ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2209
Скачиваний: 0
Івану зрабілася сорамна за сваю раздражнёнасць супраць яе, але па-новаму трывожна ад таго, што жонка здагадалася, чаму ён не захацеў убрацца па-святочнаму. З'явілася тое маўклівае ўзаемаразуменне, якое збліжае мацней, чым любыя самыя высокія і ласкавыя словы. Ён уздыхнуў гэтак жа стоена, як яна, расказаўшы адным уздыхам, з якім настроем ідзе на сход.
—Не хочацца мне.
—Паеш, Ваня. Да поўначы ж будзеце засядаць.— І паспрабавала пажартаваць: — Пагаварыць вы ўмееце. Адзін Яшка можа на ўвесь вечар завесці пласцінку.— Але ўбачыла, што пры ўспаміне пра Качанка Іван нахмурыўся, асеклася.— Паеш, Ваня. Я табе яечню спяку.
—Не, не хачу. Давай, можа, сыраквашы вып'ю. Сушыць штось у роце. Калі абедаў у горадзе, сялёдку з'еў.
Тася, не скінуўшы моднага плашча, кінулася ў пограб і ўміг вярнулася з запацелай гладышкай. Драўлянай размаляванай лыжкай скінула ў шклянку смятану (са смятанай Іван не любіць) і налажыла ў вялікі кубак сіняватай, густой сыраквашы.
Іван адрэзаў акраец хлеба і, не прысядаючы, еў.
Тася стаяла з другога боку стала і сачыла, як за школьнікам, каб ён выпіў усё. Заахвочвала ўсмешкай. Але Іван бачыў, што ўсмешка не проста заахвочвае яго есці,— у ёй адбівалася значна большае.
—Ваня, давай купім карову.
Ён шчыра здзівіўся:
—Ты што ета? Нудна табе стала? А машына?
—Машына пачакае. Ты знаеш, я не магу прывыкнуць да чужога малака. Не магу піць сырое.
—Чысцюля! Шляхецкая ў цябе кроў. Праўду Валя кажа, што ты
зроду Радзівілаў.
—Пустамолка твая Валя. Распусціў ты яе,— яна ўпікнула яго, а сама засмяялася радасна з даччыной весялосці і дасціпнасці.
Іван здагадаўся, што пра карову Тася сказала не проста так, а з хітрасцю — адцягнуць яго думку ад таго, праз што ён ідзе на сход не з такім настроем, як заўсёды.
Плашч яму падала ўсё ж новы, і ён не запярэчыў, паслухмяна апрануўся. Калі ўжо ўзяўся за клямку, Тася ціха паклікала:
—Ваня!
Ён павярнуўся:
— Што?
Яна збянтэжылася, як дзяўчына:
— Нічога. Проста хацела паглядзець на цябе.
— Ну ты... як на фронт праводзіш.
Пpa фронт не трэба было гаварыць — пра гэта ён падумаў ужо на двары, успомніўшы цень страху, які на міг упаў па Тасіна аблічча, мільгнуў у яе чыстых вачах.
Ішоў Іван на сход супакоены, але як бы абяззброены. Раней ён перад такімі сходамі адчуваў прыліў сілы, энергіі, і ўсё яго цікавіла: які будзе даклад, якая крытыка? І сам ірваўся ў бой — некага пакрытыкаваць, нешта прапанаваць, што магло б пайсці на карысць гаспадарцы, людзям. Цяпер ішоў як бы стомлены, знясілены. Што ён можа сказаць? Не, сказаць хочацца, але зусім пра іншае. Аднак ці да месца гэта будзе? Ці зразумеюць яго?
Звыклы стан вярнуўся, калі ўліўся ў гушчу камуністаў, што стаялі на ганку, у калідоры, курылі, весела гаманілі, жартавалі. Знаёмыя твары людзей блізкіх, з якімі штодня разам працуеш. Праўда, у жыццёва-практычным плане, не палітычным, не ўсіх іх Іван мог бы назваць сваімі аднадумцамі. Ёсць сярод іх такія, якіх ён любіць, як родных, а ёсць і хітрунчыкі, як гэты яго «сябра з пялёнак» Яшка Качанок, што круціцца тут, чырвоненькі, узбуджаны. Але ці трэба, каб людзі былі аднолькавыя і аднолькава думалі? Напэўна, некаторыя і з ім таксама шмат у чым не згаджаюцца. Справа не ў тым, хто пра каго што думае, важна, што гэта свае людзі, робяць адну вялікую справу, завешчаную Леніным, спланаваную партыяй, і за справу гэтую гатовы пайсці ў любы бой, на любога ворага, як у сорак першым. Калі падумаеш так, маштабна, то тады даруеш людзям іх слабасці.
