ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 07.09.2025
Просмотров: 1591
Скачиваний: 0
СОДЕРЖАНИЕ
Установа адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт
3. Беларускія землі ў V – пачатку хііі стст.
3.2 Узнікненне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Полацкае княства іх – хі стст.
3.5 Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў іх – хііі стст.
3.6 Рэлігія і культура ў іх – хііі стст. Дзейнасць асветнікаў
4. Дзяржаўна-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл
4.1 Утварэнне і развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку хііі – сярэдзіне XIV стст.
4.2 Дзяржаўная палітыка вялікіх князёў вкл у перыяд другая палова XIV – першая трэць XV стст.
4.4 Утварэнне Рэчы Паспалітай. Барацьба вкл за захаванне незалежнасці
4.6 Спробы рэформ у другой палове хvііі ст. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне т.Касцюшкі
4.7 Дзяржаўны лад, органы кіравання, судовая сістэма і войска вкл
4.8 Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў хіv – хvііі ст.
4.9 Культура Беларусі хіv– пачатку хvіі ст. Асаблівасці Адраджэння на Беларусі
4.10 Развіццё культуры Беларусі ў хvіі – хvііі ст. Барока. Асветніцтва
4.11 Фарміраванне беларускай народнасці. Этнічныя меншасці ў Беларусі
5. Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі
5.4 Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у першай палове хіх ст. Рэформы п.Кісялёва
5.5 Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 60-х – 80-х гг. Хіх ст. У Беларусі. Контррэформы
5.6 Паўстанне 1863-1864 гг. У Беларусі. Дзейнасць к.Каліноўскага
5.8 Рэвалюцыя 1905-1907 гг. У Беларусі. Трэццячэрвеньская палітычная сістэма
5.10 Культура Беларусі ў хіх – пачатку хх ст.
5.11 Фарміраванне беларускай нацыі
Баявой адзінкай у войску было кап’ё: вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Воіны былі ўзброены агнястрэльнай зброяй: ручніцамі, аркебузамі, халоднай зброяй – мячамі, кордамі, шаблямі, шпагамі, а таксама лукамі, тарчамі (лёгкімі шчытамі). У XVI ст. войска ВКЛ славілася сваёй артылерыяй. Многія гарматы мелі непаўторныя назвы – “салавейкі”, “спявачкі”. У Нясвіжы была адліта гармата “Гідра”, якая мела форму калоны грэчаскага стылю. Гармату ўпрыгожвала выява пяцігаловай гідры. Форму васьміграннага слупа мела гармата з назвай “Сава”, на якой быў надпіс-папярэджанне: “Дзе Сава-знішчальнік – там абвяшчаецца смерць”.
4.8 Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў хіv – хvііі ст.
У разглядаемы перыяд на беларускіх землях працягваўся працэс фарміравання і ўсталявання феадальных адносін, а гэта значыць галоўным сродкам вытворчасці была зямля. Буйнейшым уласнікам зямлі была дзяржава ў асобе вялікага князя (гаспадара). Прыкладна да сярэдзіны XVI ст. дакладнага падзелу гаспадарскіх уладанняў на дзяржаўныя і асабістыя вялікага князя не было. Вялікі князь літоўскі стаяў на чале іерархічнай піраміды, што складалася з свецкіх і духоўных феадалаў. Свецкімі феадаламі з’яўляліся воіны, якіх спачатку называлі баярамі, а з канца XIV ст., пад польскім уплывам – зямянамі і шляхціцамі. Нашчадкі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў звычайна захоўвалі тытул “князь”. Тыя шляхціцы, якія займалі высокія дзяржаўныя пасады, мелі сваіх васалаў сталі называцца “панамі” (з сярэдзіны XVI ст. гэты тытул стаў абазначаць усіх шляхціцаў, што мелі прыгонных сялян). Духоўнымі феадаламі з’яўляліся іерархі, а таксама епіскапствы, цэрквы, манастыры як праваслаўныя так і каталіцкія.
