ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2218
Скачиваний: 0
хоць на смерць. Мая, зараза, не пабяжыць. Толькі ў дзень палучкі да канторы бегае. А каб так во... увечары — шчо ты! І не падумае. А можа, я дзе пад плотам акалеў?
Тася прайшла да кабіны і, не зводзячы вачэй з Івана, бо і ён глядзеў на яе, думаючы пра сваё, але ловячы краем вуха Шчэрбавы словы, засмяялася — не ад слоў яго, ад радасці сваёй, што Іван перад ёй у звыклай паставе — у кабіне, за рулём, і, па ўсім відаць, яму прыемна, што яна прыйшла, і прыемна ад таго, што кажа пра яго жонку Хведзька.
Старому Рапяху, хоць і не быў ён крыўдлівым і сварлівым, хацелася адплаціць Шчэрбу за яго непаважлівыя мянушкі і здзеклівыя выказванні, насаліць неяк яму, але не хапала не толькі дасціпнасці, але і звычайных слоў, бо на працягу ўсяго гультаяватага свайго жыцця ён ужываў іх, слоў, нямнога, хоць аб'ездзіў паўсвету і хваліўся, што ўмее гаварыць па-кіргізску.
— А ты не валяйся пад плотам, як...— і асекся.
Шчэрба цярпліва пачакаў, з кім параўнае яго Рапях. Не дачакаўся.
—Як хто?
—Сам знаеш, як хто.
—Не, ты скажы. Баішся, канакрад? Іван! Скажы етаму попаўзню, шчоб поўз з масцярской, а то як вылезу з ямы... Не, нос я табе не раскрывяню. Карнеевіча падводзіць не хачу: судзіць яму прыйдзецца мяне. А самае цяжкае — судзіць сваіх, з кім дружыш. Але, запомні, Рапях, заўтра недалічышся пяці трактараў, і адзін будзе стаяць у цябе на печы.
Манументальны стары, што сядзеў на шыне ў дагістарычным кажуху і ў такой жа аблезлай шапцы, з дапатопнай бярданкай, як каменны, якога, здавалася, нішто ўжо но хвалявала і не абурала, як і таго курганнага ідала, нечакана злосна плюнуў:
—Цьфу, нячыстая сіла! Пустабрэх! — па-маладому спрытна падняўся і, ускінуўшы аднастволку на плячо, пашыбаваў да варот.
Шчэрба праз свае шчарбіны свістаў у яме смехам — сіпеў, быццам выпускаў паветра адразу з усіх шын.
Іван прыціснуўся грудзьмі да баранкі, не даючы смеху вырвацца: няёмка смяяцца са старога.
Таіса Міхайлаўна закрыла рот рогам хусткі.
—Нельга так, Хведар.
Рапях узлаваўся па дзвюх прычынах: за канакрада і за трактар. Канакрад — адзіная мянушка, якую ён не зносіў. Гадоў паўсотні назад, малады, ён украў у суседнім сяле каня; яго злавілі, моцна пабілі,
пасля чаго ён з'ехаў з Доббрынкі, і з таго часу жыццё яго ішло па раздарожжы: ездзіў, прыставаў у прымы, пасвіў коней у кіргізаў, вартаваў прыстані і склады, бо фізічнае работы не любіў. З трактарам — прыгода зусім нядаўняя, калі старога Рапяха, які меў мізэрную пенсію, для матэрыяльнай падтрымкі Астаповіч паставіў вартаваць машынны двор. Мацвей хоць і не вельмі гаваркі, але, як усе вандроўнікі, манюка; расказаў ён неяк механізатарам, пасля работы ў хатцы вартаўніка яны бралі па чарцы, нейкую гісторыю, у якой ён, вартаўнік, нібыта праявіў проста такі гераічную пільнасць. Паслухалі яго, хто паверыў, хто паўсміхаўся. А раніцой наступнага дня — скандал: на машынным двары недалічыліся аднаго трактара. Укралі. Астаповіч не паверыў, калі яму далажылі. Усё было за час яго работы. Але каб укралі трактар!.. Не верыў. Не сумняваўся, што гэта жарт. Загадаў шукаць. Аблазілі ўсё наваколле — задворкі, лес, луг. Як у ваду канула машына. Слядамі трактарнымі спісана ўся зямля. Дажджу не было. Не разабраць, дзе стары, дзе новы след. Мусілі званіць у міліцыю. Падзея раённага маштабу: укралі трактар! Начальнік міліцыі, безумоўна, паслаў лепшых сваіх дэтэктываў. Адзін са следчых доўга і пільна вывучаў сляды на машынным двары, на выездзе з яго і раптам пайшоў на адным следзе і прыйшоў да хаты Рапяха, дакладней кажучы, да хаты ўдавы, да якой Мацвей колькі гадоў назад, вярнуўшыся з вандровак, прыстаў. І пайшоў міліцыянер у двор Рапяха і далей — у хлеў з шырокімі гнілымі варотамі, у хлеў гэты гаспадары рэдка заглядвалі, бо па старасці і ленасці не трымалі ні каровы, ні свінні, толькі курэй. І стаяў у гэтым хляве трактар «Беларусь», здзіўлена зіркаючы фарамі, як бы пытаючыся: «Куды я трапіў?»
