ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2214
Скачиваний: 0
—Думаеш, з трасніку цукар сам сыплецца? Бачыў па тэлевізары, як сякуць той траснік. У нас з такімі шаблямі ніхто не пайшоў бы ўжо. Да машын прывыклі людзі. Ета, можа, цяжэй, чым касой памахаць.
—Наташка! Шчо ты будзеш дзелаць з цукрам?
Наталка глядзела вялікімі прыгожымі вачамі і ківала галавой, што не разумее.
—Стары Дубадзел знае, што дзелаць. Дзедуган-хітруган. Пчол корміць. Цукар па семдзесят восем капеек, а мядок — па шэсць рублёў. Еты ж цукар ты ў яго і купіш, толькі перамешаны з пчаліным г... За г... і заплаціш шэсць рублікаў.
Засмяяліся.
Смех даў зразумець нямой, што гавораць пра яе і пра дзеда, якога яна любіла, смяюцца з іх. Таму пачала па-свойму, жэстамі, горача тлумачыць, што цукар трэба, каб зварыць варэнне, выраслі во такія грушы — Наталка склала два кулакі — і гніюць.
—А нашто табе тое варэнне? У твайго дзеда мёду бочкі. Мёду, кажу, во якія бочкі! Глядзі, засахарыцеся,— выразна і смешна даводзіла нямой Вольга.— А потым пад дажджом растанеце. Ці абліжуць вас. Ага! А што ты думала? Во так возьмуць і абсмокчуць мядовага дзеда...
У чарзе паблажліва смяяліся з Вольгінай размовы з нямой. І раптам знайшоўся абаронца — Шышка:
—Не обижайте калеку. Ее бог обидел.
Змоўкла чарга, як стаілася. Ніхто — ні слова. Нават вострая на язык Вольга Даніленка нічога не сказала, толькі вачамі бліснула, на Івана зірнула, як бы спытала: пляснуць мне гэтага гада ці лепш не чапаць падлу, каб не смярдзела? Зразумела, мабыць, што лепш не чапаць, хоць Іван нічога не адказаў вачамі, хіба толькі падзякаваў за яе гнеў да Шышкі.
Ніхто нямую крыўдзіць не думаў і ніколі не крыўдзіў. І Дубадзела старога паважалі. На мёдзе ён, праўда, добра зарабляе. Але не жмот, не скупярдзяй. Заўсёды пачастуе гэтым мёдам, а калі ў каго дзіця захварэе — сам нясе мёд, асобы, ліпавы, лекавы. Памагае іншым пчолы разводзіць, часам бясплатна аддае адсаджаныя раі. Праўда, кажуць, Астаповіч яму прэміі выплачвае за пчолы і за тое, што ўгаворвае добрынцаў разводзіць іх, вучыць даглядаць. А яшчэ Дубадзел лепшы пячнік, можа, адзіны такі майстар на ўсё наваколле. Такіх заўсёды шануюць. Безумоўна, былі такія, што зайздросцілі даходам старога, але гэта з тых, каторыя самі мала што ўмеюць. Вольга да іх не належала. Вольгіны словы — звычайная мешаніна вясковых жартаў з
добразычлівай суседскай крытыкай; такія адносіны паміж добрынцамі, чужому чалавеку іх нялёгка зразумець бывае.
Івану хацелася зайсці наперад і глянуць у твар усім іншым, хто стаіць у чарзе, маладзейшым: ці ведаюць яны? ці помняць? ці адносяцца да паліцая гэтак жа, як Вольга? А можа, яны змоўклі проста з-за павагі да старога незнаёмага чалавека?
