ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2201
Скачиваний: 0
— Гаварыце, таварыш Батрак.
Ды наўрад ці трэба быў Івану чый бы ні было дазвол, ён, можа, не вельмі нават пачуў і Качанка, і Кашубу, бо, па сутнасці, не перапыняў успаміну, ён захліпнуўся разам з усхліпам Каржовай: яму ўявілася здань Анькі на папялішчы. Быў той, можа, адзіны ў жыцці, міг, калі ён паверыў, што сапраўды можа блукаць там. А можа, ён заўсёды верыў у гэта? Бо згадзіўся некалі з Тасяй, што не трэба новую хату будаваць на месцы спаленай фашыстамі. Так яно і засталося незабудаваным, тое іх дворышча. І выраслі там чатыры ліпы-самасейкі. Цяпер магутныя ўжо ліпы, узвышаюцца над усім сялом.
— Паліцаі білі людзей, хто распускаў чуткі пра дзіця. Дзед Крупянок быў не з баязлівых, а спужаўся таго стогну. Аднак стаіўся за вуглом хлява, паглядзеў і ўбачыў, як з папялішча пайшоў па гародзе чалавек. Дзед кажа, то быў Карней... З аўтаматам. Тады ж... у тое лета, сорак трэцяга, людзі помняць, як у адну ноч пачалася страляніна са школы. Аднаго паліцая насмерць... аднаго ранілі. Бацька гэта страляў! Бацька! Атрад тады стаяў далёка — у Грудзянскім лесе, за трыццаць вёрст. Яны высачылі яго. Паліцаі. Бацьку майго. Здагадаліся, што ён абстраляў школу. Ці, можа, яшчэ хто яго бачыў. Стары Крупянок тож не вельмі ўмеў дзяржаць язык за зубамі. Некаторыя помняць, што гэта за дзед быў — вечна з бабамі сварыўся. Зрабілі паліцаі засаду ля Фадзеевага броду... Па рэчцы каня не пагоніш. На гэта разлічвалі. Стралялі яны па ім тут, людзі чулі. Але бацька вырваўся. Цэлы ці ранены — ніхто не знае. У засадзе былі пешыя і конныя. Усё разлічылі, гады. Да Хутаранкі гналі. Вунь ажно куды! На хутаранскім полі пад бацькам забіла каня. Ён адступаў да лесу, але паліцаі абкружылі яго, ён залёг у глінішчы, у ямах, дзе гліну капалі...
Можа, быў ранены. У яго патроны кончыліся. Можа, ён сам кончыў сваю жызпь паследняй куляй, штоб у фашысцкія лапы не папасці. Ніхто не знае. Калі я яшчэ ў дзецкім доме быў, прыходзіў туды хутаранскі дзядзька Арцём Калодзежны. Да мяне прыйшоў, узнаўшы што я там. Ён пахаваў бацьку. Пачуў Арцём на досвітку, што страляюць там, на глінішчы. Усхапіўся чалавек, у сад выйшаў. Калодзежны быў звязаны з атрадам Бруя, да яго прыходзілі з атрада. Дак ён падумаў, што хтось з іхніх напароўся на засаду. Ці не ад яго хаты адыходзіў? Падняў чалавек жонку, дачку, штоб, калі што, схавацца маглі. Калі ўжо развіднела, прыехала трое незнаёмых паліцаяў. Да старасты. Стараста праз вуліцу ад Калодзежнага жыў. На поўны голас пахваліліся, што прыкончылі Батрака. Калодзежны, канечне, чуў, чые сем'і ўвосень зніштожылі ў нас, і адразу здагадаўся, пра каго гавораць, пра якога Батрака. Паліцаі загадалі старасту запрэгчы каня і прывезці
