ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2346
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Аўтары выказваюць словы шчырай падзякі загадчыку кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдату філалагічных навук, дацэнту З.І. Бадзевіч, а таксама рэцэнзентам-экспертам: кандыдату філалагічных навук, дацэнту кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта К.П. Любецкай, кандыдату філалагічных навук, дацэнту кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Г.К. Чахоўскаму, кандыдату філалагічных навук, дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” Т.Я. Старасценцы за глыбокае і добразычлівае рэцэнзаванне рукапісу, выказаныя заўвагі, якія садзейнічалі паляпшэнню якасці дапаможніка, а таксама дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства УА “ВДУ імя П.М. Машэрава” Я.Н. Марозавайза ілюстрацыйны матэрыял да асобных практыкаванняў і тэарэтычных палажэнняў.
Уводзіны
У кожнай мове на працягу яе развіцця фарміруюцца і замацоўваюцца пэўныя нормы ўжывання моўных сродкаў у залежнасці ад сфер зносін, зместу і задач выказвання. Гэтыя нормы ляжаць у аснове вылучэння функцыянальных стыляў мовы.
Функцыянальныя стылі – гэта грамадска ўсвядомленыя, унутрана аб’яднаныя разнавіднасці мовы, якія абслугоўваюць працэс камунікацыі ў пэўнай сферы і дыктуюць выбар моўных сродкаў. Пры размежаванні стыляў улічваюцца як моўныя, так і нямоўныя (экстралінгвістычныя) фактары. Да апошніх адносяцца: 1) сфера зносін (навуковая, вытворчая, культурная, палітычная, бытавая і інш.); 2) форма зносін (пісьмовая і вусная, маналагічная і дыялагічная); 3) змест інфармацыі; 4) мэта выказвання (паведамленне, канстатацыя, прапанова, загад, просьба, эстэтычнае ўздзеянне); 5) умовы зносін.
Стылі мовы – прадмет вывучэння функцыянальнай стылістыкі (стылістыкі маўлення), што з’яўляецца адным з напрамкаў сучаснай стылістыкі, які даследуе заканамернасці ўжывання моўных сродкаў у розных сферах зносін. Да іншых яе адгалінаванняў належаць наступныя: апісальная стылістыка – найбольш традыцыйны накірунак, які разглядае магчымасці выкарыстання стылістычна афарбаваных сродкаў (вывучае сінанімію ў шырокім сэнсе); практычная стылістыка – выпрацоўвае нормы ўжывання слоў, словазлучэнняў і сказаў у розных функцыянальных стылях; стылістыка мастацкай літаратуры – апісвае асаблівасці функцыянавання мовы ў мастацкім кантэксце, даследуе адметнасць стыляў пісьменнікаў; індывідуальная стылістыка – накірунак стылістыкі, у якім вывучаюцца індывідуальныя стылі маўлення асобных пісьменнікаў, навукоўцаў, журналістаў, палітыкаў і інш.; супастаўляльная – стылістыка, задачай якой з’яўляецца параўнанне структур дзвюх і больш моў з мэтай знайсці агульнае і рознае; стылістыка дэкадзіравання вывучае моцныя пазіцыі (загаловак, эпіграф, пачатак і канец тэксту) у іх сувязі са зместам твора, з раскрыццём асноўнай тэмы, з сістэмай вобразаў і інш.
У стылістыцы беларускай мовы традыцыйна вылучаюць пяць стыляў: чатыры кніжныя (афіцыйна-справавы, навуковы, публіцыстычны, мастацкі) і гутарковы, або размоўны. Для ўсіх кніжных стыляў уласцівы наступныя рысы: падрыхтаванасць, абдуманасць, паслядоўнасць, лагічнасць выкладу матэрыялу, ужыванне тэрміналагічнай і абстрактнай лексікі, апавядальная інтанацыя, складаны сінтаксіс. Для гутарковага стылю характэрны экспромтнасць, неафіцыйнасць, эмацыянальнасць, спрошчаны сінтаксіс, выкарыстанне нелітаратурнай лексікі, жэстаў, мімікі, рухаў. Некаторыя даследчыкі, акрамя пяці агульнапрынятых, вылучаюць шосты функцыянальны стыль – канфесійны, што звязана з павелічэннем колькасці рэлігійнай літаратуры на беларускай мове, а таксама з тым, што набажэнства ў многіх храмах вядзецца па-беларуску.
Сучасны этап развіцця грамадства характарызуецца ўзаемапранікненнем стыляў, іх узаемаўплывам. Перасячэнне, сінтэз розных стылістычных пластоў выяўляецца як у пісьмовых тэкстах, так і ў асобных выказваннях. Прычына такой з’явы – павышэнне ўзроўню адукацыі, актыўнасць сродкаў масавай інфармацыі, змена сацыяльнай структуры грамадства.
