ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2184
Скачиваний: 0
—А мне сумна без яе. Пагаварыць няма з кім... у двары.
—Пагаварыць з каровай? Ну і чудзіш, мама! Гэта ўжо, знаеш, як там у вас, у медыцыне? З паталогіі...
—Дзякую, зарабіла.
—Прабач, мамачка, але ж, далібог, гэта дзівацтва нейкае. Ты ж культурны чалавек.
—А карова, па-твойму, бескультур'е?
—Ды не лаві ты мяне на слове. Комплекс на шэсць тысяч галоў, які будуе Астаповіч,— во сучасная культура. Эканамічная. А не свая кароўка ў сваім двары.
—Нічога — свая бліжэй, малачко свяжэй,— падбівала падражніць дачку. Але падражніць лёгка Карнея, а Валю — не так проста, у яе практычнасць сталай жанчыны.
—А як жа з машынай? Ці ў тваёй панчосе хопіць і на машыну, і на пяць кароў? А на магнітафон для дачкі ў вас няма. Жмоты! Скупярдзяі!
Не на вуліцы гаварыць пра грошы.
—Нешта рана ты сёння.
—Віцька, парасёнак, зноў не з'явіўся. Сарваў рэпетыцыю. Ох дам я яму, ох дам! — ажно кулачком пастукала па рулі веласіпеда.— Во дзеля чаго мне трэба магнітафон. Каб не залежаць ад дурня.
Маці пасміхнулася, можа трохі нават зларадна. Віцька Каржоў, Валін аднакласнік, двойчы паступаў у кансерваторыю і двойчы зрэзаўся. У Добрынцы лічылі, што правальваецца ён з-за таго, што трохі заіка і вельмі саромеецца свайго заікання, маўчун вялікі. Вяскоўцы шкадавалі яго і любілі: добры хлопец, на баяне мастак і ў працы майстра — электрыкам у саўгасе робіць. У Валю закаханы са школы, і Валя камандавала ім, як хацела, бесцырымонна вадзіла за нос. Але нарэшце ў хлопца праявіўся гонар, і ён пачаў бунтаваць. Таісе Міхайлаўне гэта падабалася: мужчына павінен мець характар і ўмець яго паказаць. Пра Віцьку сур'ёзна раней не думала, бо не такога жаніха хацела для дачкі. Але ці мала яна чаго хацела! Напрыклад, вельмі хацела, каб Валя паступіла ў медыцынскі, стала ўрачом, гэта была яе ўласная колішняя мара, няхай жа, думала, яна ажыццявіцца хоць так
—у лёсе дачкі. Але Валя і слухаць не пажадала пра медыцыну. Дык калі яна ўжо выбрала сабе прафесію сельскага клубніка, то чым дрэнны быў бы ёй муж Віцька Каржоў? Іграў бы на баяне, а яна няхай бы танцавала. Таіса Міхайлаўна падумала пра гэта ўпершыню, спачатку з маленькай злараднасцю ў адплату за рэзкія Валіны словы, потым — як дакор сабе, што лёгка пагадзілася на культасветвучылішча і як занізіла Валін палёт, спусціла яе шчасце да свайго ўласнага. Але
тут жа зноў як спахапілася: «Дай бог табе, дачка, такога шчасця, як у мяне».
—Бацька заваліўся ў кульдзюм. Прэмію палучылі. Пусціць грошыкі на вецер — душа шырокая. Пайшла б ты, Валя, забрала яго, цябе ён паслухаецца.
Дзейная натура, Валя, бадай, узрадавалася, што знайшоўся цікавы занятак.
—О, гэта мы мігам! На велік,— уручыла маці веласіпед і ўподбег рушыла да шашы.
Таіса Міхайлаўна глядзела праграму «Час». Тут яны як бы памяняліся з Карнеем ролямі. Цяпер з большай цікавасцю глядзела і слухала яна, з меншай — сын. Любоў да лёгкіх фільмаў у яе дзіўна спалучалася з павышанай увагай да перадач сур'ёзных. «Відавочнае і неверагоднае» — самая любімая яе праграма. А яшчэ — «Клуб кінападарожжаў» і «У свеце жывёл».
Навіны яна слухала з асаблівай увагай.
