ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 21.08.2025
Просмотров: 2185
Скачиваний: 0
толькі домам, сынам, мужам і начыста вымятала з галавы ўсе службовыя турботы. Леанід Аркадзьевіч часта проста зайздросціў такой здольнасці адключацца ад службы. У яго так не атрымоўвалася. У яго і ў адпачынку з'яўлялася патрэба пагаварыць аб справах, паспрачацца на юрыдычныя тэмы. Самым цікавым субяседнікам быў Павел Паўлавіч Драмака. Магчыма, збліжала іх не толькі любоў да кнігі: у начальніка ДАІ, сына селяніна, было тое, чаго не хапала гараджаніну, прыроджанаму інтэлігенту Міхалеўскаму,— веданне вясковага жыцця, сялянскай псіхалогіі.
Лена не пярэчыла супраць іх сяброўства, Драмака ўвогуле падабаўся ёй, але не падабалася, што ў трыццаць пяць гадоў ён усё яшчэ халасцяк, да такіх мужчын яна ставілася з пэўным недаверам і насцярожанасцю, таму не хацела, каб муж часта наведваўся ў халасцяцкую Драмакаву кватэру, якая ёй чамусьці не падабалася, нягледзячы на нязвыклыя для адзінокага мужчыны чысціню і парадак і багатую бібліятэку. Рэдкія кнігі, якімі хваліўся Павел Паўлавіч, здаліся Міхалеўскай прынадай для жанчын, якія іграюць інтэлектуалак і шукаюць прыгод. Гэта было, можа, адзінае яе дзівацтва: яне не любіла жанчынінтэлектуалак.
Ведаючы, што Лена не ў захапленні ад яго вячэрніх паходаў да Драмакі, Леанід Аркадзьевіч не кожны раз казаў, куды ідзе ці дзе быў; у жонкі хапала тактоўнасці не рабіць допытаў. Ці мала дзе мог затрымацца пракурор!
У той вечар ён шчыра сказаў, што яму хочацца пагутарыць з Паўлам Паўлавічам. Безумоўна, яна не запярэчыла.
— Калі ласка, ідзі, я буду вязаць Андрэйку касцюмчык. Касцюмчыкаў было звязана ўжо добры дзесятак, але яна працягвала вязаць іх бясконца, і Леаніда кранала гэтае яе жаночае захапленне: Лена не магла не вязаць, калі даставала ніткі і ў часопісах знаходзіла новы фасон. Леанід Аркадзьевіч прыгадаў адно выказванне Драмакі, той даводзіў, што як нельга жанчыне рабіць шахцёрам, гэта забаронена міжнароднай канвенцыяй, так нельга ёй асвойваць і некаторыя, здавалася б, лёгкія прафесіі. Драмака назваў сярод гэтых прафесій аўтаінспектара, але не назваў следчага, з далікатнасці, безумоўна.
Гледзячы, як жонка займаецца гаспадаркай, з якім задавальненнем гуляе з сынам і вяжа, Міхалеўскі заўсёды думаў, што, магчыма, начальнік ДАІ мае рацыю — не на сваім яна месцы, трэба было б ёй куды-небудзь у юрыдычную кансультацыю ці ў дзіцячы пакой. Але калі паспрабаваў загаварыць на гэтую тэму, Лена здзівілася: чаму? Ёй добра і ў міліцыі.
Пазваніў Драмаку. Той быў дома. Міхалеўскі не спытаў, ці можна зайсці, бо такое пытанне, заўважыў, насцярожвала Лену, значыцца, бываюць сітуацыі, калі да халасцяка нельга заходзіць — так, пэўна, яна разважала. Сказаў: зайду.
Павел Паўлавіч «грыз» раман Азімава. У яго былі розныя кнігі, але, як даўно заўважыў Міхалеўскі, перавагу ён аддаваў навуковафантастычнай літаратуры, гэтыя кнігі ён вазіў з сабой у планшэце і чытаў усюды: на дарогах, у службовым кабінеце, калі была вольная хвіліна. Таіў ад старонніх сваё захапленне, і ў гэтым было нешта кранальна-наіўнае, хлапчуковае. Калі жончынаму хобі — вязанню Леанід Аркадзьевіч амаль зайздросціў, то з сябравага хобі хацелася пасмяяцца. Але стрымліваўся, бо вельмі сур'ёзна Драмака гаварыў аб прачытаным — аб самых неверагодных фантазіях і гіпотэзах; гаварыў толькі з ім адным, больш ні з кім, і Міхалеўскі гэта прымаў як найвышэйшую адзнаку сяброўскага даверу.