У сельмаг уваходзілі новыя людзі, колькі чалавек, чужых, падарожнікаў, прайшло ў прамтаварны аддзел, свае, добрынцы, станавіліся ў чаргу, за Іванам. Увайшла Адарка Канаплёва, па-вулічнаму — Пліска. Павіталася па-старому, па-вясковаму, што мала ўжо хто рабіў, калі заходзіў у грамадскія будынкі. Адарка рабіла гэта не без хітрасці: каб потым папрасіць прапусціць яе, старую, без чаргі. Сапраўды, яна прайшла наперад, агледзела паліцы — што там ёсць, быццам намервалася купляць вельмі многа, хоць купляла яна, адзінокая, не многа: буханку хлеба, паўлітра алею... Некалі Іван не любіў гэтую жанчыну. Ды не толькі ён. Маладзейшая — была яна сварлівая, брахлівая, пляткарыла многа. Калі ён ажаніўся, Пліска плёткі пра Тасю распускала, і яму прыйшлося пагразіць ёй. Але лёс яе быў цяжкі: муж — неўдалюга, сухарукі з маленства, алкаголікам зрабіўся і, п'яны, трапіў пад машыну, тут жа, на шашы, каля кульдзюма. Сын Сяргей нішто хлопец быў, ціхмяны — не ў маці, здзіўляў сваіх аднагодкаў, што ў рот не браў ні гарэлкі, ні віна, жартавалі: «Яго норму бацька выпіў», электрыкам у саўгасе рабіў, на здароўе сваё нікому не скардзіўся, а гады тры назад трапіў у бальніцу і не выйшаў адтуль — памёр ад нефрыту. Пасля такой страты Адарка заняпала, пастарэла і... аглухла. Ад гэтага яна зрабілася яшчэ больш шумная: не гаварыла — крычала і была бесталковая — часта пляла бязглуздзіцу. Некаторыя казалі, што Пліска хітруе — спекулюе глухатой, але большасць шкадавала небараку. Тая ж Тася, якая некалі плакала ад дурных Плісчыных плётак, цяпер абараняла яе: «Божа мой, якая там ужо хітрасць! Пра што вы кажаце!»
Сквапна агледзеўшы прадукты на паліцах, Адарка павярнулася да людзей, каб вызначыць, хто можа запярэчыць, калі яна пачне купляць без чаргі, а хто, добры і аўтарытэтны, падтрымае яе. Убачыла Івана — здзівілася, як бы ўстрывожаная:
—Іваначка, і ты стаіш? — усё ведала.— Тамарачка, Астаповіч жа загадаў механізатарам без чаргі адпускаць.
Але тут жа ўбачыла Шышку, доўга ўзіралася ў яго, ажно пакуль той не ўсміхнуўся ёй і сам не азваўся:
—Не пазнаеш, кума Адарка?
І яна як бы ўзрадавалася, што яе пазналі праз столькі год — быццам вярнулі ў маладосць, пляснула ў далоні, войкнула:
—Рыгорка! Чы ты, чы не ты ета? А божачка мой! А мне кажуць: кум твой вярнуўся. А я — не веру. З таго свету, думаю, не варочаюцца.
Цяпер уся чарга глядзела на іх. Маладзейшыя, хто ведаў Пліску, глядзелі з усмешкамі, чакаючы вясёлага прадстаўлення. Іван — зноў са страхам. Няўжо гэтая старая стрэне паліцая па-чалавечы, ласкава? Кум. Кума. Ёсць і такія, выходзіць, акрамя блізкіх сваякоў. А ён і не знаў, што Канаплёвы куміліся з Шышковічамі. У вайну, безумоўна. Хто ж у каго хрысціў? Яна, Пліска, у Шышкі? Што магло звязаць такіх розных людзей у той час?
—Дай жа, Рыгорка, я цябе пацалую.
Шышка паставіў на падлогу торбу і ступіў насустрач Адарцы, з радасцю расставіўшы рукі.
Іван глядзеў яму ў спіну, але і са спіны ўбачыў яго радасць, яна і на спіне адбілася. Яшчэ б! У такім людным месцы яго, катаржніка, так сустракае прадстаўніца старых добрынцаў — тых, якія ўсё бачылі, усё помняць. Значыцца, не лічаць яго злачынцам.
