ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2205
Скачиваний: 0
Анька ўдзень лёгка згадзілася лезці следам за мной у падпечча і ў нару, пад сенцы, ёй падабалася такая гульня. Я нагаварыў ёй розных казак наконт гэтага падкопу, што, маўляў, яго пракапаў зайчык і што пра гэта нікому — ні дзецям суседскім, ні бабулі — няможна казаць. І штоб матка не знала. Тады зайчык наробіць многа другіх схованак, а калі расказаць, то ён рассердзіцца і перабярэцца да Манькі Цімашковай; падружка ў яе была, суседка.
Матка ўсцешылася, што Анька так лёгка лазіць у падпечча і па нары — у падполле і ў дрывотню. Можа, матка супакоіла сябе хітрай схованкай. Мне ж яна не здавалася хітрай і надзейнай. А можа, па другой прычыне матка як і забылася на яе, ды і мы з Анькай забыліся, добра ў тое падполле, дзе смярдзела, злазіць раз-два, а пасля — чаго туды лазіць, хапала ў нас іншых забаў. Матка, здавалася мне, ажно павесялела, быдта знайшла паратунак ці абарону ад тых Шышкавых пагроз. Я падумаў: ці не прыходзіць на ноч бацька, і колькі начэй стараўся не засынаць, штоб падсцерагчы. Ад думак, што бацька можа быць з намі, у хаце, было і радасна, і страшна. Успаміналіся Шышкавы словы, што паліцаі пільнуюць, ці не ходзіць ён дадому, і што каб хадзіў, то даўно злапалі б. Слова якое выдумалі, у нас так не гаварылі, мабыць, той, чужак, прынёс яго, слова гэтае, таму і мянушку яму далі Лапай. Радасна было мне ад таго, што думалася: не баіцца іх бацька, смелы ён, дужы, як багатыр з казкі, і не адзін ходзіць, з атрадам: бацька ў хаце, а ля хаты партызаны стаяць, і паліцаі баяцца іх, дрыжаць у сваёй школе, як цюцікі.
Па маім дзіцячым уяўленні, доўга было ціха, ніхто нас не чапаў, і бацька, канечне, не прыходзіў. Можа, мне так здавалася, таму што была восень, поле ўсё ўбралі і гарод, дажджы ішлі і час цягнуўся нудна. Рана мароз прыціснуў, дзеці коўзаліся ў «стараку». Памерзлі апенькі, і ў лес хадзілі толькі па дровы. У нас не было свайго каня, стараста прымацаваў нам каня старога Кульгі. Скупы быў стары, як і сын яго цяпер, сварлівы, прыдзіраўся: не так запрэглі, холку каню намулялі, супоню падмянілі, атосу згубілі... Матка не любіла прасіць у яго каня, і мы насілі дровы на сабе, вязанкамі, матка, я і цётка Хвядора. Я лічыў сябе мужчынам, і мне хацелася накласці ў вязанку болей, ды матка не давала, а цётка ёй не давала насіць вялікія вязанкі. Я знаў — чаму. Я ўсё знаў... Цяпер часта гавораць па тэлевізары, па радыё аб гэтай... як яе?
—Акселерацыі.
—Ты, як Валька, усе мудрыя словы помніш. А я слухаю і часта думаю: не тое гэта, ніякая гэта не акселерацыя. Канечне, калі глядзець кожны дзень тэлевізар, кіно, за каровамі хадзіць з транзіс-
тарам, то само сабой... дзеці будуць знаць тое, чаго мы не зналі не толькі ў іх узросце, а можа, і тады, калі на вячоркі ўжо хадзілі. Але мы зналі другое. Я табе скажу, што мы ўзнавалі ў вайну... пра самую вайну, пра людзей і пра ўсё кругом, пра жывёлу, напрыклад... як яна целіцца, коціцца, як што ў прыродзе нараджаецца... як я ўсё гэта знаў у свае сем гадоў, то цяпер таго і сямікласнікі не знаюць...
гарадскія, то ручаюся, што не знаюць.