Зала клуба для сотні чалавек завялікая, няўтульна, калі пуста, таму сход збіраўся ў зале сесій сельсавета, будаўніцтва якога скончылі сёлета, улетку, у памяшканні яшчэ пахла фарбай. Усё тут было новае
— сталы, крэслы, наглядная агітацыя. Віселі партрэты Леніна, членаў Палітбюро. Гэта стварала пэўны настрой.
Іван адразу пайшоў у залу, каб да пачатку сходу заплаціць узносы. На ганку яго затрымлівалі. Жартавалі:
—Карнеевіч прыйшоў — можна пачынаць.
—Ён як міністр — з'яўляецца за пяць мінут да адыходу поезда.
—Яго жонка без вячэры не адпусціла, не тое што твая.
—Бачыш, аблізваецца, як кот.
З кім не бачыўся ўдзень, з тым Іван вітаўся за руку. Качанок першым падскочыў да яго і, вельмі ўзрадаваны, ціснуў руку так, быццам не бачыўся год. Іван стоена пасміхнуўся: Яшкава хітрасць заўсёды — як па далоні. Гэта, між іншым, часта шкодзіць яму, але часта і памагае, выручае — прастата яго такая, непасрэднасць. Пры тайным галасаванні Яшку заўсёды кідалі нямала галасоў супраць, хоць
заўсёды столькі, што ён праходзіў у прафком, у партбюро і рэпутацыя яго як дзелавога чалавека не зніжалася ў вачах начальства. Разважалі так: хто актыўна працуе, у таго, маўляў, заўсёды будуць нядобразычліўцы — камусьці пуцёўку не даў, кагось пакрытыкаваў, камусь выдзеліў не лепшы ўчастак сенакосу. Маглі б спытаць: а хіба Астаповіч менш займаецца ўсім гэтым? Аднак жа выбіраецца аднагалосна ці мае супраць адзін-два галасы. Не гэта было тлумачэнне: тут асобы выпадак, аўтарытэт настолькі высокі, што нават яўныя непрыяцелі не адвальваюцца галасаваць, бо знаюць, што іншыя ў душы асудзяць іх. А за галасы супраць Качанка пахваляць. Таму перад кожным тайным галасаваннем Якаў дрыжаў, баяўся, як бы «чорныя шары» не дасягнулі той небяспечнай колькасці, якая прымушае вышэйшае кіраўніцтва задумацца: а чаму супраць яго столькі членаў партыі галасуе? Ці не варта прыслухацца да гэтых людзей? Калі такая думка з'явіцца ў тых, у чыіх руках кадравыя лейцы,— дабра не чакай. Вось чаму Качанок, бяскрыўдны па натуры, перад галасаваннем рабіўся найдабрэйшы.
Рабочыя пасміхаліся не ў спіну яму — у твар:
—Якава сёння хоць да раны прыкладвай.
—Не. Лепш на хлеб намазаць. Мёд! Саладзейшы, чым у старога Дубадзела.
Зласлівы загадчык фермы Пятро Краўцоў, калі трохі збянтэжаны Качанок перайшоў да другой группы камуністаў, заключыў:
—Мёд-то мёд, ды свінушнікам ад яго патыхае.
Па смеху Качанок зразумеў, што па ім «праехаліся». Здагадаўся
— хто. З Краўцовым у яго старыя рахункі. Але Краўцова ён не баяўся: той можа груба пажартаваць — няхай жартуе! — але не стане падбіваць людзей галасаваць супраць. Галоўнае — не дапусціць змовы перад сходам. Змова — во што страшна, яна нараджае калектыўны псіхоз, анархічную стыхію пратэсту дзеля пратэсту, пазбаўляе людзей прынцыповасці. Так, ва ўсялякім разе, Якаў Мацвеевіч тлумачыў тыя выпадкі, калі супраць таго ці іншага работніка, нечакана для кіраўніцтва, якое ўсё ведае і не павінна памыляцца, раптам галасуе больш людзей, чым планавала кіраўніцтва.