УІвана зноў захаладала ўсяродку, і зноў яму зрабілася страшна
—за самога сябе.
Яны абняліся і тройчы, крыж-накрыж, пацалаваліся. Нехта з маладых пажартаваў:
— Не развучыліся.
У чарзе засмяяліся. Але ні Шышка, ні Пліска не звярнулі на гэта ўвагі. Яны глядзелі адно аднаму ў твар, перажывалі радасць сустрэчы да слёз, якія затуманілі іх старыя вочы.
—Як жа ты, Рыгорка?
—Нічога, кума, жывы, як бачыш. Бог літасцівы.
—А мы ж цябе, Рыгорачка, было пахавалі. Я, грэшная, сама ў царкве свечачку за ўпакой ставіла.
—Бог літасцівы,— зноў паўтарыў Шышка.— Не даў загубіць бязвінную душу.
«Бязвінную? Гэта ты бязвінны?» — Івану здалося, што ён не вытрымаў — закрычаў на ўвесь магазін.
—Калі жывеш з богам у душы, то ўсявышні не дасць цябе на расцярзанне... Як сказана ў евангеллі: «Призову достопоклоняемого господа и от врагов моих спасусь».— З гэтымі словамі Шышка вярнуўся да сваёй жоўтай торбы, нахіліўся, дастаў адтуль хустку-гаруску, спрытным, умелым рухам кінуў яе на плечы Адарцы.
—Табе, кума, ад мяне...
Пліска ажно заружавелася, як маладуха. Даўно не атрымоўвала такіх падарункаў.
—Спасібачка табе, Рыгорка, такі падарак! Спасібачка, дара-
жэнькі!
Івану вочы засланіла сінім туманам. Чаму сінім? Пасінелі твары. Пасінеў хлеб на паліцы... Што гэта? Так страчваецца адказнасць за свае ўчынкі? Але ж ён можа нарабіць бяды дзецям, Тасі. Тасі! Задыхаючыся, быццам вакол яго не стала паветра, ён рушыў за дзверы, на вуліцу, дзе ззяў жнівеньскі дзень і ішло звычайнае жыццё. Чалавечае.
Іван не чуў, што Вольга Даніленка не вытрымала — сапсавала кумам сустрэчу, сурова і злосна сказала Шышку!
—Ты хаця б бога не чапаў.
—Я яго не чапаю, дачка. Бог у мяне ў душы. Цвярдыня мая і ізбавіцель мой...
—Каб я не знала тваю дачку, то сказала б, хто твая дачка. Дачка! Крый божа мець такога бацьку!
Адарка абурылася была:
—Чаго ета ты дзікай кошкай кідаешся на людзей? Ігнат над рэбры надаваў, ці шчо?
—А ты, старая кайстра, памаўчы, калі табе анучкай мазгі
закрылі!
Сварлівая, крыклівая Пліска, убачыўшы, як сцяўся, згорбіўся кум, адвярнуў морду ад людзей на пляшкі з алеем, слова не сказаў на Вользін наскок, таксама змоўкла, адышла ў прамтаварны аддзел, магчыма, паглядзела, колькі каштуе хустка, якую падарыў Шышка, і непрыкметна, нічога не купіўшы, выслізнула з магазіна.
9
— ...Пасля сустрэчы з бацькам я пазбягаў паліцаяў. Я іх баяўся. Не таму баяўся, што яны паліцаі, фашысты, тады яны яшчэ нікога не застрэлілі. Я баяўся добрынскіх. Панімаеш? Мне здавалася, што калі яны зноў павядуць мяне ў школу і будуць добрыя, будуць вучыць страляць з пісталета і частаваць мёдам ці нямецкімі цукеркамі, то я...
