ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2225
Скачиваний: 0
—Навошта, Тася? Навошта мой мозг глушыць таблеткамі? Яму трэба быць гарачым. І светлым. Мы не пойдзем да Каржова?
—Не пойдзем.
—А можа, пойдзем? Я расказаў бы там... Усяму застоллю...
—Не трэба, Ваня. У людзей свята. Вярнуўся сын.
—Так, так. Твая праўда. Гэта свята, калі вяртаецца сын! Якое шчасце, калі ёсць сын, калі ён з табой. Я адчуў сёння, калі мы сядзелі тут з Карнеем, глядзелі тэлевізар. Ты прыйшла з кухні, і рукі ў цябе пахлі булкамі. Наш сын побач з намі, і рукі... твае рукі... пахнуць булкамі. Я падумаў: так пахне шчасце. А чым пахне гора? Сырой зямлёй? Не. Я столькі араў яе, зямлю. Яна таксама пахне шчасцем. Згарэлым порахам? Калі ён страляў з аўтамата пад печ, як там пагана
істрашна смярдзела порахам, я чуць не задыхнуўся, не закашляўся. Порахам пахне смерць. Але калі я страляў з кулямёта, гільзы, якія выляталі з магазіна, пахлі тады для мяне шчасцем.
Нянавісць наша... яна нараджалася па-рознаму. У аднаго яна спела доўга і роўна, што той яблык, у другіх з'яўлялася ў адзін міг, сляпая, страшная. Было, што, такая, яна спальвала самога чалавека. Пакуль я не знаў, што бацька ў партызанах, не скажу, што я ненавідзеў паліцаяў, да немцаў больш, можа, было дзіцячай цікавасці — якія яны, што ў іх? З таго, як лаяў іх дзед Качанок, мы з Яшкам часцей смяяліся, чым загараліся гневам; канечне, дзедава нянавісць патроху перадавалася і нам... Усё перамянілася, калі я ўбачыў бацьку. Тут, знаеш, адразу ў дзіцячай душы, у мазгу маім была прарыта глыбокая мяжа. Калі я лічыў, што бацька ў войску, на фронце — гэта было адно, туды найшлі многія, і ніводная сям'я не ўтойвала, дзе іх бацька. Небяспека, якая пагражала бацьку на фронце, уяўлялася мне цьмяна. І раптам — бацька тут, у нашым сяле, партызан. Я адразу сцяміў, якія страшныя ворагі для бацькі Лапай, Шышка, усе тыя, што сядзяць у нашай школе, у раёне.
Я дрыжаў за бочкай ад страху, пакуль Шышка стаяў у цёмных сенцах. Чаго ён чакаў? Можа, слухаў, ці няма каго на гарышчы? Але не толькі ад страху я дрыжаў — ад нянавісці, ад жадання забіць яго. Гэта страшна, Тася, калі хочацца забіць. Даросламу страшна падумаць... А калі такая нянавісць у малога!.. Ета, можа, самае вялікае шчасце, што нашы дзеці нічога такога не перажылі. Я не хачу, каб яны пазналі нянавісць. Я думаў пра ета, калі стаяў у сельмагу, хадзіў па лесе. Ты знаеш, я, відаць, зноў бы апынуўся ў Падказіным. Сіла якаясь цягне туды. Ды знаеш, што мяне спыніла? Леснікова хата, тая, дзе жыў Шмыга. У ёй даўно ніхто не жыве — не хочуць цяпер жыць у лесе... Без электрыкі, без тэлевізара, дзецям далёка ў школу... Я колькі
праязджаў міма — нічога ніколі не думаў. А тут убачыў забітыя аполкамі вокны і дзверы... як красты... І ажно ў сэрца ўдарылі. Усё роўна як тыя красты загарадзілі мне дарогу туды, у вайну... І мне вельмі захацелася дадому. Да цябе. І да дзяцей. Штоб расказаць ім... Яны павінны знаць. Праўда?
—Праўда. Яны павінны знаць.
—Але, можа, добра, што Карней пайшоў, што ты адна. Можа, мне трэба праверыць самога сябе. Перажыць зноў усё і паглядзець, што ж там, у маёй памяці засталося. Што не стлела. Калі чалавек робіцца шчаслівы, ён забывае пра гора.
