ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2223

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

Ішоў праз гароды дадому па снезе, у завею, калі ўсё навокал ахутала белая каламуць. І раптам у нейкі міг адчуў страх, што ідзе не туды, што не дойдзе, упадзе і ніхто не пачуе крыку, ніхто не знойдзе. Самая недарэчная смерць была б — за гародам сваім.

Однако ж,— уздыхнуў Шышка ці то ад таго, што прадаўшчыца не з'яўлялася, ці ад іншай цяжкасці.

Ні-нка! — гучна паклікала прадаўшчыца з прадуктовага аддзела.— Ідзі пальто адпусці!

Знала, што з-за дробязі Нінка не прыйдзе, а паліто — гэта выру-

чка.

Іван ведаў гэтую Нінку. Гультаяватая і юрлівая дзяўчына, адны хлопцы ў галаве. Мабыць, цалуецца недзе на складзе з сельпоўскім шафёрам, інакш чаго ёй так доўга там сядзець. Ніна — не добрынская, з «Іскры», і Хведзька Шчэрба, які чамусьці не любіў суседзяў, не прызнае новай прыгожай назвы сяла, па-старому называе — Кулагі, кулажцы, звычайна тыцкае пальцам: «Усе яны там, як Нінка етая,— гультаі і задавакі». Яго аспрэчваюць: «Як жа гэта яны калгас зрабілі лепшым у раёне?» — «Пашчаслівіла. Ды і папрашайкі вялікія. Дзяды іх ездзілі са смаленымі аглоблямі».

Іван пашкадаваў Тамару, якая адпускала прадукты. Тамара яго суседка, сяброўка Валі, пасля школы выйшла замуж, муж усё яшчэ з такімі, як яго Карней, футбол ганяе ці са старэйшымі ў кульдзюме піва цэдзіць, а яна ўзваліла на свае худзенькія плечы клопаты пра хворую свякроў, немалую гаспадарку — карова, куры — і працу ў сельмагу не пакідае, не працавала, пакуль у дэкрэтным была, ды і то хварэла — масціт за масцітам, Тася штодня хадзіла рабіць ёй масаж. Мабыць, баючыся масціту, яна ў цёплым закрытым світэры. Ёй горача. На бледным ілбе — пацеркі поту. Нездаровы пот. Звычайна іх працуе трое, прадаўшчыц, ды яшчэ часам і загадчыца памагае. А сёння ўсяго ўдзвюх. А працы ў нядзелю больш: паўгорада адпачываць прыязджае. Сапраўды горача будзе шчырай працаўніцы Тамары, маючы такую напарніцу. Каб гэта дзе ў іншым месцы — на полі, на таку, ён, Іван, абавязкова памог бы ёй. Дзіця. Ды і не зусім здаровая яшчэ. А дзяцей трэба берагчы. Ах як трэба берагчы!

На гэты раз перад вачамі стала маці. Яго маці, зусім маладая, ёй не было і трыццаці яшчэ; ён пачуў яе голас, як яна прасіла Аньку схавацца з ім, з Іванькам, пад печчу. Гэтага ўспаміну Іван асабліва баяўся.

Можа, ён застагнаў, можа, скрыгатнуў зубамі ці так узяўся за стол, што той са скрыгатам пасунуўся па падлозе. Не помніў. Але


ўспамінаў пасля, што на яго зноў азірнуўся Шышка, на яго паглядзелі з чаргі.

Ніна выйшла з-за парцьеры, што засланяла дзверы на склад, як актрыса, не працаваць — сябе паказаць: модная прычоска, падмаляваныя губы, бровы. Добрынцаў яна ігнаравала, ведаючы іх думку пра сябе, як бы помсціла ім, незнаёмых абслугоўвала акуратней, найбольш старалася перад сваімі, кулажцамі, дрэннай славы вельмі ж у роднай вёсцы баялася-такі.

