ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 07.09.2025
Просмотров: 1602
Скачиваний: 0
СОДЕРЖАНИЕ
Установа адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт
3. Беларускія землі ў V – пачатку хііі стст.
3.2 Узнікненне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Полацкае княства іх – хі стст.
3.5 Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў іх – хііі стст.
3.6 Рэлігія і культура ў іх – хііі стст. Дзейнасць асветнікаў
4. Дзяржаўна-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл
4.1 Утварэнне і развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку хііі – сярэдзіне XIV стст.
4.2 Дзяржаўная палітыка вялікіх князёў вкл у перыяд другая палова XIV – першая трэць XV стст.
4.4 Утварэнне Рэчы Паспалітай. Барацьба вкл за захаванне незалежнасці
4.6 Спробы рэформ у другой палове хvііі ст. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне т.Касцюшкі
4.7 Дзяржаўны лад, органы кіравання, судовая сістэма і войска вкл
4.8 Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў хіv – хvііі ст.
4.9 Культура Беларусі хіv– пачатку хvіі ст. Асаблівасці Адраджэння на Беларусі
4.10 Развіццё культуры Беларусі ў хvіі – хvііі ст. Барока. Асветніцтва
4.11 Фарміраванне беларускай народнасці. Этнічныя меншасці ў Беларусі
5. Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі
5.4 Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у першай палове хіх ст. Рэформы п.Кісялёва
5.5 Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 60-х – 80-х гг. Хіх ст. У Беларусі. Контррэформы
5.6 Паўстанне 1863-1864 гг. У Беларусі. Дзейнасць к.Каліноўскага
5.8 Рэвалюцыя 1905-1907 гг. У Беларусі. Трэццячэрвеньская палітычная сістэма
5.10 Культура Беларусі ў хіх – пачатку хх ст.
5.11 Фарміраванне беларускай нацыі
Пасля гэтага Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства – ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць свайго швагра (мужа сястры) Шварна Данілавіча (1267 – 1270), а сам пайшоў у манастыр. Старэйшы брат Шварна Леў пакрыўдзіўся за тое, што ўлада дасталася не яму, а Шварну, і ўласнаручна забіў Войшалка. У Літве Шварн меў пэўную падтрымку з-за свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася. У 1270 г. князь памёр (магчыма, яму дапамаглі гэта зрабіці).
Наступным князем ВКЛ стаў Трайдэн (1270 – 1282). Для Галіцка-Валынскага княства гэтая кандыдатура была непажаданай, пра што сведчыць абурэнне мясцовага летапісца: “Нача княжити в Литве окаянный и беззаконный, проклятый, немилостивый Троиден. Его же беззакония не могохом писати срама ради...”. Трайдэн усталяваў сваю ўладу ва ўсім Верхнім Панямонні, здолеў стабілізаваць унутраны лад дзяржавы. У ваколіцах Гародні і Слоніма ён пасяліў прусаў, якія ратаваліся ад крыжакоў. Адначасова князь даволі аспяхова змагаўся супраць крыжакоў (захапіў Дзінабург), палякаў, Галіцка-Валынскага княства і мангола-татар.
Пасля смерці Трайдэна палітычная гісторыя Літвы апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка гістарычныя крыніцы не называюць. Выказваюцца меркаванні, што княжыць маглі браты Будзікід і Будзівід ці Путувер (Лютувер), імёны якіх прыгадваюцца ў летапісах. Але вызначыць колькі кіравалі гэтыя князі, іх паходжанне і чаргаванне не ўяўляецца магчымым. Тым не менш, папярэдняе развіццё ВКЛ дазваляла сцвярджаць, што княства як самастойнае славяна-балцкае палітычнае ўтварэнне ў рэгіёне склалася, і хутка пачало прэтэндаваць на ролю лідэра на землях усходніх славян.
Ажыўленне палітычнага жыцця ВКЛ пачалося ў 90-я гг. ХІІІ ст. з пачаткам княжання Віценя (каля 1295 – 1316). Паводле паведамлення летапісу, стаўшы князем у Наваградку, Віцень пачаў выкарыстоўваць у якасці асабістага сімвалу “Пагоню” (выяву ўзброенага вершніка). Гэты князь актыўна супрацьстаяў крыжакам. За 1300 – 1315 гг. крыжакі зрабілі каля 20 рэйдаў на землі Літвы. У адказ з 1298 па 1313 год Віцень зрабіў адзінаццаць уварванняў у Прусію, яго войскі неаднаразова спусташалі Лівонію.Пры Віценю ў складзе ВКЛ канчаткова замацавалася Полацкая зямля. Згодна звесткам беларуска-літоўскіх летапісаў, апошні самастойны полацкі князь завяшчаў свае ўладанні рыжскаму архібіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які выбіў рыжан з Полацка у 1307 г. Далучэнне Полацка да Літвы адбылося на падставе дагавора – “рада”, які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў і суда, манапольнае права баярства на заняцце пасад мясцовага кіравання. Акрамя таго, Віцень пашырыў тэрыторыю ВКЛ да Буга, далучыўшы ў 1315 г. Берасцейскую зямлю. У 1316 г. вялікі князь памёр. Легенда паведамляе, быццам ён загінуў ад удару маланкі.