Іван жартаваў: «Тася, давай палітінфармацыю. Дзе там што на зямлі патрэсла?» А яшчэ ён неаднойчы казаў: «Не мой партрэт трэба вешаць на Дошку гонару — твой: ты нас корміш і прасвячаеш».
Газеты ў жыцці сваім яна чытала не надта акуратна, хоць, як і ўсе інтэлігенты вясковыя, лічылася агітатарам. А вось тэлевізійныя навіны не прапускае, асабліва цяпер, калі не стала каровы і ўвечары
—ніякай працы ў доме. Спалучэнне слова і вобраза рабіла на жанчыну магічнае ўражанне; з незвычайнай цікавасцю, быццам бачыць упершыню, адкрывае невядомае, глядзела яна, як працуюць камбайны, хоць удзень бачыла ў натуры працу мужа і сына на такім жа камбайне; як льецца сталь — у каляровым тэлевізары гэта яркае відовішча; як дояць кароў, як верталёты перавозяць нафтавыя вышкі, як сустракаюць і прымаюць высокіх гасцей. А кадры міжнароднай хронікі пра забойствы людзей у Ліване, у Ірландыі, у Паўднёвай Афрыцы хвалявалі Таісу Міхайлаўну, як ніводзін фільм, ніводзін спектакль: там зроблена знарок, каб заняць людзей, даць адпачынак, а тут — само жыццё. «З-за чаго людзі рэжуць адзін аднаго? З-за рэлігіі, з-за колеру скуры. Няўжо гэта мы, чалавекі, такія дзікія яшчэ?»
Валя, вялікі палітык, даводзіла, што рэлігія — шырма, сутнасць
—глыбей, у сацыяльным становішчы.
«Але ж дзеляцца па рэлігіі».
Іван глядзеў пра вайну, пра забойствы з панурай маўклівасцю, якая заўсёды трывожыла Таісу Міхайлаўну — ведала яго боль, рэдка і скупа гаварыў ён пра сваё мінулае, але яна адчувала, што душэўная рана як адкрытая дагэтуль, і ашчаджала, каб ніхто не крануў гэтай
раны. Пра ваеннае Іван гаварыў зрэдку з Карнеем: яму служыць, быць салдатам. Па-мужчынску, нібыта спакойна, разважліва, абмяркоўвалі зброю і сілу розных дзяржаў — Кітая, Амерыкі... У яе, маці, ад гэтых іх размоў кожны раз ледзянела ўсяродку.
Карней сумаваў, пакуль ішоў «Час». Паглядзеў у газеце яшчэ раз праграму перадач, пагартаў часопіс, завёў будзільнік, хоць маці прасіла не заводзіць, казала, што не любіць, калі ён звоніць над вухам, але Карней ведаў: шкадуе, што будзіць Валю; паненка гэтая да дзвюх ночы абцасы збівае, а пасля да паўдня спіць. «Дваранскае жыццё вядзеш»,— кідаў ён сястры. А тая ў сваю чаргу кпіла з іх з бацькам і адначасова з маці: «Батракі з'ядналіся. Трымайся, шляхта!»
Карней высунуўся ў адчыненае акно — паслухаць, як пачынае жыць вячэрняя вуліца. Можа, дзе сябрукі адгукнуцца, да якіх яго цягнула і якіх ён трохі баяўся. Пасля дзевятага класа многія з іх як бы забыліся на тэхніку, на космас, на спорт і ўсю сваю ўвагу пераключылі на адно — на дзяўчат, увечары іншай размовы ў іх няма, як пра каханне, пра дзяўчат. Але каб прыгожа хоць гаварылі, а то некаторыя пахабнічаюць. Ён спрабаваў сароміць сяброў — з яго смяяліся. Але і са старым зубаскалам Шчэрбам быць з дня ў дзень абрыдла. Хацелася да сваіх, свае юнацкія навіны паслухаць.
Вуліца ажывала. Ды над усімі іншымі гукамі ўзвышаўся адзін — вясёлы спеў ля шашы.
Карней услухаўся і хмыкнуў зняважліва, сказаў маці, як папра-
кнуў:
— Паслухай, які канцэрт твае любімчыкі завялі. На смех людзям. Таіса Міхайлаўна адарвалася ад тэлевізара, высунулася ў акно
побач з сынам.
