісць, ни́тяный – ніцяны́, но́жницы – нажні́цы, ноздря́ – но́здра, о́бруч – абру́ч, обша́рпанный – абшарпа́ны, одноа́ктный – аднаакто́вы, о́кунь – аку́нь, ольха́ – во́льха, осо́ка – асака́, пережито́е – перажы́тае, плести́ – пле́сці, посла́нец – паслане́ц, приноси́ть – прыно́сіць, решето́ – рэ́шата, ржа́веть и ржаве́ть – іржаве́ць, спина́ – спі́на, ста́рый – стары́, ста́ренький – старэ́нькі, сто́птанный – стапта́ны, супово́й – су́павы, тя́жесть – цяжа́р, усы́ – ву́сы, фа́ртук – фарту́х, христиани́н – хрысція́нін, ху́денький – худзе́нькі, четы́рнадцать – чатырна́ццаць, шёлковый – шаўко́вы, экзамено́ванный – экзаменава́ны.