ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 28.12.2019
Просмотров: 3023
Скачиваний: 11
Часам межы паміж мнагазначным і аманімічным словам бываюць умоўнымі, аманімія з цяжкасцю паддаецца дакладнай класіфікацыі. У лексікаграфічных працах не заўсёды паслядоўна вытрымліваецца падача мнагазначнага слова (у адным слоўнікавым артыкуле пад рознымі нумарамі) і слоў-амонімаў (у розных слоўнікавых артыкулах). Увогуле, устанаўленне межаў паміж полісеміяй і аманіміяй залежыць не столькі ад моўнай рэальнасці, колькі ад аргументацыі вучоных-лінгвістаў.
3 Стылістычныя пласты лексікі
Лексічнае значэнне слова можа ўзбагачацца дадатковай семантычнай якасцю – экспрэсіўнасцю. Такія словы называюцца стылістычна афарбаванымі: рагатаць, дыбаць, птушачка. Словы, якія не маюць гэтай афарбоўкі, называюцца стылістычна нейтральнымі: смяяцца, ісці, птушка.
Сярод стылістычна афарбаваных слоў вылучаюць у першую чаргу размоўную лексіку, якая ўжываецца толькі ў вусным маўленні (віндá, лапатáць, клёвы), і кніжную лексіку, якая ўжываецца пераважна ў пісьмовай форме мовы (пастулат, апалагет, баланс). Стылістычна афарбаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках адпаведнымі лексікаграфічнымі паметамі: ласк. (ласкальнае), груб. (грубае), пагард. (пагардлівае), зневаж. (зневажальнае), іран. (іранічнае), лаянк. (лаянкавае), разм. (размоўнае), абл. (абласное), кніжн. (кніжнае), спец. (спецыяльнае), гіст. (гістарычнае), высок. (высокае), паэт. (паэтычнае) і інш. Ужыванне гэтай лексікі абумоўлена стылем тэксту, а нейтральная лексіка не мае абмежаванняў для выкарыстання і ўжываецца ў тэкстах любога стылю.
4 Сінонімы
Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне, напрыклад: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г.д. Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне.
У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.
1 Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш.
2 Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя значэнні (семы) ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з іншымі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).
3 Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); воін (кніжн.) – салдат (нейтр.) – ваяка (разм.); шоўк (нейтр.) – ядваб (кніжн.); вандроўнік (нейтр.) – пілігрым (кніжн.) – пацягака (разм.); ілгаць (нейтр.) – брахаць (разм.), плесці (разм.); украсці (нейтр.) – сцягнуць, сперці, сцібрыць (гутарк.); гультай – абібок, лянівец, лайдак, лежабока, труцень, гультаіна, завала (разм.) і інш.
4 Кантэкстуальныя сінонімы – гэта словы, якія не маюць сэнсавай сувязі і збліжаюцца па значэнні толькі ў пэўным кантэксце, набываючы пераносны сэнс: Настрой быў светлы, радасны. Словы светлы і радасны не з’яўляюцца сінонімамі паводле свайго лексічнага значэння, але ў гэтым сказе яны выступаюць як сінонімы, бо абодва азначаюць “добры настрой”.
Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напрыклад, замест спазняецца гавораць затрымліваецца, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад.
5 Сінанімія, варыянтнасць, дублетнасць тэрмінаў
Тэрміны-сінонімы – гэта найменні, якія адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння або аб’ёмам семантыкі. У эканамічнай і юрыдычнай літаратуры яны сустракаюцца даволі рэдка, напрыклад: кантралёр – рэві-зор, універсам – супермаркет, імпарт – увоз, спонсар – фундатар, дэфіцыт – недахоп.
Тэрміны-дублеты – гэта найменні, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні, суіснуюць у сінхронных моўных пластах. Многія з іх характэрны для дакладных навук (фізіка, матэматыка, хімія) (дыстыляцыя – перагонка, квазізоркі – квазары, счапленне – кагезія, сублімацыя – узгонка і інш.), юрыспрудэнцыі (фальсіфікацыя – падлог, выпадак – казус, стандарт – норма, вымаганне – рэкет, рэкламацыя – прэтэнзія і інш.), спорту (перашкода – бар’ер, арбітр – суддзя, сэт – партыя, бой – паядынак, нападаючы (нападнік) – бамбардзір, вароты – брамка, гнуткасць – гібкасць, жгут – скрутак, закалка – гарт і інш.), эканомікі (ануітэт – рэнта, бартар – тавараабмен, залог – заклад, дысконт – скідка, полісемія – мнагазначнасць, улік – справаздачнасць і г.д.). У сінанімічныя адносіны ўступаюць найменні славянскага паходжання і запазычаныя тэрміны. У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; гарлачык – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубэнчыкі, куўшынкі; трыпут-нік – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лопух – лапушнік, дзядоўнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш.