як бы табе сказаць?.. разгублюся, ці што, і па вачах маіх, па тым, як я буду хаваць іх, вочы свае, яны здагадаюцца, што я знаю, дзе бацька. Што біць будуць — не баяўся, па-дзіцячы верыў, што — як бы мяне ні лупілі — нікому не выдам тайны, якую даверылі мне, як вялікаму, роўнаму сабе, бацька і матка. А ласкавасці юдавай, як казаў дзед Качанок, баяўся. Угледжу Шышку ці Лапая і, што кот ад сабак, кідаюся ў любую падваротню, у чужы двор, залажу ў якую хочаш шчыліну...
Яшка Качанок смяяўся з мяне, называў зайцам, яшчаркай, удодам. Чаму ўдодам — не знаю, удод не больш палахлівы, чым іншыя птушкі. Можа таму, што ўдод ванючы, мянушка гэтая крыўдзіла. Мне, сыну партызана, слухаць такія папрокі? Яшка, як дзед яго, выстаўляў сваю смеласць, нарошна праходзіў міма школы, дражніў паліцэйскага сабаку, свістаў у два пальцы. Было, што паліцай пацягнуў яго шомпалам, і Яшка пасля гэтага зусім задраў нос, хадзіў, што герой, лаяў немцаў і паліцаяў на поўны голас. Усё знаў і пра ўсё ўмеў пагаварыць так, як дзед яго. Ты што?
—Нічога, Ваня. Я, відаць, усміхнулася. Так? Я падумала пра Качанка — што і тады ўжо ён быў Качанком. У сем гадоў.
—А-а. Не. Ён быў таварыскі хлопец. А пагаварыць любіў. Гэта ў яго ад дзеда. Адзін раз не сцярпеў я, калі ён назваў мяне трусам, і змазаў яму па мордзе. Закрычаў: «Да ты знаеш, хто...» Ды тут жа прыкусіў язык і разроўся, як малы. Не ўсміхайся, калі ласка. Гэта так: ніхто з нас не лічыў сябе малым — бацькі былі на вайне, а мы гаспадарылі. Асабліва я. У яго, у Яшкі, у хаце ўсё ж дзед быў хоць і хворы, але наравісты, крыклівы, усімі камандаваў. А я — адзіны мужчына на два двары: на свой і на бабін, якая жыла з цёткай Хвядорай. Баба ў нас была разумная, яна наўмысля раілася са мной, як з вялікім, частавала, як мужчыну. Мама, канечне, абыходзілася, як з малым, цяжэйшую працу старалася зрабіць сама, смачнейшую ежу аддавала нам. Раней мама магла паганяць мяне, ручніком шлёпнуць, накрычаць... А ў тую вось... у тую восень... Не глядзі на мяне так. І не смейся, калі я заплачу. Я магу заплакаць...
—Што ты, Ваня! Як я магу смяяцца?
—Ты ніколі не бачыла, як я плачу. Калі прыйшла ты, я ніколі не плакаў. У мяне ўсё было добра. Дома. На рабоце. Не, ты знаеш, я плакаў. Ад радасці. Калі выпіваў і п'янеў ад шчасця... ад таго, што ты са мной... што дзеці ў нас харошыя... Калі Карней зламаў руку на велагонках, я так гнаў машыну, а ён, ён нічога... ляжыць вясёлы. «Нахіліся, кажа, тата...» І пацалаваў. Ты ж знаеш, Карней — не Валя, скупы на ласку, на словы. Во тады я заплакаў і спужаў яго, яму здалося, што здарылася другая бяда. Але пачакай. Аб чым я гаварыў?..
—Пра Яшку.
—Ах да... У яго добрае сэрца... Балбатлівы, як дзед. Задавака. Такі ён і тады быў. Але калі я, даўшы яму па мордзе, заплакаў сам, ты знаеш, ён пачаў прасіць, каб я прасціў яму. І мы пакляліся, што будзем дружыць вечна. Ён хацеў паліць на агні руку, каб даказаць сваю дружбу. Гэта я запомніў. Мы сядзелі ля вогнішча ў глінішчы за ветраком, пяклі ў прыску бульбу. Качанок, можа, забыўся, а я дагэ-