Увогуле феадальнае грамадства падзялялася на саслоўі (станы) – сацыяльныя супольнасці, прадстаўнікі якіх валодалі аднолькавымі правамі і абавязкамі. У ВКЛ сфарміраваліся два прывілеяваныя станы-саслоўі: шляхта і духавенства, і два непрывілеяваныя – мяшчане і сяляне. Прывілеяваны статус шляхты быў абумоўлены яе выключным правам на валоданне зямлёй. Характэрнай прыметай прыналежнасці да яго з’яўлялася абавязковае выкананне ваеннай службы. Занятак рамяством ці гандлем лічыўся для шляхціца ганьбай і меў для яго вынікам згубу шляхецтва. Юрыдычна ўсе прадстаўнікі шляхецкага саслоўя лічыліся роўнымі паміж сабой, але ў маёмасных адносінах розніліся. Самыя багатыя называліся магнатамі, а беззямельныя – галотай. У XVI-XVIIІ стст. шляхецкае саслоўе налічвала 8-10% насельніцтва ВКЛ. Да шляхты па юрыдычнаму становішчу прымыкала духавенства. Аднак прадстаўнікі духавенства розных цэркваў (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай) у розныя часы мелі неаднолькавае становішча.
Жыхары гарадоў з другой паловы XV ст. называліся мяшчанамі. У маёмасных адносінах мяшчанства падзялялася на тры асноўныя пласты. Вышэйшы пласт складалі вярхі гарадской адміністрацыі, буйныя гандляры, сярэдні – рамесныя майстры, служачыя магістрата. На ніжэйшай ступені ў гарадах знаходзіліся “каморнікі”, “лёзныя”, “гультаі”, “парабкі” – гарадскія нізы. Афармленне сялянства ў асобнае саслоўе ў ВКЛ адбылося да сярэдзіны XVI ст., калі асноўная маса сялян была запрыгонена і ліквідаваны юрыдычныя адрозненні ў становішчы розных груп сялян. Самай гаротнай часткай сялян былі халупнікі і кутнікі. Халупнікі мелі толькі хату, а кутнікі, ці яшчэ іх звалі каморнікі, нават і ўласнай хаты не мелі, а туліліся ў кутках (каморках) хат багатых сялян.
Феадалы яшчэ з часоў старажытнай Русі для забеспячэння асабістых патрэб у сельскагаспадарчай прадукцыі стваралі гаспадаркі ў сваіх “дварах” – адміністрацыйна-гаспадарчых цэнтрах маёнткаў. Прыкладна да сярэдзіны XV ст. панская гаспадарка насіла натуральны характар. Асноўным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі было сялянства. Кожная сялянская сям’я звычайна мела ў карыстанні зямельны надзел. Такую сялянскую гаспадарку называлі “дымам”. Сяляне аднаго сяла ўтваралі абшчыну (“грамаду”). Некалькі суседніх абшчын – воласць.
Важнейшымі заняткамі сялян з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. У XІV-XVI стст. на большай частцы Беларусі пашыраўся трохпольны севазварот. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся коні і валы. Асноўнымі прыладамі земляробства былі драўляная двухзубая саха, на рабочыя часткі якой насаджваліся жалезныя нарогі (наканечнікі), і драўляная барана. Убіралі ўраджай сярпамі, касой-гарбушай, снапы малацілі драўлянымі цапамі. Зерне малолі ў ручных жорнах. З канца XV ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца ветракі. Сярод збожжавых культур па-ранейшаму першае месца належала жыту. Сеялі таксама пшаніцу, ячмень, авёс, проса, боб, гарох, лён, каноплі. У гаспадарках расло пагалоўе жывёлы, павялічвалася колькасць свойскай птушкі.
За карыстанне зямлёй сяляне неслі на карысць феадала шматлікія павіннасці. Прыкладна да канца XV ст. пераважнай формай зямельнай рэнты была натуральная даніна. З сярэдзіны XV ст., у сувязі з развіццём таварна-грашовых адносін, даніна паступова выцясняецца паншчынай і чыншам. Акрамя асноўных павіннасцей сяляне выконвалі дадатковыя павіннасці. Паводле той ці іншай галоўнай павіннасці вылучаліся даннікі (плацілі натуральную даніну ці “дзякла”), асадныя сяляне ці чыншавікі (плацілі грашыма чынш) і цяглыя (адпрацоўвалі паншчыну). Найбольш прывілеяванай катэгорыяй былі сяляне-слугі, галоўнай павіннасцю якіх былі службы, што патрабавалі спецыяльных навыкаў.