Успомніў я пра сваю вучобу і ўспомніў яшчэ адно, што паказвае нашу матку. Яна вучыла мяне па вечарах. І з буквара таго, па якім вучыла, яна не выдрала партрэты Леніна і Сталіна. У суседзяў, у каго засталіся даваенныя кнігі, усё наша савецкае было павыдзірана. Матка, канечне, хавала буквар за абразы і наказвала, каб я ўдзень не браў яго. Знаеш, гэтых тайных вячэрніх урокаў я чакаў, як свята, бо матка прызналася, што гэта бацька ёй наказаў, каб яна вучыла мяне. Мне здавалася, што ўжо тым, што я разглядаю Сталіна і Варашылава, ужо гэтым я раблю шкоду Гітлеру і паліцаям і памагаю нашай арміі і бацьку-партызану.
Словам, доўга было спакойна. Паліцаі і то неяк рэдка кідаліся ў вочы і нічога такога не зрабілі, штоб размова пра іх ішла. Толькі пра Сталінград мужчыны гаварылі. Дзед Качанок павесялеў, казаў, што Сталінград — цвёрды арэх, зломіць там Гітлер зубы. Яшка па сакрэту сказаў мне, што ў дзеда ёсць савецкая газета і ў ёй партрэт Сталіна. На такі давер вельмі ж хацелася пахваліцца, што ў мяне ёсць кніжка з партрэтамі і Сталіна, і Леніна, і Варашылава. Але я ўсё ж стрымаўся, не сказаў, хоць і грызла мяне, што раблю не па-таварыску: не толькі Яшка, але і дзед яго расказвае мне пра такое, чаго нікому не трэба знаць, а я ім — ні слова. Я баяўся, што, сказаўшы пра адно, менш важнае, захочаш сказаць і пра самую тайную тайну — пра бацьку. Стары Качанок, канечне, мог чуць, што Карней Батрак у партызанах, аднак мне пра бацьку ніколі не гаварыў.
Было ціха ў нашай Добрынцы. Але ў адну ноч матка асцярожна пабудзіла мяне, яна будзіла дзяцей вельмі асцярожна, каб не напалохаць; часта расказвала, што яе дзядзька крыкнуў на соннага сына і той з таго крыку захварэў на падучую. Эпілепсію, так? Матка чагось вельмі баялася такой хваробы. Яна мяне пабудзіла, пацалаваўшы ў вуха: «Прасніся, Іванька». Хоць нямала часу прайшло ад сустрэчы з бацькам, ад наведвання Шышкі, але спаў я чутка, трывожна. Падхапіўся спалохана, і яшчэ больш спужаўся ад чырвані, што заліла шыбы, звычайна чорныя ўначы, лажылася водбліскам на сцены, на абразы. «Не бойся, Іванька,— супакоіла матка.— Гэта пажар. Ад нас далёка. Здаецца, калгасны свіран гарыць».
Ноч была светлая, месячная. Поўная. На стрэхі іней асеў і ў водбліску пажару блішчэў, што золата. Гарэў-такі свіран. Ён стаяў за Кудлаеўкай, чуць далей, дзе цяпер сельпоўская грыбаварня. Ад нас праз гароды не так далёка. Але ноч была ціхая, без ветру. Полымя шугала ўгору, іскры ляцелі ў неба і, як зоркі, гаслі там. Пажар не пагражаў сялу. Таму ніхто туды не бег. Суседзі моўчкі, як бы не бачачы адзін аднаго, стаялі на сваіх гародах і глядзелі, як палае свіран. Ля пажару мітусіліся адзінокія постаці, паліцэйскія, ды тыя, хто жыў блізка. Ні гоману, ні звону, як бывае на пажарах. Адзін трэск агню. Ды сабакі вылі, у школе, паліцэйскія, і тут, ля шашы ў старасты, у другіх дварах сабак звялі яшчэ ў першую ваенную восень, такі загад быў. Чаму яны баяліся сабак?
У свірне тым ляжала збожжа, сабранае на падатак, які плацілі з раздзеленай зямлі. Не ўсё збожжа, большую частку немцы вывезлі яшчэ ў пачатку восені, але казалі, што заставалася нямала грэчкі, ячменю, проса, там жа былі воўна, пер'е, скуры — падатак быў на ўсё, што расло ў полі, на гародах, у хлявах. Я адразу падумаў, што падпалілі партызаны, можа, бацька мой, і радаваўся. А матка прытуліла мяне да сябе, усё роўна як баялася, што я сарвуся і пабягу туды, на пажар, і дрыжала сама. Ад чаго? Ад холаду? Ад страху, канечне, бо, помню, шаптала: «Ой не трэба было ім ета рабіць! Ох не трэба». Не разумеў я тады, што матка шэпча. Каму рабіць? Што рабіць? Не здагадваўся, чаму яна дрыжыць уся. Мяне, можа, таксама трэсла, але мяне — ад узбуджанасці. Пажар любы хвалюе, я пасля бачыў, як людзей калоціць на пажарах, а той асабліва мяне хваляваў, быдта гэта я падпаліў свіран з нямецкім дабром.
