ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2220

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

проста такі прымушае яго выступіць, пасля такога даклада немагчыма не выступіць.

Іван, слухаючы Забаўскага і адначасова думаючы, як сам выйдзе на трыбуну, як раскажа, ажно спацеў увесь; сэрца як разарвалася, разляцелася па ўсім целе, і кавалкі яго балюча біліся ў скронях, у горле, у руках, у жываце, ад чаго рабілася да млоснасці горача, гарачыня хвалямі кацілася ў грудзі, у патыліцу.

Спрэчкі, здаралася, і раней пачыналіся трудна — пакуль раскачаюцца. Незвычайны даклад зусім збіў людзей з панталыку. Калі хто і рыхтаваўся выступіць, то рыхтаваўся па-старому, па прывычнай схеме, і цяпер быў разгублены: як састыкаваць сваё выступленне з дакладам?

Доўга ніхто не адгукаўся на настойлівыя заклікі Якава Качанка, які старшынстваваў.

Першым выступіў загадчык другога аддзялення гарнастаеўскага, былы старшыня тамашняга калгаса, партызан-падрыўнік, інвалід, без левай рукі, Восіп Гарнастай. Добры гаспадар-практык, але з нізкай адукацыяй — даваенныя сем класаў, Восіп адчуваў, што такія «прахвесары», як Кузя, наступаюць на яго сваімі ведамі, і абараняўся своеасабліва: лавіў аграномаў, інжынераў на памылках і амаль на кожным сходзе каго-небудзь з іх «раздзяваў да трусоў і пускаў голенькім у поле, на вецер» — так ён называў сваю ўедлівую крытыку.

«Раздзець» Забаўскага ён не адважыўся, але катэгарычна заявіў, што даклад яму не спадабаўся: не пра тое трэба гаварыць: як жыць — людзі самі знаюць, а вось як даць большую прыважку бычкоў, як арганізаваць зімоўку жывёлы — во галоўны клопат на данным этапе. Пачаў рабіць справаздачу аб справах свайго аддзялення. Вынікі года ў яго былі добрыя, і Восіп хваліў сваіх людзей, а значыцца, і самога сябе.

Івана яго выступленне расхвалявала яшчэ больш — нязгода Гарнастая з дакладам, але нязгода не ў тым, у чым не згаджаўся ён, Іван.

Загадчык першага аддзялення Сямён Дражневіч, былы інструктар райкома, былы парторг саўгаса, меў дзве вышэйшыя адукацыі — інстытут і партшколу, але раўнаваў свайго калегу, бо ў таго справы ішлі лепей, а яны спаборнічалі. А Гарнастай раўніва адносіўся да адукацыі Дражневіча і таксама лавіў яго, як усіх «прахвесараў», але публічна ніколі не крытыкаваў, прымаўся своеасаблівага этыкету. Аднак не было яшчэ выпадку, каб, калі выступіў адзін, не выступіў другі. З такога іх «спаборніцтва» кпілі, сам Гарнастай кпіў, маючы больш вострае пачуццё гумару.

Сход весела варухнуўся, калі Дражневіч следам за Гарнастаем папрасіў слова. Чалавек адукаваны, ён сказаў, што яму даклад спадабаўся — свежыя думкі, хоць не стаў тлумачыць, у чым іх свежасць. Гаварыў жа, як і Гарнастай, пра справы гаспадарчыя, па-навуковаму дакладна, эканамічна адукавана, але слухалі яго з меншай цікавасцю. Пачаўся «рабочы шумок», ішло абмеркаванне даклада не з трыбуны — у зале.

