ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 21.08.2025

Просмотров: 2194

Скачиваний: 0

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

Гэтая Іванава пагардлівая, як падумаў пра яе Якаў Мацвеевіч, маўклівасць і гэтае, здалося яму, грэблівае разглядванне — быццам ён, Яша, ужо нішто і ніхто — і спалохалі яго, і збяптэжылі, і абурылі. «Падумаеш, шафёр, а глядзіш, як міністр! Скажы дзякуй, што мы табе за аварыю не запісалі... Няхай пройдуць выбары — я табе прыпомню».

Але цяпер мусіў гаварыць інакш:

Чаго ты набычыўся?

Нічога.

Паспрабаваў атакаваць у лоб:

Рашыў галасаваць проціў Качанка?

Болей у мяне клопату няма.

Выходзіць, і да выбараў абыякавы? Гэта ўжо зусім нешта незразумелае і сапраўды абразлівае: поўнае ігнараванне яго.

Якаў Мацвеевіч выказаў крыўду адкрыта, без пятляння:

Абараняеш, абараняеш вашы інтарэсы... такую вашу... нерваў не жалееш, а вы наравіце як бы ўкусіць...

Іван раптам сцяміў, чым жыве ў гэтыя хвіліны чалавек, што яго хвалюе, і, на міг забыўшыся на сваю душэўную буру, пашкадаваў сябра, не без іроніі, праўда, заспакоіў — сказаў нечакана для Качанка весела, добразычліва:

Не бойся, Яша, падтрымаем, Рабочы клас — апора надзейная. Забаўскі ў сваёй рабоце шукаў новыя формы. Не ўсё яму,

безумоўна, удавалася — не хапала вопыту партыйнай работы, ведання людзей і вытворчасці, хоць і быў ён сын калгасніка, у юнацтве рабіў на зямлі. Вялікая розніца ва ўзроўні яго роднага калгаса таго часу — пятнаццаць гадоў назад — і саўгаса «Добрынскі», гаспадаркі высокаразвітай у аграноміі і тэхніцы. А вось у сацыяльных дасягненнях, лічыў ён, у духоўным жыцці рабочых Добрынка ненамнога вышэй за яго роднае сяло. А якраз гэтыя праблемы хвалявалі Аляксандра Пятровіча. Ён пісаў дакументальную аповесць з увагай да духоўных працэсаў. Яму патрэбны быў пэўны эксперымент. Некаторыя яго навінкі, бясспрэчна, даўно закрылі б інструктары райкома, каб не аўтарытэт члена абкома Астаповіча, якому яўна падабалася работа Забаўскага: не лезе ў яго, дырэктарскія, функцыі, у работу галоўнага агранома, інжынера, а займаецца сваёй справай — ідэалогіяй, якую ён, няма сумнення, ведае лепш за іх. Але не ўсе трымаліся такой думкі, як Астаповіч, і ў райкоме, і ў саўгасе. Той жа Якаў Качанок лічыў, што Забаўскі сапраўды вынайшаў новую форму, як адгарадзіць сябе ад самай цяжкай работы — гаспадарчай. Больш таго, Якаў Мацвеевіч гатовы быў да абгрунтавання доказу, што пры такім


метадзе не доўга да прыніжэння ролі партарганізацыі ў галоўным — у вытворчасці хлеба і мяса. Але тэзіс гэты трымаў у запасе як самую надзейную зброю. Ім лёгка біць, гэтым тэзісам, у выпадку няўдачы, бо ідэалагічная работа не мае свайго вымярэння, яна ўзважваецца на тых жа вагах, мераецца тым жа аршынам, што сталь, нафта, тканіна, хлеб, мяса, тымі ж тонамі і метрамі. Што засталося ад тваёй работы ў чалавечых душах — таго не відаць, таго не выставіш, не пакажаш, нават у статзводцы не запішаш, бо няма такой графы, ды ніхто і не ўмее гэта запісваць, хіба пісьменнік здолеў бы паказаць, як змянілася псіхалогія людзей, але яму трэба гады працы і стос паперы.