Рагатала ўся Добрынка. Такога рогату, казалі, не было з таго часу, як людзі навучыліся смяяцца. Рагаталі ўсе — маладыя, дзеці, старыя, кіраўнікі, хоць Астаповіч і пагражаў пакараць жартаўнікоў, але не стаў з дапамогай трохі сканфужанай і ўзлаванай міліцыі даследаваць, хто яны, гэтыя вясёлыя зладзеі. Усе, канечне, адразу падумалі на Шчэрбу: такое толькі Хведзька мог прыдумаць.
Рапях моцна пакрыўдзіўся: гэта ж трэба пад носам у яго выкаціць трактар, пад носам у жонкі закаціць у двор і ў хлеў ды яшчэ і след пясочкам засыпаць. Але асабліва крыўдзіла, што жарт быў злосны — як бы напамінак пра яго колішняе няўдалае канакрадства. Казалі, што хацеў Рацях ад ганьбы зноў з'ехаць, ды баба не пусціла. Змірыўся. Астаповіч пашкадаваў старога — не звольніў. Але вельмі не любіў Мацвей, калі пра гэта пры ім успаміналі. А калі яшчэ пачынае выскаляцца Шчэрба, без якога, усе лічылі, не абышлася такая прыгода, то тут і нежывога злосць пераверне.
—Нельга так, Хведар,— зноў паўтарыла Таіса Міхайлаўна.
—Чаго там нельга?
—Смяяцца са старога...
—Стары еты смех заслужыў сваёй жызняй. З мяне ж таксама смяюцца. І ты смяешся. І я з кулакамі ні на каго не лезу. Заслужыў — ем і аблізваюся.
Словы гэтыя — звычайная вясёлая Шчэрбава балбатня, на якую
ўлюбы іншы час Іван не звярнуў бы ўвагі,— скаланулі, бо тут ён падумаў: «Заслужыў... За тое, што некалі няўдала каня ўкраў. А што ж тады заслужыў той?»
Прыціх у кабіне. Даўно ўжо заўважыў: як падумае пра Шышку, так быццам дранцвее, як паралізуе думка яго фізічную сілу, зрок, цвёрдасць рукі. Ад таго і рэфрыжэратар ляцеў насустрач дзікім горным абвалам, вернай смерцю. Праўда, там сядзеў другі чалавек, які трымаў руль, надзейна кіраваў машынай. І аднак... Бяспека на дарозе
— гэта пільнасць дзвюх пар вачэй, цвёрдасць і ўменне дзвюх пар рук. Даволі адной пары аслабнуць, як аслаблі ў той міг у яго...
Іван пахаладзеў, уявіўшы, як ён страціў адчуванне бяспекі перад рэфрыжэратарам. Як асляпіла. Не, сапраўды, як адразу ў дзвюх машынах патухлі фары і яны імчалі адна на адну, што сляпыя. Як ён мог пасадзіць Шышку да сябе ў кабіну? Нa святое месца. Дзе сядзелі Тася, Карней... часцей за ўсіх Карней...