труп у Добрынку. Але пакуль стараста прывёў з поплаву каня ды запрог, Калодзежны з жонкай пабеглі ў глінішча і перанеслі цела ў лес, там і пахавалі. Паказаў ён мне магілу пад дубамі. Нас дырэктар дома на машыне вазіў туды. А потым я з цёткай Хвядорай хадзіў. Потым, вы знаеце, яго перавезлі сюды, у брацкую магілу, разам з чырвонаармейцамі пахавалі. Мы з вамі, Хведар Цімафеевіч, ездзілі ў Хутаранку... Калодзежны расказваў: добра, кажа, сынок, што не бачыў ты бацькавай смерці. Глуміліся бандыты пад ім, усяго пасеклі кулямі, можа, сотня ран была на целе... вочы выкалалі. Калодзежны на судзе быў, калі іх судзілі, фашысцкіх службакоў... Двух ён пазнаў з тых паліцэйскіх, што прыязджалі да старасты хутаранскага. Лапая і Свірыдава з Хамоўкі. Іх павесілі... А Шышку далі дваццаць пяць. Не было яго, калі ў Гарнастаях людзей спалілі ў царкве. Не паехаў ён на тую аперацыю, хворым прыкінуўся і тым апраўдаўся. А на судзе гэта было галоўным абвіненнем добрынскім паліцаям. Ніхто не даказваў, што нашы сем'і стралялі паліцэйскія. Тады зондэркаманда наляцела, і ўсё нібыта яны ўчынілі... карацелі з батальёна СД... Але быў... быў адзін сведка, калі сям'ю нашу зніштажалі. Я! Я пад печчу сядзеў... І ён... Шышка шукаў мяне там... аўтаматнымі чэргамі. Чэргамі! Калі б матка лаза таго не зрабіла... А можа, ён свой гарачы аўтамат і на Аньку перавёў? Каму яна крычала: «Дзядзечка не страляй у мяне!» Каго знала, таго магла так прасіць.
Мар'я Карпава, мабыць, уявіўшы, што сусед яе (праз два двары жыве Шышка цяпер) страляў дзяцей, войкнула:
— Ах божачка!
Уся зала зноў калыхнулася, і людская хваля як бы прыбілася да самай трыбуны, сучаснай, паліраванай, за якой Іван Батрак зноў як захліпнуўся следам за старой жанчынай, якая сваю прыналежнасць да партыі, вельмі сумленную працу на ферме спалучала з тайнай верай у бога.
—Ніхто, канечне, не знае, ці быў там, у Хутаранцы, Шышка, ці страляў у бацьку майго. Але ніхто мне і не дакажа, што не сядзеў ён у засадзе, не гнаўся за ім. Можна ўявіць, як яму хацелася ўбраць Батрака, які прыходзіў адплаціць за сям'ю, які ніколі б не дараваў...
знайшоў бы забойцу і ў Еўропе, і ў Сібіры... Шышка сваё палучыў, хоць чорт яго не ўзяў. Вярнуўся праз трыццаць пяць гадоў. Здаровы.
Зграшамі. Я знаю, за адно і тое ж другі раз не судзяць. І я свае рукі не замараю. Але... дыхаць з ім адным паветрам мне цяжка, таварышы! Не магу!.. Пайміце...
—Панімаем, Іван! — гукнула з залы Вольга Даніленка.
—Я, калі слухаў Аляксандра Пятровіча... Харашо ён гаварыў пра гісторыю, пра памяць нашу да тых, хто не толькі пад абеліскамі ляжыць, але і на могілках нашых... хто на трудавым фронце жызнь сваю кончыў, я, канешне, таварышы, пра сваіх думаў... пра бацьку...
Аяшчэ я думаў, таварышы, пра надпіс той на самых вялікіх у свеце могілках у вялікім горадзе-героі. Помніце? Ніхто не забыты, нішто не забыта! Нішто! Дык чаго ж мы забываем, таварышы? Некаторыя гатовы ўжо цалавацца з гэтай сволаччу, фашысцкай... Як мой дружок, сын салдата, што дзесь на Вісле ляжыць, Яша Качанок...
Людская хваля як бы адхлынула ад трыбуны, разбілася, гайданулася ў розныя бакі.