У межах кожнага функцыянальнага стылю можна вылучыць больш дробныя разнавіднасці мовы – падстылі. Падстыль – разнавіднасць пэўнага стылю, якая характарызуецца сукупнасцю, адборам і сістэмна-моўнай арганізацыяй сродкаў, уласцівай толькі пэўнаму тыпу тэкстаў. Так, у афіцыйна-справавым стылі ў залежнасці ад сферы выкарыстання тэкстаў вылучаюць канцылярскі, заканадаўчы і дыпламатычны падстылі, у навуковым – акадэмічны, вучэбна-навуковы і навукова-папулярны, у публіцыстычным – газетна-публіцыстычны, радыё- і тэлежурналісцкі, аратарскі. Трэба адзначыць, што пры вызначэнні падстыляў пад увагу бяруцца не асноўныя стылеўтваральныя фактары, а дадатковыя.
Усе стылі і падстылі беларускай мовы рэалізуюцца ў пэўных жанрах. Жанр – від тэксту, які вылучаецца ў межах таго ці іншага стылю ці падстылю, характарызуецца своеасаблівай кампазіцыйнай арганізацыяй матэрыялу і моўных сродкаў. Так, афіцыйна-справавы стыль прадстаўлены такімі жанрамі, як заява, аб’ява, распіска, пагадненне, характарыстыка, аўтабіяграфія, справаздача, указ, пастанова і інш., навуковы – манаграфія, дысертацыя, аўтарэферат, даклад, падручнік, навучальны дапаможнік, лекцыя, курсавая і дыпломная работа, рэферат, артыкул, публіцыстычны – інтэрв’ю, інфармацыя, хроніка, агляд, эсэ, рэпартаж, нарыс, фельетон, памфлет, карэспандэнцыя і інш.
Стылістычная афарбоўка (канатацыя) – дадатковае да асноўнага (намінатыўнага) значэнне слова, якое абмяжоўвае выкарыстанне дадзенай моўнай адзінкі ў пэўных сферах і ўмовах зносін і тым самым нясе стылістычную інфармацыю: дыскрымінацыя, субстантывацыя, інтэграцыя, фальсіфікацыя, дэвальвацыя, трансанімізацыя, дыялекталогія, сынок, бабулька, бальшун, прахвост, заморыш, прыхвасцень. Стылістычная афарбоўка сігналізуе аб прыналежнасці слова да пэўнага функцыянальнага стылю і абмяжоўвае магчымасці ўжыванне гэтага слова ў іншых стылях. Стылістычная афарбоўка бывае двух відаў – эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальна-стылістычная.
Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка – адценні ў значэнні слова, якія выражаюць эмоцыі, адносіны да прадмета гаворкі, яго ацэнку – станоўчую або адмоўную. Пры гэтым ацэнка можа 1) насіць пастаянны характар, калі яна ўваходзіць у семантыку слова: дабрадзей, цудоўны, ахайны, пазітыўны, нядобрасумленны, пустаслоў, неслух, халупа, размазня, аферыст, лайдак, лежабок, замухрышка, злыдзень; 2) дасягацца пры ўжыванні слова ў пераносным значэнні: арол, асёл, зязюля, пчолка, пень, варона, гадзюка, мядзведзь, слон, курыца, змяя, бочка, труцень – пра чалавека; 3) заключацца ў суфіксе: браток, вятрышча, лецейка, слаўненькі, нізенькі, звяруга, п’янчуга. Экспрэсіўна афарбаваныя сродкі адзначаюцца ў лексікаграфічных працах спецыяльнымі паметамі, якія ўказваюць на адценні ў значэнні слова: адабр. (адабральнае), неадабр. (неадабральнае), ласк. (ласкальнае), іран. (іранічнае), пагард. (пагардлівае), спагад. (спагадлівае), груб. (грубае), лаянк. (лаянкавае), вульг. (вульгарнае), асудж. (асуджальнае), памянш.-ласк. (памяншальна-ласкальнае), зніж. (зніжальнае), фам. (фамільярнае), узмацн. (узмацняльнае) і інш.
Функцыянальна-стылістычная афарбоўка адлюстроўвае прыналежнасць адзінкі да пэўнага функцыянальнага стылю. Такая афарбоўка ўласціва, напрыклад, словам пратакол, ісцец, абвінаваўца, санкцыя, бо яна ўказвае на прыналежнасць іх да афіцыйна-справавога стылю і немагчымасць ужывання ў іншых стылях мовы.
Традыцыйна функцыянальна афарбаваныя сродкі падзяляюцца на 1) кніжныя, што сустракаюцца пераважна ў пісьмовай мове – публіцыстыцы, навуковай і мастацкай літаратуры, афіцыйных дакументах: катаклізм, галаграфія, прэамбула, прыярытэт, афіксацыя, абрэвіяцыя, акліматызацыя, гаймарыт, фарынгіт, трыбун ‘грамадскі дзеяч’, форум; 2) гутарковыя, якія ўжываюцца ў размоўным стылі: завочнік, дыпломнік, курсавік, касірка, галавацяпства, аблом, трыбухач, брáкнуць ‘патэлефанаваць’ (такія адзінкі могуць выкарыстоўвацца ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы з пэўнымі стылістычнымі мэтамі, напрыклад, для моўнай характарыстыкі герояў, стварэння рэалістычных малюнкаў быту, дасягнення камічнага эфекту, выражэння адносін аўтара да аб’екта апісання і інш.). У слоўніках функцыянальна афарбаваныя адзінкі маюць адпаведныя паметы: кніжн. (кніжнае), разм. (размоўнае), а таксама высок. (высокае), паэт. (паэтычнае), нар.-паэт. (народна-паэтычнае), афіц. (афіцыйнае), спец. (спецыяльнае), уст. (устарэлае), абл. (абласное), мед. (медыцынскае), лінгв. (лінгвістычнае), хім. (хімічнае), спарт. (спартыўнае) і інш.
