ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2202
Скачиваний: 0
—Не карай Пліску. Старая неразумная жанчына. У яе вылецела
згалавы...
—Яна — старая. Забылася. А маладыя не бачылі вайны, не помняць... Ім усё роўна, хто адкуль вярнуўся. Хто як ваяваў.
—Не, ім не ўсё роўна. Карнею, Валі...
—Я кажу не пра сваіх дзяцей.
—Я таксама думаю не толькі пра сваіх. Пра іх пакаленне.
—А я думаю пра іх бацькоў, пра нашых з табой равеснікаў і хто маладзейшы за нас, але жыць навучыўся ўжо — абы ціха. На сходзе ні адзін не хоча слова сказаць. Ці на таварыскім судзе. Усе знаюць, а сведак не знойдзеш. Ніхто не бачыў, ніхто не чуў. А калі такія пачнуць цалавацца з Шышкам?
—Ваня! Адна справа — нейкі самагоншчык. Зусім другое — забіць дзяцей. Забойства людзі ніколі не даруюць.
—Ты вельмі верыш людзям.
—А як жа інакш, Ваня. Ты сам верыш. Не трэба, Ваня, з-за адной дурной бабы кідаць цень на людзей. Ты ж не такі. Прабач. Я ўвесь час перапыняю цябе.
—Не, я сам. Мне страшна адразу падступіцца да той ночы.
—Ты, можа, іншым разам? Можа, сходзім да Каржова?
—Не, не расказваць страшна. Мне страшна ад таго, што да сённяшняга дня я рэдка ўспамінаў пра тую ноч. Я, можа, сам стаў у нечым падобны на Пліску.
—Што ты, Ваня!
—У яе, можа, ад гора і ад старасці розум аслаб. А ў мяне? А я забыўся ад шчасця. Жонка, дзеці — людзям завідкі. На кожнай дошцы партрэт мой. У хаце — хіба толькі птушынага малака няма. Таму і не хацелася ўспамінаць усё перажытае. Не, да Каржова мы не пойдзем. Я сёння — там, Тася! Там, у вайне. Я — малы. Уранні, калі сядзелі тут
зКарнеем, я, адзервянелы ад холаду, падбіраўся да Штыхавага стажка. А цяпер я — пад печчу, і мяне слепіць, глушыць агонь яго аўтамата, засыпае пабітая кулямі цэгла... Ты знаеш, у тую ноч ім далі аўтаматы. Да таго ў паліцыі былі вінтоўкі, нашы, рускія. Калі ён прывёў мяне ў школу, каб распытаць пра бацьку, вінтоўкі стаялі ў пірамідзе. Па сяле яны рэдка хадзілі з вінтоўкамі. У Шышкі быў пісталет, я казаў табе: ён хацеў мяне купіць тым, што вучыў стрэліць з яго. А калі яны ўваліліся з эсэсамі ў нашу хату, у яго быў аўтамат. Не помню, казаў я табе, што гэта было перад святам, перад Акцябрскай рэвалюцыяй, у перадсвяточную ноч. Канечне, яны нарошна выбралі такую ноч. Я чаму запомніў гэта? Калі мы ляглі з Анькай спаць... яна абняла мяне рукамі... Калі мы лажыліся, яна часта во так абнімала.