Яшчэ больш узмацнілася ВКЛ пры вялікім князю Гедыміне (1316 – 1341). Пры ім паспяхова вялася барацьба з крыжакамі. Асаблівай мужнасцю і вайсковым майстэрствам у гэтай барацьбе вызначыўся князь Давыд Гарадзенскі (верагодна, сын Даўмонта), дзейнасць якога пачалася яшчэ пры Віценю. У 1314 г. ён адбіў напад крыжакоў на Наваградак. Неаднойчы Давыд прыходзіў на дапамогу Пскову, здзяйсняў рэйды ў Прусію. У 1326 г. пад час далёкага паходу на нямецкі Брандэнбург Давыд Гарадзенскі быў забіты здраднікам.
У час княжання Гедыміна ў складзе ВКЛ апынулася амаль уся тэрыторыя Беларусі. У 1318 г. яго сын Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй. У 1320 г. Яраслаў памёр, а Віцебскае княства адышло па спадчыне Альгерду, які істотна узмацніў горад, пабудаваўшы ў Віцебску замест драўлянага каменны замак. Вялікі ўклад у развіццё горада ўнеслі і абедзве жонкі Альгерда віцебская княжна Марыя і цвярская княжна Ульяна.
У 1320-я гг. у складзе ВКЛ апынулася і Менскае княства. Палітычная мудрасць Гедыміна выявілася ў тым, што далучаным землям ён гарантаваў захаванне традыцыйных законаў. Прынцып кіравання Гедыміна быў наступны: “старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”. Да таго ж Гедымін хоць і заставаўся язычнікам, аднак заўсёды падтрымліваў праваслаўе. Сам Гедымін называў сябе каралём Літвы і Русі, а беларуска-літоўская дзяржава стала называцца Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. Пры ім жа сталіцай ВКЛ з 1323 г. стала Вільня.
У 1341 г. Гедымін загінуў ад ранення з агнястрэльнай зброі пры штурме крыжацкага замка. Пераемнікам, па волі бацькі, стаў яго сярэдні сын Яўнуцій (1341 – 1345). Ён праявіў сябе як князь слабы і нерашучы. У выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута Яўнуцій быў пазбаўлены прастола. Вялікім князем быў абвешчаны Альгерд (1345 – 1377), які стаў правіць разам са сваім братам Кейстутам.
4.2 Дзяржаўная палітыка вялікіх князёў вкл у перыяд другая палова XIV – першая трэць XV стст.
З 1345 па 1377 гг. вялікім князем літоўскім быў сын Гедыміна Альгерд, але фактычна у ВКЛ існаваў дуумвірат (адначасовае праўленне двух правіцеляў) Альгерда і Кейстута. Яны размежавалі паміж сабой “сферы ўплыву”. Альгерду дасталася ўсходняя палова княства з цэнтрам у Вільні. Ён праводзіў актыўную знешнююю палітыку (у асноўным наступаў) на ўсходнім і паўднёвым накірунках, дзе кантактаваў з рускімі княствамі і татарамі. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Ён адказваў за адносіны з заходнімі суседзямі і пераважна абараняў дзяржаву ад крыжакоў, якія здзейснілі з 1345 па 1377 гг. каля 100 рэйдаў. Кейстут, у сваю чаргу, зрабіў каля 40 паходаў у адказ, тры разы трапляў у палон і тры разы збягаў з палону. У 1348 г. браты біліся з крыжакамі на р. Стрэве, аднак рашаючай перамогі не атрымалі.
Сам Альгерд далучаў да ВКЛ так званыя “рускія землі” (тэрыторыі былой Кіеўскай Русі). У 1350-я гг. былі далучаны Бранскае княства, Мсціслаўская зямля. Пасля перамогі над татарамі на Сініх Водах у 1362 г. у складзе княства замацаваліся ўкраінскія землі (Кіеўшчына, Падолле і Чарнігаўшчына). Адначасова Альгерд імкнуўся падтрымаць Цвярское княства (адкуль была яго другая жонка Ульяна) і недапусціць узвышэння Масквы, якая таксама стала прэтэндаваць на лідэрства ва ўсходнеславянскім рэгіёне. У выніку князь здзейсніў тры паходы на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг., аднак не дасягнуў стратэгічных поспехаў (двойчы даходзіў да сцен крамля, але не прыступаў да аблогі). У маскоўскім летапісе пра Альгерда гаворыцца, што ён “не піў ні піва, ні віна, меў вялікі розум, употай рыхтаваў свае паходы, ваяваў не столькі колькасцю людзей, колькі ўменнем”.
