ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 26.09.2025

Просмотров: 2409

Скачиваний: 1

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

СОДЕРЖАНИЕ

А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306

Прадмова

Уводзіны

Тэарэтычная частка

Функцыянальныя стылі

Сучаснай беларускай мовы

Афіцыйна-справавы стыль

Жанры афіцыйна-справавога стылю

Навуковы стыль

Жанры навуковага стылю

Публіцыстычны стыль

Жанры публіцыстычнага стылю

Гутарковы стыль

Стыль мастацкай літаратуры

Жанры мастацкага стылю

Канфесійны стыль

Камунікатыўныя якасці маўлення

Правільнасць маўлення

Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы

Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы

Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы

Правільнасць маўлення: лексічныя нормы

Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы

Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы

Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы

Дакладнасць маўлення

Лагічнасць маўлення

Чысціня маўлення

Дарэчнасць маўлення

13 Сентября 2006 года

Багацце маўлення

Выразнасць і вобразнасць маўлення

Сцісласць маўлення

Практычная частка

Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі

Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.

Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)

Тэксты для аналізу

Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню

Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.

Мнагазначнасць фразеалагізмаў

Габелен і кераміка 90-х...

Самая прыгожая жанчына

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту

Узоры тэстаў

Спіс літаратуры

Адказы да тэстаў

13 Сентября 2006 года

ФРАНЦ+ПОЛИНА

Художественный фильм, снятый по повести “Немой” Алеся Адамовича. Режиссёр – Михаил Сегал. Производство студии “Югра-фильм” (Россия) при содействии киностудии “Беларусьфильм”.

Картина о любви, не знающей границ…

…счастливо жили люди в полесской деревне “Петухи”. А как напали вероломно фашисты на нашу Родину – так ушли партизанить почти все петуховские мужики. Ушел и колхозник Кучера, и сын его – Павел. А Кучериха с малой дочкой Полиной остались в деревне, но вести доносились до них страшные: будто в соседних деревнях всех детишек, баб да стариков в домах позапирали и сожгли заживо. Правда ли это? Узнать не у кого…

И тут немцы пришли сами: красивые, подтянутые, вежливые. Расселились по домам, стали жить. К Кучерихе поселили бывалого офицера и молодого солдатика. Офицер – тот степенно вел себя: завтракал, обедал, ужинал да трубочку курил. А молодому не сиделось: он и автомат три раза на дню почистит, и воду в дом натаскает, и сам для себя вдоль улицы помарширует.

Страшно вели себя эсэсовцы. Но не трогали никого, даже иногда продукты свои привозили и по хозяйству помогали. Работали эсэсовцы, как простые деревенские парни, как сыны, что в лес ушли партизанить. И Франц, молодой постоялец Кучерихи, больше всех старался…

НА ВСТРЕЧЕ СО ЗРИТЕЛЯМИ ГОСТИ ИЗ РОССИИ – ТВОРЧЕСКАЯ ГУППА ФИЛЬМА.

Змест прыведзенага ўрыўка, хоць і прысвечаны апісанню цікавага кінафільма, не апраўдвае той танальнасці (аўтар быццам распавядае казку), якая абрана для перадачы інфармацыі, як, дарэчы, не адпавядаюць сітуацыі тыя вобразныя сродкі, што характарызуюць персанажаў. Мы ведаем, што прынесла вайна мірным жыхарам не толькі Беларусі, ведаем пра выключныя выпадкі адваротнага характару, але параўноўваць іншаземных захопнікаў з сынамі, якія партызаняць, – верх моўнай безгустоўнасці і чалавечай бездухоўнасці. К слову, і змест самога фільма, яго музычнае афармленне не адпавядаюць танальнасці рэкламы: фільм цяжкі для прагляду, яго сюжэт далёкі ад лірычнага, падзеі – ад рамантычных.

Такім чынам, дарэчнасць маўлення – паняцце не толькі лінгвістыкі, але і дастаткова дакладны партрэт (праз маўленчыя паводзіны) як аўтара, так і аўдыторыі.

