ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2161
Скачиваний: 0
быў, то пакутным катаржным жыццём сваім і малітвамі ён даўно «искупил» свой грэх і цяпер чысты душою, як агнец бязгрэшны. Апошнія дзесяць гадоў, ужо вольны, на залатым промысле, ён ні разу і не ўспомніў аб той ночы, калі яго прымусілі (ён з самага пачатку апраўдваў сябе тым, што яго прымусілі) страляць у вяскоўцаў. Калі няма граху, калі сам бог адпусціў грэх, то навошта ж яго ўспамінаць, навошта вярэдзіць душу сваю?
Аднойчы толькі ён успомніў пра тую ноч са страхам — калі, атрымаўшы пісьмо ад дачкі, вырашыў вярнуцца ў Добрынку: падводзіла здароўе, балелі ногі, не тыя гады, каб рабіць у сібірскіх рудніках. Але да таго часу ён сапраўды такі паверыў у бога і цалкам спадзяваўся на яго. Жывучы два месяцы ў Добрынцы, перажыўшы і адкрытую варожасць, пагрозу цвярозага настаўніка Багаценкава, у якога таксама расстралялі сям'ю недзе ў Рэчыцкім раёне, і п'янага Шчэрбы, які патрабаваў, каб паліцай «ачысціў свет» ад сваёй прысутнасці, і здзіўленне некаторых, недаўменне і дзіўную цікаўнасць маладзейшых, Шышка ўсё больш пераконваўся, што бог нідзе, ні ў чым не пакідае яго,— і ўсё больш увераваў у сваю бязгрэшнасць.
І раптам — як гром з яснага неба. Шчэрба, праўда, тыдзень назад спалохаў яго словамі, што «кроў дзяцей яму не забудуць», але да п'янага мала хто прыслухоўваўся.
Ад месца аварыі Шышка сапраўды шуснуў у кусты, што заяц. Паўдня прасядзеў у прыгарадным лесе. Упершыню з крыўдай падумаў пра свайго бога. Дзе ж ён дзеўся, чаму адступіўся ад яго, хто дваццаць гадоў шле яму сваю хвалу, свае малітвы, хто ведае на памяць увесь псалтыр, увесь новы запавет? Рэфлекс самааховы, страх смерці адразу падказалі самае простае, самае прымітыўнае: уцячы, знікнуць, згубіцца ў людскім моры і пражыць дзе-небудзь ціха астатак жыцця. Але занадта многа ён перажыў, занадта многа чуў розных гісторый, занадта добра ведаў і законы, і практыку крыміналістыкі, каб доўга несці такую недарэчную, павярхоўную, проста хлапчукоўскую, як у тых «карманшчыкаў», думку. Знікнуць — значыцца, прызнаць сваю віну. І тады яго пачнуць шукаць. А такіх, хто ідзе пад грыфам «ваенныя злачынцы», шукае не міліцыя — следчыя іншай установы, якія зубы на гэтым з'елі. Сустракаў ён такіх — былых паліцаяў, салдат зондэркаманд, уласаўцаў, якіх знайшлі і праз дзесяць, праз пятнаццаць і праз дваццаць гадоў. Не многім з іх далі тэрмін. Яны схаваліся яшчэ ў вайну, калі людзей кружыла, як у віры. І не было ў органаў ні іх фотаздымкаў, ні адбіткаў пальцаў, ні асаблівых прыкмет. А ў яго апісаны кожная радзімая плямка, кожны зуб, свой і ўстаўны, замераны рэўматычныя скрыўленні пальцаў ног. Увесь ён апісаны, сфата-
графаваны, з усіх бакоў прасвечаны рэнтгенам многа разоў, узважаны і цалкам, і па частках. Дзе ён такі можа схавацца? Не такія ў яго сувязі, каб раздабыць дакументы. А пра пераход граніцы то цяпер, напэўна, і вопытны шпіён не марыць, не толькі яму думаць.
Два дні ён прагасціў у пляменніцы ў Гомелі, задобрыўшы яе падарункамі. Але пляменнічынаму мужу, рабочаму нейкага завода, вельмі не спадабаўся такі госць, мабыць, ён чуў пра яго раней, і Шышка ўначы пачуў, як муж шыпеў на жонку: «Каб заўтра духу яго не было. І шмотак гэтых каб я не бачыў!»
І Шышка вярнуўся дадому, аддаўшы сябе на волю бога: «Обратись, господи, избавь душу мою, спаси меня ради милости твоей, ибо в смерти нет памятования о тебе: во гробе кто будет славить тебя?»