Якое вам паліто? — спытала Ніна і пазяхнула, убачыўшы, што пакупнік стары і незнаёмы.

Мне не паліто, дачка. Мне розны тавар...

Які розны?

Платочкі розныя, касынкі. Мацір'яльчыку рознага. Туфелькі. Шчоб падарыць... Шчоб не хадзіць да радні з пустымі рукамі. Падарачкі ўсе любяць. І малыя, і старыя. Сама, нябось, любіш, каб табе дарылі?

Шышка загаварыў мнагаслоўна, весела, даверліва. І не па-руску, не па-сібірску, не так, як пытаў, ці ёсць хто ў аддзеле,— па-іхняму, па-добрынску; у кожнай вёсцы ёсць сваё адметнае вымаўленне, тыя

жкулажцы, жывучы за нейкія шэсць кіламетраў, пасміхаюцца з іх добрынскага «шчо», называюць іх «шчокаламі».

Івана і гэта непрыемна ўразіла, што паліцай, якога трэць стагоддзя назад назаўсёды выкрасілі са спісаў сяла і з памяці людской, загаварыў па-добрынску. Быццам дражніўся, здзекаваўся. Але тут жа ўразіла іншае — як Шышка купляе. З купецкім размахам. Яўна выстаўляе сваю грашавітасць, плюе ўсім у твар: во, маўляў, вам, вы мяне пахавалі, а я тут як тут, і не калекам вярнуўся, не з працягнутай рукой — з тугім кашальком, і грошы гэтыя не ўкраў, зарабіў, таму нікога не баюся.

Шышка адлажыў з дзесятак розных хусцін, некалькі шалікаў, чаравікі... Ніна ўбачыла, што пакупнік сур'ёзны, і прыветліва завіхалася ля яго: кідала на прылавак новыя рэчы, тканіну. Пачала размашыста, засланяючы сябе квяцістымі палотнішчамі, адмяраць штапель, паркаль...

Чыя ты, дачка?

Я — з Іскры,

Адкуль?

З Іскры.

Кулажачка,— засмяяўся нехта з хлопцаў у прадуктовай чарзе.

Не разяўляйся, шчокала няшчасны,— груба кінула яму Ніна, бо быў гэта адзін з яе паклоннікаў, якому яна дала адстаўку.


Шышка весела засмяяўся:

А-а, кулажская? То-та, я гляджу, ты вясёлая. Кулажцы ўсе вясёлыя.

А вы, дзядзька, адкуль?

Я? Я тутэйшы. Я свой. Божы страннік. Пахадзіў па свеце...

Паглядзеў людзей.

«Чаму я маўчу? — падумаў Іван з нейкім незразумелым страхам.— Нельга маўчаць! Тут маладыя. Яны не знаюць. Сказаць ім! Сказаць, хто ён, дзе і чаму хадзіў. «Божы страннік...» Ах ты!..» Але тут жа пахаладзеў ад думкі, што і прадаўшчыцы, і добрынцы, што стаяць у чарзе, ведаюць, хто гэта. Занадта многа было гаворкі ў апошнія дні аб звароце Шышкі, каб не здагадацца, хто завітаў у сельмаг і робіць такія пакупкі. Ведаюць — і маўчаць? Ніхто — ні слова. Больш таго: вось так увішна, зычліва, культурна абслугоўваюць; Нінка гэтая дзеля каго іншага, дзеля таго, хто прыйшоў з поля, з фермы, лянуецца лішні раз паварушыцца. Што ж гэта такое? «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Выходзіць, забылі, даравалі? Засталася адна цікаўнасць. І паліцай зразумеў гэта, пакуль сядзеў тыдзень у нары. Не адзін, значыцца, сядзеў, меў дарадцаў. Няўжо ёсць такія? А жонка? А дачка? Сваякі. Ёсць! Ёсць! Няўжо ты, Іван, думаў, што ўсе праклялі яго? Не прыехаў бы ён сюды, каб яму не пісалі. Прыехаў, пасядзеў стоена, і вось смела вылез, смела выстаўляе сябе. І што яму зробіш?