Багацце маўлення


Багацце маўлення – гэта адна з найбольш важных камунікатыўных якасцяў, бо дэманструе лексічныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя, граматычныя і стылістычныя рэсурсы мовы. Багацце любой мовы можна ўявіць, калі паглядзець вакол сябе, падумаць пра тое, што прадметы, дзеянні, іх якасці і ўласцівасці, абстрактныя паняцці і інш. – усё мае назву, а часам і не адну. Значыць, наколькі разнастайны свет, наколькі развіта мысленне і жыццядзейнасць чалавека, настолькі багатая і мова.

Маўленчае багацце кожнай канкрэтнай асобы праяўляецца індывідуальна і залежыць ад розных фактараў: ад неабыякавага стаўлення да мовы, ад прафесіі, ад начытанасці, ад пачуццёвай гамы чалавека ва ўспрыманні свету. Адны навукоўцы сцвярджаюць, што актыўны слоўнік сучаснага чалавека складае каля 8 тысяч розных слоў, іншыя называюць лічбу 12 тысяч. Лічыцца, што нават творчыя і высокаадукаваныя людзі, якія пішуць мастацкія, навуковыя, публіцыстычныя тэксты, выкарыстоўваюць толькі каля 10 працэнтаў агульнаўжывальнага лексікону. Падлічана, напрыклад, што Францыск Скарына ужыў больш за 13 тысяч розных слоў, Якуб Колас – 500 тысяч.

Варта памятаць: поўнасцю моўнае багацце не адлюстроўвае ніводзін лексікаграфічны даведнік, паколькі тэрміны, дыялектызмы, устарэлыя словы, аўтарскія неалагізмы, складаныя лексемы, словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, жарганізмы, запазычаныя адзінкі, геаграфічныя, астранамічныя і інш. індывідуальныя назвы поўнасцю слоўнікамі не ўлічваюцца (У.В. Анічэнка).

Тэксты, у якіх ужываецца цікавая, з густам падабраная тэматычная лексіка, заўсёды захапляюць чытача, узбагачаюць яго слоўнікавы запас. Лексічная разнастайнасць дапамагае эмацыйна і дакладна апісаць прадмет ці з’яву: Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, на поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Сонца, якое, здаецца, так нядаўна села амаль на паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выплываць наверх. Яно было яшчэ глыбока за пушчай, таму што над грэбнем лесу яшчэ ўсё нясмела займалася зара ўсходу. А па меры таго, як яна разгаралася, рэшткі вячэрняй зары патухалі. Вось-вось павінен быў прачнуцца ў збожжы першы жаўранак і, атрасаючы свежыя кропелькі з шэрага, цёплага пер’я, узняцца над полем, абвяшчаючы захопленым шчэбетам пачатак новага дня (Я. Брыль). Слоўнае багацце, бездакорна падабраныя словы дапамагаюць нам уявіць усход сонца і адчуць хараство прыроды.


Свет вакол нас надзвычай разнастайны, але мова намнога багацейшая, паколькі адзін і той жа прадмет можа мець некалькі назваў, адна і тая ж думка можа быць аформлена па-рознаму.

На лексічным узроўні багацце мовы асабліва выразна праяўляецца праз ужыванне сінонімаў і шматзначных слоў. Сэнсавая насычанасць слова працуе не толькі на эканомію моўных рэсурсаў – яна яшчэ адлюстроўвае вобразнасць мыслення, што ўзбагачае змест маўлення.

Слова ключ, напрыклад, мае некалькі значэнняў: ‘металічная прылада для адмыкання і замыкання замка’; ‘прылада для завінчвання і адвінчвання гаек, адкаркоўвання, заводкі чаго-небудзь і да т.п.’, а таксама (перан.) ‘тое, што служыць для разгадкі, разумення каго-небудзь, чаго-небудзь, для авалодання чым-небудзь’. Слова ключ мае амонімы: яно называе знак пачатку нотнага радка; чараду птушак у палёце; верхні камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

Ведаючы ўсе ці некаторыя значэнні шматзначных слоў, слоў-амонімаў, чалавек вострага розуму, тонкага моўнага адчування можа дасягнуць яркай эмацыянальнасці, асаблівай маўленчай экспрэсіі: Ключ жураўліны! Гэта – ключ, якім адмыкаюць Веснія воды, Цёплыя подыхі ветру, Зялёныя руні, Птушыныя гнёзды, Вясёлкі І радасць. Таму, калі бачу яго, Мне хочацца рукі свае працягнуць Аж пад хмары асеннія, Каб ключом гэтым Зноў адамкнуць Маладосць (М. Танк).