Пары найменняў тыпу «слова – словазлучэнне» або «словазлучэнне – словазлучэнне», якія маюць тоеснае значэнне, варта лічыць сінтаксічнымі сінонімамі-дублетамі. Напрыклад, дэзерцірства – ухіленне ад вайсковай службы, экспарт – знешні гандаль, бікамералізм – двухпалатная сістэма, халатнасць – нядбайнасць злачынная, бюлетэнь – лісток непраца-здольнасці, біпатрыды – двайное грамадзянства, гандбол – ручны мяч, звеславаць – пачаць веславаць, ватэрпола – воднае пола, арбітр – трацейскі суддзя, банкнота – банкаўскі білет, трата – пераводны вэксаль, распіска – пацвярджэнне атрымання і інш.
Шматкампанентныя пары сінонімаў-дублетаў розняцца галоўнымі кампанентамі (адміністрацыйнае правапарушэнне – адміністрацыйная правіннасць) або залежнымі кампанентамі (завочнае навучанне – навучанне без адрыву ад вытворчасці, фіктыўны шлюб – несапраўдны шлюб, Сусвет-ны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, выгады пераліву – пабочныя выгады, выдаткі накладныя – выдаткі агульныя) і інш.
Варыянтамі з’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна. Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагіч-нага словазлучэння (дысперсія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал –імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – намінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – Цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд, ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, ФІФА – Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый). Скарачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі (γ-прамяні –электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш за 0,1 нм) і інш.).
6 Паронімы
Паронімы – гэта, як правіла, аднакаранёвыя словы адной часціны мовы, падобныя па гучанні, але розныя па сваім лексічным значэнні: абанемент ‘дакумент на права карыстання чым-небудзь’ – абонент ‘асоба, якая мае абанемент, карыстальнік’; гандлёвы ‘які мае адносіны да гандлю’ – гандлярскі’ характэрны для гандляра, яго заняткаў’; альянс ‘саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў’ – альяс ‘расліна алоэ’; імігрант ‘перасяленец з якой-небудзь краіны’ – эмігрант ‘чалавек, які перасяліўся са сваёй радзімы ў іншую краіну’; інжынерны ‘факультэт, войскі’ – інжынерскі ‘дыплом, абавязкі’; канцэсія ‘дагавор аб перадачы замежнай фірме ў эксплуатацыю на пэўны тэрмін прыродных багаццяў, прадпрыемстваў і інш. гаспадарчых аб’ектаў, якія належаць дзяржаве’ – канфесія ‘веравызнанне: 1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэлігійнага вучэння якой-небудзь царквы; 2) рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізацыйную структуру; камітэт ‘выбарны орган, які кіруе якой-небудзь работай’ – камітэнт ‘асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую-небудзь здзелку: куплю, продаж і інш.’; трасат ‘асоба, абавязаная заплаціць па пераводным вэксалі’ – трасант ‘асоба, якая выдае другой асобе пераводны вэксаль; вэксаледаўца’; лакаўт ’адна з форм барацьбы прадпрымальнікаў супраць рабочага класа ў заходніх краінах’ – накаўт ‘стан баксёра ў час бою, калі ён пасля вельмі моцнага ўдару на працягу 10 секунд не можа падняцца і лічыцца пераможаным’; спаборнасць ‘адзін з функцыянальных прынцыпаў, які вызначае працэсуальную дзейнасць суда з мэтай забеспячэння паўнаты фактычнага і доказнага матэрыялу, неабходнага для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, устанаўлення ісціны па справе’ – спаборніцтвы ‘спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы’; эфектны 'які робіць моцнае ўражанне’ – эфектыўны ‘які прыводзіць да пажаданых вынікаў’.
Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).
У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы, як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы, звычайна могуць замяняцца адзін другім. Для іх характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання. Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Яны не могуць узаемазамяняцца без змены сэнсу выказвання. У моўнай практыцы нярэдка можна пачуць, як няправільна ўжываюцца паронімы: Хлопчык слухаў цікаўную казку (замест цікаўную трэба было ўжыць паронім цікавую). Дакладнае значэнне паронімаў можна праверыць па слоўніку паронімаў.
7 Антонімы
Антонімы – гэта словы з лагічна процілеглым лексічным значэннем, якія ўсё ж азначаюць суадносныя паняцці: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы, шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі, экспарт – імпарт, расход – даход, крэдыт – дэбет, стратны – прыбытковы, спытаць – адказаць. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.
Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякаcны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г.д. Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.
Акрамя агульнамоўных антонімаў важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напрыклад: Прайсці нялёгка год за годам, бо шлях – то шоўк, а то асцё... хто ж меру ведае заўсёды, шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, слухай яго, голь! На славах магутны слон, а на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: ты паглядзі на тых між нас, каму дзяржавы нашай мова – кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш.
З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень), у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца: лёгкая – цяжкая (атлетыка): лёгкая атлетыка – ‘від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.’; цяжкая атлетыка – ‘комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.)’. Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) – ‘які трапіў пад дождж і намок’. Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – ‘моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў’. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай’. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны. У эканоміцы бык ‘удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы’ – антанімічны слову мядзведзь ‘спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы’.
Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г.д. Веданне суадноснасці антонімаў дапамагае больш дакладна азначыць процілеглыя з’явы, што немалаважна для дакументаў, ад якіх патрабуецца дакладная фармулёўка паняццяў.
8 Сучасная беларуская лексіка паводле паходжання
Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа. Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.