Эмацыянальна-экспрэсіўныя словы супрацьпастаўляюцца нейтральным (параўн.: брахня – няпраўда, зоры – вочы, бельмы – вочы, зубрыць – вучыць), а стылістычна афарбаваныя – агульнаўжывальным (параўн.: дэфініцыя – азначэнне, інтэграцыя – аб’яднанне, сімптом – прымета, штандар – сцяг). Спецыяльная і тэрміналагічная лексіка нейтральная ў эмацыянальна-экспрэсіўным плане, але яна не з’яўляецца агульнаўжывальнай, а таму валодае функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай.
Нярэдка адно слова можа мець дзве стылістычныя канатацыі, адна з якіх указвае на функцыянальную прыналежнасць, а другая – на экспрэсіўна-ацэначную: разм. трыбухаты ‘з вялікім жыватом’; разм. лаянк. дурніца; абл. груб. банкарт ’незаконнанароджанае дзіця’; разм. жарт. свінтух ‘той, хто зрабіў што-небудзь па-свінску’; разм. неадабр. ветрагон ‘легкадумны, пусты чалавек’.
Слова можа мець спецыяльныя паказчыкі таго, што яно належыць кніжным стылям. Так, адценне кніжнасці маюць:
нядаўна запазычаныя словы: шэйпінг, касцінг, холдзінг, паркінг, рэйтынг, кансенсус, армрэстлінг, маркетынг, інаўгурацыя, мараторый, блокбастар, менеджар, менеджмент;
словы, утвораныя шляхам складання: кругагляд, цэнаўтварэнне, вільгацеўстойлівасць, землекарыстанне, аэрафотадакумент, узаемаразлік, воданепранікальны, водаачыстка, электрадынаміка, лексіка-семантычны, хлебапячэнне, буйналісты, прыродаахоўны, глебаўтваральны;
словы з фіналямі -нне (крэдытаванне, фінансаванне, каласаванне, абарачэнне, пазбаўленне), -ццё (выкрыццё, развіццё), -асць (абарачальнасць, дыстрыбутыўнасць, незалежнасць, рэнтабельнасць, ліквіднасць), -цыя (рэалізацыя, прэфіксацыя, дыферэнцыяцыя), -ізм (фрэйдызм, шавінізм, галіцызм, дальтанізм, дарвінізм, пацыфізм), -інг (маніторынг, рэйтынг), -ура (агентура, пракуратура), -аж (сабатаж, дрэнаж, пілатаж, сенаж, мантаж), -ант (кансанант, дыскант), -ент (пігмент, інцыдэнт), -ат (кангламерат, сульфат);
словы з прыстаўкамі і прэфіксоідамі са- (саіскальнік, сааўтар, саўдзельнік), анты- (антыаргумент, антыдэтанатар, антыкаразійны, антысейсмічны), контр- (контрасігнаванне, контрнаступленне, контраргумент), архі- (архіфанема, архітэктоніка), супраць- (супрацьпраўны, супрацьстаянне, супрацьзаконны), дыс- (дыспазіцыя, дыскваліфікацыя), дэ- (дэмабілізацыя, дэактывацыя), дэз- (дэзынфармацыя, дэзынфекцыя), транс- (транслакацыя, трансплантант, транслітарацыя), рэ- (рэканструкцыя, рэградацыя, рэвакцынацыя);
наяўнасць у словах каранёвых марфем грэчаскага і лацінскага паходжання: аэра- ‘паветра’, баты- ‘глыбокі’, гала- ‘соль’, геа- ‘Зямля’, гідра- ‘вада’, дэндра- ‘дрэва’, заа- ‘жывёла’, крыя- ‘холад’, ксера- ‘сухі’, літа- ‘камень’, мега- ‘гігант’, меза- ‘сярэдні, прамежкавы’, мікра- ‘маленькі’, сапра- ‘гнілы’, тэрма- ‘цяпло’, трапа- ‘паварот’, фіта- ‘расліна’, -логія ‘вучэнне’, -планктон ‘блукаючы’, -біёнт ‘які жыве’, -трофы ‘ежа, харчаванне’, -фагі ‘які пажырае’, -фіты ‘расліна’, -цэноз ‘агульны’ і інш. Напрыклад, аэрабіёнт, батыскаф, галажаберныя, геабатаніка, гідрафобія, дэндралогія, літасфера, біяцэноз, ксерафілія, мегапапуляцыя, мезагамія, тэрмарэгуляцыя, сапрафіт.