Над сялом, у зорнае неба, узлятала песня: И не могут сбить меня с дороги Ни туман, ни ветер штормовой.
Песню вялі барытон і маладое лірычнае сапрана. Дачка перад тэлевізарам навучыла ўсіх іх вызначаць галасы і зрабіла вывад, што ўся іх сям'я музыкальная, нават Карней, які «спяваў толькі ў калысцы».
Спявалі Іван і Валя.
Высока і душэўна канчалі песню, якую любіў Іван, паўторам заключных радкоў:
Потому, наверно, отовсюду Птицы возвращаются домой.
Не, не спалохала Таісу Міхайлаўну, што муж і дачка смяшаць людзей. Наадварот, хораша зрабілася да замілавання, да радасных
слёз, што Валя вядзе бацьку дадому І яны так па-мірнаму, па-добраму зладжана спяваюць. А людзі... ніхто не пасмяецца, бо няма з чаго, людзі зайздросцяць, што дачка ў яе такая пявуння, танцорка, адным словам, талент, і муж — першы працаўнік у саўгасе, выпівае рэдка, а калі і вып'е, то нікому слова дрэннага не скажа, ні з кім не пасварыцца, толькі смяецца ды спяваць яму хочацца вось так.
Песня сціхла. Набліжаліся галасы дачкі і мужа. Валін смех. Слоў Таіса Міхайлаўна не разбірала — іх заглушалі машыны, што ішлі па шашы, але здагадалася, што бацька і дачка абмяркоўваюць, якую песню яшчэ заспяваць.
Зацягнуў Іван сваю любімую — старую ўкраінскую: Ой, на горы та жанцы жнуць...
Высока ўзяў. Валя засмяялася, перапыніла яго, праспявала першую фразу адна. Іван паслухмяна паўтарыў. І вось зноў зладжана паліліся іх галасы, несучы карціну далёкага мінулага:
А пад-під гарою Ярам-далыною Казакы йдуць...
Насупраць адчынілася акно, высунулася ў яркім святле суседка
— настаўніца Кусянкова. Таіса Міхайлаўна падумала што не адно акно ў гэты міг адчынілася, шмат хто, пачуўшы яе спевакоў, адарваўся ад вячэры, ад хатняй працы, ад тэлевізараў.
—Вашы, Міхайлаўна?
—Мае,— адказала з гордасцю.
—Весела вам. А мае вунь Лазара заводзяць. Чуеце? — у доме плакалі малыя; занадта ж плаксівыя ў Кусянковай дзеці, ад таго, мабыць, што бацькі нервовыя, часта сварацца. Таісе Міхайлаўне шкада Алену Сяргееўну, памагае ёй — няньчыць «унукаў», прымала ж іх пры родах; між іншым, «унукаў» такіх у Добрынцы і навакольных сёлах у яе больш за трыста, не дзіва — за дваццаць два гады акушэрства!
—Нічога, вырастуць вашы — павесялее ў хаце, павесялееце і вы.
—Калі тое будзе,— уздыхнула Кусянкова.
«Во дурная, па чым уздыхае — па старасці, цяпер бы радавалася
— трыццаці маладзіцы няма яшчэ»,— падумала Таіса Міхайлаўна. Іван змоўк. Можа, таму, што ўгледзеў яе ў акне ці Кусянкову?
Але тады пачала новую песню Валя — весела, гулліва, здавалася, спявала і прытанцоўвала, яна і так магла — не саромеецца выкаблучваць, як кажа Карней, у любым месцы,
Как зажгутся звездочки, В вышине засветятся, Так мы под рябиною
Под знакомой встретимся.
Ужо перад акном, у святле, з фізіяноміяй, якая ззяла, што месячык, па-змоўшчыцку падміргнуўшы маці, Валя вывела;
Знай, рябина красная, Знай, рябина спелая. Все подружки смелые, Только я несмелая.
—Oгa, нясмелая ты,— не вытрымаў — буркнуў, як стары, прастак Карней.
—Я ў любві нясмелая, Карней-дуралей! — крыкнула ў акно Валя са смехам.
Іван недзе ў сенцах жартаўліва загрымеў арыю з «Запарожца за Дунаем»:
Ая турак — не казак...
—Туркі так не п'юць, ім рэлігія забараняе,— сказаў пазбаўлены гумару дагматык Карней.