З другой паловы XV ст. на Беларусі ішоў працэс пераўтварэння гаспадарак феадалаў у фальваркі. Гэта дом і гаспадарка феадала, прадукцыя якой была скіравана на продаж, гэта значыць мела таварны характар. Стварэнне фальваркаў было выклікана, галоўным чынам, павелічэннем попыту на збожжа на замежных рынках. У сувязі з тым, што ў гэты час вялікія зямельныя абшары ў Заходняй Еўропе былі заняты пад гадоўлю авечак і развядзенне вінаграднай лазы, запашка пад збожжавыя культуры рэзка скарацілася. У выніку кошт жыта на працягу першай паловы XVI ст. вырас у пяць разоў, што зрабіла гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй вельмі прыбытковым.
Ужо з пачатку XVI ст. у тых рэгіёнах, што знаходзіліся ў басейнах сплаўных рэк Заходні Буг і Нёман і на прылеглых тэрыторыях, фальваркі атрымалі значнае распаўсюджанне. Пад фальваркі адбіраліся найбольш урадлівыя землі. Гэта феадаламі рабілася, каб як мага больш вывезці зерня за мяжу і ўзбагаціцца. Фальваркавая гаспадарка засноўвалася на працы залежных сялян. Больш чым паўвекавая практыка дзейнасці фальваркавай гаспадаркі пераканала феадалаў у яе прыбытковасці. У 1557 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў дакумент – “Устава на валокі”. У ім выкладалася сутнасць аграрнай рэформы, якая атрымала назву “валочная памера”. Мэтай рэформы было павелічэнне прыбытковасці дзяржаўнай гаспадаркі. Рэформа адразу пачалася толькі ў дзяржаўных маёнтках, аднак у хуткім часе яе сталі праводзіць таксама свецкія і царкоўныя феадалы.
Асноўным напрамкам “валочнай памеры” было ўпарадкаванне сялянскага землекарыстання. Рэформай уводзілася адзіная стандартная зямельная меру да якой дакладна вызначаліся падаткі і павіннасці. Такой мерай стала валока, роўная 21,36 га. На валокі разбівалася ўся зямля маёнтка, і тая, якая адыходзіла непасрэдна пад фальваркі, і тая, якой карысталіся сяляне. Кожная сялянская сям’я мела права атрымаць валоку зямлі, аднак часцей валоку бралі дзве сям’і. Галоўнай павіннасцю з цяглай валокі была паншчына (“цягла”) па два дні ў тыдзень. Галоўнай павіннасцю з асаднай валокі быў чынш (“асада”), які складаў 52 грошы з валокі ў год. У ходзе рэформы складаліся інвентары – дакументы, у якіх вызначаліся памеры сялянскіх надзелаў і нормы павіннасцей.
Як паказаў час, увядзенне валокі ў якасці зямельнай меры і адзінкі абкладання сялян дазволіла феадалам значна павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў за кошт павелічэння эксплуатацыі беларускага сялянства. Правядзенне аграрнай рэформы прывяло да таго, што абшчыннае землекарыстанне на захадзе Беларусі было заменена падворным. Цяпер кожны сялянскі двор вымушаны быў самастойна вырашаць, колькі зямлі браць для апрацоўкі, і адпаведна колькі павіннасцей потым выконваць.
На ўсходзе Беларусі аграрная рэформа 1557 г. мела свае асаблівасці. Па-першае, з-за памежнага становішча з Расіяй і кепскай урадлівасці зямлі у рэгіёне фальваркаў было створана мала. З гэтай прычыны асноўным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі з’яўлялася сялянская гаспадарка, якая пераводзілася з даніны на чынш. Па-другое, у адрозненне ад заходніх рэгіёнаў захоўваліся абшчыннае землекарыстанне і кругавая парука.