Адным словам, прыгразіў богу: і так цябе мала ўжо хто славіць, не страць таго, хто яшчэ славіць цябе.
Але не толькі спадзяванні на бога прывялі яго назад, нягледзячы на страх. Былі іншыя прычыны, больш зямныя. Да яго прыхінулася дачка. І ў яго таксама абудзіліся бацькоўскія пачуцці, упершыню і так позна. Раней ён гаварыў многа біблейскіх і сваіх слоў ад любові да бліжняга. Але, можа, толькі цяпер Шышка зразумеў, што словы не падмацоўваліся пачуццём, не адчуваў ён сапраўднай любові да кагонебудзь з людзей. Ды і каго ён мог палюбіць там, У трудавых калоніях? Ён ненавідзеў і тых, хто спаў з ім на адных нарах, асуджаных за тое ж, што і ён,— за ваеннае злачынства, і тых, хто пільнаваў іх,— начальнікаў. З-за боязі, што гэтая нянавісць магла б прывесці да злачынства, за якое была б «вышка», ён і пацягнуўся да бога, да евангельскіх запаветаў, да вучэння Ісуса Хрыста. Гэта давала нейкае суцяшэнне, як бы адпачынак стомленай ад нянавісці душы. І раптам
—любоў, чалавечая, зямная, якая па-сапраўднаму сагрэла яго.
ЗМарынай, з жонкай, як не было душэўнай блізасці ў маладосці, так не было яе і цяпер, больш таго, Марына сустрэла яго хоць з рабскай пакорлівасцю, але яўна насцярожана і, бадай, не надта прыхоўвала сваю незадаволенасць яго зваротам. А Ганна, якая гадоў пятнаццаць апошніх пісала яму пісьмы, спачатку, пакуль ён быў у калоніі, тайна нават ад маці і рэдка, пасля, калі ён працаваў па пасяленні, яўна і часта — адразу ж, сустрэўшы бацьку ў Гомелі на вакзале, пацягнулася да яго з адкрытым сэрцам; так перад ім ніхто не адкрываўся, усе так ці іначай хітравалі, а яна, дачка,— без усялякай хітрасці. Так, прынамсі, здалося Шышку, і ён паверыў у сілу сваяцтва, у родную кроў, у даччыну любоў, і ўсё гэта яго моцна кранула, усё гэта ён прыняў як божую міласць за яго малітвы. «Ты не оставляешь ищущих тебя, господи».
Ганна была загадкавая істота, ва ўсялякім разе, мала кім разгаданая, бо сапраўдныя свае пачуцці яна хавала нават ад роднай маткі. Мабыць, па генетычнаму закону спадчыны ёй нямала чаго перадалося ад бабулі, ад бацькі — з таго, што прывяло Рыгора Шышку на службу да фашыстаў. Сярод гэтых якасцей — разумовая прытупленасць, няўменне ўзняцца над сваімі эгаістычнымі жаданнямі і асэнсаваць падзеі часу не з пункту гледжання свайго «я» і свайго «сёння», а з улікам інтарэсаў усіх людзей, з улікам будучыні народа і сваёй, ні на міг не аддзяляючы сябе ад народа, Гэтага не ўмеў малады Шышка. Гэтага не ўмела і яго дачка, хоць яна была на дзесяць гадоў старэйшая за бацьку таго часу, калі бясслаўна, на лаве падсудных, скончылася яго кар'ера.
УГанны было цяжкае маленства. Яна засталася з бабуляй, якую
ўвёсцы ўсе не любілі, ненавідзелі ў тыя першыя пасляваенныя гады. Гэтая нянавісць, калі не проста, то ўскосна, пераходзіла і на яе, часцей праз адносіны дзяцей, яе равеснікаў, аднакласнікаў. Яна скончыла ўсяго шэсць класаў і была аддадзена сваякамі ў нянькі ў горад. Служыла ў інтэлігентнай сям'і выкладчыкаў музычнага вучылішча. Была стараннай, паслужлівай, яе цанілі... А яна ненавідзела гаспадароў, іх дзяцей з самага пачатку, яшчэ падлеткам: расла і гадавала сваю нянавісць. Гаспадыня, піяністка, жанчына як бы «не от мира ceгo» з-за сваёй любові да Чайкоўскага, да Шапэна, жахнулася, калі пачула выпадкова, што гаворыць з сяброўкамі іх паслужлівая Ганна. Яе выгналі.