Калі я заплачу, ты не глядзі на мяне, мне так будзе лягчэй. Я сягоння малы. Можна і заплакаць. Не кажы нічога, калі ласка. Памаўчы. Я, было, крыўдзіў сястру, мог шлёпнуць, падмануць, уцячы, каб не гуляць з ёй, калі матка куды ішла. А Анька ўсё роўна лашчылася да мяне, цалавала. Я, знаеш, дурачок быў — саромеўся, калі яна так абнімалася пры чужых, пры хлопцах, равесніках маіх. А калі Анька цалавала мяне толькі пры матцы, я — нічога, мне такая яе ласкавасць падабалася, бо я знаў, што матка цешыцца і радуецца, гледзячы, як мы, сястра і брат, любім адно аднаго. Анька маленькая, а любіла больш верна, па-жаночаму... Ты знаеш, сягоння ў мяне ўвушшу той яе радасны шэпт. Дыханне яе... Яна шаптала, што заўтра мамка спячэ булак... белыхбелых і смачных-смачных. У мяне ажно слінкі пацяклі — калі я еў тыя булкі, на вялікадня хіба! Я адразу не паверыў проста так, Анька была выдумшчыца, як Валька наша, малая. Помніш, як яна выдумляла?.. Ды Анька зашаптала, што заўтра свята вялікае, таму мамка спячэ булкі, але каб я пра булкі і пра свята нікамусенькі не казаў, бо прыйдуць немцы і ўсё забяруць... Тады і я ўспомніў пра савецкае свята. Пра яго нам з Яшкам расказваў дзед Качанок і мамка ў буквары чытала. Ды і сам я помніў, як перад вайной хадзілі са сцягамі па вуліцы, ля сельсавета была чырвоная трыбуна, з яе гаварылі прамовы, і бацька паднімаў мяне на плечы, каб я ўсё бачыў: тады я быў, як Анька, трохі хіба большы. Я радзіўся ўвосень, на Акцябрскае свята, у саракавым мне было роўна пяць, а Анька, казала цётка Хвядора, перад Пятровым днём нарадзілася, улетку, ёй ішоў тады пяты гадок. Анька і я доўга шапталіся, не засыналі. Так доўга, што мама насварылася на нас, чаму не спім. Яна быдта сердзілася, але мы... мы па голасу чулі, калі мамка сердзіцца па-сур'ёзнаму, а калі — абы папужаць трохі нас, каб «на галовах не станавіліся». Тады яна пасварылася проста так, з матчынай радасцю за нашу радасць, за шаптанне, за смех. Мы гэта пачулі і, каб зрабіць матцы прыемна, прыціхлі. Сцішаная, Анька скора заснула, малая, што ты хочаш; а я доўга не засынаў. Керасіну, канечне, не было, палілі капцілку, мазут нейкі ванючы, ад якога цётка Хвядора плявалася, казала, што ад яго нячыстай сілай смярдзіць, Гітлерам,— у самое яе гарэла перад абразамі лампадка з пахучым маслам. Дзе яна даставала тое масла? Капцілка ў той вечар стаяла на прыпечку, і матка поркалася там ля печы. Мне здалося, што яна рашчыняла цеста з белай мукі, можа, і праўда рашчыняла, відаць жа, нешта гатавала да свята, бо позна не лажылася. Я падумаў, што пячы булкі яна будзе не ўранні, а ноччу, каб ніхто не бачыў. І не засынаў — хацеў пачуць, як пахнуць гарачыя булкі. А яшчэ думаў, што не толькі для нас з Анькай матка напячэ булак — для
бацькі, для партызан, яны ж, канечне, будуць святкаваць, як да вайны. Добра помню, што вельмі хацелася ўзнаць, ці будуць партызаны хадзіць са сцягамі па лесе. Убіў сабе ў галаву, што бацька абавязкова прыйдзе ў такую ноч, каб забраць булкі, не можа не прыйсці, недарэмна матка так позна поркаецца, недарэмна яна цыкнула на нас, каб мы засыналі скарэй. Я прытварыўся, што сплю, але сам рашыў, што не буду спаць усю ноч. Так захацелася пабачыць бацьку! Але што ты хочаш — дзіця! Набегаўся за дзень, натаміўся... Даволі было сцішыцца, сагрэцца пад коўдрай, Анька побач у носік сапла, як іграла тоненька на дудачцы...
Ты знаеш, ніхто так і не помніць, калі яны ўварваліся. Адны суседзі казалі, што акурат апоўначы. Старая Каржова, Паўлава матка, ходзікі быдта схапіла са сцяны, калі пажар пачаўся, і ходзікі паказвалі роўна дванаццаць. А цётка Хвядора, якой не спалася ў тую ноч: чула, кажа, сэрца бяду, балела,— так яна ні з кім не згаджалася, сцвярджала, што хата наша загарэлася пасля другіх пеўняў, калі пеўні двойчы прапелі, дык гэта ж, лічы, пад ранне ўжо.