Якаў Каржоў, самы стары з механізатараў і самы скупы на словы, павярнуў да Івана галаву, яны сядзелі побач, і глуха сказаў:

Правільныя ён думкі выцягваў. Але так будзе, можа, толькі ў яго кнізе. Разумны хлопец, ды, відаць, з-за кніг не ўсё бачыць. Жызня, брат Саша, не па кнігах ідзе,— і ўздыхнуў, памаўчаў, бо Яшка Качанок настукаў алоўкам па стале, заклікаючы да цішыні. Але хацелася Каржову, які ніколі не выступаў, хоць Івану выказацца,— Канечне, хазяйства наладзілі. Астаповіч — дзелавы мужык! А пра памяць ды пра душу — то Саша ў самае яблачка папаў. І памяці не хапае. І пра душу забываем. Учора была ў мяне ўдава майго дружка франтавога Матрона Салодкая, з Гарнастаяў. Знаеш? Два гады чакае шыферу, каб хату накрыць. А Шышка...

Качанок зноў пастукаў — і Коржоў змоўк. Але яго напамінак пра Шышку як выцяў Івана, ён ажно ўціснуўся глыбей у крэсла і не адразу спытаў — раптам перасохла ў роце, як пасля ваты, калі зубы лечаць,— счакаўшы, прашаптаў:

Што Шышка?

Дом купляе,— нечакана гучна сказаў Каржоў.— За дванаццаць тысяч! У «Міжкалгасбудзе». Можа, той, што на выстаўцы паказвалі. Помніш? Дом для калгаснай сям'і на чатыры комнаты. Лукашоў даў даведку на пакупку!..

Усё роўна што борт грузавіка прыціснуў Івана да сцяны — не было чым дыхаць: такое перажываў некалі ў сне, хварэючы на запаленне лёгкіх — сніў, што яго расціскае машына.

Лукашоў, старшыня сельсавета, сядзеў у прызідыуме, старанна пісаў на маленькіх лістках, пэўна, рыхтаваўся да выступлення, перагортваў лісткі з хуткасцю друкарскай машыны.

Лукашоў — прыезджы, але працуе ў Добрынцы не адзін год, добры дзесятак гадоў. Знае людзей і не мог не знаць, хто такі Шышка. Што ж гэта такое? Качанок не знайшоў нікога іншага, хто раздабыў бы тыя непатрэбныя рэле... Лукашоў дае даведку...


16

Дражневіч не скончыў яшчэ гаварыць — Іван падняў руку. Кашуба ўсцешылася, што слова просіць радавы камуніст, лепшы шафёр, камбайнер, герой жніва, і падказала Качанку, калі Дражневіч адарваўся ад трыбуны:

Таварыш Батрак просіць слова.

Давай, Іван, крыцікні нас,— з фамільярнай свойскай жартаўлівасцю сказаў Качанок, не без хітрасці, аднак: пачне яго крытыкаваць — няхай людзі помняць, што ён загадзя знаў, што будзе гаварыць Батрак, быў гатовы да гэтага і заставаўся спакойным, аб'ектыўным, па-сяброўску добразычлівым. Але, успомніўшы пра абавязкі старшыні і аб прысутнасці сакратара райкома, паправіўся, сказаў сур'ёзна:

Выступае таварыш Батрак Іван Карнеевіч.

Іван ішоў да трыбуны, і ў яго цямнела ў вачах, шумела ў галаве, як у асеннім лесе. І ў грудзях балела, быццам праўда цісканула бортам, як у тым сне. Узлёг грудзьмі на трыбуну і гэтым як бы прыдушыў боль. Угледзеўся ў твары камуністаў, сваіх таварышаў, з якімі штодня побач робіць. Невялічкая зала, залітая яркім святлом, а твары спачатку вырысоўваліся быццам праз туман. Наблізіўся адзін твар — Якава Каржова, маршчыністы, цёмны, як не адмыты яшчэ ад летняга пылу, што ўзнімаўся, калі жалі ячмень на тарфяніках, суровы твар, але і добры сваёй спакойнай мудрасцю, засяроджанасцю, маўклівай увагай да ўсяго, што робіцца навакол. Валя, калі была яшчэ ў дзесятым класе, неяк сказала, што па твары дзядзькі Якава можна вывучаць гісторыю, і пасля напісала сачыненне пра Каржова і пра іншых франтавікоў-аднасяльчан. Лепшае сачыненне ў класе, на рэспубліканскі конкурс пасылалі. Спакойны твар старэйшага таварыша і ўспамін пра дачку дадалі пэўнасці, рашучасці і трохі супакоілі, на нейкую хвіліну. Хацелася глянуць яшчэ ў адзін твар — Астаповічу, дырэктар заўсёды падбадзёрваў яго, але павярнуцца да прэзідыума не хапіла сілы ці адвагі. Ашаламіла раптам, што ён не ведае, з чаго пачаць сваю прамову. І сумненне зноў апаліла: а ці дарэчы ўсё гэта, пра што ён надумаў гаварыць?

