ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2224

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

— на ўсякі выпадак — і пайшоў на абгон. І раптам прыватнік, не паказаўшы павароту, парушаючы правілы, павярнуў налева, да бензакалонкі, прычым раней, чым дазваляў бакавы з'езд. Іван бачыў сітуацыі з падобнымі нечаканымі паваротамі і звычайна праяўляў пэўную пільнасць і насцярожанасць. А тут, заняты сваімі пакутлівымі думкамі, прамаргаў, упусціў нейкі міг. Канечне, інстынктыўна ціскануў на педаль тормаза, але зразумеў, што на абгоннай скорасці тармазнога шляху не хопіць, каб не сутыкнуцца.

Прыватнік падставіў пад удар свой бок, самога сябе.

Іван маланкава ацаніў, што такі ўдар можа быць трагічным, і, убачыўшы, што на заднім сядзенні пасажыраў няма, рэзка кінуў паслухмяны «ЗІЛ» направа, зрэзаў «Пабедзе» багажнік.

Удар быў аслаблены тармажэннем, але ўсё ж моцны. «Пабеду» развярнула на шашы і паставіла побач з «ЗІЛам», так што шафёры апынуліся тварам у твар. Левае крыло сплюшчылася, багажнік адчыніўся, і на шашу пасыпаліся спелыя чырванабокія яблыкі.

Першае, што Іван успомніў: у момант удару Шышка схапіў яго за руку, вышэй локця — ад страху, мабыць, баіцца падлюга смерці! — і ўсё яшчэ трымаўся. Іван грэбліва страсянуў яго руку і, задаволены, бадай узрадаваны, што ўласнік «Пабеды» сядзіць жывы, не ранены, толькі збялелы, змахнуў рукавом пот, што абліў твар, і ўсміхнуўся добразычліва сябру па няшчасці. Але той раптам выскачыў з машыны і, груба лаючыся, палез да Івана з кулаком, намерваючыся тыцнуць у твар. Іван злавіў яго руку і ціха, з усмешкай сказаў:

— Уключы паварот.

Уласнік пракаўтнуў лаянку, анямеў. Потым кінуўся да сваёй машыны і сапраўды шчоўкнуў рычажком паваротаў, але, разгублены, не ўлічыў, што машыну развярнула, і паказаў паварот туды ж — на бензакалонку, направа. Высунуўся з кабіны, тады, відаць, успомніў, што зрабіў не тое, і палез, каб павярнуць налева. Але ўжо з абодвух бакоў спыніліся машыны, зацікаўленыя аварыяй шафёры вылазілі з кабін і, безумоўна, пільныя да такіх дэталяў падчас аварыі, убачылі маніпуляцыі «Пабеды» з паваротамі. Магчыма, што ўбачыў гэта і інспектар, які, не спяшаючыся, ішоў ад бензакалонкі, ён знаў, што часам бывае карысна даць вінаватым разабрацца самім, тады лягчэй высветліць ісціну. Уласнік «Пабеды» зразумеў, што робіць глупства на вачах у сведкаў, што шафёр «ЗІЛа» хітруга: параіўшы такое, прымусіў яго выкрыць сваю памылку перад людзьмі. Ён палез у кабіну трэці раз і выключыў павароты зусім.

Шышка сказаў Івану:

— Я пасведчу, што ён не даў сігнал павароту.


Тады Іван, уміг успомніўшы ўсё, што было дагэтуль, крута павярнуўся да Шышкі; твар Іванаў зрабіўся страшны, перакошаны, ён працадзіў праз аскаленыя зубы:

Пайшоў прэч, гніда! Каб духу твайго не было, забойца! Не табе ратаваць мяне!

Шышка, уціснуўшы галаву ў плечы, выкаціўся з кабіны, не забыўшы, аднак, торбу, і непрыкметна, пакуль збіраліся шафёры, шмыгнуў за кустарнікавыя прысады. Разважыў, што так лепей для яго, на ліха яму мець справу з міліцыяй. Лішні пратакол, лішні напамінак, хто ён, адкуль вярнуўся.

Іван не адразу пасля гэтага вылез з кабіны, схіліўшыся, доўга зацягваў ручны тормаз, так доўга, што нехта з шафёраў, здзіўлены, што ён застаецца пры такой сітуацыі ў кабіне, паспеў спытаць:

Цябе там, друг, не прыціснула?

Іван вылез, агледзеў памятае крыло і разбітую фару свайго грузавіка.

Уласнік «Пабеды» пасля выпадку з паваротамі страціў сваю злосць, ваяўнічасць і сачыў за Іванам з падазронай насцярожанасцю, схіліўшыся і расціраючы калена: можа, стукнуўся пры ўдары машыны ці пасля, калі мітусліва лазіў уключаць паказчык паваротаў.