Іван выцер мокрыя далоні аб штаны. Пры любой аварыйнай сітуацыі мозг яго, вочы, рукі, ногі дзейнічалі, як адладжаныя аўтаматы

імгненна, рашуча. А тут як бы нешта застопарылася, загасцілася, як поршань у маторы, і ўся машына замерла. Якая тут сітуацыя? Аварыйная? Для каго? Недарэчна ён застыў пасярод магазіна, учапіўшыся, як п'яны, у стол. Здалося, што людзі ў чарзе глядзяць не на Шышку, а на яго: што здарылася з Батраком? Ён як бы пераняў занятак Хведара Шчэрбы: той у вольны час гадзінамі аціраецца ў сельмагу, кажа, што вельмі любіць такім чынам вывучаць «пакупную здольнасць народа» — хто што купляе са сваіх, што купляюць украінцы і малдаване, якія прадалі памідоры ці віно ў Мінску, Рызе і вяртаюцца дадому, а заадно ўзяць ад людзей з розных краёў тыя навіны, якія не перадаюць ні радыё, ні тэлевізар.

Пераступаючы самлелымі, як не сваімі, нагамі, Іван адышоў да акна, у канец чаргі, да прадуктовага прылаўка.

Тамара прыветліва ківала яму яшчэ тады, як ён увайшоў. Цяпер яна, збянтэжаная, спытала:

Вам што, Іван Карнеевіч?


Тамары было ніякавата ад таго, што такі чалавек, муж акушэркі, якая ратавала яе і якой яна была вельмі ўдзячная, стаіць у чарзе. Да таго ж яна ведала, што са сваіх ніхто слова не скажа, калі яна адпусціць яму хлеб ці віно без чаргі. Па-першае, на час уборкі было ўказанне: механізатараў абслугоўваць без чаргі і прапаноўваць усе лепшыя дэфіцытныя тавары; па-другое, супраць Батрака ўвогуле ніколі ніхто нічога не сказаў бы, бо нікому ён не пераступіў дарогу, усім рабіў дабро. Ён і жонка яго.

Нічога, Тамара. Я пастаю з людзьмі. Выхадны. Няма чым заняцца.

Праўда, дайце чалавеку на людзей паглядзець. А то ў яго ад камбайна ды машыны ў галаве гудзіць, як у мяне ад веялкі. Бензінам прапах,— сказала Іванава равесніца Вольга Даніленка, якая ўвесь прыпар рабіла на таку, прымала збожжа, сушыла і веяла.

Тамары ўсё ж хацелася зрабіць Івану Карнеевічу нешта прыемнае. Яна адарвалася ад вагаў, падышла да яго і не вельмі прыцішана сказала:

Перадайце Таісе Міхайлаўне: прывезлі тое, што яна прасіла для Валі.

Што прасіла Тася, Іван не знаў. Ды наўрад ці дайшлі да яго свядомасці гэтыя словы. У галаву ўдарыла новая хваля крыві. Шышка!.. Ён паказаў пальцам, і Ніна зняла з верхняй паліцы... ляльку. О, якая лялька! З паўгадовае дзіця, з бялюткімі, як натуральнымі, косамі, з блакітнымі вочкамі, у яркай блакітна-ружовай сукенцы, у чырвоных чаравічках са шнурочкамі. Імпартная лялька гэтая доўга стаяла на паліцы на спакусу і зайздрасць дзецям, не адна малая ўчыняла тут «канцэрт», патрабуючы ў маці гэтую радасць. Але лялька «кусалася» — каштавала ажно васемнаццаць рублёў. Яе не купілі нават украінцы і малдаване, везучы з поўначы па торбе грошай. Яе купляў Шышка, каб падарыць нейкаму дзіцяці, паказаць сваю дабрыню і шчодрасць.

