ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2216

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

новае — не новае, толькі па форме падноўленае старое. З набліжэннем уводу буйнейшага комплексу ідэя АСК завалодала розумам не аднаго Астаповіча. Дырэктар, які раней рэдка прыспешваў час і падзеі, цяпер як бы баяўся спазніцца, адстаць. Але калі комплекс быў унесены ў дзяржаўны план і меў поўнае матэрыяльнае забеспячэнне, будаўніцтва яго вёў магутны па сваіх тэхнічных сродках трэст, то тое, што пакуль што ў дакументах не называлася гучнай абрэвіятурай АСК, а сціпла — «рэканструкцыя вузла cyвязi» (ёсць тут хітрасць, вядомая як гаспадарнікам, так і фінансавым кантралёрам),— запісана было хіба толькі ў абавязацельствах па спаборніцтву, пад што не даюць фондаў і лімітаў; узяў — выконвай, як умееш. Але раз ідэя не была пустой фантазіяй (нават у Астаповіча з'яўляліся ідэі, якія, як кажуць, павісалі ў паветры, і ён у такім разе стараўся хутчэй забыцца на іх), яна аб'ядноўвала і вяла людзей. Не ўсе, безумоўна, добра ўяўлялі, што такое АСК увогуле і ў прыватнасці — у гаспадарцы, якая будзе даваць мяса. Не толькі інжынеры і аграномы, але і рабочыя разумелі, што мець добрую сувязь — заўсёды добра. Як на вайне. Ды і асноўная работа была зроблена, самыя дэфіцытныя матэрыялы выбіў сам Астаповіч. Але была ў яго адна слабасць: калі справа набліжалася да канца, ён як бы астываў да яе, відаць, пачынаў жыць новай ідэяй. Завяршэнне ж старой цалкам ускладваў на памочнікаў.

Вузлом сувязі займаўся Якаў Качанок, жыў ім так, быццам ад таго, якая будзе тая АСК, залежалі яго лёс, кар'ера. Аб тым, што сапраўдная аўтаматычная сістэма можа зрабіць непатрэбнай значную частку той яго дзейнасці, якая напаўняла жыццё радасцю ад адчування сябе вельмі патрэбным, незаменным,— ён не думаў. Між іншым, пра гэта мала хто задумваецца — кім яны могуць стаць, калі іх заменяць ЭВМ, АСК, кібернетыка, аўтаматыка. У гэтым шчасце людзей!

— Праўдамі — толькі праўдамі! — хоць і без лімітаў, быў зроблены праект, здабыта ўсё, што каштавала немалыя грошы. Затрымка выйшла з-за «дробязі» (па разуменні недасведчаных, хто вартасць апаратуры вымярае яе цаной) — з-за нейкіх рэле, назва якіх вызначалася дзвюма літарамі і ажно пяццю лічбамі, таму запомніць яе не маглі нават спецыялісты. Яша Качанок пакляўся, што ён будзе не ён і пойдзе з высокай сваёй пасады ў пастухі «быкам хвасты круціць», калі не дастане гэтыя злашчасныя рэле.

У звычайныя дні, калі не было няўпраўкі, як у жніво, дыспетчар пакідаў адну машыну пры сабе, на ўсялякі выпадак: у вялікай гаспадарцы такія непрадбачаныя, неспланаваныя перавозкі бывалі бадай штогадзіны. То трэба перавезці людзей, а аўтобус у дальнім


рэйсе, то нечакана прыйшоў груз на станцыю і вагоны трэба хутчэй разгружаць, каб не плаціць за прастой, то аварыя на лініі электраперадач, то ў некага асабістая тэрміновая патрэба ў машыне. Ды ці мала што бывае! Сем тысяч гектараў зямлі. Дзве тысячы людзей!

Іван не любіў гэтых дзяжурстваў: безуліковая праца, а яшчэ горш, што, здараецца, гадзінамі нудзішся на машынным двары, чакаючы нейкай патрэбнай, але мізэрнай перавозкі — са склада на ферму, рэйса ў два кіламетры. А то бывае такіх рэйсаў дзесяткі, тузаюць бясконца, а пад вечар вяртаешся дадому з нярадасным адчуваннем, што нібыта нічога карыснага і не зрабіў за дзень. Іншая рэч — паездкі дальнія ці перавозкі грунтоўныя,— дзесяткі, сотні тон збожжа, угнаення, травы на сянаж, тут ёсць дзе разгарнуцца, а ўсім уменнем папрацаваць не толькі рукамі і нагамі, але і галавой.