Усправаздачных дакладах ёсць жалезная форма, адступаюць ад яе або людзі няўмелыя, навічкі, ды і то дзе-небудзь у невялічкай пярвічнай арганізацыі, або — калі вышэй — работнікі смелыя, з творчым размахам, такія «сякуць па вузлах», адмятаючы ўсё другараднае. А звычайна сакратары трымаюцца адной схемы: вытворчасць, лічбы і працэнты росту, спаборніцтва, хвала перадавікам, крытыка адстаючых, партработа, палітвучоба, работа камсамольскай, прафсаюзнай арганізацый, задачы.

УЗабаўскага даклад быў незвычайны, ва ўсялякім разе, мала падобны на тыя, якія тут чулі многа разоў.

Забаўскі не справаздачу рабіў — разважаў, нязвыкла, неафіцыйна, аб людзях, аб іх працы, узаемаадносінах, выхаванні дзяцей, аб культуры, побыце — што купляюць, чаму залішне п'юць... Нават пра могілкі сказаў: нядобра, што там жывёла ходзіць, дагледзець могілкі трэба, абгарадзіць, памагчы людзям помнікі паставіць, ушанаваць не толькі тых, хто загінуў на вайне, але і тых, хто шчыра працаваў у калгасе, у саўгасе і памёр сваёй смерцю. Адным словам, гаварыў пра жыццё. Ставіў пытанні. Ці ўсе ў саўгасе жывуць па-новаму? Ці разумеюць, што такое савецкі ўклад жыцця? Ці не выцясняе імкненне да большага дабрабыту духоўнасць? Ці не знікаюць лепшыя сялянскія традыцыі?

Натуральна, што слухалі яго з асаблівай увагай: упершыню на справаздачным сходзе такі даклад!

Сакратар райкома Тамара Фёдараўна Кашуба, нядаўні камсамольскі важак, вяла ідэалогію і сама з маладой настойлівасцю шукала новыя формы работы, горача заклікала да такіх пошукаў усіх іншых. Спачатку яна слухала Забаўскага з той жа цікавасцю, што і ўсе. Але потым пачала трывожыцца: ці не занадта па-новаму? Усё было б да месца, каб гэта быў звычайны сход, з адпаведным парадкам дня — ідэалагічным. А справаздачна-выбарны мае свае ўсталяваныя нормы, законы, якія наўрад ці варта парушаць. Будзе ёй наганяй ад першага.


Дарэмна яны спадзяваліся на Забаўскага, на яго адукаванасць, трэба было даклад пачытаць перад сходам, урэшце, гэта абавязак прадстаўніка райкома, які курыруе арганізацыю і адказвае за перавыбары.

Астаповіч з другога канца стала прэзідыума з хітрай прыжмуранасцю сачыў, як рэагуе Кашуба. Адзначыў, што Тамара пачынае коўзаць на крэсле. Пацешыўся з гэтага. Ён, бадай, адзін быў знаёмы з поўным тэкстам даклада, бо на бюро Забаўскі дакладваў тэзісна, каб сэканоміць час. Астаповіч, калі чытаў, таксама спачатку здзівіўся і насцярожыўся: вельмі ж нязвыкла. А потым вырашыў: калі ўжо ён мае славу добрага апекуна ўсіх новых пачынанняў у аграноміі, тэхніцы, арганізацыі працы, то чаму яму быць супраць новай формы партсходу, супраць даклада, які не падобны на іншыя? Усё гаворыцца па-партыйнаму — і пра могілкі, і пра п'янства, і пра сквапнасць некаторых, пра духоўнасць і бездухоўнасць. Ён, Астаповіч, нярэдка думаў пра гэта, але ніколі не выступаў вось так — каб усё аб'яднаць, спалучыць і праверыць усе колы, падшыпнікі, усе звёны складанай перадачы ад матэрыяльнага да духоўнага і наадварот. Ён дбаў, па сутнасці, пра адно: каб людзі сумленна працавалі і каб ім добра жылося. А выходзіць, што на ўсё можна — і трэба! — глянуць глыбей. Астаповіч радаваўся за сябе, што не старэе ён у думках, у поглядах, не ператвараецца ў замшэлага кансерватара, умее знайсці не толькі насенне і машыны, але і людзей.