Іван увесь абліўся потам. Хацелася крыкнуць: «Не прадавайце яму лялькі! Не мае права адорваць дзяцей! Ён жа забіваў дзяцей! Людзі! Няўжо вы не знаеце? Ці забыліся?»

Але хіба закрычыш такое? Сапраўды, гэтыя людзі могуць не знаць. Забыліся. Не, такое нельга забыць! Нельга не знаць! Вольга, напрыклад, хіба яна не помніць, яна ж яго равесніца? У першыя пасляваенныя гады пра расстрэл партызанскіх сем'яў многа гаварылі. Настаўнікі на ўроках расказвалі. У дзетдомаўскай школе на ўроку літаратуры ім далі сачыненне: апісаць фашысцкія зверствы, якія яны, дзеці-сіраты, помняць. Ён нічога не папісаў, аддаў чысты сшытак.


Маладая настаўніца вельмі здзівілася: «Ты, Батрак, нічога не помніш?» Але адзнакі не паставіла. Можа, ёй хто сказаў, што Ваня Батрак помніць залішне многа. Можа, здагадалася сама, што помніць ён такое, пра што не можа напісаць.

Пасля таго як Шышка сунуў ляльку ў сваю жоўтую торбу, быццам забіў яе, жывую, і пахаваў, каб не бачылі людзі. Іван зусім знясілеў і толькі выцер аб штаны далоні, якія цяпер пацелі ўвесь час, бы бясконца працягвалася аварыйная сітуацыя. І дыхаць яму было цяжка; Вольга Даніленка павярнулася, сказала:

Ты, Карнеевіч, прастуджаны, ці што? Пыхціш, як кавальскі мех. Каньячку купі, з чайком памагае. Не скупіся. Куды табе грошы дзяваць? Кажуць, твая Міхайлаўна на машыну збірае. На чорта табе тая машына? На саўгасных не наездзіўся?

Тут, завяршыўшы пакупкі ў прамтаварным аддзеле, падышоў Шышка і стаў у чаргу, абвясціў усім, хто ўвайшоў пазней:

Я занімал за этой дзевушкай.

І чарга насцярожана змоўкла, рассунулася, адны падаліся ўперад, другія адступілі назад, даючы яму месца прасторнае; тыя, хто апынуўся побач, яўна не жадалі датыкацца да яго.

Іван убачыў гэта, зразумеў, што людзі ведаюць, хто ўціснуўся паміж імі, помняць мінулае, і яму зрабілася лягчэй ад такой людской салідарнасці, удзячнасць да іх сагрэла яго захаладалае нутро.

Чарга на нейкі час змоўкла, як змаўкае любая кампанія блізкіх людзей, калі ў ёй з'яўляецца чужак. А пасля чарга як бы ўзлавалася, так часам злуюць хаўруснікі парушанай бяседы, і часта злосць скіроўваюць не на таго чужака, што завітаў няпрошаны-нязваны, а на каго-небудзь са сваіх.

Унучка старога Дубадзела, глуханямая Наташа, купляла ажно пятнаццаць кілаграмаў цукру. Не хапала гіраў, і Тамара пайшла з навалачкай на склад, каб зважыць там на вялікіх вагах. Магчыма, гэта і абурыла чаргу.

Куды ета людзі па столькі цукру бяруць?

Праўда. Трэба норму ўстанавіць. А то некаторыя мяшкамі цягаюць.

Вам цукру шкада? Дзякуй богу, хапае.

Падвозіць не паспяваюць. У сельпо адна машына, а колькі магазінаў...

Тут эшалона не хопіць, калі па столькі будуць браць.

Украінцы кажуць: буракі ў гэтым годзе не вельмі ўрадзілі.

Фідэль падкіне. Трасніку хапае, яго ні садзіць, ні палоць не трэба. Сам расце.