—Цяпер я знаю: ты не забыўся.
—Не, я таксама забываўся. Але, можа, так і добра. З такой памяццю страшна жыць, Тася. А мне хацелася жыць, як жывуць людзі. Я люблю працаваць, люблю пагуляць. Мой бацька быў такі — танцор, пявун, балалайка ў яго руках як не гаварыла чалавечым голасам. Валька ў дзеда пайшла. Але, знаеш, чаго я баюся? Ці зразумее Валя? За Карнея не баюся. Валя хмыкае, калі ёй пачынаеш гаварыць, як мы жылі, што перажылі... Для яе мы старамодныя.
—Не бойся. У Валі чулая душа.
—Толькі мала сарамлівасці. Пра ўсё яна можа гаварыць, як
старая.
—Цяпер маладыя — усе такія.
—Карней не такі. Я ўспомніў, як мне было сорамна, што я пачуў матчыны словы, якія яна казала Шышку. Знаў, што яна нарошна пра другіх мужчын, штоб даказаць, што бацькі няма паблізу, што не вяртаўся ён, як пайшоў на фронт. Але ўсё роўна было сорамна. Не хацелася, каб матка ўзнала, што я чуў яе словы. Доўга я сядзеў у куточку за бочкай са сваім страхам і са сваёй нянавісцю да Шышкі. Не асмельваўся ўвайсці ў хату, бо матка магла пачуць, што дзверы з сенцаў на двор не рыпнулі, і здагадацца, што я быў у сенцах і чуў, як яны гаварылі. І на вуліцу не выходзіў — матка магла сядзець ля акна на двор і ўбачыць, што я выйшаў з сенцаў. Не помню, як я выбраўся. Здаецца, матка выйшла і не ўбачыла мяне, пайшла да суседзяў. Помню, што калі вылез з-за той бочкі, то на вуліцу да людзей не пайшоў, ні то я баяўся іх, ні то саромеўся, праз гарод пайшоў у поле... Дзе цяпер сасняк, тады поле было, Кузьмовай гарой звалася. Там некалі стаяў вятрак, але ў вайну ад яго мала што засталося, адзін шкілет, старыя пачарнелыя бэлькі, шалёўку ўсю абадралі... Ды дзецям гэта было месца гулянак. Усярэдзіне ляжалі жорны, а кругом ветрака — валуны. Добрыя схованкі. І на бэлькі ўзлезці, ажно туды, дзе яшчэ можна было павярнуць драўляны вал з рамай крылляў,— было храб-
расцю. Маткі ганялі за гэта, баяліся, што каторы з нас разаб'ецца. Каб у той дзень там былі дзеці, я, канечне, не пайшоў бы туды. Але дзень быў халодны — восень! — і нікога не было. Я доўга прасядзеў там адзін. Мучыла мяне адчуванне якойся віны. Чаго, за што — сцяміць не мог. Можа, там я пачуў адзіноту, тую, якой пасля ўсё жыццё баяўся. Тую адзіноту, калі нікому не можаш сказаць, што ў цябе на душы. У мяне была тайна — бацька, пра яе ніхто не знаў, акрамя маткі, і мы маглі пашаптацца з ёй... Мы шапталіся пасля сустрэчы з бацькам, кожны вечар, калі Анька засынала ўжо, я пытаўся штонебудзь такое пошапкі, з апаскай пазіраючы на вокны: «Мам, а дзе яны спяць?» — «Хто, Іванька?» — «Партызаны»,— «Спі, дурненькі. Не думай. У зямлянках спяць». У другі вечар: «Мам, а дзе яны патроны бяруць?» Больш матка не пытала — хто. «З арапланаў ім скідаюць».— «Ух ты!» У якую сілу вырасталі ў маіх вачах партызаны, калі патроны ім возяць на самалётах! Так, не называючы бацькі, але разумеючы адно аднаго, мы з маткай успаміналі яго кожны вечар. І бачыў я, што яна ажно харашэла ад гэтых напамінкаў, але часам і палохалася і зноў папярэджвала: «Іваначка, ты ж нікому...» — «Што я, маленькі, мама?» І вось выходзіць, што нашу з ёй тайну знаюць паліцаі. За бацьку я не спалохаўся: кароткія ў іх рукі дастаць яго, няхай паспрабуюць. Але як мне цяпер гаварыць з маткай? Нельга ж выдаць, што я чуў, як яна гаварыла з Шышкам.