Забаўскі — яго знаходка. Шмат хто сумняваўся: часовы, маўляў, работнік, гастралёр, шукальнік сюжэтаў. Няхай сабе часовы, думаў цяпер Хведар Цімафеевіч, такі часовы даражэй за пастаяннага, свежым вокам на ўсё глядзіць. Бач, як слухаюць людзі, рэдка якога дакладчыка слухалі з такой увагай!

Але і Астаповіч не бачыў, што адзін чалавек слухаў не проста зацікаўлена, а так, што ажно ліхаманіла яго. Іван Батрак.

У прэзідыум яго не выбралі. Ніхто з сяброў-механізатараў не назваў яго прозвішча. Ён быў удзячны ім за такую тактоўнасць: не хацелі хлопцы, каб які-небудзь нядобразычлівец, зайздроснік успомніў пра аварыю і зрабіў яму балюча. Але, бадай, сам ён не здагадваўся, што менавіта гэтае маўчанне іх і стала самым выразным напамінкам аб аварыі, аб тых, хто, без сумнення, стаў прычынай, хто пазбавіў яго душэўнай раўнавагі. Некалі, пасля першай сустрэчы з Шышкам у сельмагу, расказваючы Тасі аб трагедыі свайго маленства, ён запэўніваў яе, што раскажа пра гэта ўсім людзям, усяму сялу. Але пасля зразумеў, што расказваць не так проста. Не вылезеш жа на сходзе са сваім болем. Ды і сходу такога не было. Спрабаваў расказваць у часе перакураў на машынным двары, але ўбачыў, што некаторыя, мала-


дзейшыя, слухаюць без гневу, без абурэння, бадай раўнадушна, хоць і не без цікавасці,— яшчэ адзін эпізод далёкай вайны. Слухалі так, як глядзяць фільмы па тэлевізары. І ён амаль спалохаўся, што яго не разумеюць. Разгубіўся яшчэ і таму, што не ўмеў ён другім расказваць так, як Тасі, гаварыў коратка, суха, чамусьці змоўчаў, што маці была цяжарная, быццам перад ім былі дзеці, якім няёмка пра такое гаварыць, ці, наадварот, сам ён усё яшчэ малы, той дзетдомавец, і гэтак жа, як тады, нікому не можа сказаць, што маці мелася нарадзіць яму браціка ці сястрычку. Адразу пасля вайны яму здавалася, што лепш, каб людзі пра гэта не зналі. Здавалася, што, адкрыўшы такую тайну людзям, ён скажа пра маці нядобрае, зняславіць нябожчыцу. Можа, такое перадавалася ад цёткі Хвядоры, яна таксама нікому не расказвала, што братавая Алёна была цяжарная, толькі на адзіноце ў малітвах сваіх успамінала «нерадзіўшагася младзенца, убіеннага ірадамі».

Цяпер, сталы чалавек, сам бацька, ён разумеў, што пра дзіця тое, якое забілі ў чэраве маці, трэба расказаць усім, усяму свету. Хто страляў у маці, у Аньку? Немцы, Лапай. А можа, ён, Шышка? Пад печ страляў ён! У яго руках быў гарачы аўтамат. Іван пасля перажываў, што не здолеў расказаць людзям усю праўду, выпраўляў сваю памылку: дапаўняў свой расказ паведамленнем пра цяжарнасць маці, але зноў-такі неяк не так, як думаў, як трэба,— чамусьці гаварыў паасобна кожнаму з тых таварышаў па рабоце, каму найбольш давяраў, і не сказаў нікому з маладых. Між іншым, Карнею расказала Тася, а не ён. Думаў неаднойчы, каб пайсці ў школу і расказаць вучням старэйшых класаў, няхай панясуць па ўсіх навакольных вёсках. Аднак не адважыўся. Ці лёгка напрасіцца самому на выступленне ў школе, ды яшчэ дзеля таго, каб расказаць пра такое? Хіба проста так ён маўчаў трыццаць пяць гадоў? Аднак маўчаць цяпер — значыцца, думаць не пра і х, памяць пра каго павінна жыць не толькі ў яго, а пра сябе, пра свой спакой. Можа, раней ён меў права на такі спакой. Цяпер — не, не мае. Спакой яго парушаны, і невядома, калі вернецца, як яго можна вярнуць.