Цяпер яму здавалася, што ён зрабіў нешта непапраўна недаравальнае, ганебнае. Праз гэта, безумоўна, не сказаў Драмаку, хто быў з ім у кабіне. Не сказаў пра гэта і тут, у саўгасе, калі вярнуўся на свой машынны двор. Расказваў залішне нават мнагаслоўна пра аварыю, але ні слова пра Шышку. Гэта было зусім ужо недарэчна, бо ў канторы ведалі, з кім ён паехаў. І калі па сяле ехаў, маглі бачыць; напэўна, бачылі, нельга пасярод дня праехаць незаўважаным, ды яшчэ з такім пасажырам. Ужо тады, удзень, яму здавалася, што механік, слесары, шафёры, трактарысты — усе знаюць, з кім ён ехаў, але далікатна маўчаць, не пытаюць, бо ім таксама няёмка, сорамна за яго — што ён пайшоў на такое. Ці даўно ён з гневам расказваў ім, як Шышка страляў пад печ, дзе ён сядзеў? І — на табе, пасадзіў забойцу побач з сабой. Цяпер, увечары, мніцельнасць яго абвастрылася. Не, людзей ён не дакараў, наадварот, дзякаваў ім, што яны так глядзелі на яго. Ён папрасіў слесара Паўла Мазаева памагчы яму адрамантаваць машыну. Каму-каму, а яму, Івану, Павел ніколі ні ў чым не адмаўляў. А тут сказаў, што паабяцаў цесцю накрыць хлеў: работа такая, што трэба зрабіць завідна. Тады Іван паверыў, а цяпер думаў, што Мазаеў не застаўся па іншай прычыне.
Хведар ахвотна застаўся. Хведзька мог нічога не знаць, вазіў бульбу ў бурты, напэўна, не знаў, інакш не вытрымаў бы — сказаў. Але што ён падумае пра яго, пра Івана, калі заўтра даведаецца, з кім ён ехаў. Чаму ў яго не хапіла мужнасці сказаць праўду? Але, урэшце, можа быць і тлумачэнне: гаварыць пра Шышку — як бы апраўдваць сваю аварыю, а ён апраўдання не хоча. Не трэба яму спагады, жаласці. Аднак Хведзьку трэба сказаць. І, безумоўна, Тасі.
Іван адчуў, як пільна глядзіць на яго жонка: злавіла яго задумлівасць. На колькі часу ён паглыбіўся ў яе, у задумлівасць? На міг? На мінуту? На пяць мінут? Ва ўсялякім разе, не на мала, бо Шчэрба вылез з ямы і бубніў ужо над вядром з керасінам — мыў рукі.
Іван вінавата, не разумеючы, што палохае гэтым жонку, усміхнуўся Тасі, сказаў:
—Ідзі дадому. Нам трэба яшчэ пакрасіць крыло. Работа невялікая, але некароткая — пакуль пачысцім, загрунтуем...
—Хадзем дадому. У цябе стомлены выгляд. Заўтра даробіце.
—Што ты! Кінуць на заўтра — дзень прастою. Пакуль высахне. А так за ноч высахне, і заўтра мы будзем гатовы ў рэйс. Мы цяпер усе эканамісты, знаем, у што абыходзіцца прастой.
—Не спакушай, кума! Тут ужо і ў мяне прынцып: кончыў дзела
—гуляй смела.
—Я буду з вамі,— сказала Тася.— Дайце мне работу.
—Дай ёй, Іван, работу, Без работы яна самлее.
—Якую табе работу? Ідзі дадому. Згатуй вячэру. Прыйдзем з Хведарам,— але ні рашучасці, ні ўпэўненасці ў Іванавым голасе не было, ён добра знаў сваю жонку, разумеў, што яна чуе яго душэўны неспакой і, безумоўна, нікуды не пойдзе, не выганіш жа яе сілай.
—Я табе, кума, прынясу крэсла з канторкі механіка, ты сядзеш і будзеш расказваць нам казкі. Умееш? Калі забылася, то лекцыю прачытай пра гэтую самую... як яе?.. пра гінекалогію сваю. Усё хачу ўзнаць, як я на свет з'явіўся. А то ўсё яшчэ веру, што мяне бабка ў Казіным знайшла. Чорт яго знае, можа, такіх, як я, і праўда ў балоце знаходзяць? Ад таго яны трохі не кожны дзень мокрыя да самага скону. Дзе твая наждачная папера, Іван? Пачысцім іржу. Самога сябе такжа было б не лішне падраіць наждачком.
Работу сабе Таіса Міхайлаўна знайшла — вычысціла ў кузаве, працерла да бляску шыбы, шчыток прыбораў, ручкі дзвярных замкоў, люстэрка. Па-жаночаму, па-гаспадарску, бадай па-медыцынску — як працірала свае акушэрскія інструменты. Хацела падмесці ў кузаве, але Шчэрба не даў: нельга перад афарбоўкай узнімаць пыл, сядзе пасля на свежую фарбу.