Я прачнуўся ад таго, што матка тармасіла мяне не так, як будзіла на грыбы. На ўсю сілу: «Іванечка, Іванечка, родненькі, прачніся, сыночак». Анька прачнулася раней за мяне, можа, таму, што матка схапіла яе на рукі. Анька, спалоханая, спрасонку, залівалася ад плачу.
У дзверы сенцаў моцна грукалі. У вокны свяцілі.
Матка схапіла мяне другой рукой, пацягнула да печы. Ды я прачнуўся ўжо, ачухаўся і здагадаўся, хто грукае. Матка прасіла, шаптала: «Іванечка, сыночак, у падпечча, у падпечча лезь. І Аньку...
Аньку! Пад сенцамі паляжыце. Калі яны пойдуць, назад у хату не вылазьце, туды, туды... Ты знаеш — куды. Да бабы не хадзіце... Да Яўлампія...»
Ды мне не трэба было загадваць. Я ўсё сцяміў сам... І адразу палез у падпечча. Акно напроціў печы матка кожны вечар завешвала радном, ды і на другія вокны парабіла высокія занавескі. З вуліцы свяцілі ў столь. Не знаю, чым яны свяцілі, можа, фарамі. Крычалі панямецку... Па-нашаму не чуваць было.
Але Анька... сястрычка мая, малая ж, дзіцятка неразумнае, са мной калі лазіла, смяялася, забаўлялася, не баялася ні цемнаты, ні тхароў, ні мышэй. А тут учапілася ў мамку і закрычала на ўсю хату. Я вылез назад, каб забраць яе, угаворваць пачаў. Але яны ўдарылі прыкладм якраз у гэтае акно, што напроціў печы, зазвінелі шыбы, холадам пацягнула. Матка, балюча схапіўшы мяне за плячо, запіхнула назад у падпечча. Сама закрычала сярдзіта: «Чую, чую! Каму там не церпіцца? Адзенуся і адчыню! Акно разбілі, ірады!»
Іх увалілася многа. Адзін за адным... адзін за адным... У бліскучых чобатах. Я бачыў гэтыя чобаты, ад іх пахла па-чужому, незнаема. Я ўсё жыццё чую той гуталін. Неяк я пачуў яго ў цягніку, калі ехаў у Мінск, і мяне ажно закалаціла. Яны прынеслі святло з сабой. Многа святла. З цёмнага падпечча відно было святло. І чобаты. Адны чобаты бліскучыя. Многа пар іх спынілася напроціў падпечча. Гаварылі па-нямецку, здалося мне, упачатку нязлосна. Але я пачуў голас маткі, яна сказала некаму сярдзіта: «Не хапай! Дай дзіця адзець, ірад! Не панясу ж яе во так, голую».
Ёй адказаў знаёмы мне голас па-руску, адказаў быдта са смехам: «Можаш не спяшыць. Адзенуць без цябе. Афіцэр пытае, дзе твой муж». Лапай так гаварыў. «А то ты не знаеш, дзе мой муж. На фронце, адкуль ты ўцёк!» — «Пагавары! Пагавары болей! Дагаворышся, сучка партызанская!» — «Ад сабакі паганага чую».
Тады пачуўся голас Шышкі, ён мацюкнуўся, закрычаў на матку, папракаючы, быдта яна была ва ўсім вінаватая, у тым, што яны так уварваліся:
«Алёна! Што ты сабе думаеш! Упадзі пану афіцэру ў ногі. Папрасі! За дзяцей папрасі».
Не пачуў я, што адказала матка, бо вельмі ж злосна закрычаў Лапай:
«А сын дзе? Сын дзе? Куды сына дзявала, шлюха?» «У радні хлопец»,— ціха сказала матка.
«У якой радні? У якой радні? Дзе?» — ажно шалеў Лапай, і немцы лапаталі ўсе адразу, і чобаты іх пайшлі міма печы, заскрыпелі, засмярдзелі гуталінам.
«Ды ў старой Батрачыхі, канечне. Знойдзем. Нікуды не дзенецца».