Тады памерла ўжо старая Шышчыха, і Марына з далёкіх будоўляў вярнулася ў хацінку, пачала працаваць у саўгасе, які толькі арганізавалі. Ганна прыехала да маці, але ў саўгас не пайшла. Былы ляснічы, выпівака, нячысты на руку, залічыўшы яе ў штат лясніцтва, зрабіў хатняй работніцай. Гаспадарка ў ляснічага была кулацкая — каровы, свінні, індыкі, і рабіла Ганна за траіх. Даравала яна ляснічаму ўсё: што эксплуатуе яе, залазячы ў казну, што бывае часам грубы, лаецца, напіўшыся, лезе з кулакамі. Узненавідзела яго Ганна за адно: ведала, што ахвочы да чужых баб, а на яе, хоць яны часта заставаліся адзін на адзін і ў лесе, і ў доме, і ён быў пад градусам, ні разу не пасягнуў, быццам яна і не жанчына зусім. За гэта яна ненавідзела не толькі ляснічага, але і ўсіх добрынскіх хлопцаў, бо ніводзін з іх вока не кінуў на яе, не памацаў нават дзе-небудзь за вуглом.
Не ведала Ганна кахання, хоць смак яго адчула: калі рабіла ў горадзе, пазнаёмілася ў парку з салдатам і разы тры, у нядзелі, калі яе адпускалі гаспадары на цэлы дзень, страчалася, з хваляваннем чакала
кожнай новай сустрэчы, прагна цалавалася. Але салдат больш не з'я- віўся. Ці то звольніўся і паехаў дадому, не развітаўшыся, ці расчараваўся, а можа, даведаўся, чыя яна дачка.
У семнаццаць — дваццаць год Ганна была нішто з выгляду, дзяўчына як дзяўчына. А пасля, хоць і працавала ў лесе, і піла сырадой, неяк хутка пачала блякнуць, марнець. Стала худая, пласкагрудая, жылістая, вузкабёдрая, з мужчынскай паставай, з мужчынскай сілай: хапіла неяк у лесніка бадлівага быка за рогі і крутнула так, што бык зароў ад болю і кінуўся ўцякаць.
Новы ляснічы — малады, вучоны, жонка настаўніца — адаслаў Ганну ў цэх шырспажыву, дзе выраблялі тапарышчы, ручкі для лапат, чаранкі для нажоў. Ганна пайшла пакорліва, асвоіла прафесію, рабіла старанна. Але праз нейкі час сама прапанавала свае паслугі новай гаспадыні — памагчы па дому. Не ад шчырасці. Ад жадання праверыць, ці такія яны правільныя, ляснічы і яго жонка, як паказваюць сябе. Яны прынялі яе паслугу, але не ведалі, колькі ёй плаціць, бянтэжыліся, што яна не гаворыць, колькі ж ёй трэба за працу. Заплацілі так шчодра, што Ганна здзівілася, але не адмовілася, ад грошай яна ніколі не адмаўлялася. Абірала сваіх дабрадзеяў і ненавідзела іх... за шчодрасць, за прыстойнасць, за чысціню іх. І рабіла не так сумленна, як у былога ляснічага, які разлічваўся з ёй за дзяржаўны кошт.
Страціўшы надзею выйсці замуж, мець сям'ю, яна пачала шукаць душэўнай блізасці з людзьмі, якія, здалося ёй, не шукаюць радасці ў гэтым жыцці, а думаюць пра жыццё іншае, вечнае. Гэта прывяло яе ў секту баптыстаў. Хадзіла яна на маленні ажно ў Гарнастаі, за сем кіламетраў, дзе жыў прэсвітэр. «Святое пісанне» падабалася ёй, але самі баптысты расчаравалі, асабліва прэсвітэр, стары грахаводнік. П'яны ляснічы ніколі не дакрануўся да яе, а гэты, падла, слізняк, палез з лапамі. Ганна плюнула яму ў морду і больш не пайшла ў секту, хоць старыя павучыхі, ажно тры, яшчэ доўга прыходзілі да яе і плялі павуціну, каб ублытаць яе, як муху. Не ўдалося ім.
Бацька, як толькі ўвайшоў першы раз у хаціну, упаў на калені перад абразамі і доўга маліўся. Ганну кранулі такая шчырая яго набожнасць і гарачая малітва, словы, якіх яна не чула і ў баптыстаў: «Иные — колесницами, иные — конями, а мы именем господа, бога нашего, хвалимся»,
Ганна слухала і плакала, шкадуючы бацьку: так шчыра маліцца можа толькі чалавек, які многа і цяжка пакутаваў і якому цяпер нічога не трэба — ні коні, ні калясніцы, адна толькі вера ў бога.