Адчыніўшы сябру з кнігай у руках, Драмака тут жа ў калідорчыку, пакуль госць распранаўся, дачытаў раздзел. І тут жа пачаў выказваць сваё захапленне:
—Здорава, я табе скажу,— ласкава пагладзіў ён мяккую вокладку кнігі.— Тут, разумееш, вучоныя выдумалі міжпланетны насос для перакачкі энергіі з далёкай-далёкай, не ў нашай галактыцы, планеты-зоркі на нашу Зямлю, якая растраціла ўсю сваю энергію. Слухай, якая трэба фантазія, каб апісаць разумных істот там, на той планеце. Толькі дарэмна ён іх зрабіў медузападобнымі — адна разумная плазма, па-нашаму — адзін мозг, такая, маўляў, эвалюцыя высокага розуму. Усё адмерла, застаўся адзін мозг, які служыць ужо не ім, гэтым істотам, а касмічнай цывілізацыі. Шкада. Мне хацелася б, каб істоты, якія падарылі нам энергію, былі прыгожыя.
Драмака гаварыў так, быццам гэта ўжо адбылося — перакачка энергіі аднекуль з космасу.
Міхалеўскаму зноў захацелася пасмяяцца.
—Значыцца, па логіцы твайго Азімава, і мы некалі ператворымся ў разумны кісель?
—Мы не ператворымся. Тут,— зноў пагладзіў Драмака кніжку,— вучоны-землянін, амерыканец, бязбожна эксплуатуе розум гэтых няшчасных істот для сваёй выгады, для сваёй славы. І топча сваіх калег, не дае ім ходу.
Міхалеўскі зарагатаў.
—Нішто прыладзіўся твой вучоны! Вунь куды дабраўся, каб украсці! Але, падобна на зямлян. А галоўнае — хто асудзіць за тое,
што злямзіў з другой планеты? Пампуе не энергію для ўсіх, так? Праўда, мудры гэты Азімаў. Узбек?
—Амерыканец.
—Мудры. Пa яго логіцы, так будзе ў далёкай будучыні, як было ў далёкім мінулым. Толькі ў касмічным плане. Бедаку якому-небудзь галоднаму адсякалі руку, а то і галаву за тое, што ён краў кавалак хлеба, а цэзар, кароль, імператар, які ўвёў такі жорсткі закон, ішоў вайной на другую краіну, абрабоўваў цэлы народ да ніткі, і яго славілі як героя: маўляў, ваяваў дзеля дабра свайго народа, хоць народ, як правіла, меў фігу.
—Азімаў мае на ўвазе мараль таго ладу, які цяпер у Амерыцы. Калі меркаваць па раману, чалавецтва пайшло далёка ў навуцы і засталося на месцы ў сацыяльным развіцці. Так не будзе!
Міхалеўскі зноў засмяяўся.
—Друг мой, табе трэба быць літаратурным крытыкам.
—Скончыўшы міліцэйскую школу? — усміхнуўся Драмака.
—У нас ёсць знаёмы — вядомы крытык. Дык бацька мой неяк даводзіў яму, што крытыка спаўзае з сацыяльных і класавых пазіцый, робіцца абстрактнай. А ў цябе моцная марксісцкая платформа. Ты навучыў бы іх, гэтых інжынераў душ.
—Не смейся, пракурор, з міліцыянера.
—Не смяюся. Агітую вучыцца, пакуль не позна.
Павел Паўлавіч цяжка ўздыхнуў.
Міхалеўскаму заўсёды хораша ў Драмакі. У сваёй новай трохпакаёвай і яшчэ пуставатай кватэры ён не адчуваў такой утульнасці, як у гэтым загрувашчаным кнігамі пакойчыку. Так хораша яму некалі было ў бацькавым кабінеце, сярод мора кніг, толькі там кнігі былі ў прыгожых шафах, за халодным шклом, а тут, у Драмакі, на самаробных паліцах, адкрытыя, і праз гэта самыя розныя кнігі, нават тыя, якія ён ніколі не чытаў, здаваліся знаёмымі, блізкімі: як бы грэлі ў асенні вечар. Але яшчэ больш грэлі размовы з Паўлам Паўлавічам. Не сказаць каб яны былі глыбока інтэлектуальнымі, але пагаварыць з гэтым чалавекам можна было аб усім — аб палітыцы, эканоміцы, юрыспрудэнцыі, літаратуры, кіно, а літаратура і кіно — гэта і каханне, і выхаванне дзяцей, і ўсе іншыя праблемы грамадства. Са сваімі памочнікамі ў пракуратуры на такія тэмы не пагаворыш.
У той вечар у Леаніда Аркадзьевіча нават трохі варухнулася сумленне, ён як бы адчуў сябе вінаватым перад жонкай, што ў кампаніі з начальнікам ДАІ яму весялей, цікавей, чым з ёй.
Пра ранішнюю размову з Батраком і пра незразумелае цьмянае адчуванне незадаволенасці сабой, якое, па сутнасці, і пацягнула яго ў
госці, Міхалеўскі зусім забыўся. Толькі калі ў сувязі з нейкім дарожным здарэннем Драмака загаварыў пра сваіх шафёраў, пракурор успомніў Батрака.
—А гэты твой лепшы шафёр з «Добрынскага» цаца, я табе
скажу.