Мабыць, ён доўга маўчаў, бо ўбачыў раптам здзіўленне на твары Каржова, які вельмі рэдка чаму здзіўляўся. І Качанок пастукаў алоўкам па стале, як бы заклікаючы да цішыні, хоць цішыня была поўная.

— Я пра што, таварышы, хачу сказаць... Я тут часта выступаў аб нашай рабоце, аб сяўбе, аб уборцы... аб аўтатрактарным парку... аб парадках і непарадках. Усё ў нас ёсць. Гэта жыццё наша — работа і памылкі... усё ў рабоце бывае... Але сягоння я буду гаварыць не аб


гэтым,— Іван як бы папрасіў прабачэння ў кіраўнікоў, што не спраўдзіць іх спадзяванні на выступленне аб справах саўгасных.— Я буду гаварыць пра другое наша жыццё. Цётка мая Хвядора называла яго жызняй душы. Успомніў во яе, паташную. Я многа чаго ўспомніў...

Сёння, калі слухаў Аляксандра Пятровіча... І раней... Я гэтыя тры месяцы, можа, тым і жыў, што ўсё ўспамінаў. Дзень і ноч успамінаў. За рулём. Чаго ўспамінаў? Я вам скажу — чаго. Я ўсё скажу! — ён як пагразіў некаму.— Я слухаў Аляксандра Пятровіча і думаў, зноў жа ўспамінаў... Вы знаеце каго я ўспамінаў? Бацьку свайго, Карнея Батрака... Пра яго я думаў... як ён жыў... тыя месяцы... пасля... як яны сям'ю нашу пагубілі... пастралялі... матку, сястру маю Аньку... І дзіцятка тое, якое не нарадзілася.— Іван як бы задыхнуўся і памаўчаў. Цяпер ужо ўсе, не зводзячы вачэй, глядзелі на яго і з залы, і з прэзідыума; Іван не бачыў усіх гэтых вачэй, але адчуваў іх усёй істотай сваёй, быццам агаліўся, здзёр з сябе скуру, і яму балела нават ад дотыку позіркаў.— Можа, я толькі цяпер зразумеў, як бацька жыў тыя месяцы... зіму тую і вясну... Тады я быў малы... восьмы год мне ішоў. У малых раны гояцца лягчэй. Хоць і я, помню, абіраю на партызанскай кухні бульбу, а потым успомню матку і зальюся слязьмі. Уцяку ў шалаш-кашошню, зіма была лютая, зашыюся ў сена пад конскія морды. Ім, коням, свой дзіцячы боль выплакваў. Бабы... партызанкі давалі мне паплакаць, а потым вялі ў сваю зямлянку, суцяшалі. Разумна жалелі сірату, каб не жаласціць лішне. А бацька... Бацька чорны хадзіў. Страшна кашляў усю тую зіму. Піў многа, але ніколі не п'янеў. Не на людзях, калі адны заставаліся, абнімаў мяне, прыціскаў, ажно балела мне, і адно шаптаў: «Сынок! Сынок!» Мала калі яшчэ што гаварыў. Адзін раз папрасіў: «Ты запомні іх, сынок, запомні». І назваў прозвішчы немцаў... каменданта раёна і камандзіра атрада... зондэркаманды і нашых паліцаяў... Бацька часта хадзіў на заданне. Калі хадзіў, а калі ездзіў на кані, у сядле. Тады... прыкмеціў я... ён і прыходзіў абняць мяне, калі на кані ехаў. Тады я не здагадваўся, а цяпер знаю... Сюды ён ездзіў, у Добрынку! На папялішча тое. Ці на магілу... Была магіла. Пахавалі людзі добрыя матку маю і сястру. Бабу ж Ульяну не спалілі, толькі застрэлілі. Старыя... самыя старыя добрынцы, нягледзячы, што карнікі стаялі яшчэ ў сяле, пахавалі забітых. Са свяшчэннікам Ігнатавым, ён з партызанамі быў звязаны. Мне цётка расказвала. Ды старыя яшчэ і помняць. Лукер'я, матка Качанкова... Вон Мар'я Каржова сядзіць... У адну дамавіну з бабай Ульянай сабралі людзі абгарэлыя костачкі...— Іван захлынуўся, змоўк.