Часам аўтары ўжываюць словы з такімі значэннямі, якія не фіксуюцца слоўнікамі, у гэтым выпадку ўзнікаюць семантычныя неалагізмы, якія таксама ўзбагачаюць мову: Ключ – клічнік, замок – пытальнік, ключ – модус, замок – атрыбут, ключ – учынак, замок – з’ява, ключ належыць мужчыне, замок – жанчыне, ключ – неба, замок – зямля (А. Разанаў). Праз сугучча слоў, якія яднаюцца ў паэтычным кантэксце, аўтар пашырае семантычны аб’ём слоў, тым самым насычае мову экспрэсіяй, а творы – запамінальнымі і арыгінальнымі вобразамі.

Разгледзім яшчэ адзін прыклад, прапанаваны М.В. Абабуркам. Даследчык звяртае ўвагу на тое, што мова мастацкага тэксту дэманструе багацце маўлення праз ужыванне розных лексіка-семантычных груп назоўнікаў, аб’яднаных у мікрасістэме ‘сядзіба і яе часткі’: 1) сядзіба, сяліба, селішча, аселішча, паселішча, сельбішча; забудова, двор, дворышча, падворышча, падвор’е; пасада, гаспода, седас, седала, котлішча; 2) двор, дварышча, падворак, панадворак; 3) адрына, хлеў, абора, стадола, гумно; 4) хлявух, хлевушок, свінух, свінушок, свінушнік; 5) варыўня, варывенька, стопка, стопачка, істопка; пограб, склеп, яма, прыгрэбка, прыгрэбнік; 6) асець, восець, клець, свіран, свіронак, клуня; 7) пуня, пунька, сенавал, плятнік; 8) калодзеж, калодзезь, студня, калонка; 9) журавель, асвер, коварат; пругло, страла; 10) брама, вароты, коўраты; засаўкі, спрага, прасла; 11) гумно, гумнішча, прыгуменне, прыгумень, загуменне, загумень, загумёнкі; 12) прысядзібны ўчастак, прыўсадзебны ўчастак, пысядзьбенны ўчастак, соткі, пляц [1, с. 60-61].


Аднак трэба памятаць, што многія з прыведзеных слоў дыялектнага паходжання і што дыялекты былі і застаюцца адной з крыніц папаўнення, узбагачэння мовы літаратурнай.

Лексічныя неалагізмы таксама з’яўляюцца сродкам узбагачэння мовы, аднак толькі ў тым выпадку, калі не парушаюць чысціні маўлення (нагадаем: яны не павінны парушаць мілагучнасць мовы, а само новае слова павінна адлюстроўваць змест паняцця): Мы ж аднадумцы ўсе і аднадомцы, Каб стаць і даўгавечней, і дужэй Дабро памножым на дабро, каб сонца Свяціла кожнаму даўжэй (С. Грахоўскі); Мае добрыя людзі, Суайчыннікі, Сузямельцы(Н. Мацяш); Прапахлы багуном, імшарамі, іду, нагрыблены, дамоў (Ю. Свірка); Каб аперазаць паўнеба маланцы дастаткова вока­мгнення, вокаміргнення(А. Разанаў).

Моўная разнастайнасць забяспечваецца рознымі відамі сінонімаў: кожнае з блізказначных слоў адрозніваецца адценнем значэння ці стылістычнай афарбоўкай ці тым і другім адначасова; часам сінонімы адрозніваюцца толькі гучаннем. У любым выпадку гэтыя словы дазваляюць пазбегнуць паўтораў і перадаць сэнсавыя і эмацыянальныя нюансы выказвання: Возера зноў зрабілася ціхім і спакойным, а вада чыстай і празрыстай (В. Вольскі); Дык які ж гэта дыспут, калі спрачаюцца нагамі? Дык які ж гэта пяроспар, калі спрачаюцца ногі з галавою, а не сэрца з сэрцам, душа з душою (Я. Сіпакоў); Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю І ўсё навек благаслаўлю – Адно пачуй, як я кахаю, Адно спазнай, як я люблю (Н. Гілевіч).