Доўга я сядзеў у тым ветраку, на абед не прыйшоў. Матка спалохалася, пачала шукаць, дзе я. Знайшла там. Узрадавалася. Але я не глядзеў ёй у вочы, саромеўся, здавалася, як гляну — так яна адразу пра ўсё здагадаецца. Як тады, калі Шышка завёў мяне ў школу. Я толькі апусціў вочы на яе жывот, а яна тут жа здагадалася, пра што паліцаі пыталіся. Бацьку сказала... Яна вяла мяне за руку, я ішоў, панурыўшыся, у зямлю глядзеў. Матка затрывожылася: «Што ты натварыў, што ў вочы баішся глянуць?» — «Нічога».— «Не, па табе бачу, што натварыў. Што? Іванька, скажы!» А што я мог сказаць? Я ад сораму згараў. Каб яна не казала пра чужых мужчын! Матка прасіла: «Іваначка, не дуры хоць ты. На маю няшчасную галаву і без тваіх фокусаў хапае ўсяго».
У той вечар яна адаслала мяне начаваць да бабулі і цёткі Хвядоры. Я там начаваў колькі начэй. А потым упёрся: не пайду. Хвядора вучыла мяне маліцца, і я ваяваў з ёй. Каб я маліўся! Яна не знае, дзе мой бацька, думаў я. Бацька партызан, няйначай — камандзір партызанскі, а я буду маліцца ёй!
Баба ў нас была вясёлая, разумная, яна смяялася з нашай «вайны». Я і цяпер не знаю, адкуль у цёткі Хвядоры такая набожнасць. Ад калецтва, ці што?
Калі прыйшлі немцы, Хвядора вазіла мяне ў Гарнастаі, каб перахрысціць: я быў няхрышчаны — бацька, уступіўшы у партыю, не дазволіў хрысціць свайго першынца. Аньку не вазілі, яе перахрысцілі маленькую, тайна ад бацькі, калі той на нейкія курсы ездзіў. Хрышчэнню я не супраціўляўся, бо ў той першы ваенны год быў яшчэ малы, дурны — абы паехаць куды. Помню папа: вясёлы, з чорнай, што ў цыгана, барадой, пасля ў Добрынцы казалі, што немцы арыштавалі таго гарнастаеўскага папа за сувязь з партызанамі. Я дрыгнуў нагой, калі ён памазаў мне пятку. Поп смяяўся. Хвядоры поп не падабаўся: маўляў, несур'ёзны і не па канону хрысціць...
Матка з маёй настойлівасцю згадзілася лёгка: не хачу хадзіць нанач да бабы — не трэба. Сказала, што са мной весялей, усё-такі ў хаце мужчына. А калі ўвечары Анька заснула, ціха сказала: «Іванька, я пакажу табе штосечкі». І пачала завешваць вокны раднамі і посцілкамі. Я згараў ад нецярплівасці: што яна можа паказаць? Можа, бацька нешта перадаў?
Перад вайной мы гадавалі трусоў, тады многія гадавалі, модна было, як цяпер у Добрынцы індыкоў. Адну нейкую зіму ці восень трусы жылі пад печчу. І пад фундаментам печы прарылі нару ў падполле ў сенцы. Помню, як тады здзіўляліся мужчыны: трусы сталі што барсукі.
Матка ўспомніла пра гэтую трусіную нару. Пакуль я начаваў у бабулі, яна вырыла пад печчу яму, прыкрыла яе старой дошкай, а з ямы па той трусінай нары, расшырыўшы яе, зрабіла ход туды ж, у падполле сенцаў, шырокі ход — каб чалавек пралез.
Матка запаліла свечку, дала яе мне і сказала: «Лезь, не бойся, я палезу за табой». Я не баяўся. Я і адзін мог бы палезці. Але матка, цяжка дыхаючы, нібы несла нас з Анькай на плячах, вылезла ў падполле следам за мной. Там, пад сенцамі, прашаптала: «Патушы свечку».