Не любіў Іван «кабатажнага плавання» — так, помнячы юнацкую мару, ён называў гэтыя ўнутрысаўгасныя паездкі. А дыспетчар якраз любіла, каб заставаўся ён. Дыспетчарам рабіла жонка Віктара Кузі — Ліяна, жанчына, як знарок дзеля канстрасту са сваім мужам, маленькая, прыгожая, як лялька, далікатная, дзіва хіба — дачка прафесара Горыцкай акадэміі. Кузя сарваў яе з Мінска, з радыётэхнічнага інстытута, і яна паехала за ім у сяло. За гэта яе любілі, хоць мужчыны трохі пасміхаліся: нехта бачыў, што волат-аграном насіў жонку на руках.

Ды, урэшце, гэта іх асабістая справа.

Пэўны час і сам Кузя, і Астаповіч не маглі падабраць працу для завочніцы факультэта радыёсувязі. У клуб яна не захацела, планавіком паспрабавала — не атрымалася, радыёсувязь не мела штатнай адзінкі. На дыспетчара папрасілася сама, калі ў Астаповіча кончылася цярпенне і ён звольніў інваліда вайны Дзяніса Батрака, па-вулічнаму Кружаля, за яго «неразліўнае» сяброўства са Шчэрбам. Тады, пры Кружалю, Хведзька выпрошваў гэтыя дзяжурствы, бо часта можна было працаваць на палявых дарогах і не выязджаць на магістралі, дзе, «не проціў ночы кажучы», хрысціўся Шчэрба, можна напаткаць «страшнейшых ворагаў роду чалавечага» (шафёры, у Шчэрбавым разуменні, увасаблялі ўвесь род чалавечы) — інспектараў ДАІ.

Ліяна стала такім дыспетчарам, пра якога, звыкшыся з Кружалём, і не марылі. Нават шматвопытны Астаповіч не ўяўляў, што саўгасны дыспетчар можа ператварыцца ў такую значную фігуру — у арганізатара працы ўсяго калектыву, нават саміх кіраўнікоў у пэўным сэнсе.

— Ды гэта ж «залатая галоўка!» — цэлая ЭВМ! — не пераставаў захапляцца жанчынай Астаповіч і чамусьці часцей хваліў яе пры Качанку.— За паўгода яна вывучыла гаспадарку і людзей лепей, чым


мы з табой, Якаў. І ўсё помніць! Чаго і мы не помнім. А якія задачы дае! Якія камбінацыі! Нам з табой трэба вучыцца.

Качанок маўчаў. Качанок раўнаваў Ліяну. Раней, калі дзе рвалася ці чаплялася і машына пачынала буксаваць, звярталіся да яго, і ён кідаўся на дапамогу, званіў, шумеў. Цяпер без шуму, спакойна, ветліва, без яго, без дырэктара, робіць гэтая «калібры», і ўсе звяртаюцца да яе: «Ліяна Альбертаўна, сеялкі выбіваюцца з графіка — нерытмічпа падвозяць насенне», «Ліяначка, дзіцятка, цяляткам на выпасе не хапае вады». І гэтак далей, і гэтак далей. Яна як бы ў нечым абакрала яго, незаменнага Качанка. Добра яшчэ, што не яе справа гаварыць з раёнам, з вобласцю, выбіваць, узгадняць, даставаць, а то, чаго добрага, не толькі яго, але і Астаповіча яна замяніла б.

Дыспетчар пазваніла пасля таго, калі Іван завёз на дальняе бульбяное поле студэнтаў.

Іван Карнеевіч, трэба ехаць у горад.

Трэба — паедзем,— весела адказаў Іван, задаволены, што не будзе цэлы дзень снаваць па сяле ці, яшчэ горш, сядзець, як прывязаны, у бытоўцы механізатараў каля тэлефона, чакаючы новага нарада, у горад — хоць маленькі, але рэйс.— З кім ехаць? Па што ехаць?

Прывезці рэле,— Ліяна поўнасцю, з літарамі і лічбамі, назвала іх, гэтыя рэле.— Возьмеце Рыгора Ксенафонтавіча Шышковіча. Ён знае, дзе іх палучыць.