Качанок спачатку ўнурыўся, спалохаўшыся людскіх вачэй, бо ўсе позіркі скрыжаваліся на ім, потым падскочыў з выглядам задзірыстага пеўня, пагрозліва кінуў Івану:
—Думай, аб чым гаворыш. Не развадзі... — але не даказаў, чаго не развадзіць, бо адчуў, што зала настроена супраць яго.
—Я думаю, Якаў Мацвеевіч, думаю. Ты знаеш, колькі я перадумаў, калі ты паслаў мяне з Шышкам па якіясь рэле. Шышка памочнікам тваім стаў, даставалам, леваком. Няхай бы народны кантроль праверыў — як вы даставалі тыя непатрэбныя, як ты сам сказаў, рэле. Я не апраўдваюся, але, можа, з-за думак тых я аварыю зрабіў, першы раз за ўсе гады работы на трактары, на машыне. А ты кажаш: я не думаю. Не, Якаў, я думаю. Во яшчэ табе факт. Можа, і тут ты хацеў памагчы свайму памочніку... Праўда, ужо рукамі Лукашова. Гэты наш прэфект, як яго настаўнік Багаценкаў называе...
—Не чарпі людзей! — сіпла крыкнуў Качанок.
—Якое ж тут чарненне? Шутка... Ну да ладна, Ларыён Пятровіч няхай ізвініць, ён сам любіць пашуціць... Толькі яму з гэтай трыбуны ўжо казалі, не я першы. Да яго ўдовы па два гады за шыферам ходзяць, вон як Матрона Салодкая з Гарнастаяў. А некаторыя з маладых, пралазлівыя, адразу палучаць і лес, і шыфер. Ды я не пра іх...
Калі добры чалавек строіцца, рабацяга — не жалка, няхай палучае. Я
— пра яго... пра Шышку... Добранькі наш старшыня сельсавета выдаў паліцаю даведачку на пакупку дома ў калгасбудзе. За дванаццаць тысяч! Дай яму, Лукашоў, сядзібу Крупянкову. Каб напроціў мяне...
Каб я глядзеў на яго дом, любаваўся. Да чаго мы дайшлі, таварышы? Дзе наша запаведзь: «Ніхто не забыты, нішто не забыта»? Я і вам скажу, Аляксандр Пятровіч. Вы тут харашо гаварылі, правільна ўсё. А ці падумалі вы, калі пайшлі па вуліцы з Шышкам... Быў такі факт, і людзі загаварылі пра гэта. Не знаю, можа, вам хацелася паглядзець на яго зблізку, можа, папытаць што... для кніжкі сваёй... у душу яму
залезці... вобразы ж вам усякія трэба... Я вас панімаю... А што маглі падумаць старыя, якія помняць Шышку? І маладыя, якія так... краем вуха чулі пра расстрэл сем'яў... Думаеце, мне раней хацелася расказваць, што я перажыў?.. Я так жа стараўся забыцца. Пакуль... А некаторыя так і падумалі: калі сам парторг гуляе па вуліцы з былым паліцаем, значыцца, прасцілі яму, значыцца, штось і забыць можна...
не ўсё трэба помніць вечна. Хіба не так?
—Так, Іван Карнеевіч,— нечакана гучна сказаў Забаўскі.— І я прашу прабачэння. Не падумаў.