Ударыла? — спачувальна спытаў Іван.

Відаць. А можа, ад нерваў. Яно ў мяне прастрэленае. Чалавеку было пад шэсцьдзесят. Нядаўні адстаўнік: пад цывіль-

ным пінжаком — яшчэ не надта паношаная вайсковая гімнасцёрка, а на пінжаку — тры рады ордэнскіх калодак. Убачыўшы іх, Іван цвёрда рашыў, што возьме віну на сябе. Ды як і не ўзяць? Хіба можа ён дараваць сабе такую прымітыўную аварыю?!

З багажніка на асфальт усё яшчэ падалі яблыкі — лопнуў мяшок. Івану зрабілася шкада яблык, захацелася сабраць іх, каб прыгажосць такую не трушчылі ботамі, коламі. Але падышоў інспектар, на хаду выцягваючы з планшэткі рулетку — мераць яго, Іванаў, тармазны шлях.

12

Прозвішча начальніка раённай аўтаінспекцыі — Драмака. Але шафёры са спагадлівай іроніяй ахрысцілі яго Недрамакай. Мясцовыя шафёры капітана любілі. Сапраўдны ахоўнік парадку на дарогах, адданы сваёй справе. Сустрэць яго можна было ў самых нечаканых месцах, там, дзе, як жартавалі, не ступала нага аўтаінспектара. За гэта і празвалі яго Недрамакам і нязлосна, жартаўліва мацюкалі. А любілі за культурнасць, карэктнасць, ніхто не пачуў ад яго паганага

слова, за весялосць — у любой сітуацыі жартуе. І яшчэ за акуратнасць. Раён не абы-які, самы складаны па аўтамабільнай часці — вакол абласнога цэнтра, гэтакае вялізнае кола, жалезная калодка якога

зона гарадской ДАІ, а спіцы і шына — раённай. Складанасць узаемаадносін з суседзямі — з горадам, з іншымі раёнамі сваёй вобласці і братняй рэспублікі, а галоўнае — наяўнасць магістральнай шашы, што звязвае Карэлію, Ленінград, Прыбалтыку, Беларусь з паўднёвымі абласцямі, чарнаморскімі курортамі. У такім раёне не задрэмлеш.

Драмака бясконца лётае па дарогах на сваёй «канарэйцы». Але калі скажа шафёру быць у ДАІ а такой-та гадзіне, то, самае большае, можа прымусіць пачакаць якую гадзіну, не так, як іншыя начальнікі

з відна да цямна вытрымліваюць парушальнікаў у калідоры сваёй цеснай установы, лічаць такое «томление духа» за метад выхавання. Капітан Драмака такога метаду не прызнаваў. З шафёрамі свайго раёна ў яго былі асаблівыя адносіны, ён лічыў, што яны павінны быць лепшымі памочнікамі ДАІ, без іх, са сваім невялікім штатам, парадку не навесці. Актыў свой, грамадскіх інспектараў, дружыннікаў, ён высока цаніў, часта з імі сустракаўся, кожнага ведаў у твар. З такімі вадзіцелямі, як Іван Батрак, даўно сябраваў, хоць ад Іванавага запрашэння заглянуць у госці нязменна адмаўляўся. А саўгасны машынны двор ніколі не мінаў. Прывязе плакаты, раскажа пра сумныя і вясёлыя дарожныя здарэнні, папярэдзіць каго-нікаго з саўгасных, часцей — Шчэрбу, здзіўляючы таго да захаплення сваёй дасведчанасцю.

Адпусціўшы Савелічава, уласніка «Пабеды», капітан Драмака затрымаў Івана:

А цяпер, Іван Карнеевіч, давай пагаворым неафіцыйна, патаварыску. Скажы мне: на якога д'ябла ты ўсё бярэш на сябе? Не даў жа ён павароту! Мне сорамна стала за маёра! Чаго ён баіцца? Што забяруць правы? Ці што самому прыйдзецца рамантаваць сваю калымагу? Праклятая прыватная ўласнасць! Раз'ядае душы людзей!

Дзяжурны інспектар запісаў у пратакол усё, як паказвалі Іван, Савелічаў, сведкі. Але з'явіўся, як усюдыісны анёл, капітан на сваёй «канарэйцы», каротка глянуў на сляды аварыі, зазірнуў у пратакол і загадаў абодвум аварыйшчыкам з'явіцца ў аўтаінспекцыю. Івану таксама зрабілася ніякавата, калі на Драмакава пытанне адстаўнік адказаў, што ён не помніць, ці ўключыў сігнал павароту, маўляў, як усялякі вопытны вадзіцель, ён, напэўна, зрабіў гэта аўтаматычна, не было яшчэ выпадку, каб ён не ўключаў; помніць адно: пасля аварыі выключыў паварот — каб не замкнула, не згарэла рэле.