Тым, што ён, Качанок, не сядзіць у такі час, перад самым сходам, у кабінеце старшыні сельсавета і не глядзіць у рот сакратару райкома, якая прыехала на сход, а знаходзіцца сярод радавых членаў партыі,— гэтым самым ён дбае не пра сябе, а пра тое, каб сход прайшоў з партыйнай прынцыповасцю, каб людзі былі настроены па-дзе- лавому і не трапілі пад уплыў якога-небудзь дэмагога ці пакрыўджанага бытавой дробяззю, такія заўсёды бываюць, нават у самым згур-
таваным калектыве. Адным словам, Качанок лічыў, што, праяўляючы пэўную пільнасць і актыўнасць, ён як член партбюро дзейсна працуе па арганізацыі сходу. Крыўдна, што не ўсе гэта разумеюць. Беларучка Забаўскі лічыць, што ўсё робіцца само сабой, дзякуючы высокай свядомасці, Жыве чалавек як бы не ў рэальным жыцці, а ў нейкім выдуманым.
Якаў Мацвеевіч трохі недалюбліваў маладога парторга: прышэлец, больш думае пра сваю кнігу, зарабляе ганарар, а ён, Качанок, мусіць цягнуць і сваю, і яго работу, бо работу іх, партыйную і прафсаюзную, размежаваць амаль немагчыма. Але незадаволенасць сваю Качанок нідзе не выказваў, бо, па-першае, ніякай работы не цураецца, чым больш яе, тым ямчэй сябе адчувае, а па-другое, лічыць: каму ж і цягнуць яе, гэтую работу, гаспадарчую, партыйную, прафсаюзную, як не яму — ён тут свой, каранямі ўрос у гэтую зямлю, і нікуды яму не дзецца, вышэйшай пасады яму не прапануюць, сам ён не стане шукаць шчасця дзесьці. Са сваімі людзьмі бывае нялёгка, але ўсё ж свае ёсць свае, яны — што строгі бацька; і адлупцуюць, і пашкадуюць.
Якаў Мацвеевіч аднойчы хіба выдаў свае адносіны да парторга: залішне весела зарагатаў, калі старэйшы камуніст, з дваццатых гадоў, персанальны пенсіянер Клімовіч, дзед уедлівы, скептычна настроены да ўсяго сучаснага, назваў Забаўскага культуртрэгерам.
Як толькі Іван заплаціў узносы, Якаў Мацвеевіч тут жа падхапіў сябра маленства, заціснуў у куток залы.
— Ніколі не думаў, што ты ўмееш так мацюкацца. А злосці колькі было! Адкуль у цябе столькі злосці? Знайшоў з-за каго псаваць адносіны з даўнім другам. З-за Шышкі. Хе!.. Ды я на яго плюнуць не хачу. Паліцэйская морда! Думаеш, мне ён трэба? Мне рэле трэба было дастаць. Між іншым, і рэле тыя больш не патрэбны, інжынер з НДІ замяніў схему на прасцейшую. Галавасты хлопец! Малады, а схему тую, у якой сам чорт нагу зломіць, разбірае — што семачкі лускае. Во, брат, кадры пруць. Моладзь цяпер — сіла! Твой куды думае пасля дзесяцігодкі? Мая — дык у музыкальнае. Клава бядуе. А я не адгаворваю
— няхай ідзе. А можа, ета яе прызванне. Праўда?
Хітры Качанок ведаў, чым лягчэй за ўсё замазаць трэшчыну ў адносінах: пра дзяцей Іван любіў пагаварыць. Але цяпер не адгукнуўся. Яшчэ адзін напамінак пра Шышку зісім узбунтаваў пачуцці. Ён слухаў Яшку з маўклівай насцярожанасцю, глядзеў на яго... не сярдзіта, не варожа, а быццам пазнаючы яго сутнасць; ён як бы з некаторым шкадаваннем развітваўся з гэтым чалавекам, як з прывычнай рэччу,— яе і зберагаць ужо няма чаго, і выкінуць яшчэ шкада.