Уранні прыехалі немцы, цэлая машына, такіх яшчэ ў нас не бачылі — з чарапамі на шапках. Адзін выгляд іх напужаў людзей. Сяло прыціхла. Рэдка хто выходзіў са сваёй хаты. Толькі наша матка завяла нас з Анькай... Да каго, ты думаеш? Не да бабы, не да цёткі Аўдоцці. Не да суседзяў. Праз гароды, крадучыся, завяла на другі край сяла да Паліводы. Да настаўніка. Я табе расказваў... Гэты Яўлампій Міканоравіч да рэвалюцыі яшчэ настаўнічаў у нас, пры Савецкай уласці ўсё сяло навучыў чытаць, пісаць, лікбез вёў. Калі стала сямігодка, ён і тады малодшыя класы вучыў. Яго любілі не так, як тых, што з інстытутаў прыязджалі, верылі, што Яўлампій Міканоравіч самы вучоны. Гаварылі: адзін Палівода ўсё знае, усе прадметы, толькі не хоча брацца за ўсё. Ён не толькі вучыў, але і лячыў. За гэта яго не любілі некаторыя даваенныя кіраўнікі. І за тое, што за праўду ваяваў. Кажуць, яго арыштоўвалі ў трыццаць сёмым. Але стары ён ужо быў, гадоў семдзесят меў, а можа, сын памог — к таму часу вучоным стаў,
у маскоўскім інстытуце выкладаў. Помніш, гадоў дзесяць назад прыязджаў акадэмік Пятро Яўлампіевіч Палівода? Мне так хацелася запрасіць яго ў госці да нас, ды я не асмеліўся. Астаповіч яго павёў да сябе. А што яму мог расказаць Астаповіч? Я мог бы расказаць пра бацьку яго...
Гадоў колькі перад вайной стары ўжо не рабіў у школе, на пенсію яго паслалі. Жонка ў яго памерла, і ён жыў адзін, бабылём. Бабы нашы памагалі яму памыць, прыбраць, гарод дагледзець — пасадзіць, прапалоць. За гэта ён лячыў іх і дзяцей. Ды ён і сам усё ўмеў, толькі сілы не хапала. Ён вучыў тых жа жанчын такім жаночым справам, як згатаваць ежу такую, якую ў Добрынцы не ўмелі гатаваць. Ці там вепрука разабраць, каўбасы асобыя зрабіць, капчонасці, пірог спекчы такі, што купленыя тарты не дакажуць...
Вельмі я здзівіўся, што матка павяла нас з Анькай да гэтага чалавека. Ніколі мы ў яго доме не былі, і матка туды не помню, штоб хадзіла. Дом яго па тым часе, можа, быў найдабрэйшы ў сяле, ажно на чатыры акны на вуліцу, як у нас цяпер. Пад бляхай. У доме было многа кніжак, фігурак фарфоравых, карцінах на сценах у прыгожых рамках, талерак розных, чарак, белагубак. Мяне, канечне, усё гэта мала цікавіла. Хіба толькі кніжкі. Не разумеў я, чаму ў Паліводы выстаўлена столькі кніжак. Мне здавалася, што ўсе кніжкі савецкія, таму, каб не было бяды ад немцаў, іх папалілі некаторыя людзі, а наша матка хавала тую кніжку, па якой вучыла мяне чытаць. А тут раптам — цэлая шафа кніжак. Што ж гэта за кніжкі такія, што паліцаі і немцы не чапаюць іх? Ці, можа, яны баяцца прыходзіць да старога?