Іван тады з прыкрасцю падумаў: «Эх, маёр, маёр, што ты свішчаш?»


Але выдаваць яго не стаў, не сказаў, як параіў адстаўніку ўключыць паварот і як той рабіў гэта. Не хацеў, не мог проста наносіць чалавеку яшчэ адну траўму: даволі з яго перажыванняў, па ўсім відаць, несуцешным горам здаецца маёру аварыя любімай машыны.

Хацеў праявіць велікадушнасць, дабрыню, а яго за гэта Драмака паставіў у кут, як вучня, які зманіў. Няёмка было перад капітанам. Разумеў, што той са сваім вопытам вельмі дакладна ўявіў карціну аварыі. І такому чалавеку, які хоча табе памагчы, трэба маніць? У імя чаго?

Павел Паўлавіч! Не ён мне рассадзіў машыну, я — яму. Я не хачу апраўдання.

Я цябе не апраўдваю. Я хачу яснасці.

Паказаў ён паварот ці не паказаў — для такога вадзіцеля, як я, гэта не апраўданне. Зяўнуў, як кажуць.

Хто ў цябе быў у кабіне? Жанчына?

Іван адчуў, што кроў прылівае да твару: капітан падбіраецца да першапрычыны. Але прычына гэтая такая далёкая і такая доўгая, што не тут яе расказваць.

Не бойся, жонцы не скажу. Я хачу знаць, пра што ці праз каго ты так зяўнуў. Я дакопваюся да псіхалогіі аварыі. Калі так капнеш, часта адкрываеш прычыну больш глыбокую. Тут на днях добры хлопец падбіў чалавека. Выдатны вадзіцель. І так недарэчна. Пачаў я з ім па душах гаварыць. Аказваецца, у той дзень неразумная ўрачыха з неразумнымі намёкамі паслала яго ў анкалагічную бальніцу... А яму, дурню, здалося, што, калі ў анкалогію пасылаюць, значыцца, канец, адгуляў Валодзя па белым свеце, збірайся ў апошнюю дарогу. Дык хто

зтабой быў?

Ды падабраў каля РТС нейкага старога.

Што ж гэта ён так скрыўся, твой стары? Два словы не сказаў.

А што б ён сказаў? Павел Паўлавіч, хіба трэба сведкі? Я адмаўляюся хіба?

Ды не, ты робіш горшае: бярэш на сябе больш, чым трэба. Я юрыст па адукацыі, вучыў і законы, і псіхалогію...

Правоў вы не думаеце мяне пазбавіць?

Я цябе на паўгодзіка паслаў бы ў слесары, каб не знаў, які дэфіцыт на вашага брата. Пазбаўляем правоў больш, чым рыхтуем вадзіцеляў. А я добра ведаю, чаго каштуе прастой машыны. І ты ведаеш... Кожны з нас павінен быць перш за ўсё гаспадаром, а пасля ўжо інспектарам. А го не будзе чаго інспектаваць.

Судзіцца я з маёрам не буду. Машыну яму аднаўлю. Сказаў жа: хоча — грошы заўтра ж прывязу, хоча — няхай прыганяе машыну


да нас у майстэрню, хлопцы мае памогуць. Дык чым вы незадаволены, таварыш капітан?

Драмака падняўся з-за стала, паморшчыўся, як ад радыкуліту.

Ну, Батрак, лічыў я цябе за разумнага чалавека. Сур'ёзнага. А ты — што хлапчук. Калі ў цябе лішнія грошы, аднаўляй маёру машыну, хоць новую купляй. Урэшце, вашы рахункі — не мая справа. Але дай мне зразумець цябе. Навошта табе браць аварыю на сябе, калі ўсё было не так, як мы запісалі? Я не працэнт хачу ўменшыць. Працэнт ўсё адно будзе, ён агульны... Я пра раён думаю. Пра саўгас. І пра цябе. Пра тваю добрую славу. Мне твая слава даражэй за ўсе раскрытыя аварыі. І сам ты павінен даражыць сваім добрым іменем. Во чым я незадаволены, Іван Карнеевіч! Не люблю я ні евангельскую пакорлівасць, ні хрысціянскае ўсёдараванне. Мы з табой матэрыялісты і камуністы, і ў нас павінна быць выразна ўсё размежавана: дабро і зло, праўда і мана.

Маняць, калі хочуць выгарадзіць сябе, выгаду мець. Я не выгараджваю... ні сябе, ні яго... маёра. Ён, канечне, разява...

Дзякуй хоць за гэтае прызнанне,— іранічна хмыкнуў Драмака.— Хоць у душы не бяры ўсю віну на сябе. Спаць не будзеш...

І так не спіцца,— сумна прызнаўся Іван.