Распаліўся Іван. Спачатку хваляваўся — ажно твары людзей расплываліся і ў самога да млоснасці горача рабілася ў жываце. Потым хваляванне перайшло ў злую рашучасць давесці ўсё да канца, выказаць усё, што набалела ў душы. Няхай пры такой яго рашучасці нехта паспрабаваў бы запярэчыць яму, перапыніць — стаптаў бы, што трактарам, самога Астаповіча не пабаяўся б і не пашкадаваў бы. Але нечаканае для яго і, бадай, для ўсіх парторгава прабачэнне збянтэжыла. Як на самую неспадзяваную перашкоду наскочыў. Змоўк. Павярнуўся да прэзідыума. Убачыў, што ўсе, хто сядзіць за сталом, глядзяць на яго ні то са здзіўленнем, ні то са спачуваннем, і разгубіўся яшчэ больш. Падумаў, што яму варта неяк адказаць на прабачэнне. Але што трэба гаварыць у такім выпадку? Як? Не было ў яго такіх слоў, бо не думаў ніколі, што нехта можа папрасіць у яго прабачэння за свае ўчынкі. Вырашыў, што самае разумнае — больш нічога не гаварыць. Галоўнае сказаў, досыць! Адно сказаў:
—Во і ўсё маё слова сягоння.— І, ужо выйшаўшы з-за трыбуны,
упраходзе паміж радамі крэслаў таксама папрасіў прабачэння: — Выбачайце, што не аб хазяйстве гаварыў.
Кашуба шапнула Качанку, каб абвясціў перапынак. Трэба даць разрадку, паўзу, няхай астынуць людзі. Ды і самой сабрацца з думкамі, выпрацаваць тактыку далейшага вядзення сходу. Сітуацыя нялёгкая. Пачуцці ў сакратара райкома, у жанчын, у маці былі супярэчлівыя. Яна зразумела Батрака. Але што ёй скажуць, калі справаздачны сход вялікай арганізацыі звядзецца да таго, пра што гаварылі Забаўскі і Батрак? Ідэалагічныя праблемы — важна, але ўсё ж гэта другаснае. Галоўнае — базіс, вынікі гаспадарчага года, увядзенне комплексу, які прыйдзецца запаўняць жывёлай, асвойваць у зімовы сезон, што, безумоўна, створыць цяжкасці. Такі наказ даваў ёй першы сакратар: сур'ёзна абмеркаваць з камуністамі саўгаса ўсе аспекты завяршэння і асваення комплексу.
З душнаватай залы мужчыны ўсе высыпалі на вуліцу — пакурыць. А хто не курыў — паслухаць, што будуць гаварыць «у кулуарах».
Адна Мар'я Каржова засталася ў нерухомасці сядзець у першым радзе. Іванаў успамін пра смерць бацькі нагадаў ёй сыноў, дваіх, што не вярнуліся з фронту. Іван хоць знае — як памерлі матка яго і бацька, а яна і гэтага не знае — як паміралі яе сыночкі, на Пятра, праўда, прыйшло паведамленне, што загінуў смерцю героя ў баях за венгерскі горад Дзьёр і пахаваны ў брацкай магіле ў тым жа горадзе, а на Паўла і пахавальнай няма; дзе ён паклаў сваю светлую галовачку, калі — ніхто не знае, відаць, тады яшчэ, як іх Добрынка пад немцамі была, і пахаронкі не было куды паслаць.
Кашуба, Астаповіч, Забаўскі, Качанок, Лукашоў пайшлі ў кабінет старшыні сельсавета.
Тамара Фёдараўна, наблізіўшыся да століка ў кутку, спытала ў Лукашова:
—Ваду ў цябе хоць мяняюць, гаспадар?
—Свежанькая, Тамара Фёдараўна, сам наліваў перад сходам. Прагна выпіла поўную шклянку. Па тым, як яна спытала пра
ваду, з якой інтанацыяй, як піла, Качанок здагадаўся, што сакратар райкома незадаволена. Не дзіва: куды сход павярнуўся! Але на каго яе гнеў? На Батрака? Не, наўрад, не стане яна валіць віну на простага шафёра, баба разумная, хітрая. На яго, Качанка? Але хто задаў тон? Хто захацеў паказаць сваю арыгінальнасць?