Як слушна адзначае аўтар “Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў” М. Клышка, багацце сінонімаў у мове – паказчык яе развітасці, здольнасці перадаваць найтанчэйшыя рухі думкі, выяўляць самыя складаныя адценні паняццяў, характарыстык, паўтонаў пры апісанні рэчаіснасці, перажыванняў чалавека: Ты што? Дысцыпліны не ведаеш ? Ты ж – сакратар камсамольскага камітэта. Вот вам – пахвалі яго – малайчына, удалец. А ён – дэзерцір! Лятун! Перабежчык! (А. Макаёнак).

Маўленчае багацце выяўляецца і праз кантэкстуальныя сінонімы. Словы, не маючы семантычнай блізкасці ў агульнамоўным ужытку, у пэўным кантэксце збліжаюцца, характарызуюць адно паняцце. Раскрываючы самыя нечаканыя аўтарскія асацыяцыі, такія рады слоў дэманструюць разнастайнасць маўлення канкрэтнай асобы (у дадзеным выпадку аўтара): Будзень ідзе, свята стаіць, будзень дзеліць, свята яднае, будзень бачыць гадзіны, свята – вечнасць, будзень судзіць, свята апраўдвае, на будзень дзівяцца людзі, а на свята – свет (А. Разанаў); Я быў дзівак, значыцца, я быў паэт (Я. Брыль).


Маўленне ўзбагачаецца таксама пры дапамозе фразеалагічных сродкаў мовы. Фраземы, ужытыя з аказіянальнай ці ўзуальнай функцыяй, заўсёды надаюць тэксту тое непаўторнае гучанне, якое выяўляе моўнае пачуццё меры аўтара, ацэнку прадмета гутаркі. Фразеалагізмы і прыказкі – гэта і народная мудрасць, і гумар, якія, акрамя ўсяго, аздабляюць маўленне спецыфічным нацыянальным каларытам: як журавін жменю глынуў; спроба – не хвароба; скупы двойчы плоціць, а дурны двойчы ходзіць; дзе камар козы пасе; вераб’ю раз дзеўбануць; вочкі глядзяць ды трасцы з’ядзяць і г.д.

Выкарыстанне ў маўленні афарызмаў сведчыць пра адукаванасць асобы, асэнсаванасць сітуацыі. Аднак пры выкарыстанні ўстойлівых моўных адзінак нельга парушаць маўленчы этыкет, трэба ўлічваць як семантыку афарызмаў, так і іх стылістычную афарбоўку. Уласныя думкі і пачуцці можна пацвярджаць выслоўямі як айчынных, так і замежных аўтараў, але пры цытаванні запазычаных выразаў пажадана перакладаць іх на беларускую мову. Думаецца, што ў першую чаргу трэба выкарыстоўваць трапнасць, выразнасць менавіта роднага слова, тым больш што крылатых выразаў у беларускай літаратуры даволі шмат: Жыві і цэльнасці шукай, Аб шыраце духоўнай дбай; Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор? (М. Багдановіч); Аднаго баюся я прысуду, Што выносяць нашы дзеці нам (М. Танк); Жыццё, як свята, адзначаем разам, А паміраем – толькі па адным (С. Законнікаў); Як па зорках, па расе Твой апошні шлях праляжа. Памірай, а жыта сей. Рунь пра сейбіта раскажа (А. Сыс); Усіх адною меркаю не мерце, што з намі і за намі ўслед ідуць. Адны памруць адразу пасля смерці, Другія на стагоддзі ажывуць (С. Грахоўскі); У нас гордасць жыве, Але вельмі замала ў нас годнасці (П. Панчанка); Слова! Цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў, Што здзіўляў у вяках і здзіўляе нанова (Н. Гілевіч).

Разнастайваюць маўленне словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: яны адлюстроўваюць змену семантычнага аб’ёму слова (паказваюць на павелічэнне ці змяншэнне памеру прадмета, на розную ступень праяўлення якасці), дапамагаюць акрэсліць аўтарскую ацэнку зместу выказвання: … Цвітуць ліпы. Якая прахалода! Вялізныя, раскошныя, усе ў вясёлкавых россыпах рос. У чысцюткай сцюдзёнай расе, у звоне пчол (У. Караткевіч); Вось яе, госцейку [дзяўчынку], зноў ставяць на лаву, надзяваюць ёй паліто, завязваюць хустачку, потым хустку, тады накрываюць вялізнай цёплай хустай – так, каб захутаць яе ўсю (Я. Брыль).