У час праўлення Альгерда у склад ВКЛ увайшлі практычна ўсе беларускія землі. Існавалі тры шляхі іх уваходжання ў склад дзяржавы: дагаварны, шлях дынастычнага шлюбу, шлях ваеннага захопу. Пры гэтым абсалютная большасць беларускіх земляў увайшла ў склад ВКЛ добраахвотна, кіруючыся ваенна-палітычнай мэтазгоднасцю. Княства склалася як федэрацыя асобных зямель і княстваў. Яно паўстала як балта-ўсходнеславянская дзяржава са значнай перавагай усходнеславянскай тэрыторыі і насельніцтва (90% тэрыторыі і 80% насельніцтва пры Гедыміне і Альгердзе).
Дуумвірат (сумеснае праўленне) Альгерда і Кейстута зрабіў грамадскае жыццё ў краіне стабільным. Аднак пасля смерці Альгерда ўзнік палітычны крызіс. Справа ў тым, што вялікім князем па жаданні Альгерда стаў Ягайла (1377 – 1392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной Ульянай. Пераход прастолу да Ягайлы выклікаў дынастычную барацьбу ў ВКЛ. Супраць Ягайлы выступілі яго брат Андрэй Полацкі – сын Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной Марыяй, а таксама дзядзька Кейстут са сваім сынам Вітаўтам.
Першым у 1377 г. распачаў барацьбу Андрэй Полацкі, які лічыў, што мае больш правоў на княжацкі пасад як старэйшы сын Альгерда. Але ў выніку нападу Ягайлы Андрэй уцёк у Пскоў, дзе быў прыняты на княжанне. Тым часам Ягайла аддаў Полацк свайму брату Скіргайлу. Аднак палачане адмовіліся прыняць новага князя і з ганьбай прагналі таго з горада, пасадзіўшы на каня задам наперад. У 1380 г. Андрэй Альгердавіч разам са сваім родным братам Дзмітрыем (князь бранскі) удзельнічаў у Кулікоўскай бітве супраць татар на баку маскоўскага князя, дзе вызначыліся сваім военным талентам. Ягайла ж уступіў у саюз з татарскім ханам Мамаем, прывеў войска ВКЛ да месца бітвы, але, свядома ўхіліўся ад удзелу ў баявых дзеянняў.
У 1381 г. абвострыліся адносіны паміж Ягайлам і Кейстутам, якому па-ранейшаму належала заходняя частка ВКЛ з Трокамі. Кейстут раптоўна з’явіўся ў Вільні, захапіў Ягайлу і знайшоў дакменты, якія сведчылі пра змову таго з крыжакамі супраць дзядзькі. Ягайла быў пазбаўлены вялікага княжання, аднак, па просьбе Вітаўта, Кейстут захаваў за ім Крэва і Віцебск. Але Ягайла не скарыўся. У 1382 г. па яго ініцыятыве ў Вільні адбылося паўстанне прыхільнікаў Ягайлы. Кейстут і Вітаўт былі вераломна захоплены. Першага з іх змясцілі ў вежу Крэўскага замка, дзе князь быў задушаны па загадзе Ягайлы. Вітаўт ацалеў, бо пры наведванні жонкай Ганнай пераапрануўся ў адзенне служанкі і ўцёк з затачэння, знайшоўшы прытулак у Тэўтонскім ордэне. Ягайла, які зноў стаў вялікім князем, уладкаваў Скіргайлу замест Кейстута ў Троках.
Тым часам у суседняй Польшчы памёр кароль польскі і венгерскі Людовік. Ва ўмовах адсутнасці ў Людовіка сыноў каралевай была аб’яўлена дачка Людовіка Ядзвіга. Сярод прэтэндэнтаў польская знаць аддала перавагу Ягайлу. На гэта былі прычыны. У Польшчы і Літвы быў агульны вораг – Тэўтонскі ордэн, які закрываў выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам. Польская шляхта хацела спыніць канфлікты з ВКЛ з-за Валыні і Падолля, атрымаць землю на гэтай тэрыторыі. Каталіцкая царква імкнулася мірным шляхам ахрысціць літоўцаў – апошні язычніцкі народ у Еўропе – і праваслаўных славян перавесці ў каталіцтва.