Іван дакараў сябе і шукаў выпадку ўсё ж расказаць неяк інакш, шырокай грамадзе. Расказаць так, каб не было Шышку апраўдання ад людзей! Каб загарэліся яны гневам. Каб маладым не здавалася наша вайна далёкай гісторыяй, накшталт Пунічных войнаў, каб яны адчулі, як доўга ў бацькоў не гояцца раны, як яны баляць, як блізка вораг, каб трэск матацыклаў і шум джазаў не аглушыў іх, не ачарсцвіў душы да таго, што яны стануць абыякавыя да чужой смерці, бяды.


Падумаў неяк у дарозе за рулём, каб выступіць на гэтым сходзе, але тут жа адмовіўся ад свайго намеру, бо ўспомніў, пра што звычайна гавораць на справаздачным сходзе: пра ўраджай, пра надоі і прыбаўленне жывёлы, пра эканамічную эфектыўнасць работы трактараў і аўтамабіляў, пра палітвучобу. Як жа сярод лічбаў уставіць такі расказ? Могуць перапыніць: не вечар успамінаў тут! А калі і дадуць давесці да паездкі з Шышкам, то каб хто-небудзь, хоць бы і адзін чалавек, не падумаў, што такім чынам ён хоча апраўдацца за аварыю — смерцю маткі, бацькі, сваім сіроцтвам.

Неразумення, няпоўнага нават разумення таго, чаму яму абавязкова трэба на людзях успомніць пра ўсё, Іван асабліва баяўся. Боязь рабіла яго насцярожана недаверлівым: заўсёды верыў таварышам сваім, а тут пачаў сумнявацца: а калі не зразумеюць?

І раптам — нешта незвычайнае. Сход незвычайны. Даклад. Забаўскі, коратка сказаўшы пра вынікі года, гаварыў пра тое, як людзі жывуць, чым яны жывуць. Пра духоўнасць. Што ў дабрабыту — халадзільнікаў, матацыклаў — ёсць іншы бок. Што не ўмеем выхоўваць моладзь на гісторыі роднага сяла, на жыцці людзей, якія ваявалі, якія загінулі, якія працавалі ў самы цяжкі час. Забываемся пра тых жанчын, што пасля вайны аралі на сабе і палучалі на працадзень па дзвесце грамаў. Некаторыя з іх, у каго не засталося сыноў ці выехалі яны ў горад, цяпер сена носяць на сабе, а мы глядзім і лічым, што так і трэба, што пры аўтаматычнай сістэме кіравання не да гэтых жанчын. Пашана да ветэранаў, да тых, каго няма ўжо, любоў да продкаў, да мінулага, да гісторыі і ёсць аснова той духоўнасці, якой не стае часам...

Некаторыя члены партыі былі здзіўлены: малады парторг, па сутнасці, б'е па Астаповічу; ён жа даказвае, што не ўсё ў праслаўленым саўгасе так добра, як пра тое колькі гадоў пішуць у газетах. Качанок кіпеў ад абурэння: расперазаўся парторг, наводзіць цень на светлы дзень. Кідаў позіркі на дырэктара: спыні! Але Астаповіч, унурыўшыся, маўчаў. Ніхто не ведаў, што ён не толькі свядома пайшоў на такую крытыку, але падкінуў Забаўскаму факты. Стары разважаў мудра: я працаваў, каб людзі смачна елі, прыгожа адзяваліся, цяпер нехта, разумнейшы за мяне, больш адукаваны, павінен папрацаваць, каб зрабіць людзей лепшымі, навучыць правілам высокага кодэкса новага ўкладу жыцця.

Іван, які справы саўгасныя прымаў блізка да сэрца, не думаў, што Забаўскі прыніжае іх, крытыкуе зробленае да яго. Не, Івану здавалася, што Забаўскі знарок гаворыць аднаму яму, адказвае на яго балючыя думкі, але тут жа яшчэ больш заблытвае іх. Забаўскі