У велікавокай Тамары Кашубы ўсё больш і больш акругляліся вочы. Яна колькі разоў пераводзіла позірк з Івана на Астаповіча. Але


Хведар Цімафеевіч сядзеў, паклаўшы рукі на стол і ўтаропіўшы позірк на вузлаватыя ад артрыту пальцы, і ні на міг не падняў галавы, не глянуў на сакратара райкома, на залу, на прамоўцу. Астаповіч, можа, першы зразумеў, што перажывае Іван Батрак і пра што ён хоча сказаць. Думаў ён раней пра магчымасць разных сітуацый у сувязі са зваротам былога паліцая, з начальнікам раённай міліцыі раіўся, але нават ён, праніклівы, уважлівы, не ведаў, што некага закрануў гэты зварот вось так...

АЯкаў Качанок, як добры радар, злавіў здзіўленне Кашубы і быў

увялікай разгубленасці: баяўся папроку, што ён дрэнна кіраваў сходам, і не меў рашучасці перапыніць Івана, калі той гаворыць вунь пра што. Чакаў, што гэта зробіць нехта іншы, з вышэйшага кіраўніцтва.

— Ездзіў бацька... На папялішча хаты. На могілкі. Бачыў яго на папялішчы сусед наш, патайны дзед Яўцех Крупяной. Расказваў...

Выйшаў, кажа, на досвітку, летам гэта ўжо было, на папялішчы бур'- ян парос, а там, у бур'яне, як стогне хто. Як стогне... Легенда хадзіла па сяле, што кожную ноч на папялішчы хаты нашай дзіця з'яўляецца... У белай сарочачцы да пят... Анька... сястрычка мая... мамку шукае...

Старэйшая сярод жанчын — даярка Мар'я Каржова, якая сядзела ў першым радзе, бо прыйшла са спазненнем, гучна ўсхліпнула.

Тады Качанок адважыўся, ціха пастукаў аловачкам і далікатна папрасіў:

— Іван Карнеевіч, можа, пагаворым аб справах...

Але зала калыхнулася, што бор ад парыву пераднавальнічнага ветру, і ў адзін голас гукнула абурана:

— Дай чалавеку сказаць!

— Што ты яму рот затыкаеш?

Качанок спалохаўся абурэння, ён добра ведаў стыхію сходу: перад галасаваннем не тузай, не пярэч, інакш схопіш лішнія шары. Тамара Фёдараўна разгубілася яшчэ больш: што ж ёй, раённаму ідэолагу, рабіць у такой вельмі нечаканай, незвычайнай сітуацыі? Такога і ў раманах не чытала, у фільмах не бачыла, не чула. Расказвае чалавек такое, што не перапыніш. Але чаму тут? Дзіўна паводзіць сябе Астаповіч, з яго вопытам і мудрасцю мог усё ж неяк адгукнуцца, рэплікі ён любіць кідаць, калі размова ідзе пра гаспадарчыя справы. Ды і Батрак гэты самым свядомым рабочым быў, з паўслова ўсё разумеў. Чула яна, што сям'ю яго фашысты знішчылі, але неяк не дайшла яшчэ да таго, каб пацікавіцца, як гэта адбылося. А ўрэшце, можа, так і трэба ўшаноўваць памяць тых, хто загінуў,— вось такім успамінам на партыйным сходзе. Але каб сход быў не справаздачны...