—Хто?
—Аварыйшчык, якога ты выручаў.
—Батрак?
—Але. Гусь лапчаты, як кажуць. Па-мойму, ён з тых, хто бярэ нахабствам.
—Ну не! Батрак не такі.
—Ён пачаў мяне вучыць... не спадабалася яму, што я звярнуўся да яго «грамадзянін Батрак». Прозвішча — што для маскіроўкі прыдуманае. Я, кажа, член партыі, дэпутат. З апломбам гэтак.
—А дзе вы стрэліся?
—Я афіцыйна выклікаў яго і, сам разумееш, павінен быў трымацца афіцыйна. Пракуратура ёсць пракуратура.
—З якой прычыны ты выклікаў яго?
—Ён пагражаў забіць чалавека.
—Батрак? Каго?
—Былога паліцэйскага.
—Шышку?
—Ты ўсіх знаеш? Каго ты не знаеш у раёне? Табе трэба мець іншую пасаду, раённага папа, ці што?
—Пачакай. Не жартуй. Што здарылася?
—Нічога, дзякуй богу, не здарылася. І, думаю, пасля майго папярэджання не здарыцца. Ва ўсялякім разе, я запісаў яго афіцыйнае абяцанне. Батрака. Ты чаго на мяне глядзіш такімі вачамі? Думаеш, я не разумею, што Шышка гэты... дарэчы, прозвішча яго Шышкевіч...
—сволач апошняя? Але ён адбыў пакаранне. Дваццаць восем гадоў, калі лічыць і пасяленне. Гэтага, як кажуць, па завязачку хопіць за ўсе яго злачынствы. Мы ахоўваем жыццё любога чалавека. І законы. Але ў дадзеным выпадку... я ахоўваю твайго лепшага шафёра. Яго сям'ю.
—Дзе ён пагражаў? Калі?
—Шышкевіч не піша — дзе, і я не ўнікаў у такія дэталі. Якое гэта мае значэнне?
Драмака, які дагэтуль сядзеў на канапе супраць госця, падняўся і прайшоўся па пакоі, шырока, як на палубе карабля, расстаўляючы свае дужыя, трохі касалапыя ногі.
Міхалеўскі глядзеў, як у Драмакі пад спартыўнымі шараварамі напружваюцца моцна мускулы ног, ды і на плячах, на грудзях мускулы таксама як напяліся, гатовыя разарваць цеснаватую тэніску.
«Мядзведзь»,— з некаторай зайздрасцю да сябравага здароўя падумаў пракурор.
Драмака спыніўся перад госцем; звычайна спакойны твар яго выдаваў незразумелае хваляванне.
—Дарэмна ты не ўнікнуў у дэталі. Шышка гэты ехаў з Батраком, калі здарылася аварыя.
Міхалеўскі засмяяўся.
—Можна падумаць, ты лічыш, што ў любым іншым месцы пагражаць чалавеку нельга, а ў машыне можна.
—А ты такую хоць «дэталь» знаеш, што гэты гад забіў Іванаву матку, малую сястру, бабулю і, здаецца, пасля бацьку-партызана...
Паліцаі падпільнавалі яго, калі ён прыйшоў на магілы сваіх...
Не, ён, пракурор, гэтага не ведаў. А павінен быў ведаць. Ці, ва ўсялякім разе, абавязаны быў весці размову так, каб Батрак расказаў яму пра ўсё. Але Батрак зачапіў яго самалюбства сваёй заўвагай, і ён не здолеў пагаварыць даверліва, як чалавек з чалавекам, таварыш з таварышам. Залішне ён адчуваў свой мундзір.
Толькі тут Міхалеўскі пачынаў разумець прычыну незадаволенасці сабой. Але ў справу гэтую яму належала ўнікнуць глыбей, калі не перад тым як гаварыць з Батраком, то хаця б пазней. А ён паспяшаўся «закрыць» яе.
Міхалеўскі прызнаваў свае памылкі перад самім сабой, любіў распісаць іх бацьку. Перад іншымі рабіў гэта не так ахвотна, нават перад жонкай і Драмакам.
—Гэта што — даказана?
—Кім?
—Судом.
—Не знаю, што даказана судом. Але гэта бачыў сам Іван, яму было сем гадоў.
—Я ў цябе бачыў кнігі па псіхалогіі. Ты не чытаў, як трансфармуецца факт па меры аддалення ў часе? За такое была б «вышка». За расстрэл жанчын, дзяцей... Ваенны трыбунал не ліберальнічаў.
—Маглі не ўнікнуць у дэталі...
—Не ўпікай, калі ласка.
—Я не ўпікаю. Але тады, адразу пасля вызвалення, сапраўды такіх спраў было многа. Іх судзілі разам. Агулам. Усю раённую паліцыю. Хлопец не быў на судзе. Хапала сведкаў дарослых.
—А хіба дарослыя не зналі пра такую акцыю?