Ого, пабаяцца яны! Значыцца, выходзіць, ёсць кніжкі, за якія можна не баяцца? Але, папраўдзе, і кніжкі нядоўга займалі маю ўвагу. Анька плакала, калі матка пайшла. Але стары хутка забавіў яе цацкамі ды казкамі, да смеху давёў. Малая, што ты хочаш, думаў я. Ён і мяне стараўся рассмяшыць, але я хоць і не глядзеў ваўчанём, аднак і смехам не заліваўся: не чуў я казак, ці што! Так я думаў. Матка строга наказвала: пакуль яна не прыйдзе па нас, каб я адзін — нікуды з настаўнікавай хаты, толькі калі нас павядзе сам Палівода, тады трэба ісці і без яе, без маткі... Але я ўсё ж меркаваў, як бы ўцячы, збегчы да Яшкі Качанка і разам з ім паглядзець, што робяць на сяле немцы. Шкада, праўда, было Аньку: гэта пры мне яна слухала казкі, а без мяне такога рову наробіць, што старому не саўладаць з ёю.
На шчасце, матка скора вярнулася. Не такая спалоханая, як раніцой, паспакайнелая, здалося мне, нават павесялелая. Хоць потайкі, але не тоячы ад мяне, сказала Паліводу, што свіран той з хлебам
спалілі браты Казарскія, а самі ў партызаны пайшлі. Ды не адны — і матку, выходзіць, павялі з сабой. Немцы і паліцаі матку іх шукаюць, усіх суседзяў і сваякоў ператрэслі, загад абвясцілі: хто хавае бандзітаў ці іх матку, той будзе расстраляны на месцы, без суда. Немцы і паліцаі вельмі злосныя яшчэ і таму, казала матка, што Казарскі Сяргей...
ён цяпер загадчыкам райана на Віцебшчыне, перад вайной у Мінску вучыўся, дык гэты Сяргей, можа, за тыдзень перад пажарам у паліцыю паступіў і ў тую ноч каравуліў свіран. Палівода нічога такога не сказаў, але я пільны быў — убачыў, як ён узрадаваўся, ажно пасвятлеў і руку аб руку пацёр. Тады ўжо я здагадаўся, чаму матка прывяла нас да яго — з партызанамі звязаны настаўнік. Пасля ў атрадзе бацька расказаў, што Яўлампій Міканоравіч быў тым чалавекам з Добрынкі, з кім ён адразу ўстанавіў сувязь, як толькі прыйшоў у свой раён, у атрад Сталіна. Бацька быў абучаны ў спецыяльнай школе. Высадзілі на парашутах іх групу ў Чачэрскіх лясах, а пасля рассылалі
ўатрады камандзірамі дыверсійна-падрыўных груп. Праз Паліводу ён і матку першы раз пазваў у лес. У архівах няма прозвішча Паліводы, што ён сувязным быў. А хіба ж не? Я так і кажу ім. Хіба не можа лічыцца партызанам чалавек, якому так паверыў бацька і які, канечне ж, знаў, дзе атрад? Бацька казаў мне: матка павяла нас да Паліводы таму, што калі б яе арыштавалі пасля пажару, то ён, стары Палівода, павёў бы нас, дзяцей, у атрад. Бацька ёй сказаў, штоб не пасылала нас да цёткі. У цёткі адразу знайшлі б. То хіба ж гэта не сувязны? Сяргей Казарскі таксама пацвярджае, што Палівода падказаў яму пайсці ў паліцыю і спаліць свіран. Сяргей кажа, што ён прыйшоў да свайго настаўніка і папрасіў таго параіць, як знайсці партызан. А Яўлампій Міканоравіч, кажа, спытаў у яго: «А з чым ты пойдзеш да партызан?» — «Як, кажа Сяргей, з чым? З рукамі. З галавой». Аружжа
ўіх ніякага не было. Шукалі, не знайшлі — другі год вайны, усё падабралі. «А ці не мала гэтага?» — папытаў стары, а потым, кажа, быдта неўзнарок кінуў, што вельмі ж ціха добрынская паліцыя жыве, морды нажралі, што ражкі, ад сну пухнуць. Во тады, кажа Сяргей, і цюкнула яму ў галаву, што трэба зрабіць, каб мець права пайсці к партызанам. Ды такому чалавеку, скажу табе, трэба асобны помнік паставіць, калі па-разумнаму паглядзець. Настаўніку таму, Паліводу. А мне Хведарцоў кажа: хто сваёй смерцю памёр, таму помнікаў не ставяць. Дурное гаворыць. Галоўнае — як чалавек пражыў, што зрабіў людзям. Канечне, усім не паставіш, але такому, як Палівода... Каб усе помнілі добрага чалавека і што ён людзям зрабіў. Аднак і пра такіх, як Шышка, каб не забываліся. Калі Пліска пацалавалася з ім...