Ягайла імкнуўся ўмацаваць сваё становішча. Знаходжанне Вітаўта ў Ордэне дазваляла апошняму весці наступ на землі ВКЛ на законных падставах. Вітаўт у 1384 г. вымушаны быў падпісаць з крыжакамі вельмі нявыгаднае пагадненне, якім перадаў у залежнасць Ордэну ўсе свае вотчыны, якія трэба было яшчэ вярнуць. У выпадку смерці Вітаўта, крыжакі атрымлівалі апеку над яго малалетнімі сынамі, а калі памруць і яны – магістр меў права выдаць адзіную дачку Вітаўта замуж, застаючыся вярхоўным распараджальнікам яе спадчыны. У хуткім часе сыны Вітаўта памерлі (былі атручаны). Вітаўт даведаўся, што напярэдадні барацьбы за польскую карону Ягайла хоча з ім замірыцца. Князь зрабіў цяжкі выбар паміж забойцам бацькі і забойцамі дзяцей на карысць Ягайлы. Папаліўшы памежныя крыжацкія замкі, Вітаўт вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў частку бацькоўскіх земляў з Гродна, Ваўкавыскам і Камянцом.
Умовы дзяржаўна-прававога аб’яднання Літвы і Польшчы былі выпрацаваны ў Крэве (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Польшчай – Крэўская ўнія. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва і перавесці ў новую веру сваіх падданых, вызваліць палонных палякаў, “назаўсёды далучыць свае Літоўскія і Рускія землі да Каралеўства Польскага”.
У 1386 г. пачалося ажыццяўленне ўмоў уніі. Ягайла прыняў каталіцтва, ажаніўся з Ядзвігай і стаў польскім каралём пад імем Уладзіслаў ІІ. Яго намеснікам у ВКЛ стаў Скіргайла. Такім чынам, паміж ВКЛ і Польшчай была заключана персанальная (дынастычная) унія, у выніку якой утварыўся трывалы саюз дзяржаў. Гэты саюз у будучым дазволіў атрымаць перамогу над Тэўтонскім ордэнам. У выніку уніі пачалося паступовае збліжэнне дзяржаўных інстытутаў. Узмацніўся культурны ўплыў Захаду праз Польшчу. ВКЛ станавілася часткай заходнееўрапейскай цывілізаці.
У 1387 г. Ягайла пачаў хрышчэнне Літвы ў каталіцтва. Былі выдадзены прывілеі (граматы), якімі феадалам-католікам дараваліся вялікія маёмасныя правы (права перадаваць свае ўладанні ў спадчыну) і стваралася каталіцкае Віленскае біскупства. У выніку правядзення падобнай палітыкі ў ВКЛ узнікла “рускае пытанне” – незадаволенасць праваслаўных феадалаў нераўнапраўным становішчам з феадаламі-католікамі. Зноў цэнтрам супраціўлення стаў Полацк. Андрэй Альгердавіч адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць каралю Ягайле. У саюзе са Смаленскам і Лівоніяй Андрэй пачаў баявыя дзеянні. Скіргайла здолеў справіцца з саюзным войскам. Андрэй пратрымаўся ў Полацку да зімы 1388/89 г., калі Скіргайла падманам захапіў яго ў палон. У канцы 1380-х гг. супраць Скіргайлы выступіў Вітаўт. Ён стаў выразнікам інтарэсаў як той часткі літоўскага баярства, якая не жадала развітвацца з паганствам, так і той, што выступала супраць узмацнення польскага ўплыву ў Княстве. Вітаўт паспрабаваў захапіць Вільню, аднак, пацярпеўшы няўдачу, другі раз вымушаны быў збегчы да крыжакоў.
З крыжацкім войскам Вітаўт рабіў напады на землі ВКЛ. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам. Падтрымку Вітаўт чакаў і з боку Маскоўскага княства. У 1391 г. адбыўся шлюб яго дачкі Соф’і з маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам. Аднак рэальна Вітаўта падтрымаў толькі Ордэн. У 1392 г. Вітаўт нанёс Скіргайлу рашаючае паражэнне. Ягайла, каб прадухіліць разрыў ВКЛ з Польшчай прызнаў перамогу Вітаўта. У 1392 г. паміж Ягайлам і Вітаўтам было падпісана Востраўскае пагадненне, згодна якому Вітаўт быў абвешчаны князем ВКЛ (1392 – 1430 гг.), але на правах васала Ягайлы. Перамога Вітаўта паспрыяла замацаванню самастойнасці ВКЛ у цесным саюзе з Польшчай.