У Івана перахапіла дыханне:

Каго?

Шышковіча. Па-мойму, гэта той, што вярнуўся з Сібіры. Я не ўсіх людзей яшчэ знаю.

У Івана сэрца збілася з рытму і балюча, да спазмы, ударыла ў горла, не даючы вымавіць слова.

Алё! Іван Карнеевіч! Вы чуеце мяне? Алё.

Хто распарадзіўся?

Якаў Мацвеевіч. Прыязджайце, я запішу рэйс у пуцёўку.

Калі адну трубку клалі, стары саўгасны камутатар выдаваў не кароткія гудкі, а нейкі дзіўны свіст, з якога кпілі. Іван доўга слухаў гэты свіст, ажно пакуль не пачалі зноў наплываць успаміны, іншы свіст — свіст ветру ў голых асенніх дрэвах, калі ён, галодны, хворы, блукаў па лесе вакол хаты лесніка.

Доўга ён стаяў так.

Урэшце кінуў трубку, выскачыў з бытоўкі, як на пажар. І ехаў, як на пажар — ніколі так не гнаў па сяле. Куры не паспявалі адлятаць


ад колаў. Затармазіў ён каля саўгаснай канторы так, што воблака пылу абдало ўвесь двухпавярховы будынак.

Не бачачы на ганку людзей, што віталіся з ім, сігануў праз пяць усходцаў на другі паверх, з ходу рвануў дзверы Качанковага кабінета.

Якаў сядзеў за сталом і, спацелы ад разумовай натугі, сачыняў умовы спаборніцтва жывёлаводаў на лепшае правядзенне зімоўкі. Самае цяжкае ў гэтым сачыненні было выдумаць нешта новае хаця б па форме, не паўтарыць мінулагоднія пункты. Разам з тым ён адпачываў за гэтай інтэлектуальнай работай — пасля гаспадарчых клопатаў і шматдзённых пошукаў рэле.

Зірнуў на Івана незадаволена — што той так непаважліва, з такім грукатам, увайшоў: распусціліся людзі, карыстаюцца яго дабрынёй. Але Івану незадаволенасць не выкажаш — сябры з пялёнак. Таму, наморшчыўшыся ад глыбокай задумлівасці, Качанок утаропіўся ў паперу. Падумаў, што калі з Іванам па-добраму, то галавасты Батрак мог бы падкінуць разумную думку, у прыватнасці, Якаў Мацвеевіч ніяк не мог прыдумаць, з якім новым пачынаннем выступіць даяркам. А вельмі хацелася прыдумаць такое пачынанне, якое падхапілі б уся вобласць, уся рэспубліка. Во слава была б саўгасу! Мяркуючы па тым, як Батрак уварваўся, яго нешта абурыла, нейкі непарадак. Які? Дзе? Чаму ён так доўга маўчыць?

Іван сапраўды доўга не мог слова вымавіць — не знаў, што сказаць, у галаве як заела нешта, заклініла. Успомніў Яшкавага дзеда

як гнеўна той лаяў фашыстаў. Так з дзеда і пачаў:

Дзед твой быў чалавек, а ты... г... сабачае,— і дадаў такія

словы...

Пакуль што нічога не зразумеўшы, Качанок ніводным рухам не выдаў свайго абурэння, толькі сцяўся, уціснуў галаву ў плечы, як бы чакаючы новага ўдару.

Касцей майго дзеда не варушы.

Мне твае косці хочацца паварушыць. Мазгаўню тваю пустую праветрыць. Ты з кім цалуешся, сукін сын? З Шышкам?

Нарэшце ўсё прасвятлілася, і Качанок падняўся амаль заспакоены, упэўнены, задаволены, што не ўнізіў сябе лаянкай, хоць гэтаму нахабніку Батраку варта было адказаць яго ж словамі, бо распусціўся чалавек. Але не дазваляе пасада, кабінет гэты.

Я адзіны чалавек, хто можа цябе паняць. І я панімаю. Злосць

тваю...

Гэта не злосць. Гэта...

Ты як дзед мой — бескампрамісны. Правільна, Іван! За ета цябе ўсе паважаюць. Але справа ёсць, брат, справа, яна часам нас