Пра гэта начальніку ДАІ не кажы, а то забяру правы. Каб была магчымасць, то ў першую чаргу я пачаў бы правяраць, як вы, вадзіцелі, адпачываеце. Прыборчык бы такі вынайсці, які паказваў бы, колькі вадзіцель спаў. Накшталт таго, які паказвае, што ён піў — квас ці «чарніла».

Гэта не нам, гэта міжгароднікам трэба.

Не пашкодзіла б і вам. Маладыя да світання дзяўчат ціскаюць, а ўдзень за баранкай засынаюць.

Драмака, інспектар-псіхолаг, як тонкі сейсмограф, злавіў нейкую дзіўную ўнутраную Іванаву ўзбуджанасць, якая, разумеў, наўрад ці была вынікам аварыі, хутчэй, наадварот, была яе прычынай, таму яму вельмі хацелася, каб даўні знаёмы, адзін з лепшых шафёраў раёна, раскрыўся перад ім. Яго нават крыўдзіла, што Іван так зацята, недаверліва замкнуўся. Адцягнуць яго ўвагу ад дарогі магла толькі жанчына. Капітан добра ведаў гэтых небяспечных спадарожніц, якіх міжгароднікі называюць «плечавымі» і з якімі ён, начальнік ДАІ, вёў барацьбу. Але ад Добрынкі такая «плечавая» не магла падсесці, такія садзяцца ў Адэсе, Кіеве, у Рызе. Ехала свая, саўгасная? Але такой не было б патрэбы знікаць. Ды і Батрак не той чалавек, не ў тым узросце, каб за рулём фліртаваць з жанчынай. Драмака добра ведаў яго


жонку, іх жыццё, якому шмат хто зайздросціў. Між іншым, сам ён, жаніх-перастарак, таксама зайздросціў шчаслівым сем'ям.

Чалавек настойлівы, упарты, Драмака не адпускаў Івана, не трацячы надзеі, што вось у такой размове, то аддаляючыся, то набліжаючыся да сутнасці, ён прымусіць усё ж вадзіцеля пэўным чынам раскрыцца, выявіць прычыну сваёй унутранай узбуджанасці. Гэта быў яго, Драмакаў, псіхалагічны эксперымент, адзін з эксперыментаў, якія ён часам ставіў знарок ці якія ўзнікалі нечакана, як гэты.

Перашкодзіў прыход пракурора Міхалеўскага.

Пракурор быў у раёне новым чалавекам, але Іван яго ведаў — слухаў на апошняй сесіі райсавета і падумаў тады: занадта малады для такой пасады. Магчыма, ён, Іван, накшталт некаторых старых, заражаны на пэўную інерцыю, усё яшчэ ніяк не можа змірыцца, што да кіраўніцтва прыходзяць людзі, якія парадзіліся пасля вайны. Чамусьці яму здавалася, што пасляваенныя — яго дзеці, хоць у год Перамогі самому было ўсяго дзесяць. Але дзетдомавец Ваня Батрак адчуваў сябе зусім сталым чалавекам, больш сталым, чым выхавацелькі, што прыязджалі з настаўніцкіх інстытутаў. Дарэчы, да яго выхавацелькі адносіліся інакш, чым да іншых дзяцей,— як бы баяліся яго панурасці. Маладзеў і весялеў ён пасля — калі ў жыццё яго прыйшла Тася.

Пракурор быў падобны на кінаакцёра: высокі брунет, модна падстрыжаны, без капелюша, у новым гарчычнага колеру імпартным плашчы, у чырвонай сарочцы, з яркім чырвона-сінім гальштукам, які хораша дапасоўваўся і да сарочкі, і да сіне-карычневага касцюма, і да плашча.

На сесіі ён быў адзеты больш проста — у чорны гарнітур, сарочка была звычайная, белая, і гальштук няяркі, не запомніўся Івану. Цяпер ён падумаў, што пракурору ў рабочы дзень не варта так адзявацца, стары пракурор некалі хадзіў у пакамечаным мундзіры. Але тут жа ўспомніў, як з падобнага яго выказвання — наконт маладога старшыні райспажыўсаюза — пасмяялася Валя: «Табе хочацца, каб ён быў у дыяганалевым галіфэ, з палявой сумкай? Во гэта быў бы аўтарытэт для цябе!»

Пракурор павітаўся з Драмакам за руку, Івану кіўнуў галавой, але паглядзеў падазрона, насцярожана — па-пракурорску: бачыў каля ДАІ яго грузавік з разбітай фарай, з пакамечаным крылом. Спытаў:

У што ўрэзаўся?

Пацалаваў адстаўніка ў багажнік,— адказаў жартаўліва капітан.— Банальная аварыя, а разабрацца не магу, хто з іх вінаваты.