Таісе Міхайлаўне зрабілася да няможнага весела, рагатаць хацелася, як малой, але з натугай стрымлівалася — з-за сына.
У зале Іван адставіў нагу, гопнуўшы ў падлогу, адцягнуў крысо свайго зашмальцаванага рабочага пінжачка, заспяваў басам:
Пілы гарілку, пілы й налівку, Шчэ й мэд будэм піты,
А хто з нас, братцы, будэ смеятыся, Таго будэм біты!
— А ну, жы-н-ка! Стаў га-ры-лку! І наліўку!
Валя за спіной у бацькі, у дзвярах, падтрымала іншай песняй: Прадамо валоў мы сорак, Яшчэ вып'ем і ў аўторак.
—Добра і так наліліся,— зноў-такі без усмешкі, асуджальна кінуў Карней.
—Сын! Бацьку не крытыкаваць!
—А сам усіх крытыкуеш.
—Не ўсіх. Маму тваю не крытыкую.
—Бо баішся.
—Дурань! Не баюся — люблю,— падышоў, абняў жонку, пацалаваў у шчаку.— Лепшай мамы, чым наша, у цэлым свеце няма.
Таісу Міхайлаўну гэтая нечаканая пахвала п'янаватага мужа кранула, як даўно не краналі самыя ласкавыя словы, якія Іван казаў ёй адзін на адзін цвярозы. Узрадавалася яна і засаромелася дзяцей, загарэлася, што нявеста.
—А ўсіх іншых — правільна! — крытыкую! — заявіў з п'янай зухаватасцю Іван, аднак і тут застаўся сумленным перад дзецьмі — прызнаўся: — Не, яшчэ аднаго чалавека не крытыкую. Астаповіча.
—Бо таксама баішся.
—Не баюся — паважаю, гэта мужык што трэба, я табе скажу. Шкада, што старэе.
Таіса Міхайлаўна ўзрадавалася ўжо іншаму: што ў размове ні дзеці, ні муж не прыкмецілі яе збянтэжанасці, і дала волю таму свайму смеху, за які, ведала, усім была сімпатычная: прыгажэе яна ад такога смеху — вочы цяплеюць, носік смешна курносіцца, залаты зуб прывабна бліскае...
—Дык я накрыю на стол, Іваначка.
—А як жа! Усё стаў на стол. Яшчэ дзяды нашы на дажынках
гулялі.
—А якія ў вас дажынкі? — зноў скептычна хмыкнуў Карней.— Што вы дажалі?
—Дажнём, сын! Заўтра з табой дзесяць гектараў скосім. К абеду
ірукі памыем.
—За такія «дажынкі» ў «Вожык» трэба,— ніяк не мог супакоіцца хлапчына, узрушаны недарэчнымі Шчэрбавымі жартамі і тым ашуканствам, якім заняўся Качанок і з якім згадзіліся камбайнеры, у тым ліку чамусьці і бацька яго. Незразумелыя яны людзі, старыя, часта паводзінамі сваімі пярэчаць самі сабе, сваім прынцыпам, як бацька сёння. Ды яшчэ і разгуляўся. З якой радасці?
—Ну і зануда ты, дарагі мой брат,— сказала Валя, пераключаючы праграму тэлевізара — шукае больш вясёлую перадачу: гутарка лысых дзядзькоў аб гандлі садавінай і гароднінай — не для яе святочнага настрою.— Як цябе Нюрка будзе цярпець такога? Яна ж вясёлая дзяўчына.
—Ага ж, трэба мне твая Нюрка! — Карней адразу нахмурыўся, натапырыўся, як вожык, перайшоў да абароны.
Таіса Міхайлаўна заслала на стол чысцюткі абрус, тут, у зале, «у музеі», увішна расстаўляла талеркі, келіхі і ціха смяялася. Яе хораша цешылі і мужава весялосць, і Карнеева праведнасць, і Валіна бяскрыўдная лёгкасць, з якой яна шпіляла брата.
—Мама, тата, як вы яго жэніце, такога нелюдзіма? Во будзеце мець клопату!
—У цябе толькі жаніцьба ў галаве.
—У мяне не жаніцьба, даражэнькі мой, у мяне — замужжа. Але са мной не будзе клопату.