Развіццё фальваркава-паншчыннай сістэмы паскорыла працэс прымацавання сялян да зямлі. Безумоўна, памешчыкам было патрэбна, каб сяляне пастаянна працавалі ў фальварку і кантракты з заходнееўрапейскімі гарадамі не зрываліся. У Беларусі прыгонніцтва прасочваецца па гістарычных крыніцах з сярэдзіны XV ст. Па характары асабістай залежнасці з гэтага часу вылучаліся “людзі пахожыя” (маглі пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога) і “людзі непахожыя”. У гэты ж час ішоў працэс запрыгоньвання. Пачатак заканадаўчаму афармленню прыгоннага права паклаў прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей абавязваў феадалаў не прымаць да сябе збеглых залежных сялян. Таксама феадалы атрымалі права самастойна судзіць сваіх сялян (уведзены вотчынны суд). Судзебнік 1468 г. прадугледжваў пакаранне за дапамогу пры ўцёках залежных людзей ад феадалаў. У XVI ст. працэс запрыгоньвання завяршыўся. Статут 1566 г. устанаўліваў 10-гадовы, а Статут 1588 г. – 20-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян. Такім чынам, паступова аформілася адзіная ў прававым становішчы катэгорыя прыгонных сялян, якіх можна было прадаваць, абменьваць, аддаваць у залог. Гэта была найбольш суровая форма прыгоннага права, якая праіснавала амаль 300 гадоў.
З XVI ст. распаўсюдзілася практыка здачы феадальных маёнткаў у арэнду на вызначаны тэрмін (ад 1 да 5 год). Часовых арандатараў асабліва не цікавіла, як развіваецца сялянская гаспадарка. За кароткі тэрмін свайго гаспадарання яны імкнуліся “выцягнуць” як мага больш грошай з падуладных сялян. Адсюль – павышэнне норм павіннасцей. Менавіта супраць злоўжыванняў і свавольстваў арандатараў часцей за ўсё вялі барацьбу сяляне.
Самымі распаўсюджанымі формамі пратэсту сялян былі скаргі на арандатараў, адмова ад выканання павіннасцей, парубкі лесу, патравы пасеваў і сенажацей, забойствы панскіх слуг. Адкрытым супраціўленнем эксплуатацыі былі ўцёкі прыгонных. Сярод паўстанняў найбольш буйнымі на Беларусі былі выступленні Севярына Налівайкі (1595 г.).
У XVIІ – пачатку XVIІІ ст. эканоміка Беларусі не раз цярпела разбурэнні ў выніку ваенных падзей. Аднаўленне гаспадаркі пачалося толькі ў 1720-я гг. Каб атрымаць добры прыбытак з фальваркаў, феадалы павінны былі ў першую чаргу ўмацаваць сялянскую гаспадарку. У выніку сялянам рабілася саступка, якая заключалася ў надзяленні іх “прыёмнымі” землямі. Па меры ўмацавання сялянскай гаспадаркі раслі феадальныя павіннасці.
Вялізарныя павіннасці і сацыяльная безабароннасць прымушалі сялян у крайніх выпадках хапацца за зброю і абараняць свой гонар і дабрабыт. У Беларусі ў XVIII ст. адбыліся два буйныя сялянскія выступленні, якія можна прыраўняць да паўстанняў, – Крычаўскае і Камянецкае. На чале Крычаўскага паўстання стаяў беларускі селянін Васіль Вашчыла. У маі 1740 г. Васіль Вашчыла ўзначаліў першы ўзброены сялянскі атрад, які пачаў баявыя дзеянні супраць арандатарскіх наймітаў і здабыў поспехі ў барацьбе з упэўненым у сваёй непераможнасці шляхецкім злучэннем. Паўстанцы ўзялі ўладу ў свае рукі. Князь Геранім Фларыян Радзівіл, каб задушыць паўстанне, накіраваў на Крычаўшчыну войска са сваёй слуцкай рэзідэнцыі. Войска без відавочных страт адбіла атакі паўстанцаў і адкінула іх ад Крычава за Сож. У хуткім часе войска Радзівіла канчаткова расправілася з сялянскімі фарміраваннямі. Праз дзесяць гадоў пасля Крычаўскага пачалося паўстанне сялян ва ўладанні каталіцкай царквы Каменьшчына Мазырскага павета.