«Пад печчу паглядзі! Пад печчу! Шышка! Не лаві варон!» Сцяміўшы, што яны будуць свяціць ліхтаром пад печ, я апу-
сціўся ў тую ямку, што выкапала матка, з якой вяла нара пад сенцы, ямка тая была злева ля сцяны, прыкрытая лёгкімі шалёўкамі, да іх матка прыклеіла якіясь лахманы; калі б хто заглянуў пад печ, то ўбачыў бы толькі тыя лахманы пыльныя, матка попелам іх пасыпала, курыным памётам запэцкала, быдта пад печчу трымалі курэй ды так і не падмялі пасля таго. Мне трэба было насунуць гэты шчыток з лахманамі, як вучыла матка, каб закрыць ямку. Не помню, ці то я з пераляку не закрыўся, ці неакуратна закрыўся. Ды Шышка не стаў свяціць ліхтаром, ён сунуў пад печ дула аўтамата і... пачаў страляць. Доўгімі чэргамі...
— О божа!
—Ты знаеш, я не помню, ці было страшна. Можа, ад таго, што пасля было страшней, той страх не застаўся ў памяці. Адно і цяпер стаіць у вачах: яркія-яркія, як маланкі, успышкі выстралаў перад вачамі, аўтамат біў перад самым тварам, во так, ля самых вачэй. Я глядзеў угору. Яны асляпілі, тыя маланкі, аглушыў грукат, пад печчу біла, што з пушкі. Ён, канечне, вадзіў аўтаматам ва ўсе бакі, кулі крышылі цэглу. Мне здалося, што абвалілася ўся печ. На спіну балюча сыпаўся град камення, таму я, відаць, прыгнуўся, галаву схаваў у нару. Калі стрэлы пад печчу сціхлі, я, можа, не адразу падняў галаву ці, можа, вельмі аглушаны быў. Чуў, што страляюць недзе далёка, як бы ўсё роўна на вуліцы. А потым стала ціха-ціха. Ні галасоў. Ні скрыпу чобатаў. І тады я пачуў Аньчын голас... І ў іх не адразу паднялася рука на дзіця. Анька не плакала. Яна прасіла. Як маленькая. І не як маленькая. Які гэта быў голас, Тася! Яна прасіла: «Дзядзечка, не страляй у мяне, мне будзе больна». Не глядзі на мяне. Я памаўчу. Не, ты не ўхадзі...
—Я прынясу табе вады.
—Дзякую, Тася.
—Не трэба больш расказваць, Ваня.
—Не бойся, цяпер ужо ўсё. Самае страшнае было пабыць у падпеччы і пачуць... яшчэ раз пачуць яе голас... Аньчын. Малому, мне здавалася, што каб я выскачыў у той міг, кінуўся на іх, грыз зубамі, то мог бы ратаваць сястрычку. Я лічыў сябе трусам, паганым баязліўцам.
Ідоўга нікому ні ў партызанах, ні ў дзетдоме, ды і тут, у Добрынцы...
нікому не мог сказаць, што я ўсё чуў. Толькі бацьку сказаў. Цётцы Хвядоры гаварыў, што вылез праз нару і ўцёк адразу.
Толькі калі пачалі падрастаць свае дзеці, калі я паглядзеў на іх, сямігадовых, то, можа, тады толькі зразумеў, які я быў наіўны ў гэтых сваіх дзіцячых мучэннях. Што я мог зрабіць, хлапчанятка няшчаснае?
Я хацеў вылезці, калі яны пайшлі, калі прагрукалі міма печы іх чобаты. Але ўжо там, у падпеччы, мне ўдарыў у нос смурод керасіну і дыму. А калі я высунуў з падпечча галаву, то ўбачыў: ад стала коціцца клубок агню. Я не адразу сцяміў, адкуль, нашто такі агонь, і зноў злякаўся. Тады я ўспомніў матчын наказ і быстра палез у нару. Пад сенцамі было ўжо дымна, я чуць не задыхнуўся, чуць знайшоў той завал у дрывотню. Дровы не гарэлі яшчэ. Гарэла страха хлява. Яны падпалілі ў розных месцах, каб хутчэй загарэлася. Яны, мабыць, вельмі спяшаліся, бо нікога не пакінулі... не, відаць, упэўнены былі, што нікога жывога не засталося, што калі я хаваўся пад печчу, то ад такой страляніны... І з падполля не вылезу — яны аблілі газай і якраз запалілі тыя масніцы, што адчыняліся. Некаторы час я стаяў на