Маўчалі. Не глядзелі адно на аднаго, як вінаватыя. Толькі Астаповіч, седзячы за сталом старшыні, шумна дыхаючы, быццам яго сціснула грудная жаба, аднак робячы выгляд, што заняты тым, што рысуе бочкі ці колы (усюды, дзе сядзеў дырэктар пакідаў рысункі бочак або колаў з узорнымі ступкамі, з гэтай яго любові да круглага кпілі), з хітрай прыжмуранасцю сачыў за кожным з прысутных, хацеў убачыць твар кожнага і здагадацца, хто пра што думае. Раздражняла яго трохі, што Забаўскі схітраваў: узяў з паліцы кніжку, гартаў яе, стоячы да стала спіной. А яшчэ не падабалася, што маладая прыгожая жанчына не па-жаночы, па-мужчынску шырока крочачы, хадзіла па кабінеце, ад стала да дзвярэй, залішне яўна выдаючы сваю незадаволенасць.
Першы пачаў апраўдвацца Лукашоў:
—На хату іх колькі мне пальцамі тыцкалі. Усю вуліцу псуе. А як інакш яе можна знесці? Во я і падумаў... Не дзеля яго. Жонка ў саўгасе рабіла... пенсію мае...
Кашуба не стала яго слухаць, спынілася перад сталом:
—На чорта вам гэты Шышка?
—Каму? — здзівіўся Хведар Цімафеевіч.— Мне? На чорта ён усяму сялу, раёну. Але куды яго дзенеш? Адсядзеў сваё — вярнуўся да сям'і. Мае права.
—Па закону,— дапоўніў Лукашоў.
—Па закону! Законнікі! — абурылася Тамара Фёдараўна па-жа- ночы шчыра.— Сволач гэтая таптала нашы законы. А цяпер законы яго ахоўваюць,— і спынілася ля Забаўскага, сказала без той ветлівасці, з якой заўсёды звярталася да такога незвычайнага сакратара — журналіста, пісьменніка: — Выступіў Батрак — чалавеку набалела, можна зразумець яго. Але не трэба, каб прадаўжалі гэтую тэму. Павярніце сход!
Забаўскі адарваўся ад паліцы, куды асцярожна, як крышталёвую, паставіў кнігу — збор законаў, і выразам твару, вачэй выказаў маўклівае здзіўленне такім загадам.
Тут не стрымаўся Качанок:
—Куды ён паверне цяпер сход, Тамара Фёдараўна? Ён яго павярнуў дакладам. Які даклад — такія выступленні. Жызняй праверана.
Як стары конь, які пачуў незнаёмае ржанне, ускінуў галаву Астаповіч, не дарысаваўшы бочку. Здзівіўся дырэктар. Ведаў, што хоць Яшка і не раз прымяраўся да пасады парторга, але, бадай, даўно зразумеў, далі яму зразумець, што ў яго, як сказаў адзін кіруючы таварыш, «не тот потолок», што пры ўсёй кіпучай энергіі не хапае ў яго таго галоўнага, што патрэбна для партыйнага кіраўніка новага тыпу. Гадоў дваццаць назад мог быць і Качанок, але цяпер не той узровень.
У Качанка меліся іншыя якасці, і хітры Астаповіч умела выкарыстоўваў іх. На дваццаць гадоў старэйшы, Астаповіч па поглядах лічыў сябе маладзейшым за Качанка і неаднойчы ўпікаў таго: «Кансерватар ты, Якаў Мацвеевіч». Ва ўсялякім разе, Хведар Цімафеевіч лічыў, што Качанок урэшце зразумеў свой «потолок» і працуе без прэтэнзій, задаволены сваім становішчам: Забаўскага Качанок сустрэў насцярожана — прышэлец! — але змірыўся з яго выбраннем год назад.
І вось прарваўся Яшка Качанок, як стары мяшок з бульбай. Сыпануў — ажно загрукацела. Калі толькі з-за таго, што атрымаў па носе ад Івана Батрака, то гэтая кароткая ўспышка, жаданне хоць на кім спагнаць злосць — яшчэ нічога, гэта нават на карысць можа пайсці і яму, Качанку, і эксперыментатару Забаўскаму — няхай зразумее, што не кожны эксперымент удаецца. Але калі Качанок хоча паказаць сябе самым правільным, выслужыцца перад сакратаром райкома,