Пад сенцы забіраліся куры, там было нямала памёту і пагана смярдзела курамі, мышамі, струхлелым дзеравам. Мы прапаўзлі да задняй сцяны сенцаў, матка адсунула чурбак, гэтага лаза раней не было, і мы вылезлі пад паветку, дзе складалі дровы, паміж шуркамі наколатых дроў.
Мне вельмі падабалася такая схованка. Якая гульня, думаў я, каб хлопцам паказаць! Ні ў каго такога лаза няма.
Але, калі ўвайшлі ў хату, матка, усё яшчэ цяжка дыхаючы і дрыжучы, прытуліла мяне да сябе і сказала: «Іваначка, навучыш
Аньку лазіць. Каб яна не баялася. І калі што... Калі яны прыйдуць калі-небудзь уначы... Немцы, паліцаі... Я вас разбуджу... Пакуль яны будуць стукаць, схаваецеся там, пад сенцамі. А калі яны пойдуць і я вас не пазаву, вылезьце пад паветкай... Да бабы не хадзіце. Чуеш ты? Не трэба туды ісці. У Скіток ідзі... да цёткі Аўдоцці». Быў за рэчкай, за Шумілінскім лесам, пасёлачак невялічкі — хат на дзесяць...
—Я помню. Яго пры мне ўжо знеслі.
—Праўда... Я забыўся, калі што знеслі. Там, у Скітку, жыла матчына сястра... Ды ты помніш Аўдоццю, яна пры табе памерла. Яна старэйшая была за матку. У яе не вярнуліся з вайны муж і два сыны. Пасля вайны ў яе было нядобра з галавой.
—Яна сядзела на прызбе і чакала сыноў.
—Я жалеў яе. Але хадзіў да яе рэдка. Яна ўзнавала мяне і пыталася, як жыве Алёна, і наракала, што да яе не прыходзіць, забылася на сястру, і хлопчыка свайго маленькага не пакажа, матка, відна, сказала ёй, што чакае дзіця, і гэта засталося ў памяці. А смерць сястры чамусьці правалілася. Яна чакала сыноў і чакала сястру. Я баяўся, калі яна пачынала гаварыць пра матку, як пра жывую. Да яе хадзіла цётка Хвядора. Хвядора казала, што з ёй яна ўсё ўспамінала...
«Светлы ангел да яе прылятае»,— гаварыла Хвядора.
Пасля тых матчыных слоў мне стала страшна. Успомнілася Шышкава пагроза, як ён сказаў, каб матка перадала бацьку, што калі яму дарагія дзеці... І я здагадаўся, што матка такім чынам хоча нас ратаваць. Але самае страшнае, можа, было ў тым, што я... як табе сказаць... з нейкай халоднай мужчынскай разважлівасцю не паверыў
утакую схованку. Яна здалася мне больш прыгоднай для нашых дзіцячых гульняў, чым для таго, каб схавацца ад Шышкі, ад Лапая. Штоб не з Анькай — дзела другое. Адзін я схаваўся б... Але Анька...
Матка наказала, каб я навучыў Аньку не толькі лазіць, але і настрашыў яе так, штоб яна слова нікому не пікнула. Не верыў я ў гэта: дзіця ж зусім, пяты гадок.
З таго дня ночы для мяне сталі трывожныя, поўныя страшных сноў. Матка сама казала, што я вельмі неспакойна стаў спаць. Тады, помню, я сказаў ёй: «Мамачка, хадзем да бацькі ў партызаны». Яна спалохалася такой маёй прапановы. «Што ты пляцеш, дурненькі! Каму мы там трэба такія?» Якія такія — я сцяміў: з дзіцяткам грудным, якое мусіць з'явіцца на свет, ды і Анька яшчэ малая. Праўда, хто такіх возьме ў партызаны? Пасля, у сорак трэцім, у брыгадзе быў сямейны лагер, у яго пасля смерці бацькі адаслалі і мяне, але я вярнуўся назад,
убаявы атрад, і да самага вызвалення быў пры камандзіры і камісары.